Грамадства33

У Гомельскай вобласці ціха закрылі бальніцу, назваўшы гэта рэарганізацыяй

Тут праходзілі рэабілітацыю і лячэнне жыхары розных раёнаў Гомельшчыны. Чыноўнікі абяцалі, што нічога не закрыюць. 

Відэа з кадрамі часткова закінутай тэрыторыі Свяцілавіцкай участковай бальніцы ў Веткаўскім раёне заўважыў «Флагшток». Пад ролікам з'явілася мноства каментароў: людзі выказалі жаль з нагоды таго, што будынак некалі папулярнай медустановы апусцеў, і абурэнне, што «ўсё развалілі».

«Уся Гомельская вобласць прыязджала на лячэнне… Лічылася адной з найлепшых рэабілітацый у вобласці», — напісала былая медработніца.

«Па ўсёй краіне такіх месцаў шмат, а раней такія аб'екты не тое што закрываліся, а развіваліся і будаваліся новыя», — выказаў меркаванне іншы карыстальнік.

 Скрыншот відэа з тыктоку

Як высветліў «Флагшток», бальніцу закрылі ціха, без аб'яў і афіцыйных публікацый. Ні ў раённай газеце, ні на іншых дзяржрэсурсах інфармацыі пра гэта няма. Адзінае згадванне з афіцыйным каментаром — адказ на пытанне чытача ў «Сельскай газеце».

Паведамлялася, што жыхарка Хойніцкага раёна была «ўсхваляваная тым, што, паводле чутак, з 1 студзеня 2025 года закрыюць Свяцілавіцкую ўчастковую бальніцу», якая «нашае выратаванне, там дапамагаюць аднавіцца пасля розных траўм».

У газеце тады напісалі, што «чуткі развеяла» начальнік аддзела арганізацыі медыцынскай дапамогі галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Гомельскага аблвыканкама Наталля Масцерская. Яна заявіла:

«Закрываць установу не будзем. Яе чакае некаторая рэарганізацыя: 20 рэабілітацыйных ложкаў перанясуць на базу Веткаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Гэта адбываецца згодна з нарматыўнымі прававымі актамі. Умовы для пацыентаў толькі палепшацца: ім не давядзецца ехаць у Свяцілавічы, што ўскладняе лагістыку для людзей з іншых раёнаў, а рэабілітавацца будуць проста ў Ветцы».

Так раней праводзілі рэабілітацыю ў Свяцілавічах. Фота: ГП

Па сутнасці ж бальніца аказалася закрытай.

Пацыентаў прыцягвалі ў Свяцілавічы не толькі працэдуры, але і маляўнічая прырода, прыгожае возера, тэрыторыя вакол — менавіта гэта спрыяла рэабілітацыі. У Свяцілавіцкую бальніцу ехалі як у санаторый.

Яшчэ ў 2018 годзе газета Веткаўскага райвыканкама падымала тэму закрыцця бальніцы ў Свяцілавічах, адзначаючы, што «сярод вяскоўцаў папаўзлі чуткі пра закрыццё бальніцы» і «колькі б людзей ні пераконвалі ў адваротным, пагалоска вылілася ў зварот у адміністрацыю прэзідэнта».

Тады ўлады пераконвалі, што нягледзячы на «аптымізацыю», бальніца будзе працаваць:

«Больш за тое, на раённым узроўні прынята рашэнне захаваць тэрапеўтычнае аддзяленне ў ранейшым выглядзе. Жыхары навакольных вёсак будуць атрымліваць лячэнне на месцы ў ранейшым рэжыме».

Пра гэта ж заяўляў і экс-кіраўнік абласнога ўпраўлення аховы здароўя, дэпутат парламента Мікалай Васількоў:

«Свяцілавіцкая бальніца будзе існаваць. І ўзровень медыцынскай дапамогі захаваецца тут на ранейшым узроўні. Гэта датычыцца і рэабілітацыйнага аддзялення, паслугі якога цэняць далёка за межамі Веткаўскага раёна, і ложкаў сястрынскага догляду, запатрабаванасць якіх вельмі высокая, і тэрапеўтычнага аддзялення, дзе можна атрымаць першую дапамогу».

