Яе шукае і лукашэнкаўская дзяржава, яе шукаюць і беларускія публіцысты з дэмакратычнага лагера. Але за самім паняццем «нацыянальная ідэя» не стаіць нічога, акрамя савецкай спадчыны і расійскага імперыялізму.

Першае пытанне, на якое варта паспрабаваць адказаць, звяртаючыся да тэмы пошуку нацыянальнай ідэі — для чаго мы гэты Грааль шукаем і што будзе, калі знойдзем? Выявіцца, што нават тыя, хто перакананы ў неабходнасці ідэі для нацыі, не зможа даць уцямнага адказу.
«Ну каб была, а то без яе мы як бы не зусім і нацыя».
Гэта выцякае з неразумення сутнасці самога тэрміна. Што такое нацыянальная ідэя ўвогуле? Ці гэта апісанне шляху, па якім прыйшла нацыя, ці гэта ідэал, да якога нацыя ідзе, ці гэта інструкцыя, на якую трэба азірацца ў сваіх рашэннях, ці ўсё гэта разам — зусім не зразумела.
Вынаходства Расіі
Найбольшы шок чакае тых, хто паспрабуе звярнуцца да меркавання навукоўцаў са ўсяго свету наконт нацыянальнай ідэі. Яны не гавораць пра гэта нічога! Такі тэрмін існуе толькі на постсавецкай прасторы і больш нідзе.
Вялікая расійская энцыклапедыя тлумачыць яго так:
«Нацыянальная ідэя (англ. national idea) — форма калектыўнай тоеснасці нацыі, у якой выяўляюцца ўяўленні пра прыроду ўласнага нацыянальнага адзінства. Нацыянальная ідэя як ідэалагічная схема прызначана тлумачыць, чаму гэты народ існуе, што адрознівае яго ад іншых народаў на ўзроўні культуры, калектыўнага светапогляду, этыкі, палітычнай сістэмы і г. д., у чым сэнс яго гісторыі і да якога будучыні яму належыць імкнуцца».
Дзіва! Не больш, не менш пошук адказу на пытанне «У чым сэнс жыцця, сусвету і ўсяго такога?», на які мы, праўда, ужо ведаем адказ — «42». Далей яшчэ цікавей.

«Тэрмін «нацыянальная ідэя» сустракаецца галоўным чынам у айчыннай літаратуры, а таксама ў працах аўтараў постсавецкай прасторы. У айчыннай літаратуры тэрмін звычайна ўжываецца як сінонім паняцця «дзяржаўная ідэалогія», пра неабходнасць выпрацоўкі якой пачалі гаварыць яшчэ ў 1990-я гады, пасля падзення камуністычнай ідэалогіі.
Так, Уладзімір Якунін ставіў знак роўнасці паміж нацыянальнай ідэяй і дзяржаўнай ідэалогіяй, тлумачачы неабходнасць яе стварэння палітычнымі інтарэсамі цэнтральнай улады».
Выходзіць, што як толькі з былых савецкіх грамадзян знялі пятлю ўдушлівай савецкай ідэалогіі, вакол іх шыяў утварылася такая непрыемная пустата, што яны ўзяліся вынаходзіць новую пятлю.
Па сутнасці проста зрабілі рэбрэндынг старой: замянілі ўсё «савецкае» на «нацыянальнае» і перайменавалі — не «дзяржаўная ідэалогія», а нацыянальная ідэя — каб не пужаць людзей, якія ўжо наеліся ідэалогіі.
Штрых да гісторыі: згаданы Уладзімір Якунін — расійскі доктар палітычных навук, адзін з найбліжэйшых да Пуціна людзей, адзін з яго дванаццаці сяброў, якія ў 1990-я гады ўдзельнічалі ў стварэнні кааператыва «Возера» і пасля прыходу Пуціна да ўлады атрымалі кіраўнічыя пасады ў Расіі.
Нягледзячы на тое, што ў артыкуле прыводзіцца англійскі варыянт тэрміна, далей аўтар сам прызнаецца ў тым, што ён як такі ніколі не выкарыстоўваецца на Захадзе.
«Паняцце «нацыянальная ідэя» не з’яўляецца навуковым, бо ўяўляе сабой ідэалагічны канструкт, прызначаны для перафармулявання тэрміна «дзяржаўная ідэалогія», зрабіўшы яго больш прымальным і прывабным для пэўнай часткі насельніцтва.
У англамоўнай літаратуры тэрмін national idea амаль не выкарыстоўваецца, за выключэннем выпадкаў, калі даследаванне прысвечана вывучэнню ідэалогій на постсавецкай прасторы. Шырока ўжываецца тэрмін «нацыянальная ідэнтычнасць» (national identity), аднак ён азначае асабістую ідэнтыфікацыю чалавека як члена нацыянальнай супольнасці, у той час як калектыўную ідэнтыфікацыю з нацыяй у англамоўнай літаратуры звычайна называюць «нацыянальнай свядомасцю» (national consciousness)».
Што такое нацыянальная ідэнтычнасць, добра вядома. Гэта аднясенне сябе да пэўнай нацыі, якая адчуваецца як нешта цэльнае, што мае ўнікальныя традыцыі, культуру ці мову. Нацыянальная ідэнтычнасць гаворыць, кім чалавек сябе адчувае, але не спрабуе даць адказ на пытанне, навошта нацыя існуе і да чаго ёй належыць імкнуцца, як тое прапісана ў азначэнні нацыянальнай ідэі.
Хтосьці можа запярэчыць: маўляў, але ж у некаторых заходніх краін дакладна ёсць нацыянальная ідэя. Але ў якіх? Якая нацыянальная ідэя ў Іспаніі ці Канадзе? Прыгадаць можна хіба дзве рэчы, якія можна было б прыняць за нацыянальную ідэю: нацыянальны дэвіз Францыі і «амерыканскую мару».
Liberté, Égalité, Fraternité
«Свабода, роўнасць, братэрства» — абвяшчае ў 1790 годзе Максімільян Рабесп’ер у Нацыянальнай асамблеі. У час Другой сусветнай вайны калабарацыянісцкі у адносінах да нацысцкай Германіі рэжым Вішы на некалькі гадоў, пакуль Францыя не была свабоднай, замяніў гэты дэвіз іншым — «Праца, сям'я, айчына».

У цэлым дэвізы нічога не азначаюць, гэта проста прыгожыя словы, напісаныя пад гербам. У Прусіі быў дэвіз «З намі Бог», у Рэчы Паспалітай «Калі Бог з намі, то хто супраць нас» — у абодвух выпадках Бог з дэвіза ніяк не дапамог гэтым дзяржавам ацалець на карце Еўропы.
Але статус нацыянальнага дэвіза Францыі ў чымсьці сапраўды ўнікальны — яго прынцыпы праз рэвалюцыйныя Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна трапілі і ў Канстытуцыю Францыі, і ва Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека.

І гэта падказвае, што насамрэч дэвіз «Свабода, роўнасць, братэрства» не з’яўляецца ніякай нацыянальнай ідэяй, ён нічога не кажа пра тое, хто такія французы і чаму яны існуюць. Ён выражае агульначалавечыя, універсальныя каштоўнасці, якія прымаюць і беларусы, і амерыканцы, і італьянцы.
Калі разглядаць пытанне, куды мы ідзём і чым кіруемся, то вось ён адказ — да свабоды, роўнасці і братэрства. І мы ўсе, як чалавецтва, ідзём ці жадаем ісці да гэтай мэты, жыць вольна і добра. Няма ніводнай краіны на свеце, якая б не ставіла перад сабой ці хаця б не абвяшчала такой мэты.
Нават несвабодныя краіны, як Беларусь, ці краіны з высокай няроўнасцю, не адмаўляюць гэтых рэчаў афіцыйна. Толькі ў антыўтапічных рэаліях, як у кнігах Оруэла ці ў нацысцкай Германіі, маглі не хаваючыся казаць пра іншае.
Гэта мэта настолькі арганічная, што звычайна не патрабуе ніякай артыкуляцыі. Звычайна яна мае прамое адлюстраванне ў канстытуцыі дзяржаў. Нацыя не існуе па-за дзяржаўнасцю, за апошнія дзве сотні гадоў у свеце не знікла ніводнай нацыі, з’явіліся сотні новых, хтосьці з іх мае незалежныя дзяржавы, хтосьці залежныя, хтосьці толькі аўтаноміі, але гэта таксама формы дзяржаўнасці — няма нацыі, якая б не мела нічога з пералічанага. І ўсе каштоўнасныя ўстаноўкі нацыі звычайна выражаюцца ў галоўным дакуменце іхняй нацыянальнай дзяржавы, які можа змяняцца з часам.
«Свабода, роўнасць, братэрства» — гэта ідэі галоўнага дакумента французскай нацыянальнай дзяржавы. Якая ідэя закладзена ў галоўным дакуменце беларускай дзяржавы? Ды дакладна такая ж.
Можна колькі хочаце змяняць колькасць дзяржаўных моў і колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў, але прэамбула Канстытуцыі па-ранейшаму сцвярджае правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, прававую дзяржаву, сацыяльна справядлівае грамадства, заяўляе пра жаданне забяспечыць мір і грамадзянскую згоду, дабрабыт грамадзян.

Сёння дзяржаўная ідэалогія называе беларускай нацыянальнай ідэяй лозунг «За моцную і квітнеючую Беларусь», але ён, як і французскае «Свабода, роўнасць, братэрства», не мае нічога супольнага з нацыянальнай ідэяй.
Ён кажа, што мы за ўсё добрае, але не кажа хто мы і адкуль ідзём, і дае ўяўны арыенцір, які нічым не адрознівае беларусаў ад іншых — ні паляк, ні іспанец не жадаюць бачыць сваю краіну слабой і загніваючай, як і несвабоднай і няроўнай.
Амерыканская мара
А што наконт «амерыканскай мары»? Можа скласціся адчуванне, што гэта куды больш канкрэтна выражаная рэч, бо ЗША — гэта краіна свабоды і магчымасцяў.

Насамрэч амерыканская мара, якую называюць душой амерыканскай сістэмы, такая ж эфемерная, як душа. Яна не мае цела, бо так яе ніколі і не сфармулявалі.
Амерыканскі літаратуразнавец Фрэдэрык Карпентэр у сваёй кнізе «Амерыканская літаратура і мара» яшчэ ў 1955 годзе так пісаў пра яе:
«Амерыканская мара ніколі не была дакладна акрэслена і, відавочна, ніколі не будзе акрэслена. Яна адначасова і занадта разнастайная, і занадта расплывістая».
Нічога за больш як паўстагоддзя сапраўды не змянілася ў гэтым пытанні: для кагосьці з амерыканцаў амерыканская мара гэта дэмакратычныя і ліберальныя каштоўнасці, для кагосьці — матэрыяльныя рэчы: дом, аўтамабіль, сабака і сям’я з двума-трыма дзяцьмі, для іншых — make great again.

Такім чынам, можна зрабіць важную выснову: апісаць нацыю адзіным правільным чынам немагчыма, бо яе прадстаўнікі маюць розныя, часам кардынальна супрацьлеглыя перакананні і памкненні.
Нельга даць універсальны адказ на пытанні: хто мы, адкуль прыйшлі і да чаго павінны імкнуцца. Двух беларусаў можа не аб’ядноўваць нічога, акрамя назвы — ідэнтычнасці, якую яны самі прынялі.
Нацыянальная ідэя звычайна грунтуецца на ўяўленні пра адзіны, непарушны шлях, які нацыя мусіць прайсці, абумоўлены яе гісторыяй і культурай. Але нацыя — жывы арганізм, яна развіваецца і змяняецца разам з людзьмі, якія яе складаюць. У яе няма прадпісанага наперад курсу.
У залежнасці ад абставін нацыя можа выбіраць розныя кірункі і розныя каштоўнасці. Фокус нацыі можа змяняцца, але сама нацыя працягвае існаваць.

Толькі ідэалогія патрабуе, каб нацыя перастала быць разнастайнай і людзі падпарадкаваліся ва ўсіх сферах жыцця адзіна правільным ідэалагічным устаноўкам. Дзяржаўная ідэалогія гэта той самы капыл, які спрабавалі схаваць пад «нацыянальнай ідэяй».
Беларусам не трэба шукаць нацыянальную ідэю, бо гэта ідэалагічнае ярмо, у якое хочуць запрэгчы народ, ізноў заняволіць. Пошук нацыянальнай ідэі не дае беларусам нічога. Ніхто акрамя Расіі не шукае яе, а Расіі ідэалогія патрэбная для яе крыважэрнага імперскага праекта.
Шукаць нацыянальную ідэю — значыць рухацца па каляіне, пракладзенай расійскім імперскім праектам, які не можа выжыць без дзяржаўнай ідэалогіі. Шукаць нацыянальную ідэю — значыць увесь час адчуваць сваю віну і недасканаласць праз тое, што ўсё ніяк не можам яе знайсці.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары