УСУ «падгрызае верхавіну ўкліньвання і ў цэлым запячаталі асноўную частку зоны прарыву, якая ператварылася ўжо ў паўнавартасны аператыўна-тактычны мяшок».

У сярэдзіне жніўня расійскія штурмавыя часткі здзейснілі прарыў украінскай лініі абароны ў раён горада Дабраполле на поўнач ад Пакроўска. Паведамлялася пра даволі глыбокае — да 10-12 км, паводле некаторых звестак — да 15—18 км — укліньванне ва ўкраінскую абарону і пагрозу далейшага прасоўвання расійскіх войскаў.
Аднак украінская армія здолела не толькі спыніць прасоўванне, але, як сведчыць нядаўняе паведамленне ў тэлеграм-канале «Філолаг у засадзе» Святаслава Голікава, ператварыць гэты прарыў у пастку для расійскіх штурмавікоў, узяўшы іх у так званы «аператыўна-тактычны мяшок».
Аналізуючы аперацыю, аўтар адзначае першапачатковую яе небяспечнасць.
Праблема ў тым, што гэты прарыў быў падобны да доўгага і вузкага «калідора»: каля асновы яго шырыня складала каля 7 км, а далей ён звужаўся да 4 км.
Аўтар адзначае, што такія прапорцыі вельмі рызыкоўныя. Паводле вайсковай навукі, для бяспечнага прасоўвання на такую глыбіню шырыня прарыву павінна быць значна большай (хаця б 10 км), інакш флангі (бакі) гэтага «калідора» становяцца вельмі ўразлівымі.
Як ён тлумачыць, ідэя, хутчэй за ўсё, была ў тым, каб пасля хуткага прарыву неадкладна пашырыць захопленую тэрыторыю знутры і абараніць флангі з дапамогай разведкі і ўдарных дронаў. Аднак, як піша аўтар, гэтага зрабіць не ўдалося. Замест таго, каб ісці наперад і пашыраць плацдарм, падмацаванне было вымушанае адразу ўступіць у бой, адбіваючы ўдары ўкраінскіх сіл па баках гэтага вузкага «калідора».
«Гэта была тая самая сітуацыя, у якой развіццё поспеху ў крытычнай ступені залежала ад максімальна хуткага задзейнічання мабільных спецыялізаваных разведвальна-ўдарных падраздзяленняў.
Між тым рэалізаваць забеспячэнне флангаў укліньвання разведвальна-ўдарнымі контурамі не ўдалося, і дадатковыя наземныя сілы замест развіцця поспеху аказаліся задзейнічаныя на адбіцці контратак праціўніка пад аснову зоны прарыву з рубяжа Новае Шахава — Ніканораўка на заходнім фасе і з боку Уладзіміраўкі на ўсходнім».

Скарыстаўшыся з гэтай уразлівасці, украінскія войскі пачалі контратакаваць флангі расійскага выступу. Хоць каля асновы прарыву гэтыя атакі ўдалося стрымаць, наперадзе сітуацыя стала крытычнай. Спроба расіян прасунуцца далей, да стратэгічна важнай трасы Дабраполле — Краматорск, цяпер выглядае як чыстая авантура, бо падтрымліваць агнём так далёка войскі ўжо немагчыма.
«Спробу фізічнага перахопу трасы Дабраполле — Краматорск у абстаноўцы, што склалася, ужо цалкам можна назваць авантурай. На такую адлегласць тактычным сродкам дыстанцыйнай падтрымкі дацягвацца ўжо праблематычна, а заводзіць іх глыбей у зону прарыву не дазваляе яе непашыраная шырыня.
Праціўнік падгрызае верхавіну ўкліньвання і ў цэлым запячатаў асноўную частку зоны прарыву, якая ператварылася ўжо ў паўнавартасны аператыўна-тактычны мяшок».
Іншыя расійскія Z-блогеры не згадваюць Дабраполле і пераключыліся на падзеі, якія адбываюцца на іншых частках фронту.
Пра магчымасць акружэння расійскіх войскаў піша ўкраінскі вайсковы аглядальнік Канстанцін Машавец. Паводле яго даных на 25 жніўня, УСУ ўзялі пад кантроль ключавыя населеныя пункты на флангах расійскага выступу, у прыватнасці, Новае Шахава і Запаведнае.
Украінскія вайскоўцы таксама выціснулі акупантаў з пазіцый каля трасы Дабраполле — Краматорск. Як адзначае аглядальнік, гэтыя контратакі ствараюць прамую пагрозу акружэння для падраздзяленняў расійскай 51-й агульнавайсковай арміі (раней 1-ы армейскі корпус «ДНР»), якія апынуліся ў гэтым прарыве на поўнач ад лініі Запаведнае — Маяк — Уладзіміраўка.
Каментары