Гісторыя99

Два камяні пад савецкім сметнікам. Што засталося ад распісанай фрэскамі Пятніцкай царквы ХІІ стагоддзя ў рэзідэнцыі полацкіх князёў

Упершыню за больш як 30 гадоў археолагі вярнуліся на тэрыторыю ўнікальнага Бельчыцкага манастыра ў Полацку, каб адшукаць страчаную ў ХХ стагоддзі Пятніцкую царкву. Вынікі даследавання аказаліся больш чым трагічныя — пасля савецкіх варвараў не засталося літаральна нічога. 

Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр на малюнку Івана Трутнева (1866). Пятніцкая царква справа, а на пярэднім плане бачны падмуркі Вялікага сабора. Ад комплексу сёння не засталося анічога. Фота: Wikimedia Commons

Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр быў заснаваны ў ХІІ стагоддзі на левым беразе Заходняй Дзвіны і першапачаткова выконваў ролю загараднай умацаванай рэзідэнцыі полацкіх князёў. Гэты комплекс быў вельмі незвычайны: для загараднага манастыра наяўнасць адразу чатырох мураваных храмаў таго часу (Вялікага сабора, Барысаглебскай і Пятніцкай цэркваў, а таксама ўнікальнага храма-трыконха) з'яўляецца выключнай рэдкасцю.

Узвядзенне Пятніцкай царквы гісторыкі звязваюць з імем выбітнага полацкага дойліда Іаана, які пазней стварыў знакаміты Спаскі сабор. Гэта быў невялікі бесслуповы аднанефавы храм манументальных прапорцый, пабудаваны з чырвонай плінфы на ружовым цамяначным растворы ў традыцыйнай тэхніцы муроўкі «са схаваным радам».

Пятніцкая царква з прыбудаванай трапезнай і званіцай на здымку пачатку XX стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons

Пад будынкам размяшчаўся склеп, які, паводле некаторых гіпотэз, мог служыць усыпальніцай для князя Барыса Усяславіча, сына Усяслава Чарадзея.

Доўгая гісторыя манастыра ўключала перыяды росквіту і поўнага запусцення, пераходы ад праваслаўных да ўніятаў і назад. Тым не менш Пятніцкая і суседняя Барысаглебская цэрквы здолелі прастаяць да пачатку ХХ стагоддзя.

Фатальным для іх стаў пасляваенны час: пасля Першай сусветнай вайны на тэрыторыі манастыра размясціліся вайсковыя склады, а мясцовае насельніцтва пачало сістэматычна разбіраць сцены храмаў на цэглу для ўласных гаспадарчых патрэб.

Па стане на 1928 год Пятніцкая царква ўжо ўяўляла сабой руіну, на сценах якой яшчэ захоўваліся старажытныя фрэскі. Фота: Wikimedia Commons
Рэшткі роспісаў, падобных да тых, што захаваліся ў Спаскай царкве, на сценах Пятніцкай царквы Бельчыцкага манастыра. Фотаздымкі 1928 года. Фота: Wikimedia Commons

У 1928 годзе даследчык Іван Хозераў яшчэ паспеў замаляваць фрагменты фрэскавага роспісу на рэштках муроў, аднак неўзабаве будынкі зніклі канчаткова. У выніку наступнай забудовы тэрыторыі дакладнае месцазнаходжанне Пятніцкай царквы згубілася, і яна ніколі не вывучалася падчас стацыянарных археалагічных раскопак.

Менавіта таму ў 2025 годзе на месца колішняга манастыра выехала супольная беларуска-расійская экспедыцыя. Працы праводзіліся намаганнямі полацкіх археолагаў Аляксея Коца і Ігара Магалінскага з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта сумесна з расійскімі даследчыкамі Яўгенам Торшыным і Пятром Зыкавым, якія прадстаўлялі Дзяржаўны Эрмітаж з Санкт-Пецярбурга.

Навукоўцы паставілі за мэту фізічна лакалізаваць страчаныя падмуркі храма. Вынікі даследавання былі прадстаўлены на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі па выніках археалагічных даследаванняў 2025 года.

Раскопкі Бельчыцкага манастыра. Фота: ruskline.ru

На меркаванай пляцоўцы размяшчэння царквы археолагі заклалі траншэю і даследчы шурф. Вынікі паказалі надзвычай дрэнную захаванасць ніжніх частак будынка.