Праўда, гэтая публікацыя на сайце раёнкі ўжо недаступная, але яна захавалася ў вэб-архіве.

Цяпер, па словах мясцовых жыхароў, адзінае, што засталося ў Свяцілавіцкай бальніцы — гэта аддзяленне сястрынскага догляду, «і тое, кажуць, толькі да канца года».

Раней, як сказана на сайце Веткаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, у Свяцілавічах была паліклініка на 250 наведванняў у змену і з аддзяленнем дзённага знаходжання на 5 ложкаў, аддзяленне сястрынскага догляду на 40 ложкаў, пост хуткай медыцынскай дапамогі на адну выязную брыгаду. Тут былі паслугі фізіятэрапіі, хвойныя ванны, гразі, шкіпінарныя ванны.

Першапачаткова будынак у Свяцілавічах быў пабудаваны як дзіцячы санаторый. Але пасля катастрофы на ЧАЭС у новым комплексе было арганізавана міжраённае аддзяленне ранняй медыцынскай рэабілітацыі для хворых траўматалагічнага профілю. Тут сталі прапаноўваць пацыентам сваю крыніцу мінеральнай вады, вода– і гразелячэбніцу, ароматэрапію, электрасвятлолячэнне, залу ЛФК, масаж, іншыя працэдуры.

Амаль сорак гадоў, да канца свайго жыцця, бальніцу ўзначальваў заслужаны ўрач БССР, кавалер ордэна «Знак Пашаны» Валерый Родзін. У памяць пра яго на будынку бальніцы ўсталявана мемарыяльная дошка.

«Калі б Родзін падняўся, ён бы зноў лёг у магілу. Так запусцілі і знішчылі бальніцу», — напісаў адзін з каментатараў.

З ліквідацыяй бальніцы вёска Свяцілавічы, якой быў прысвоены статус аграгарадка, перажывае сваё другое паміранне — пасля першага, праз чарнобыльскую катастрофу.

Каментары3

  • даведка
    03.11.2025
    В агрогородках по всей стране при Лукашенко стремительно закрывают больницы, ФАПы, школы, детсады, но они всё равно продолжают называться агрогородками.)
  • Патрабаванне да рэжыму лукашэнкі
    03.11.2025
    Палітычных вызваліць, новых не браць. Рэпрэсіі - спыніць.
  • Яська Гаспадар
    03.11.2025
    Усюды, куды прыходзіць маскаль, галеча, разбурэнне і смерць. Таму "тагды толькі зажывеш шчасліва, Народзе, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе.".

Цяпер чытаюць

Павел Вінаградаў упершыню расказвае, як яго закінулі на самае дно беларускай турмы. Як гэта — калі суседзі за цыгарэту ядуць чужое гаўно6

Павел Вінаградаў упершыню расказвае, як яго закінулі на самае дно беларускай турмы. Як гэта — калі суседзі за цыгарэту ядуць чужое гаўно

Усе навіны →
Усе навіны

За павольны інтэрнэт у Беларусі будуць штрафаваць4

Фермеры з-пад Слуцка скарылі тыкток сваім салам і кумпяком4

Трамп перарабіў гістарычны ванны пакой Лінкальна ў Белым доме ФОТЫ13

Чыноўніца запэўнівае, што касцюмы «Камінтэрн» — гэта люкс14

Да такога не дадумаліся нават у беларускай дыктатуры. Пра што «Эйфарыя» Марыі Пархімчык3

Эканаміст Львоўскі расказаў, чаму з аптымізмам глядзіць на будучыню свету7

Усяго 7 рублёў на дзень траціць трэнер з Бараўлян на здаровае харчаванне5

Кандуктарка аўтобуса расказала, як правярае, што перад ёй школьнік5

На паліва — 700 рублёў на месяц. Мінчанка ганяе на яркім «Барбі-фордзе»10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Павел Вінаградаў упершыню расказвае, як яго закінулі на самае дно беларускай турмы. Як гэта — калі суседзі за цыгарэту ядуць чужое гаўно6

Павел Вінаградаў упершыню расказвае, як яго закінулі на самае дно беларускай турмы. Як гэта — калі суседзі за цыгарэту ядуць чужое гаўно

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць