Расія пачала выкарыстоўваць ва Украіне шахеды, падключаныя да Starlink. Што вядома і чаму гэта небяспечна
За апошнія тыдні ўкраінскія эксперты зафіксавалі некалькі выпадкаў пранікнення ўглыб тэрыторыі краіны расійскіх дронаў, у тым ліку тыпу «шахед», якія кіраваліся па спадарожнікавай сувязі Starlink ад амерыканскай кампаніі SpaceX. Некаторыя з іх выкарыстоўваліся для разведкі, іншыя атакавалі тэхніку і інфраструктуру. Чаму гэта небяспечна і што з гэтым можа зрабіць Украіна, разбіралася Бі-бі-сі.

Расія пачала масава выкарыстоўваць ударныя дроны-камікадзэ тыпу «шахед» (у расійскай версіі — «Герань-2») яшчэ восенню 2022 года, але за тры гады вайны яна істотна іх мадэрнізавала.
Калі раней гэтыя БПЛА ляцелі да мэты па загадзя закладзеным маршруце, то ўвосень 2025 года пачалі фіксавацца выпадкі кіравання «шахедамі» ў анлайн-рэжыме. Гэта значыць, аператар у РФ мог у рэальным часе шукаць цэль і атакаваць яе, нават калі яна перасоўваецца.
Для гэтага выкарыстоўвалася mesh-сістэма, гэта значыць, павелічэнне далёкасці радыёсувязі за кошт рэтрансляцыі, калі адзін з дронаў у «рою» выконваў функцыю рэтранслятара, каб аператар мог кіраваць іншым дронам і атакаваць.
Верагодна, менавіта такім чынам 22 снежня 2025 года арміі РФ удалося трапіць у грузавы цягнік каля горада Карасцень (Жытомірская вобласць). Адтуль да мяжы з Расіяй амаль 270 км.
Аднак mesh-сістэма мае недахопы, напрыклад, неабходнасць дрона-рэтранслятара.
Таму наступным этапам мадыфікацыі стала ўстаноўка расіянамі тэрміналаў спадарожнікавай сувязі Starlink непасрэдна на ўдарны дрон.
Дроны са Starlink: першыя выпадкі
Упершыню аб выяўленні расійскага дрона са Starlink напісаў 15 снежня 2025 года вядучы ўкраінскі эксперт у галіне ваенных радыётэхналогій Сяргей Бяскрэснаў (пазыўны «Флэш»). 25 студзеня ён быў прызначаны дарадцам новага міністра абароны Украіны Міхаіла Фёдарава.
У снежні мінулага года Бякрэснаў апублікаваў фатаграфію расійскага БПЛА «Молнія», на якім відаць тэрмінал спадарожнікавай сувязі Starlink.
Гэты тып дрона дастаткова танны і шырока распаўсюджаны на фронце. Ён ляціць на адлегласць да 30 км і можа несці невялікую баявую частку вагой 3‑7 кг. «Молнія» выкарыстоўваецца і як беспілотнік-камікадзэ, і як носьбіт для некалькіх маленькіх FPV-дронаў.
«Штодзённа мы фіксуем удары БПЛА «Молнія» са «старлінкам». І не толькі на фронце. Нядаўна атакавалі энергетыку Мікалаева. Лятае ў асноўным «старлінк-міні». Праціўнік ужо пачаў заціраць на тэрміналах серыйныя нумары», — паведаміў «Флэш» 26 снежня.
Ужо 15 студзеня ён заявіў пра новы выпадак выяўлення расійскага беспілотніка з тэрміналам спадарожнікавай сувязі. Гаворка ішла пра БМ-35 (ён жа «Італмас»). Гэты ўдарны дрон падобны на зменшаную версію «шахеда», але мае бензінавы рухавік спераду. Ён можа лятаць на 500 км, несці 15‑27 кг выбухоўкі і выконваць функцыі як разведчыка, так і ўдарнага БПЛА.
У канцы студзеня зафіксавана, як БМ-35 даляцеў да Дняпра, а 26 студзеня менавіта ён, па даных «Флэша», амаль чатыры гадзіны бесперашкодна лётаў над Кіевам.

