Варшаву ў Беларусі цікавілі толькі правы польскай меншасці і Касцёл, вось яна і прайграла — былы польскі дыпламат
Заходняя дыпламатыя дзесяцігоддзямі глядзела на Мінск праз прызму ўласнай пыхі і ілюзій. Замест тонкай геапалітычнай гульні яна выбірала позу настаўніка. У выніку «калгаснік» Лукашэнка перайграў інтэлектуалаў з еўрапейскіх салонаў. І самога сябе таксама: Беларусь апынулася ў закладніках Масквы.

У нядаўнім выпуску польскага гісторыка-публіцыстычнага праекта «Dzieje» былы часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Вітальд Юраш і журналіст Марцін Гелзак падрабязна разабралі анатомію беларускай дзяржаўнасці і памылкі польскай дыпламатыі.
Юраш, які кіраваў польскай дыпламатычнай місіяй у Мінску на стыку нулявых і дзесятых гадоў, падзяліўся цвярозымі, часам іранічнымі высновамі пра тое, чаму Аляксандр Лукашэнка стварыў сістэму, здольную перажыць пакаленні, і чаму Захад так і не здолеў прапанаваць Мінску нічога, акрамя маральных павучанняў.

У польскім, ды і ў цэлым заходнім дыскурсе Аляксандра Лукашэнку прынята маляваць як неадукаванага старшыню саўгаса, які кіруе краінай выключна дзякуючы грубай сіле і крамлёўскім субсідыям.
Юраш нагадвае, што беларускі палітык мае гістарычную адукацыю і з'яўляецца чалавекам вельмі амбіцыйным і палітычна чулым. Ён здольны выглядаць як просты вясковы дзядзька перад адной аўдыторыяй і як жорсткі, але прагматычны менеджар перад іншай. Сваю першую электаральную перамогу ў 1994 годзе ён, лічыць дыпламат, здабыў абсалютна законна, прадаўшы грамадству, стомленаму ад хаосу і карупцыі дэмакратычнага бездарожжа, вобраз бескампраміснага шэрыфа.
Створаная ім «вертыкаль» кардынальна адрозніваецца ад расійскага або ўкраінскага аналагаў. У Беларусі няма класічных алігархаў, здольных уплываць на прыняцце рашэнняў і ствараць уласныя медыйныя ці фінансавыя імперыі. Замест гэтага існуе сістэма лаяльнасці ніжэйшых звенняў.
Калі ў Расіі лепш за іншых жывуць генералы і палкоўнікі, у той час як дробным чыноўнікам і лейтэнантам даводзіцца карміцца з хабару, то ў Беларусі нават звычайны сяржант міліцыі або дырэктар правінцыйнай бібліятэкі адчуваюць сябе бенефіцыярамі рэжыму.
Сістэма падтрымлівае іх адносна стабільны ўзровень жыцця, таму ў крытычныя моманты гэты апарат абаранялі не толькі карумпаваныя эліты, але і мільёны радавых выканаўцаў на месцах.
Гістарычны тролінг у Мірскім замку
Юраш прыгадвае адну паказальную сцэну, якая адбылася падчас урачыстага адкрыцця адрэстаўраванага Мірскага замка.
Літва, разумеючы вагу гістарычнай дыпламатыі, даслала туды магутную дэлегацыю на чале з міністрам культуры і старшынёй парламенцкай камісіі.
Польскі ж профільны міністр у апошні момант дэманстратыўна адмовіўся ехаць да «апошняга дыктатара». У выніку аддувацца за ўсю Варшаву давялося шараговаму дыпламату Юрашу.
Калі Аляксандр Лукашэнка падышоў вітацца і яму прадставілі гэты сціплы польскі «дэсант» на фоне вялікай літоўскай світы, ён імгненна зрэагаваў, кінуўшы: «Ну што, вы ў іх калісьці сталіцу адабралі [маецца на ўвазе Вільня — НН], а цяпер яны ў вас гісторыю адбяруць».
Юраш быў уражаны гэтымі словамі, бо гэта была гульня зусім не дурнога правінцыяла, якім уяўлялі Лукашэнку ў Польшчы. Гэта быў прадуманы, востры і вельмі цынічны кпін чалавека, які выдатна ведае гісторыю і ўмее гуляць на слабасцях сваіх суседзяў.
Салоннае маралізатарства супраць рэальнай палітыкі
Парадаксальна, што ў 1994 годзе менавіта Польшча таемна падтрымала Лукашэнку, палічыўшы яго маладым змагаром з савецкай наменклатурай. Гэта была авантурная стаўка, якая цалкам правалілася.
Далейшая ж палітыка Варшавы пакутавала на іншую хваробу — тунэльны зрок. Польскія эліты глядзелі на Беларусь выключна праз прызму правоў польскай меншасці і каталіцкага касцёла, цалкам ігнаруючы пытанні ваеннай бяспекі, эканомікі і геапалітычнага суседства.
Варшава спрабавала размаўляць з дыктатарам аб дэмакратыі, што для яго было раўназначна страце ўлады і фізічнаму знішчэнню.
Замест гэтага, лічыць Юраш, трэба было шукаць прагматычны кампраміс паміж каштоўнасцямі і інтарэсамі. Варта было прапанаваць рэжыму форму «мяккага аўтарытарызму» — патрабаваць, каб апаненты пасля затрыманняў выходзілі з турмаў жывымі і нескалечанымі, а ўзамен адчыняць дзверы для супольнага бізнесу.
