Грамадства1111

Бяляцкі: Эфектыўны ціск на Лукашэнку — эканамічныя, палітычныя санкцыі і непрызнанне выбараў

Алесь Бяляцкі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, кіраўнік беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна», вызвалены і дэпартаваны з Беларусі ў снежні мінулага года, даў інтэрв'ю тэлеканалу «Дождь».

У ім ён распавёў пра нечалавечыя ўмовы ўтрымання ў беларускіх турмах і падтрымку іншых зняволеных, пра тое, ці варта дамаўляцца з рэжымам Лукашэнкі, пра залежнасць беларускага дыктатара ад Пуціна, пра сваё стаўленне да Святланы Ціханоўскай і пра тое, чаго дагэтуль баяцца беларускія ўлады. «Дождь» прыводзіць асноўныя тэзісы.

Пра прэсінг у зняволенні 

Я там [за кратамі] знаходзіўся даволі вялікі прамежак часу — 4 гады і 5 месяцаў. І, канешне, гэта былі розныя перыяды ў зняволенні. СІЗА — гэта адна сітуацыя, калонія — гэта іншая сітуацыя. Там у калоніі, канешне, было цяжэй, чым у следчым ізалятары, таму што там ужо ўжываліся комплексныя метады ў адносінах да палітычных зняволеных, і псіхалагічны ціск, і штрафныя ізалятары, і памяшканне камернага тыпу. Усё гэта мне таксама давялося прайсці. 

На жаль, гэта быў даволі цяжкі час. І цяпер крыху больш за месяц, як я выйшаў на волю, але яшчэ значная частка мяне знаходзіцца там, у турме. І гэта, вось турму адпускаюць неяк паступова. Гэты працэс цяпер ідзе, ну і аднаўленне такое псіхалагічнае і фізічнае цяпер працягваецца. 

Было пастаяннае вынясенне парушэнняў, пастаянны прэсінг псіхалагічны, пошук зняволеных, якія супрацоўнічаюць з опер аддзелам па ціску на палітвязняў. Ну гэта ўсё мне давялося таксама перажыць разам з іншымі палітвязнямі. Гэта другі мой тэрмін, і ў мяне ёсць з чым параўнаць. Вельмі многае падобна, як яно было там 10‑12 гадоў таму. Але з’явіліся новыя метады ціску і масавасць. 

Калі раней, [падчас зняволення] у 2012‑2014 гадах у Бабруйскай калоніі я быў адзін палітвязень, то цяпер у Горацкай калоніі даходзіла да 50 чалавек палітвязняў на тысячу зняволеных. І, канешне ж, у нечым гэта было і лягчэй, таму што мы хоць і канспіратыўна, але размаўлялі адзін з адным, перадавалі інфармацыю. Але ў нечым і цяжэй, таму што цяпер гэтыя метады ціску сталі больш вытанчаныя, больш тонкія і больш масавыя.

Пра ўмовы ў ШІЗА

Я 38 сутак я правёў у ШІЗА за свой час зняволення. Нібыта і няшмат, але хапіла, каб перажыць і страшны холад, калі ты сядзіш без ацяплення ў адной кашулі і тоненькіх штанах і вымушаны спаць на нарах, перавязаных жалезнымі палосамі, фактычна напалову ты спіш на жалезе, напалову вось на гэтых дошках. 

Калі ў цябе, канешне, хопіць сіл яшчэ спаць, таму што ўвесь час прачынаешся ад холаду, вымушаны неяк размінацца, займацца фізкультурай, таму што цябе рэальна калоціць ад холаду. І гэта суткамі. Першыя суткі, другія, пятыя. І ты проста чакаеш гэтага пацяплення, як нейкага дабра. Вось такія вось нечалавечыя ўмовы прысутнічаюць у беларускіх ШІЗА. 

Пра ўмовы ў ПКТ

Шэсць месяцаў я знаходзіўся ў ПКТ, турма ў турме практычна, калі ты сядзіш фактычна ў прыбіральні днямі і месяцамі, таму што маленькае памяшканне і нары прышпільваюцца там на дзень, усё прыбіраецца, і ты знаходзішся ў гэтым памяшканні яшчэ з адным чалавекам у вільгаці.

Вільгаць такая, што калі ты выціраеш сцены ручніком, то потым выціскаеш яго. І проста застаецца спадзявацца, што твой арганізм гэта вытрымае. А адміністрацыя назірае, як у цябе гэта ўсё праходзіць. І моцна не спяшаецца дапамагчы, калі ў цябе нейкія праблемы. Таму ў нас некалькі чалавек у турме за апошнія гады памерлі з палітвязняў па тых ці іншых прычынах, але ў асноўным таму, што ім не аказалі своечасова медыцынскую дапамогу, яны проста памерлі ад неаказання гэтай меддапамогі. 

Пра мэты, якія ставяць у беларускай турме

Ізаляваць, націснуць на чалавека, максімальна зламаць твой чалавечы гонар і паказаць іншым, што «Глядзіце, з вамі гэта таксама будзе». Практычна ўсе тыя антычалавечыя методыкі, якія былі і ў савецкіх турмах у адносінах да дысідэнтаў, да палітвязняў, яны роўненька перайшлі ў беларускія турмы, хоць часы змяніліся.

Пра тое, што падтрымлівала ў турме

Што мяне заўсёды радавала і падтрымлівала — гэта даволі моцная падтрымка ад простых зняволеных, якія не маюць дачынення да палітыкі, якія траплялі па іншых артыкулах туды, але тым не менш, асабліва моладзь, яна разумее сітуацыю, яна разумее, чаму ты сядзіш, яна па меншай меры не робіць табе нейкай подласці і гадасцей, і часта дапамагае ў нейкіх бытавых пытаннях. 

Нездарма кажуць, што турма — гэта злепак самой дзяржавы. І насамрэч беларуская турма перадае тое, што цяпер адбываецца і ў самой беларускай дзяржаве. І мы хоць і сядзелі там у практычна поўнай ізаляцыі, але я абсалютна не адчуваў сябе ізаляваным ад беларускага народа, і тыя настроі, якія цяпер ёсць у беларусаў, яны, у прынцыпе, вельмі пазітыўныя, антымілітарысцкія, досыць дэмакратычныя. 

Пра прывыканне да волі пасля 4,5 гадоў зняволення 

Ты як ашалелы проста выскакваеш з угару на свежае паветра, і ў цябе проста і лёгкія рэжа, і вочы, і ты не зусім разумееш, дзе ты знаходзішся. Усё гэта нядаўна я перажываў і ў нейкай ступені працягваю перажываць. Ты вучышся ізноў карыстацца тэлефонам, сацыяльнымі сеткамі, электроннай поштай, нейкімі самымі простымі рэчамі, на якія ты звычайна не звяртаеш увагі. Заходзіш у супермаркет, і табе ўсё хочацца купіць, усё тое, што ты не меў магчымасці там пакаштаваць. Я гляджу цяпер на свет як быццам бы новымі, чыста вымытымі вачыма, і мяне радуе ўсё тое, што раней не заўважаў.

І, канешне ж, вельмі важна, што цяпер я разам з жонкай, магу гаварыць са сваімі роднымі, з сябрамі, таму што за 2025 год мне прыйшоў толькі адзін ліст ад жонкі, была поўная ізаляцыя ў гэтым плане. Гэта ізноў жа, такі рычаг псіхалагічнага ціску на палітвязняў, і тое, што цяпер я маю магчымасць гаварыць, мець зносіны, для мяне гэта вельмі важна. 

Я наогул не ведаў, што адбываецца ў палітычным, грамадзянскім жыцці Беларусі, ізноў жа, для мяне гэта новы такі свет. І цяпер ідзе такі працэс хуткага пазнавання свету, як быццам бы ты ізноў пачынаеш хадзіць, пачынаеш хутка станавіцца дарослым. 

Калі вы даведаліся, што вас вызваляюць?