Расійскія СМІ і тэлеграм-каналы 24 студзеня выклалі кадры атакі дронаў на два ўкраінскія верталёты Мі-24 і Мі-8, якія стаялі на пляцоўцы ў полі недалёка ад Крапіўніцкага. Паколькі побач не было дронаў-рэтранслятараў, Сяргей Бякрэснаў зрабіў выснову, што гэта было першае прымяненне шахедаў са спадарожнікавай сувяззю Starlink.
«На ручным кіраванні ляцелі амаль над зямлёй, каб іх не бачылі РЛС (радыёлакацыйныя станцыі). Ці чакаў я гэтага? Так. Ці папярэджваў? Так. Хтосьці мяне слухаў? Не», — напісаў «Флэш».
Па яго інфармацыі, «шахеды» з анлайн-кіраваннем (альбо з mesh-сістэмай, альбо са Starlink) таксама атакавалі пасажырскі цягнік каля станцыі Барвенкава ў Харкаўскай вобласці 27 студзеня. Загінулі па меншай меры пяць чалавек.
Чаму гэта небяспечна?
Доўгі час менавіта надзейная і даступная спадарожнікавая сувязь ад Starlink была вялікай перавагай украінскіх Сіл абароны.
Кампанія SpaceX забараніла доступ грамадзян РФ да гэтай сістэмы, а сама сувязь не працавала над расійскай тэрыторыяй.
Аднак з часам стала вядома, што расійскія грамадзяне ўсё ж знаходзяць шляхі для атрымання тэрміналаў і выкарыстання Starlink, пераважна купляючы яго ў трэціх краінах на падстаўных асоб.
Таму было пытаннем часу, калі яны пачнуць выкарыстоўваць гэтую тэхналогію супраць украінскіх сіл на фронце і ў тыле.
Кіеў аказаўся не гатовы да такога развіцця падзей.
Цяпер супрацьдзейнічаць такім дронам з дапамогай сістэм РЭБ амаль немагчыма, а збіваць іх таксама няпроста, паколькі яны могуць абыходзіць пазіцыі СПА і ляцець вельмі нізка.

Гэта вялікая небяспека для нас. Уявіце сабе, што расіяне могуць у рэжыме онлайн кіраваць «шахедамі», і не толькі імі, а любымі ўдарнымі БПЛА, і далятаць туды, куды яны хочуць», — паясніў Сяргей Бяскрэснаў у інтэрв'ю «Радыё НВ».
Па яго даных, выкарыстанне «Молніі» са спадарожнікавай сувяззю Starlink для атак на ўкраінскую інфраструктуру мела досыць высокую эфектыўнасць — каля 38%.
Гэта звязана з тым, што дрон ляцеў на малой вышыні і абыходзіў украінскія радары і пазіцыі СПА.
У дзясяткі разоў больш магутны «шахед» нясе яшчэ большую небяспеку для Украіны.
«У чым пагроза? Лічыце, што гэта вялікі FPV, які кіруецца з тэрыторыі Расіі аператарам у рэжыме рэальнага часу. Усе мы ведаем, што Starlink добра працуе, забяспечвае досыць выразны канал перадачы відэаінфармацыі і кіравання, таму гэта адзін з выклікаў, з якім мне, у прыватнасці, зараз давядзецца сутыкнуцца і змагацца», — кажа дарадца міністра абароны.
Што можа зрабіць Украіна?
Па словах «Флэша», ёсць некалькі рашэнняў, якія маглі б нейтралізаваць небяспеку «шахедаў», якія працуюць на Starlink.
Першае і найбольш відавочнае — правесці перамовы з амерыканскімі ўладамі і кіраўніцтвам SpaceX, каб прымусіць іх адключыць асобныя тэрміналы на тэрыторыі Украіны. Гэта значыць тыя, якія не ўваходзяць у рэестр «правільных» «старлінкаў».
«Трэба забараніць роўмінг «чужым» «старлінкам», якія залятаюць у нашу краіну. Гэта значыць, павінны працаваць толькі «нашы» «старлінкі», а для гэтага трэба стварыць пэўны рэестр усіх «старлінкаў», якія ёсць у Сілах абароны і ў валанцёраў. Прадаставіць яго афіцыйнаму дылеру Starlink ва Украіне, і ўсе новыя падключэнні праводзіць толькі праз яго», — тлумачыць «Флэш».
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі публічна звярнуўся да ўладальніка SpaceX Ілана Маска з просьбай «спыніць выкарыстанне расіянамі Starlink для атак на ўкраінскія гарады».
Польскі дыпламат атрымаў ад амерыканскага мільярдэра зусім не дыпламатычны адказ. Маск прама не адказаў на просьбу, але груба абазваў Сікорскага.
«Гэты слінявы імбецыл нават не ўсведамляе, што Starlink з'яўляецца асновай ваенных камунікацый Украіны», — заявіў Ілан Маск.
Вяртаючыся да ўкраінскіх праблем, варта адзначыць, што сілы СПА павінны надаць асаблівую ўвагу «шахедам» са Starlink, лічыць Бескрэстнаў.
Ён падкрэслівае, што неабходна распрацаваць алгарытм своечасовага выяўлення такіх бартавых сродкаў і механізм працы па іх сродкаў СПА, напрыклад, зенітных дронаў. Акрамя таго, па словах эксперта, неабходна ўзмацніць абарону ўкраінскай ваеннай тэхнікі, у прыватнасці авіяцыйнай, на базах у глыбіні тэрыторыі
Пакуль выкарыстанне ўдарных дронаў са Starlink не стала масавым, ва Украіны яшчэ ёсць трохі часу, каб знайсці контрмеры.
Каментары
Але ніколі ў гэтым ня прызнаецца. Лягчый дурня ўвамкнуць . Гісторія калі Еўропа адмовілася ад Тесла яго навучыла .