«Задзел праедзены». Прадпрыемства, якое распрацавала ўсе касмічныя ракеты СССР, знаходзіцца ў крытычным стане
Генеральны дырэктар расійскай Ракетна-касмічнай карпарацыі «Энергія» Ігар Мальцаў у рассылцы супрацоўнікам з нагоды 79-годдзя прадпрыемства заявіў, што кампанія апынулася ў крытычным стане і можа быць закрытая, піша «Газета.ru».

Паводле слоў Ігара Мальцава, у гэтай карпарацыі — шматмільённыя даўгі, працэнты па крэдытах «з’ядаюць» бюджэт, многія працэсы неэфектыўныя, а значная частка калектыву страціла матывацыю і адказнасць. Гендырэктар адзначыў, што ў апошнія гады амаль усе абяцанні па ключавых праектах аказаліся няспраўджанымі, а тэрміны сарваныя.
Ён падкрэсліў, што «задзел, створаны Сяргеем Паўлавічам [Каралёвым] і развіты нашымі геніяльнымі канструктарамі — Мішыным, Глушко, Сямёнавым — на сённяшні дзень праедзены», і папярэдзіў: будучыня «Энергіі» залежыць ад кожнага супрацоўніка. Кіраўнік заклікаў калектыў развітацца з ілюзіямі адносна таго, што ўсё добра, і адкрыта прызнаць крызіс.
Ігар Мальцаў не выключыў магчымасці, што прадпрыемства не зможа нармальна функцыянаваць, плаціць заробкі і ствараць новыя распрацоўкі. Ён заявіў пра неабходнасць «рашучых дзеянняў» і заклікаў супрацоўнікаў сумленна адказаць сабе, ці гатовыя яны працаваць дзеля выніку. Задачу выратавання кампаніі ён назваў «цудам», падкрэсліўшы: «Мы павінны зрабіць усё, што ў нашых сілах, а немагчымае даручым Богу».

РКК «Энергія» — галоўнае расійскае прадпрыемства ў сферы пілатаванай касманаўтыкі, заснаванае ў 1946 годзе Сяргеем Каралёвым. Яно распрацавала першыя савецкія балістычныя ракеты, ракеты-носьбіты «Спутник», «Восток», «Восход», «Луна», «Молния» і «Союз», а таксама касмічныя караблі «Восток» і «Восход» і першыя міжпланетныя аўтаматычныя станцыі, якія дасягнулі Месяца, Венеры і Марса.
Крызіс у расійскай касмічнай галіне паглыбіўся пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, калі «Раскосмас» трапіў пад санкцыі і страціў амаль усіх замежных заказчыкаў. Па выніках 2024 года карпарацыя здзейсніла ўсяго 17 касмічных пускаў — гэта мінімум для Расіі з пачатку 1960-х, эпохі Юрыя Гагарына, калі СССР першым адправіў чалавека ў космас.
Згодна з данымі партала Payloadspace, ад ЗША, якія запусцілі на арбіту 145 апаратаў, Расія адстала больш чым у 8 разоў, а ад Кітая (68 пускаў) — у чатыры разы.
Яшчэ чвэрць стагоддзя таму Расія займала вядучыя пазіцыі па арбітальных пусках: у 2000 годзе «Раскосмас» выконваў больш за 30 стартаў у год супраць 28 у ЗША, 12 — у Еўропы і 5 — у Кітая. Але з таго часу ЗША павялічылі колькасць пускаў у 5,2 раза, а Кітай — амаль у 14 разоў. У выніку Расія адкацілася на трэцяе месца сярод касмічных дзяржаў і толькі нязначна апярэджвае Новую Зеландыю, якая ў мінулым годзе правяла 13 пускаў.
Каментары