Даследчыкам удалося зафіксаваць мяжу, якая аддзяляла знешні бок царквы ад яе інтэр'ера, аднак самі рэшткі сцяны аказаліся цалкам разабранымі. Ад некалі магутнага падмурка захаваліся толькі два камяні з вапнавай рошчынай.

З боку інтэр'ера храма даследчыкі выявілі глыбокую яму, якая доўгі час выкарыстоўвалася ў якасці сметніка. Ён функцыянаваў ажно да 1960‑х гадоў, паступова хаваючы пад гарадскімі адкідамі гістарычны абрыс святыні.

Цікава, што на самым дне гэтай сметніцы, уздоўж меркаванай сцяны, была адкрыта цагляная муроўка на пяць шэрагаў, дакладнае прызначэнне якой спецыялістам яшчэ трэба высветліць.

Нягледзячы на амаль поўную страту саміх муроў, экспедыцыя прынесла важныя навуковыя даныя аб прылеглай тэрыторыі. З вонкавага боку Пятніцкай царквы археолагі ўпершыню адкрылі прыхрамавыя могілкі. Усяго было зафіксавана не менш за дзесяць пахаванняў, якія, паводле папярэдняга стратыграфічнага аналізу, датуюцца перыядам XIV—XVI стагоддзяў.

Яшчэ адной важнай знаходкай сталі рэшткі цаглянай муроўкі, выяўленыя ў зачыстцы побач са сметніцай і ў шурфе. Гэтыя фрагменты ідэнтыфікаваныя як падмурак трапезнай, што была прыбудавана да царквы пазней і добра прасочваецца на архіўных фотаздымках пачатку мінулага стагоддзя.

Комплекс гэтых даных нарэшце дазволіў навукоўцам дакладна прывязаць месца знаходжання Пятніцкага храма да сучаснай гарадской тапаграфіі.

Каментары9

  • Вынікі беларушчыны
    02.05.2026
    Нашае некалі вялікая дзяржава ў выніку беларушчыны,была разбураная як гэтае царква.
  • Valadzimir
    02.05.2026
    [Рэд. выдалена]
  • Хапаюся за галаву
    02.05.2026
    Славянскае, праваслаўнае, рускае - такую тройцу каштоўнасцяў працягвае на Нашу Ніву гэты аўтар. А потым здзіўляемся, чаму Рашка не адпускае. Вось таму. Так і будзем прыдаткам да славянска-руска-праваслаўнай Расіі.

Цяпер чытаюць

Вялікабрытанія і Францыя перадаюць Украіне сакрэтныя даныя для вытворчасці крылатых ракет SCALP. Для Крымскага моста?

Вялікабрытанія і Францыя перадаюць Украіне сакрэтныя даныя для вытворчасці крылатых ракет SCALP. Для Крымскага моста?

Усе навіны →
Усе навіны

На Гродзеншчыне адкрылі новы культурна-адукацыйны цэнтр «Беларускі дранік»9

Зяленскі: Калі мы хочам разваліць краіну, то можам рухацца ў напрамку выбараў32

Пераможцай конкурсу прыгажосці «Краса Беларусі — 2026» выбралі намесніцу па ідэалогіі10

Тры чалавекі загінулі на пажары ў Слуцкім раёне1

У Оршы затрымалі налётчыка, які днямі абрабаваў ювелірную краму ў Мінску17

Памёр адыёзны славянафіл і камуніст Сяргей Касцян21

Загадка: самалёт з Мінска ў Кутаісі вылецеў своечасова, але спазніўся на тры гадзіны. Дзе ж ён быў?9

Хацелі паставіць бацьку добры помнік. Заплацілі 6800 рублёў, але так і не дачакаліся2

«Ці нармальна, што квіткі цяпер прадаюцца па прапісцы?»: беларуска здзівілася розніцы ў цэнах у Віцебскім музеі10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вялікабрытанія і Францыя перадаюць Украіне сакрэтныя даныя для вытворчасці крылатых ракет SCALP. Для Крымскага моста?

Вялікабрытанія і Францыя перадаюць Украіне сакрэтныя даныя для вытворчасці крылатых ракет SCALP. Для Крымскага моста?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць