34‑гадовую ўраджэнку Беларусі Карыну Зданевіч-Спыхальскую затрымалі ў Італіі па запыце беларускіх уладаў. Гэта адбылося 1 лютага ў аэрапорце Орыа-аль-Серыа ў горадзе Бергама падчас пашпартнага кантролю, піша Reform.news па матэрыялах італьянскай прэсы.

У Беларусі жанчыну абвінавачваюць у нібыта наўмысным давядзенні да банкруцтва ў 2017—2018 гадах. Ордар на арышт быў выдадзены яшчэ ў 2021 годзе пракуратурай Брэста.
Сама Карынa называе абвінавачанні сфабрыкаванымі і звязвае пераслед са сваёй грамадзянскай пазіцыяй. Пасля выбараў 2020 года яна ўдзельнічала ў акцыях падтрымкі Святланы Ціханоўскай каля беларускай амбасады ў Варшаве.
Пасля затрымання жанчына правяла пяць дзён у турме ў Бергама, а затым яе вызвалілі пад абавязацельства рэгулярна адзначацца ў паліцыі. Цяпер яна знаходзіцца ў Мілане і не можа вярнуцца да дзяцей у Польшчу.
Італьянская пракуратура выступіла супраць экстрадыцыі беларускі, адзначыўшы рызыку палітычнага пераследу ў Беларусі. На гэта таксама звярнула ўвагу польскае консульства, бо жанчына мае польскае і беларускае грамадзянства.
Разгляд справы працягнецца ў чэрвені ў апеляцыйным судзе Брэшыа. Адвакат Карыны дамагаецца выдалення яе даных з базы Інтэрпала, каб прадухіліць падобныя сітуацыі ў будучыні.
Каментары