Беларускі гісторык Вячаслаў Насевіч расказаў, як даныя палеагенетыкі дазволілі навукоўцам лепш зразумець гісторыю рэгіёна.

Доўгі час гісторыкі былі вымушаныя блукаць у цемры, абапіраючыся на легенды пра рымскае паходжанне — напрыклад, знакаміты міф пра Палямона, альбо на хісткія лінгвістычныя тэорыі. У XIX—XX стагоддзях навукоўцы заўважылі падабенства назваў рэк і іншых гідронімаў у Літве і на вялікіх абшарах сучаснай Беларусі і Расіі.
Так нарадзілася папулярная канцэпцыя пра велізарную тэрыторыю рассялення старажытных балтаў.
Сучасная навука атрымала інструмент, які бязлітасна разбурае адны рамантычныя міфы і пацвярджае другія тэорыі, — палеагенетыку. Беларускі гісторык Вячаслаў Насевіч расказаў, як новыя даныя змушаюць зусім інакш паглядзець на гісторыю рэгіёна.
Канец эпохі «гідранімічнага імперыялізму»
Гісторыя паходжання народаў заўсёды была полем для міфатворчасці. Спачатку верылі ў легенды накшталт паходжання літоўцаў ад рымляніна Палямона, пасля шукалі каранёў у сарматаў ці гепідаў. У XX стагоддзі на змену легендам прыйшла лінгвістыка.

Адзін з самых устойлівых міфаў сцвярджае, што мапа Беларусі пакрыта «суцэльным дываном» балцкіх гідронімаў.
Вучоныя заўважылі падабенства гідронімаў (гэта значыць назваў рэк і азёр) у Літве і на велізарных абшарах Усходняй Еўропы — праз усю Беларусь, Смаленшчыну, Браншчыну, аж да Масквы і нават далей на ўсход. Акадэмікі Уладзімір Тапароў і Алег Трубачоў стварылі ўплывовую тэорыю пра тое, што гэтыя назвы пакінулі продкі сучасных балтаў, якія некалі займалі ўвесь гэты арэал.
«Гэтая ідэя трансфармавалася ў міф, які падхапілі не надта разбіраючыся. Сёння некаторыя радыкальныя дзеячы называюць стварэнне Вялікага Княства Літоўскага «літоўскай рэканкістай» — маўляў, некалі гэта ўсё было наша, у нас адабралі, а мы проста вярталі сваё. Але гэта міф», — сцвярджае Вячаслаў Насевіч.
Праблема лінгвістыкі ў тым, што назвы рэк немагчыма дакладна датаваць. Гідронім, які лічыцца балцкім, напрыклад, Менка, мог быць запазычаны прышлым насельніцтвам у больш старажытных жыхароў, мова якіх нам наогул невядомая.
Аднак Вячаслаў Насевіч асабіста прааналізаваў спіс з дзвюх тысяч рэк і ручаёў на нашай тэрыторыі і прыйшоў да высновы, якая можа засмуціць прыхільнікаў тэорыі «вялікай балцкай прарадзімы».
Аказалася, што калі ўлічваць усе водныя аб'екты, то сапраўды шчыльны масіў утвараюць зусім не загадкавыя старажытныя назвы, а празрыстыя і познія славянскія — разнастайныя Каменкі, Сасноўкі ды Альхоўкі. Менавіта яны і складаюць асноўны фон, сярод якога ўмоўна балцкія карані — гэта толькі асобныя ўкрапіны, а зусім не татальнае пакрыццё.
Да таго ж гісторык разбівае ўяўленне пра тое, што назва ракі — гэта нешта вечнае: гідронімы змяняюцца разам з мовай насельніцтва. У якасці доказу ён прыводзіць раку Проня, буйны прыток Сажа ў Магілёўскай вобласці, якая яшчэ ў дакументах XVI стагоддзя фігуравала пад чыста славянскай назвай Пропасць.
Чаму чарапы і гаршкі болей не аргумент
Калі лінгвістыка не давала дакладных адказаў, навукоўцы звярталіся да археалогіі і антрапалогіі. Але і тут існавалі дзве непрымірымыя школы. «Міграцыяністы» сцвярджалі, што змена ўзораў на гаршках азначае прыход новага народа.
«Аўтахтаністы» парыравалі: «Падарожнічаюць гаршкі, а не людзі», — маючы на ўвазе, што насельніцтва заставалася тым жа, проста мянялася мода.

Ненадзейным метадам у вызначэнні сваяцтва аказалася і вымярэнне чарапоў — краніяметрыя. Насевіч прыводзіць трапны прыклад: актрысы Наталі Портман і Кіра Найтлі падобныя як сёстры, але маюць абсалютна рознае паходжанне — яўрэйскае і кельцкае адпаведна. Вонкавае падабенства падманлівае.
Доўгі час навука проста не мела інструментаў, каб зазірнуць углыб. Рэвалюцыя адбылася, калі навукоўцы навучыліся вылучаць ДНК са старажытных костак і зубоў. Асаблівую каштоўнасць уяўляе Y-храмасома, якая перадаецца ад бацькі да сына амаль нязменнай. Гэта дазваляе прасачыць радавод цэлых папуляцый на тысячы гадоў углыб.
Выснова генетыкаў адназначная: практычна любая змена археалагічнай культуры суправаджалася прыходам новых людзей.
Аўтахронная тэорыя пра тое, што людзі сядзелі на адным месцы з каменнага веку, пацярпела крах.
Загадкі літоўскай крыві
Палеагенетыка намалявала складаную і шматслойную карціну засялення нашага рэгіёна, якая цалкам абвяргае тэорыю пра «адвечную статычнасць».

Спачатку гэтыя землі насялялі лясныя паляўнічыя неаліту, аднак у бронзавым веку сітуацыя кардынальна змянілася. З поўдня, ад берагоў Чорнага мора і басейна Дняпра, прыйшла магутная хваля мігрантаў — носьбітаў культуры шнуравой керамікі (баявых сякер) і гаплагрупы R1a. Менавіта яны прынеслі сюды індаеўрапейскія мовы і змяшаліся са старажытнымі паляўнічымі.
Самае цікавае і нават сенсацыйнае адкрыццё тычыцца паходжання тых, каго мы прывыклі лічыць продкамі балтаў: іх карані, як выявілася, сягаюць далёка на Усход.
Аказалася, што значная частка генетычнага кода сучасных балтаў прыйшла з Заўралля і Заходняй Сібіры. Носьбіты гаплагрупы N мігравалі праз Эстонію прыкладна ў VIII—VII стагоддзях да н.э.
Тут крыецца самая цікавая дэталь. У прадстаўнікоў культуры ўсходнелітоўскіх курганоў I—V стст. н.э., якія з'яўляюцца непасрэднымі продкамі літоўцаў, канцэнтрацыя гэтай «уральскай» гаплагрупы N дасягала 70%. Аднак у сучасных літоўцаў яна складае толькі каля 40%.
«Гэта як са спіртам: каб з 90 градусаў атрымаць 40‑градусную гарэлку, трэба даліць вады. Каб знізіць канцэнтрацыю гаплагрупы з 70% да 40%, старажытнае насельніцтва мусіла змяшацца з кімсьці яшчэ прыкладна напалову.
Гэта значыць, што насельніцтва Літвы часоў Рымскай імперыі — гэта яшчэ не зусім сучасныя літоўцы», — тлумачыць Насевіч.
Гэта абвяргае папулярны ў Літве тэзіс пра тое, што мясцовае насельніцтва жыло нязменным і некранутым тысячагоддзямі. Насамрэч генафонд увесь час «разбаўляўся» прышлымі людзьмі.

Калі разышліся шляхі беларусаў і літоўцаў?
Генетычныя даследаванні паказваюць, па словах Насевіча, што яшчэ паўтары тысячы гадоў таму адрозніць продкаў балтаў і славян генетычна было амаль немагчыма. Імаверна, існавала нейкая агульная папуляцыя. Розніца ўзнікла з-за розных міграцыйных вектараў.
«Раннія славяне, якія, паводле археалагічных даных, сфармаваліся на Палессі (пражская культура), былі вельмі падобныя да ранніх балтаў. Настолькі падобныя, што, магчыма, нават неадрозныя», — сцвярджае Вячаслаў Насевіч.

Раздзяленне адбылося пазней, з-за розных кірункаў міграцый. Продкі літоўцаў рушылі на поўнач, дзе змяшаліся з мясцовым насельніцтвам.
А вось продкі славян абралі іншы вектар — на поўдзень. Частка гэтага агульнага насельніцтва рушыла да Дуная, дзе трапіла ў склад Аварскага каганата.
Авары, у адрозненне ад паўночных плямёнаў, не спальвалі сваіх нябожчыкаў, а хавалі іх у зямлі. Гэта дало навукоўцам багаты матэрыял: тысячы палеагеномаў з тэрыторыі сучаснай Венгрыі.
«Там выразна бачныя самі авары з мангольскімі рысамі. Але ёсць і іншыя — тыя, хто мае супольныя рысы са старажытным насельніцтвам Усходняй Еўропы. Гэта і ёсць раннія славяне. Знаходзячыся ў Аварскім каганаце, яны актыўна змешваліся з мясцовым балканскім і дунайскім насельніцтвам», — расказвае гісторык.
Калі каганат пачаў распадацца, частка гэтых «новых славян» з-пад Дуная вярнулася назад на поўнач, на тэрыторыю сучаснай Беларусі і Украіны. Яны прынеслі з сабой не толькі новую культуру, але і новую гаплагрупу I2 (дынарскую).
Менавіта гэты «паўднёвы кампанент» сёння з'яўляецца галоўным генетычным маркерам, які адрознівае беларусаў ад літоўцаў:
- У літоўцаў высокі працэнт гаплагрупы N (~40%) і амаль адсутнічае «паўднёвая» I2 (~2%).
- У беларусаў доля «ўральскай» N значна меншая (10—15%, хоць на Віцебшчыне даходзіць да 20%), затое прысутнічае значная доля «паўднёвай» I2 (каля 20%, а на Палессі — да 40%).
Такім чынам, беларусы — гэта генетычны мікс, у якім спалучыліся мясцовыя балта-славянскія карані з магутным прылівам крыві з поўдня Еўропы.
«Аславяненыя балты» ці самастойны этнас?
Даныя генетыкі ставяць пад сумнеў папулярную ў некаторых колах тэорыю пра тое, што беларусы — гэта проста балты, якія перайшлі на славянскую мову.
«Славянізацыя — гэта не проста змена мовы. Гэта быў фізічны прыход людзей, якія вярнуліся з поўдня ўжо ў змяшаным выглядзе. Менавіта гэты прыток новага насельніцтва сфарміраваў той генафонд, які мы маем сёння і які адрознівае нас ад суседзяў», — падкрэслівае Насевіч.
Канчаткова сучасны генафонд беларусаў і літоўцаў склаўся прыкладна ў XVI—XVII стагоддзях, калі насельніцтва перамешвалася ўнутры межаў Вялікага Княства Літоўскага.
Цікавы момант тычыцца гістарычнай Літвы — Віленшчыны. Менавіта там, паводле генетычных даных, жыло насельніцтва з максімальнай канцэнтрацыяй той самай «уральскай» гаплагрупы N. Аднак з цягам часу, як адзначае Насевіч, гэтае насельніцтва змяшалася з жыхарамі суседняй Меншчыны і перайшло на мову, якую мы цяпер называем беларускай. Гэта тлумачыць, чаму сярод беларусаў поўначы і захаду краіны працэнт «літоўскай» гаплагрупы вышэйшы, чым на Палессі.

Мова і кроў — сувязі няма
Вячаслаў Насевіч засцерагае ад таго, каб ставіць знак роўнасці паміж генамі і нацыянальнай ідэнтычнасцю. Гісторыя паказвае, што некаторыя народы лягчэй мяняюць мовы.
Калі 40% продкаў сучасных літоўцаў былі прышлымі носьбітамі іншых гаплагруп, гэта значыць, што ў нейкі момант яны адракліся сваёй ранейшай мовы і перайшлі на літоўскую.
Галоўная выснова, якую робіць гісторык: чыстых народаў не існуе. Усе мы — вынік шматвекавога змяшання. Ідэнтычнасць — гэта не набор храмасом, а пытанне асабістага выбару.
«Нас аб'ядноўвае не тое, што ў нас нейкія супольныя продкі, а ў іншых – іншыя. У нас ва ўсіх адны і тыя ж гаплагрупы, проста ў розных прапорцыях. Нашы продкі не раз мянялі мову і самасвядомасць. Гэта значыць, што наш выбар не наканаваны крывёю. Не гены вызначаюць, хто мы ёсць, а мы самі», — рэзюмуе Вячаслаў Насевіч.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬНашчадкі готаў і фіна-вуграў нават больш, чым меркавалася. Што насамрэч у генах беларусаў і літоўцаў?
У генафондзе паўднёва-ўсходніх беларусаў выявілі заходнеазіяцкі кампанент
Беларускі гісторык патлумачыў, як новыя даныя пра радзіму ўсіх славян знішчаюць адны гіпотэзы археолагаў і пацвярджаюць іншыя
Генетыкі даказалі, што радзіма ўсіх славян — Беларусь
Каментары