Інфармацыя да нас даходзіла пра гэта, таму што афіцыйныя беларускія сродкі масавай інфармацыі, яны мала пра што гавораць, але пра гэта яны падрабязна гаварылі, яны разглядалі шанцы прарыву ізаляцыі палітычнай, эканамічнай, якая была апошнія гады. Канешне, мы гэтую інфармацыю слухалі, аналізавалі, і, у прынцыпе, чакалі, што вызваленне будзе. 

Мяне разбудзілі а 4 гадзіне ночы, потым поўны надгляд, нешта з рэчаў выкінулі, забралі ўсё, што было пісьмовае — лісты, мае запісы. Я практычна напісаў кніжку ўспамінаў, гэта ўсё засталося, незразумела, што з гэтым цяпер: ці выкінулі гэтыя паперы, ці яны дзесьці ляжаць. 

Праз гадзіну я ўжо ехаў у машыне з завязанымі вачыма ў кайданках у Мінск, потым з Мінска ў бок Літвы. І я ўжо разумеў, што ўсё бліжэй да волі. Але ніхто нічога не казаў, нас трымалі ў поўным няведанні. Толькі калі нас сустрэлі амерыканскія дыпламаты на мяжы, і там потым разам з імі мы перасеклі гэтую мяжу, то стала ўжо канчаткова зразумела, што я на волі, і што адбылося тое, што мы чакалі апошнія месяцы. 

Марыя Калеснікава кажа, што трэба дамаўляцца з Аляксандрам Лукашэнкам, з рэжымам

Я б ставіўся да гэтага з вялікай асцярожнасцю і недаверам, таму што за гэтым персанажам [Лукашэнка] я сачу з пачатку 90-х, калі ён быў яшчэ проста старшынём калгаса і дэпутатам Вярхоўнага Савета. 

Тыя кампаніі па вызваленні палітвязняў, па жаданні наладзіць адносіны эканамічныя — у першую чаргу з ЕС і ЗША — гэта ж не першы раз было. Мы ў гэтую ваду ўжо заходзілі, і ў 2005 годзе, у 2014 годзе, калі мяне таксама ўмоўна-датэрмінова вызвалілі, і пасля гэтага пачаліся ў 2015 годзе паляпшэнні адносін з Захадам. Цяпер відаць, што залаты запас у яго старэйшага таварыша [Пуціна] заканчваецца, і Лукашэнка сам вымушаны шукаць магчымасці для ўтрымання на плаву і беларускай эканомікі, і таго сацыяльнага кантракту, які ён заключыў з беларускім народам: трэба ж плаціць пенсіі, заробкі, іншыя сацыяльныя выплаты. І таму, канешне, яны вельмі зацікаўленыя ў тым, каб цяпер адмяніць гэтыя палітычныя і эканамічныя санкцыі.

Ну а што наўзамен? Палітычных зняволеных, з аднаго боку, выпускаюць, але працягваюць набіраць іншых, увесь час, кожны дзень у нас ідуць навіны пра новыя арышты, новыя затрыманні, практычна колькасць палітвязняў не памяншаецца, дагэтуль у Беларусі знаходзіцца больш за 1100 палітвязняў, і гэта толькі тыя, пра якіх ведаюць праваабаронцы.

Таму, канешне ж, вельмі важна, каб выйшлі іншыя палітвязні, каб гэты працэс працягваўся, але ізноў жа, вельмі важна, каб спыніліся новыя наборы палітвязняў, і каб у Беларусі ўрэшце пачаліся нейкія больш-менш зразумелыя дэмакратычныя рэформы, інакш праз нейкі час мы ізноў упрэмся ў тыя ж самыя рэпрэсіі.

Якім павінен быць ціск на рэжым? 

Мне здаецца, што досыць эфектыўнай была тая палітыка эканамічных санкцый, палітычных санкцый, непрызнання выбараў. 

Калі б не было гэтых палітычных і эканамічных санкцый, то мы сядзелі б і далей. Таму відаць, што запас трываласці эканомікі і вось гэтая палітычная ізаляцыя рэжыму, яна непакоіць і гэтак званыя эліты беларускія. І, натуральна, цяпер пайшлі нейкія дзеянні, каб разблакаваць гэтую сітуацыю, але мы павінны глядзець на гэта ў перспектыве, каб ізноў не атрымалася, як раней. 

Нагадаю, што ў 2015 годзе санкцыі адмянілі, пачалося рэзкае збліжэнне Еўрасаюза з Беларуссю па многіх праграмах — эканамічных, палітычных. Лукашэнку далі зялёнае святло. 

У 2020 годзе чым гэта скончылася? Тысячы людзей былі арыштаваныя, масавыя разгромы, дзякуй богу, што не дайшлі да таго, што адбылося ў Іране. Я ж тады адчуваў гэтую атмасферу, страху, якая была ва ўлад, яны былі гатовыя пайсці на ўсё. 

З улікам гэтага, трэба, мне здаецца, працягваць ціск на беларускі рэжым і дамагацца сур’ёзных змен. 

Наколькі вялікая залежнасць Лукашэнкі ад Пуціна цяпер? 

Досыць моцная. Я б сказаў, што [Пуцін Лукашэнку] досыць кантралюе, каб быць спакойным, што ніякіх змен не будзе пакуль у стаўленні палітыкі Беларусі да Расіі, пакуль ва ўладзе сядзіць гэты васал. 

Мне, дарэчы, гэта вельмі нагадвае сітуацыю, як у свой час, у 13‑м стагоддзі ездзілі рускія князі адвозіць ясак у Залатую Арду. І атрымаўшы гэты ясак, яны ўжо неяк правілі гэтымі сваімі княствамі. 

Вось такі ясак увесь час, кожны год, можа быць нават часцей, ездзіць і Лукашэнка пацвярджаць да Пуціна. Яны знайшлі адзін аднаго. Дрэннае ліпне да дрэннага, добрае да добрага — гэта закон прыроды. 

Пра вайну

Я глядзеў у турме расійскае тэлебачанне, у нас яно было не забаронена. Натуральна, ужо за пару месяцаў перад пачаткам вайны там была атмасфера падрыхтоўкі расійскага грамадства да таго, што пачнецца вайна, што «там фашысты, там тыя, хто нас не любіць, і ўсё гэта мы перажывалі ў Другую сусветную вайну, нам трэба навесці парадак».

Падрыхтоўка грамадства псіхалагічная ішла поўным ходам, таму яшчэ перад Новым 2022 годам для мяне асабіста было зразумела, што вайна пачнецца рана ці позна. 

Цяжка было ўспрымаць такія навіны. Я, дарэчы, перажываю другі раз такі ж самы сюжэт. Таму што ў 2014 годзе, калі пачаліся ваенныя дзеянні ў Данбасе, калі быў захоплены Крым, я знаходзіўся таксама ў калоніі, таксама быў бяссільны, нават абмеркаваць гэта было немагчыма з кім-небудзь. Цяпер гэта практычна паўтарылася і, ізноў жа, гэта цяжка, таму што сам ты не можаш нічога зрабіць, нават сказаць нічога не можаш. 

Ну і было зразумела, што з-за таго, што Беларусь увязалася ў гэтую вайну, мы аказваемся ўжо ў становішчы закладнікаў і нават палонных. Я, дарэчы, вельмі часта параўноўваў гэта наша становішча са становішчам палонных у калоніі. Таму што так жа ніякіх правоў і так жа гэта паўваеннае становішча ў Беларусі, хоць яно не аб’яўлена, але сама сітуацыя, калі ўсё забараняецца, любая воля забараняецца, усё гэта вельмі нагадвала ваенныя часы. 

Пра Святлану Ціханоўскую 

Я многае не ведаю, але я добра памятаю, як яна пачынала. Гэта быў чалавек з вялікімі задаткамі, але з мінімальным досведам. Аднак яна вельмі хутка вырасла, і цяпер гэта рэальная, сур’ёзная палітыка, тым больш, што насамрэч за яе галасавалі мільёны. І я ў калоніі бачыў вельмі розных людзей, нават старыкоў з вёсак, якія казалі, што за яе галасавалі. 

Таму яе рэальная народная падтрымка проста так не знікае. Калі людзі галасуюць, гэта застаецца і ў памяці і дае ёй легітымнасць рэальна прадстаўляць дэмакратычную частку беларускага грамадства. І я лічу, што гэта вельмі важна для беларускай апазіцыі, для ўсяго беларускага грамадства мець свой дэмакратычны, салідны, чысты голас. 

Як апазіцыя можа дапамагчы Беларусі і беларусам з-за мяжы?

Цяпер той уплыў, які мы можам аказваць на Беларусь, для нас пытанне нумар адзін. Але я заўсёды тут успамінаю досвед, напрыклад, польскай апазіцыі, калі пасля [Другой сусветнай] вайны сотні тысяч палякаў і польскі ўрад у выгнанні знаходзіліся за мяжой. Але яны аказвалі вельмі вялікі ўплыў на сітуацыю ў Польшчы, у пасляваенныя, 50-я, 80‑я гады, практычна да таго моманту, калі ўпаў гэты камуністычны рэжым. 

Мне здаецца, што ўплыў беларускай апазіцыі можна параўнаць з гэтым. Ён, канешне, значна большы, чым уплыў асобных дысідэнтаў або маленькіх груп, як гэта было ў Савецкім Саюзе. 

Лукашэнка баіцца Ціханоўскую і іншых апазіцыянераў за межамі Беларусі? 

Натуральна, таму што ўвесь час ідуць успаміны. Як бы ён [Лукашэнка] адштурхваецца ад гэтага, стараецца крытыкаваць, знаходзіць нейкія кампраматы або ж ствараць гэты кампрамат. 

Мы бачым, як працуюць спецслужбы з некаторымі актывістамі. Гэта ўсё паказвае, што яны ўспрымаюць і Ціханоўскую, і беларускі актыў, які апынуўся за мяжой, досыць сур’ёзна і як пагрозу для сваёй улады. 

Каментары11

  • RE
    28.01.2026
    Pavel, в СССР и странах Варшавского договора, например.
  • Антыўсаў
    28.01.2026
    Pavel Усаў супакойся, хопіць ратаваць дыктатара
  • ?
    28.01.2026
    RE, а если второй раз будет как в Северной Корее?

Цяпер чытаюць

Офіс Ціханоўскай ужо ад сёння пачынае працу ў Варшаве16

Офіс Ціханоўскай ужо ад сёння пачынае працу ў Варшаве

Усе навіны →
Усе навіны

Вікторыю Кульшу вызвалялі з гіпсам на шыі: «Пералом пазванкоў — гэта вынік фізічнага гвалту ў калоніі»2

«Часы змяніліся». У Германіі заклікаюць да стварэння еўрапейскай атамнай бомбы9

У Кітаі пакаралі смерцю 11 членаў сіндыката Мін. Яны кіравалі скам-цэнтрамі і казіно ў М'янме

Што рабіць у выпадку пераахаладжэння? Парады ад ратавальнікаў

«Цяпер дастаткова часу». Івулін паклаў Мелказёраву ў труну «Каласы пад сярпом тваім», што Мікіта не паспеў дачытаць6

Мэр Мінска хацеў сабе пасаду ва ўрадзе, але Лукашэнка не пусціў8

Сіноптыкі афіцыйна папярэдзілі пра пахаладанне да мінус 31°С

Навучэнец каледжа катаваў свайго непаўналетняга суседа па пакоі і здымаў на відэа — вынесены прысуд7

Кіліян Мёрфі можа сыграць Валдэморта?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Офіс Ціханоўскай ужо ад сёння пачынае працу ў Варшаве16

Офіс Ціханоўскай ужо ад сёння пачынае працу ў Варшаве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць