Мошэс: У ЕС змірыліся, што Лукашэнка назаўсёды застанецца ў зоне ўплыву Расіі
Эксперт Фінскага інстытута міжнародных адносін Аркадзь Мошэс мяркуе, што сур’ёзных перамоў і зняцця санкцый з боку ЕС не адбудзецца без рэальнай змены палітыкі афіцыйнага Мінска.

Разважаючы ў інтэрв’ю «Радыё Свабода» пра прычыны адмовы Аляксандра Лукашэнкі асабіста прысутнічаць на першай сустрэчы лідараў Рады міру ў ЗША, Аркадзь Мошэс заўважыў, што на гэта рашэнне Масква не паўплывала. На ягоную думку, беларускаму кіраўніку цяжка даліся б размовы з іншымі сусветнымі лідарамі, якія маглі там прысутнічаць і прадстаўляць іншыя пункты гледжання, а таксама «зусім іншае разуменне таго, што з сябе сёння ўяўляе свет».
«Я думаю, што Лукашэнка правільна зрабіў са свайго пункту гледжання, што не паехаў, што паслаў міністра замежных спраў. Прысутнасць нібыта забяспечаная».
Увогуле, на погляд эксперта, нельга казаць пра тое, што кантакты Лукашэнкі з прадстаўнікамі адміністрацыі Трампа могуць прывесці да нейкага паслаблення сувязі паміж Мінскам і Масквой.
«У Пуціна няма праблем назіраць за тым, як Лукашэнка вядзе сваю замежную палітыку на заходнім кірунку. Ключавыя вышыні ўсе захопленыя Расіяй вельмі даўно, не пасля 2020-га, а як мінімум пасля 2010 года. І, так бы мовіць, калі Захад прыйдзе ў Мінск з прапановай нейкіх грошай, гэта азначае, што ён проста дапаможа Пуціну зэканоміць свае грошы, расійскія», — мяркуе эксперт і нагадвае, што ў перыяд 2015—2020 гадоў, калі Захад праводзіў адносна Лукашэнкі палітыку, якую ён называе «палітыкай сонечнага святла», Масква «нікуды не тузалася, паводзіла сябе як звычайна»:
«І нейкія грошы давала, і нейкія дакументы падпісвала. Таму што Лукашэнка — гэта інструмент для Масквы, інструмент апасродкаванага кантролю ў Беларусі, які ніхто іншы ў гэты момант забяспечыць не можа».
«Працэсу збліжэння няма»
Акрамя таго, паводле слоў эксперта, не выпадае сцвярджаць, што кантакты Лукашэнкі з адміністрацыяй Трампа і вызваленне часткі палітычных зняволеных, якое суправаджае гэты працэс, могуць прывесці да нейкага паслаблення сувязяў паміж Мінскам і Масквой. Як сцвярджае Мошэс, Лукашэнка не мяняе рыторыкі і паводзін:
«Працэсу збліжэння няма. Два факты вызвалення […] амаль дзвюх соцень палітвязняў нічога не мяняюць. Гэта павінна было адбывацца кожны тыдзень. Людзей гэтых павінны былі вызваляць і, калі ўжо не прасіць у іх прабачэння, то дакладна не высылаць за межы Беларусі.
Калі ён хацеў прадэманстраваць, што рэальна хоча перагарнуць старонку, у яго ёсць магчымасць зрабіць шмат. У плане […] выпусціць палітвязняў. Ён гэтага не робіць. […]
Калі раз на некалькі месяцаў да вас прыедзе нейкі ўпаўнаважаны, вы пра нешта пагаворыце, гэта не мяняе структуры дачыненняў і сутнасці гэтых стасункаў. Сутнасцю адносін паміж Захадам і Лукашэнкам у цяперашні момант з’яўляецца канфлікт. І гэтая парадыгма захаваецца на найбліжэйшую будучыню».
«Ідэя адарваць Лукашэнку ад Расіі невыканальная»
Не верыць Мошэс і ў магчымасць адмены санкцый з боку ЕС.
«Гэта ўсё дэбаты ўнутры беларускай апазіцыі, ну ці, прынамсі, экспертнай супольнасці, якая сочыць за Беларуссю. Такіх дэбатаў, прынамсі ў Еўропе, няма дакладна», — заўважае эксперт.
Як ён тлумачыць, першая прычына таго, што санкцыі застануцца, тое, што яны працуюць, а другая — у тым, што «Еўрапейскі саюз нарэшце зразумеў, што ідэя адарваць Лукашэнку ад Расіі — невыканальная. Гэтаксама, як ідэя адарваць Расію ад Кітая».
«Калі ідэя адарваць Расію ад Кітая яшчэ хоць неяк працягвае абмяркоўвацца, то ідэя пайсці Лукашэнку насустрач, зняць з яго санкцыі толькі таму, што ён потым нешта такое скажа, што будзе раздражняць Пуціна, — гэта несур’ёзна. Так сённяшняя палітыка Еўрапейскага саюза не будуецца», — даводзіць эксперт.
Мошэс падкрэслівае, што не ведае, як надоўга Беларусь трапіла ў залежнасць ад Расіі. Ён мае на ўвазе менавіта залежнасць Лукашэнкі. Пасля яго сітуацыя зменіцца: «Я не ведаю наконт назаўсёды і калі гэта скончыцца, але што Лукашэнка асабіста будзе ў зоне ўплыву Расіі — так. Вось з гэтым ніхто не спрачаецца, што ён асабіста не можа выйсці. А паколькі рэжым асацыюецца з ім і ён персаналізуе яго, то, адпаведна, мы маем усе астатнія рэчы.
Вось калі яго не будзе і будзе там, не ведаю, хто заўгодна, то размовы, прынамсі нейкія, пойдуць. І дыскусія стане іншай. А сёння дыскусіі абсалютна няма».
Эксперт падкрэслівае: каб пачаць дыскусію, Лукашэнку і яго прапагандысцкай машыне «трэба гаварыць не пра плюшкі, не пра тое, што яны там чакаюць нечага ці там гатовыя размаўляць яшчэ пра нешта, а рабіць».
На погляд Мошэса, калі ў замежнай палітыцы Лукашэнка, пры поўнай залежнасці ад Масквы, фактычна нічога не можа зрабіць, то ва ўнутранай тэарэтычна можа шмат чаго, але не робіць.
«Рэпрэсіўная машына, гэты махавік раскручаны, і, увогуле, мы не бачым ніякага яго запаволення. У нас ёсць статыстыка, даступная ад праваабаронцаў. Мы бачым, што вось столькі людзей выпусцілі, а пасадзілі больш.
І вось пакуль гэта будзе працягвацца, я думаю, што бескарысна нават весці нейкую размову пра тое, што нібыта тэарэтычна магчыма змяненне характару дачыненняў паміж Захадам, асабліва Еўропай, і Лукашэнкам».
Эксперт адзначае: «Еўрапейскі саюз на сённяшні момант, я ў гэтым перакананы, ісці на сур’ёзныя перамовы, размены з рэжымам Беларусі ў такім жа ключы, у якім ён на іх ішоў падчас пацяплення 2008 і 2010 гадоў, і тым больш падчас пацяплення 2015—2019, цяпер не пойдзе. Матывацыя незразумелая, выйгрышы незразумелыя, а пройгрышы якраз зразумелыя».
Каментары
+1. Трамп пра Венесуэлу: "У іх больш нафты, чым амаль у каго-небудзь, акрамя нас. І, дарэчы, разам — мы і яны — маем 68 працэнтаў сусветных запасаў нафты."
PS а чаму з Трампам не дамовіцца аб Венесуэльскай нафце па $ 10? і продаж Наваполацкага ААТ «Нафтана» ЗША ?