Грамадства11

«У вас мне было дзіўна ўбачыць сок з памідораў». Дзяўчына з Эквадора працуе ў беларускай вёсцы, хоць магла б у Іспаніі

Эйдзі Яхайра Міранда Варгас шэсць гадоў таму прыехала з далёкага Эквадора ў Беларусь, а са жніўня гэтага года працуе ветэрынарным лекарам у сельгаспрадпрыемстве «Бярозаўскае» Бярозаўскага раёна. Пра тое, як ёй жывецца ў Беларусі і чым наша краіна адрозніваецца ад яе радзімы, дзяўчына расказала мясцоваму сайту Bereza.by.

Эйдзі Яхайра прыехала ў Беларусь вучыцца ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Згадвае, што ехаць у незнаёмую краіну было страшна, бо ўвогуле не ведала нічога пра Беларусь і не разумела мовы. Але пасля, як асвоілася, Беларусь ёй спадабалася, бо тут спакойна і можна гуляць па вуліцах, што ў Эквадоры асабліва не зробіш, бо там складаная крымінагенная сітуацыя.

Гэтым летам, пасля заканчэння ВНУ, эквадорка прыняла запрашэнне аднакурсніка Юрыя Удодзіка, які працуе ў «Бярозаўскім» галоўным ветэрынарным урачом, і прыехала працаваць у гэтае ж сельгаспрадпрыемства. Яна любіць жывёл, таму абрала прафесію ветэрынара. Хоць яе дагэтуль чакаюць на працу ў Эквадоры, запрашаюць у Іспанію, дзе жыве цётка. Дзяўчына кожнае лета на канікулах ездзіла туды і працавала па спецыяльнасці.

Пакуль жа вырашыла папрацаваць у Беларусі, каб на практыцы пабачыць, «як тут займаюцца жывёлагадоўляй, утрымліваюць і гадуюць буйную рагатую жывёлу. Бо ў нас у Эквадоры заўсёды цёпла, нашы каровы не ведаюць, што такое сена, яны круглы год пасуцца на пашах і ядуць зялёную траву».

Прынялі дзяўчыну на Бярозаўшчыне, па яе словах, добра, далі жыллё, дапамагалі і словам, і справай: «Суседзі ў мяне вельмі добрыя, дапамаглі абжыцца, прынеслі мэблю, прадукты — хто бульбу, хто памідоры. Мне падабаецца тут.

Вядома, крыху перашкаджае моўны бар'ер. Вось разумею рускую, а размаўляць складана. Сюды прыехала — тут ужо гавораць па-іншаму».

Адзінае, да чаго Эйдзі ніяк не можа прызвычаіцца — да беларускай кухні: 

«Кухня, вядома, зусім-зусім іншая. Гэта проста жах для мяне, — крыху бянтэжыцца і смяецца дзяўчына. — Кожны дзень для мяне сюрпрызы. Хоць і жыву тут ужо шэсць гадоў, ніяк не знайду сваю страву.

Часта ем проста рыс. Там, адкуль я, шмат садавіны і гародніны. Я магу сказаць назвы нашых страў, але ніхто не зразумее, што гэта.

Вядома ж, самы галоўны ў нас прадукт — гэта бананы. У нас іх гатункаў пяць-шэсць. Тыя, што прадаюць тут, нельга параўнаць з нашымі. Нашы — больш салодкія і духмяныя. Да таго ж мы іх зрываем ужо спелымі, а ў Беларусь, як вядома, адпраўляюцца бананы, якія даспяваюць у дарозе. Растуць у нас такія, якія можна есці сырымі, а ёсць такі сорт платан — гэта зялёны банан. Яго мы варым, як вы бульбу.

У Эквадоры мы спажываем шмат рыбы. У нас распаўсюджаная тылапія. Тут я купляю стронгу, у нас яна вельмі дарагая, і скумбрыю. Бульбу ем, але гэта не мая страва.

Прысмакі, сокі — такія ж, як у нас. Я б сказала, што тут нават большая разнастайнасць. Упершыню ў вас мне было дзіўна ўбачыць сок з памідораў. У нас такога наогул няма. У нас з іх гатуюць толькі салату».

Вельмі спадабаўся ў Беларусі эквадорцы снег: «Зіма — гэта казка! У нас няма снегу. Мне падабаецца снег, вельмі прыгожая зімовая прырода. Але холадна, дагэтуль не прызвычаілася да гэтага».

Пра радзіму ж яна расказвае так:

«Эквадор можна ўмоўна падзяліць на чатыры часткі: горная частка, узбярэжжа, джунглі і Галапагоскія выспы. Я родам з горнай часткі краіны, там больш холадна, чым на ўзбярэжжы. А прыбярэжная частка краіны вельмі гарачая. У нас ёсць вулканы, шмат відаў дзікіх жывёл. Ёсць прыгожыя месцы для прагулак.

Эквадор — адзін з найбуйнейшых экспарцёраў бананаў. У нас самыя добрыя шакалад і кава. Не так даўно пачалі прадаваць у іншыя краіны чай. Дзікі чай расце ў той частцы краіны, адкуль я родам. Не ведаю, ці будзе ён у Беларусі. Мы таксама збіраем лісточкі карыцы і заварваем іх як гарбату. Усю гародніну, садавіну самі вырошчваем і збіраем. З мяса ўжываем больш ялавічыну, яна больш танная, свініну і курыцу. Раней прадавалі мяса дзікіх жывёл, цяпер гэта забаронена».

Каментары1

  • Žban
    09.11.2022
    Ekvador vieļmi biednaja kraina. Davodzilasia byvac`. Časam prosta trysčoby. A liudzi vietlivyja, usmieslivyja, dobrazyčlivyja. Nu, ja natrapiū na takich.

Цяпер чытаюць

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа8

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа

Усе навіны →
Усе навіны

Зянковіч пра скандальны рэстаран «Паедзем паядзім»: Гэта адно з найлепшых месцаў у горадзе46

У беларускіх тэлеграм-каналах з’явіліся аб’явы пра вербаванне кантрактнікаў для Мінабароны РФ4

Альфа-самцы — гэта выключэнне, а не правіла. Вынікі новага даследавання11

З навальніцамі і парывістым ветрам. Якім будзе надвор'е на наступным тыдні

У Беларусі восем немаўлят да года наведваюць дзіцячы сад1

Як глабальная змена клімату адаб’ецца на Беларусі? Не зусім так, як мы ўяўляем12

Мінчанка расказала, дзе пазнаёміцца з перспектыўнымі хлопцамі ў сталіцы14

Ціханоўскі насмажыў катлет на фестывалі «Тутака»45

Наколькі дакладна можна прадказаць надвор'е на месяц? І чаму дагэтуль не папярэджваюць пра тарнада за дзень?5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа8

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць