28 студзеня 2026 года ў аграгарадку Малеч Бярозаўскага раёна развіталіся з Анатолем Сахарушам — вядомым аграномам, грамадскім і палітычным дзеячам. Яму было 75 гадоў. Для мясцовых жыхароў ён заставаўся чалавекам, які заўсёды змагаўся за інтарэсы сваёй супольнасці, не баяўся падымаць вострыя праблемы і нават выдаваў уласную невялікую газету, піша выданне pinsk.life.

Анатоль Сахаруша нарадзіўся ў 1950 годзе, атрымаў адукацыю агранома. Яшчэ з маладосці яго цягнула да незалежнай інфармацыі: у савецкія часы ён бачыў, як старэйшыя ўпотай слухалі замежныя радыёстанцыі. Падчас вучобы ў Пружанскім сельскагаспадарчым тэхнікуме сам пачаў слухаць перадачы для беларусаў з-за мяжы.
У 1968 годзе, калі савецкія войскі ўвялі ў Прагу, Сахаруша дазволіў сабе задаць нязручнае пытанне выкладчыку. Той паведаміў пра гэта кіраўніцтву, у выніку ў юнака забралі радыёпрыёмнік і правялі «выхаваўчую» размову з бацькамі. Яго не адлічылі, але пасля гэтага, як ён сам успамінаў, за ім пільна сачылі, а некаторыя былі вымушаныя даносіць.
Вярнуўшыся з войска, Сахаруша працаваў у паказальным саўгасе ў Малечы, кіраваў участкам. Ён часта спрачаўся з кіраўніцтвам, адстойваючы свае погляды на агранамію, за што атрымаў мянушку «Ёрш». Пазней завочна скончыў сельскагаспадарчую акадэмію, але ў камуністычную партыю так і не ўступіў.
У часы Перабудовы Анатоль Сахаруша стаў адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту. Ён працаваў у камандзе Зянона Пазняка падчас першых прэзідэнцкіх выбараў, у 2000‑х гадах уваходзіў у Сойм Партыі БНФ, удзельнічаў у розных палітычных кампаніях. Яго добра ведалі не толькі ў раёне, але і на абласным узроўні.

Падчас выбараў 2010 года ў Малеч прыязджаў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар — давераная асоба Лукашэнкі. Сахаруша ж у той час прадстаўляў кандыдата ад БНФ Рыгора Кастусёва і, карыстаючыся сітуацыяй, публічна выступіў з агітацыяй за свайго кандыдата проста падчас гэтага візіту.
Анатоль Сахаруша быў перакананым адраджэнцам, паслядоўна карыстаўся беларускай мовай і выдаваў у Малечы невялікую беларускамоўную газету «Крыніца».
Каментары