«Мае продкі — немцы, але ў душы я рускі». Немец атрымаў шэсць гадоў за шпіянаж. І цікавая паралель са справай Крыгера ў Беларусі
Грамадзянін Германіі і Расіі Дытэр С. быў абвінавачаны ў шпіянажы, падрыхтоўцы дыверсій на чыгунцы, а таксама ўдзеле ў «тэрарыстычнай арганізацыі», у складзе якой ваяваў на Данбасе. Завербавалі яго ў 2014 годзе.

Як паведамляе Tagesschau.de, у Мюнхене завяршыўся працэс супраць 42‑гадовага Дытэра С. і двух яго памагатых — Аляксандра J. і Алекса Д. Калі яны атрымалі ўмоўныя тэрміны адпаведна на дванаццаць і шэсць месяцаў, то для Дытэра С. Федэральная пракуратура прасіла восем гадоў і восем месяцаў пазбаўлення волі.
Мужчыны былі абвінавачаныя ў тым, што, дзейнічаючы па заданні расійскай спецслужбы, рыхтавалі дыверсіі на чыгуначных лініях і шпіёнілі за вайсковай інфраструктурай у Германіі з мэтай здзяйснення нападаў.
Акрамя гэтага, суд пацвердзіў абвінавачанне Дытэра С. у сяброўстве ў тэрарыстычнай арганізацыі. Мужчына ў 2014 годзе далучыўся да прарасійскіх апалчэнцаў на ўсходзе Украіны. Ён быў членам інтэрбрыгады «Пятнашка» — падраздзялення самаабвешчанай «Данецкай Народнай Рэспублікі», якое нямецкай юстыцыяй кваліфікуецца як тэрарыстычнае.
Падчас працэсу абаронцы Дытэра С. ставілі гэтыя абвінавачванні пад сумнеў. Яны сцвярджалі, што фотаздымкі Дытэра С. у форме былі інсцэніроўкай. Адвакаты даказвалі, што іх падабаронны — проста «акцёр і хвалько», які шмат выдумляў для понту і «каб быць прывабным для жанчын».
Сувязь з ГРУ
Аднак незадоўга да абвяшчэння прысуду сталі вядомыя новыя дэталі, якія пацвярджаюць, што Дытэр С. актыўна шукаў кантакты з прарасійскімі падраздзяленнямі яшчэ ў 2014 годзе.
У распараджэнне нямецкага тэлеканала SWR трапілі копіі чатаў таго часу. У іх абменьваліся паведамленнямі людзі, якія, меркавана, кіравалі баявымі дзеяннямі брыгад з Масквы і былі звязаныя са спецпадраздзяленнямі ГРУ Мінабароны Расіі. Іх задачай была вярбоўка байцоў і прызначэнне іх у асобныя брыгады. Таксама яны паведамлялі патэнцыйным навабранцам пра «калідоры», праз якія можна было трапіць у зону баявых дзеянняў.
15 лістапада 2014 года нехта Ігар Б. падзяліўся ў чаце тэкстам паведамлення, якое ён атрымаў. У ім чалавек з Германіі паведамляў, што, хоць і не мае баявога досведу, хоча дапамагчы. У паведамленні гаварылася: «Хоць мяне і вывезлі з радзімы, а мае продкі — немцы, у душы я рускі і заўсёды ім застануся».
Імя гэтага чалавека — Дзмітрый С. Профіль Дзмітрыя С. у сацыяльных сетках, звязаны з гэтымі чатамі, утрымліваў відавочныя спасылкі на Дытэра С., у тым ліку відэа з аўтамабілем з нумарамі нямецкага горада Байройт — апошняга месца жыхарства абвінавачанага.
Паведамляецца таксама, што Дытэр С. абмяркоўваў з Ігарам Б. маршрут паездкі, прапануючы прыехаць на аўтамабілі. Планаваная дата прыбыцця і месца прызначэння (Растоўская вобласць) супадаюць з вынікамі расследавання Федэральнай пракуратуры.

У выніку мужчыну прынялі ў «Пятнашку», хоць ён не служыў у войску і вайсковага досведу наогул не меў. У 2016 годзе Дытэр С. вярнуўся з Украіны ў Германію, а пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну зноў выйшаў на сувязь з расіянамі і стаў рыхтаваць дыверсіі ў Германіі.
Канкрэтныя заданні для расійскай разведкі
Як паведамляе Süddeutsche Zeitung, Дытэр С., знаходзячыся ў «цяжкім фінансавым становішчы», прапанаваў камандзіру расійскай арміі інфармацыю, важную для вайсковага ведамства. У 2024 годзе Дытэр С., сярод іншага, даслаў відэа вайсковых перавозак каля Парсберга камандзіру «Пятнашкі» Ахры Авідзбу, якога службы бяспекі звязваюць з расійскай вайсковай разведкай ГРУ.
Па заданні Авідзбы абвінавачаны таксама праводзіў разведку на вайсковым палігоне ЗША ў Графенвёры, а таксама на нафтаперапрацоўчых заводах у Баварыі і на чыгуначных пуцях. Па словах суддзі, мэтай усёй гэтай дзейнасці было «ажыццяўленне актаў сабатажу супраць гэтых аб'ектаў».
Дытэр С. пры гэтым сам прапаноўваў канкрэтныя ідэі — выбухі, падпалы будынкаў, псаванне чыгунак. У чатах з Авідзбам ён абмяркоўваў, напрыклад, як замацаваць спецыяльную металічную тармазную калодку на чыгунцы, па якой ішла вайсковая дапамога ва Украіну. Такая прылада можа не толькі перашкодзіць руху цягнікоў, але і прымусіць іх сысці з рэек.
Па словах суддзі, мэтай планаванага сабатажу было ў доўгатэрміновай перспектыве адбіццё ў немцаў жадання падтрымліваць Украіну.
Дытэр С. быў затрыманы ў красавіку 2024 года. Разгледзеўшы абвінавачанне Федэральнай пракуратуры, Вышэйшы рэгіянальны суд Мюнхена 30 кастрычніка 2025 года прыгаварыў Дытэра С. да шасці гадоў пазбаўлення волі.
Як адзначае Süddeutsche Zeitung, падобна, што ўпершыню з часоў Халоднай вайны нямецкі суд вынес прысуд за «агентурную дзейнасць з мэтай сабатажу» па заданні Расіі.
«Цікава супаставіць прысуды Дытэру С. у Германіі і Рыка Крыгеру ў Беларусі: С. не толькі рыхтаваў дыверсіі, але і паспеў паўдзельнічаць у баявых дзеяннях. А «гора-салдат» Крыгер і зусім да фронту ва Украіне не дабраўся. Аднаго чакае турма ў Германіі, другому пагражаў расстрэл у Беларусі», — так у сваім тэлеграм-канале пракаментаваў гэтую шпіёнскую справу палітолаг Аляксандр Фрыдман.
Каментары
"На лицо ужасные, добрые внутри."
Вось і дабрыня іхная!