Экс-пасла Вялікабрытаніі ў Беларусі пераследавала яго былая: жанчына ўчыніла дыпламату сапраўднае пекла
Былы пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Найджэл Гулд-Дэвіс апынуўся ў цэнтры драматычнай гісторыі, якая магла б стаць асновай дэтэктыўнага серыяла.

Найджэл Гулд-Дэвіс узначальваў брытанскую дыпмісію ў Мінску ў 2008—2009 гадах.
Летам 2023 года ён пазнаёміўся ў дадатку для знаёмстваў Bumble з жанчынай. Яна прадставілася як Нур Хаям, апісваецца ў прысудзе Лонданскага суда ад 11 ліпеня 2025 года, які вывучыла «Наша Ніва».
Неўзабаве паміж імі завязаліся адносіны: яны разам хадзілі ў тэатр і рэстараны, яна часта бывала ў ягонай кватэры, а дыпламат нават падтрымліваў яе пасля таго, як ёй паставілі дыягназ рак грудзей. Аднак ужо праз некалькі тыдняў пасля пачатку раману жанчына распачала супраць дыпламата працяглую кампанію пераследу.
Пачынаючы з верасня 2023 года, Гулд-Дэвіс і ягонае атачэнне пачалі атрымліваць шматлікія лісты і паведамленні. Яны нібыта паступалі ад розных людзей, але насамрэч усё рабіла Нур Хаям. Пра тое, што пекла яму ўчыніла менавіта яго былая, дыпламат да апошняга не ведаў.
Жанчына зрабіла фальшывыя акаўнты ў сацыяльных сетках і падроблены сайт, дзе абвінавачвала былога партнёра ў хатнім гвалце, серыйным здзеку з жанчын, псіхічных захворваннях, парушэнні брытанскага Закона аб дзяржаўных сакрэтах (Official Secrets Act), а таксама ў датычнасці да адмывання грошай.
Гэтыя матэрыялы яна рассылала працадаўцам дыпламата, яго калегам, палітыкам, журналістам, адвакатам і нават яго брату. Калі даведалася, што Гулд-Дэвіс разглядае магчымасць падаць заяўку на акадэмічную пасаду ў Гарвардскім універсітэце, аналагічныя абвінавачанні былі накіраваныя і туды.
Калі Гулд-Дэвіс выступаў экспертам у камерцыйнай судовай спрэчцы супраць расійскіх бізнэсменаў, жанчына скрала канфідэнцыйны дакумент, падрыхтаваны ім для суда, і пагражала перадаць яго тым, супраць каго ён выступаў.
Жанчына таксама выкрала пашпарт дыпламата. З-за гэтага ён не змог паляцець у Іспанію, каб сустрэць Каляды з маці, і быў вымушаны застацца ў Лондане. Акрамя таго, яна атрымала доступ да рэквізітаў яго банкаўскіх картак і без дазволу ўладальніка зрабіла шэраг пакупак і банкаўскіх пераводаў на агульную суму больш за 13,6 тысячы фунтаў стэрлінгаў.
Пасля разрыву адносін у пачатку 2024 года пераслед толькі ўзмацніўся. Гулд-Дэвіс нават пераехаў на час у берлінскі офіс Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў, каб схавацца. Аднак паведамленні працягвалі прыходзіць.
Былая партнёрка спрабавала высветліць яго месцазнаходжанне: ездзіла ў Іспанію ў раён, дзе жыве яго маці, звязвалася з братам у ЗША, а пасля інтэрв'ю дыпламата тэлеканалу CNN здолела вызначыць гатэль у Берліне, дзе ён спыніўся. Гулд-Дэвіс быў вымушаны некалькі разоў змяняць месца жыхарства.

Пасля пераезду ў Берлін Гулд-Дэвіс спрабаваў высветліць, хто стварыў фальшывы сайт, прысвечаны яму і напоўнены паклёпніцкімі матэрыяламі. Менавіта падчас гэтых пошукаў ён зразумеў, што за ўсім стаяла яго былая, і даведаўся яе сапраўднае імя — Фара Дамджы.
11 сакавіка 2024 года, на наступны дзень пасля таго, як Дамджы паведаміла былому партнёру, што знайшла яго ў Берліне, яна выправілася ў Германію. Аднак у лонданскім аэрапорце Хітроў яе затрымала паліцыя. Пры затрыманні ў жанчыны знайшлі выкрадзены пашпарт Гулд-Дэвіса, а таксама ноўтбук і некалькі мабільных тэлефонаў, паролі ад якіх яна адмовілася паведаміць следству.
У маі 2025 года прысяжныя прызналі Фару Дамджы вінаватай па ўсіх чатырох пунктах абвінавачання — у пераследзе, крадзяжы і двух эпізодах махлярства. З улікам складання пакаранняў агульны тэрмін склаў шэсць гадоў пазбаўлення волі. Пасля вызвалення ёй таксама забаронена любым чынам кантактаваць з Найджэлам Гулд-Дэвісам, яго братам і яшчэ адным пацярпелым.
Падчас суда Гулд-Дэвіс заявіў, што гэта быў самы цёмны і страшны перыяд у яго жыцці. Ён быў вымушаны звярнуцца да псіхатэрапеўта, прымаць лекі ад трывожнасці, а ў 2024 годзе ў яго дыягнаставалі посттраўматычны стрэсавы разлад.
Паводле яго слоў, юрыдычны тэрмін «сталкінг» не перадае таго, што ён перажыў, бо жанчына жыла побач з ім, ведала ўсе яго страхі і слабасці, а пасля выкарыстала іх супраць яго. «Гэта быў не проста сталкінг, а сапраўдная псіхалагічная вівісекцыя», — сказаў ён.
Высветлілася, што для 58‑гадовай Дамджы гэта была далёка не першая крымінальная справа. Яна ўжо неаднаразова была асуджаная ў Вялікабрытаніі за крадзяжы, махлярства і пераслед. У 2016 годзе яе прысудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі за пераслед трох чалавек. Пасля вызвалення яна парушыла судовую забарону, уцякла ў Ірландыю, аднак была экстрадаваная назад у Вялікабрытанію. Суддзя адзначыў, што кампанія пераследу супраць былога пасла шмат у чым паўтарала яе ранейшыя злачынствы.
Цяпер чытаюць
Колькасць ахвяр выбуху ў маскоўскім элітным рэстаране на юбілеі генерала, які камандаваў наступам на Кіеў з Беларусі ў 2022-м, вырасла да пяці чалавек
Каментары