Калі б у Беларусі працавала не трыццаць, а трыста буйных польскіх прадпрыемстваў, Мінск меў бы канкрэтныя фінансавыя страты ад разрыву з Захадам. Аднак кожны раз, калі Лукашэнка перажываў сур'ёзныя фінансавыя крызісы і шукаў альтэрнатыву Крамлю, Захад адмаўляўся пакласці на стол рэальныя грошы праз міжнародныя фонды, што яшчэ больш штурхала яго ў абдымкі Расіі.
Калі польскія дыпламаты намагаліся вучыць беларускі рэжым дэмакратыі, яны часта сутыкаліся з холадам не толькі ў Мінску, але і сярод уласных саюзнікаў.
Юраш згадвае сваю размову з амерыканскім калегам, які да Беларусі служыў у Узбекістане.
Калі ён спытаў, чаму ЗША не патрабавалі дэмакратыі ад жорсткага рэжыму Іслама Карымава, але так упарта націскаюць на Мінск, амерыканец шчыра і без дыпламатычнага этыкету адказаў, што ім насамрэч цалкам пляваць на Беларусь.
Для Вашынгтона гэта была толькі функцыя ў адносінах з Масквой. Варшава ж, сляпа капіюючы амерыканскую рыторыку, губляла ўласную геапалітычную прастору.
Беларусь як «чацвёртая балтыйская рэспубліка»
Заходнія аналітыкі любяць паўтараць фразу Яцака Кураня пра тое, што кожны народ мае тую ўладу, якую заслугоўвае. Але пры бліжэйшым разглядзе беларускага грамадства гэтая формула дае сур'ёзны збой.
Юраш, пераехаўшы ў Мінск пасля чатырох гадоў працы ў Маскве, быў шакаваны кантрастам. Беларусы па сваім тэмпераменце выявіліся зусім не падобнымі да расіян. На яго думку Беларусь гэта хутчэй «чацвёртая балтыйская рэспубліка».
Гэтая розніца адчувалася ва ўсім. Падчас паездкі з Масквы ў Варшаву на расійскім баку дыпламаты бачылі разбітыя дарогі і міліцыянтаў, якія за некалькі гадзін двойчы спынялі машыну дзеля хабару. Варта было перасекчы беларускую мяжу — з'яўляўся ідэальны асфальт, працоўныя святлафоры, а за тыдзень паездак па краіне ніхто нават не намякнуў на карупцыю. Беларусам гістарычна чужая вялікаруская пыха і агрэсія да Захаду.
Гэтая асаблівасць выяўляецца нават у дробязях. Адзін з польскіх рэктараў у размове з Юрашам адзначыў, што інтэрнат, заселены ўкраінскімі студэнтамі, — гэта вечнае свята з гучнай музыкай і паліцыяй, у той час як у «беларускім» інтэрнаце а палове на адзінаццатую вечара пануе поўная цішыня, бо раніцай трэба ісці на заняткі.
Беларусы — прыязны і законапаслухмяны народ не заслужыў таго ладу, які яму навязала гісторыя, аднак памылкі мінулых дзесяцігоддзяў пазбавілі яго альтэрнатывы, лічыць дыпламат.
«Перазагрузка» і туманная будучыня
Сёння сітуацыя змянілася незваротна, лічыць Юраш. Беларусь дэ-факта страціла свой суверэнітэт, ператварыўшыся ў плацдарм для расійскіх ваенных авантур. Але палітычны абсурд працягваецца: зараз, калі любыя спробы дамовіцца з Лукашэнкам страцілі стратэгічны сэнс, у польскіх кулуарах зноў пачынаюць лабіраваць чарговую «перазагрузку».
Прычына гэтага — банальная прагнасць асобных былых супрацоўнікаў спецслужбаў і лабістаў, якія разлічваюць зарабіць мільёны на імпарце беларускіх калійных угнаенняў пад прыкрыццем размоў пра «дыялог».
Калі ж Аляксандра Лукашэнкі не стане, Варшава апынецца ў ролі бездапаможнага гледача. Дыпламат сумняецца, што Беларусь ператворыцца ў спадчынную манархію, бо гэтая ідэя цалкам супярэчыць ментальнасці народа.
Расія напэўна мае гатовы план і сваіх кандыдатаў на замену, у той час як Польшча і Захад у цэлым нават не маюць магчымасці ўступіць у гэтую гульню.
Калумб адкрыў Амерыку, Лінкальн вызваліў рабства, а Лукашэнка, на думку Юраша, зможа сам пра сябе сказаць — «такую краіну прасралі».
Каментары
Лукашэнка, вядома ж, не поўны ідыёт, але праблема ня ў ім, а ў расейска-губернскім менталітэце падначаленнага насельніцтва. Гэтым матэр’ялам любы януковіч ці пушылін кіравалі б да скону.
Тыповыя наратывы і ныцьцё аб тым, што беларускіх дэмакратаў ніхто з Захаду не падтрымлівае. Але спадар дыпламат неяк не заўважае тое, што Польшча сёньня (і ўжо дваццаць год як) з'яўляецца адзінай калыскай рэшткаў беларушчыны ў сьвеце. І за сродкі палякаў фінансавалася безліч палітычных кампаніяў і безліч грамадскіх ініцыятыў, у тым ліку цэлы беларускамоўны тэлеканал.
Былі ўсе магчымасьці для дэмакратычных трансфармацыяў, але нікому гэта было не патрэбна. Чарка, шкварка, рускі язык, танная камуналка - вось што клапоціла і клапоціць народ.
А если бы и пошли, стали бы заложниками -- и Варшава в обмен на свободу трехста бизнесменов и возврат активов выдала бы всех бежавших белорусов. Ну как можно быть таким глупым, я в отчаянии.