Пытанне «адкуль пайшлі славяне?» стагоддзямі заставалася адной з найвялікшых загадак еўрапейскай гісторыі. Маштабнае міжнароднае даследаванне ДНК старажытных людзей упершыню з высокай дакладнасцю паказвае на геаграфічную калыску славянства — рэгіён, які сёння ахоплівае поўдзень Беларусі і поўнач Украіны.

Галоўнай праблемай у вывучэнні ранніх славян заўсёды была адсутнасць пісьмовых крыніц і шырокае распаўсюджанне абраду крэмацыі, які не пакідаў антраполагам шанцаў на вывучэнне касцей.
Міжнародная даследчая група навукоўцаў з Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Чэхіі і Харватыі пад кіраўніцтвам кансорцыўма HistoGenes абышла гэтыя перашкоды, звярнуўшыся да найноўшых тэхналогій аналізу старажытнай ДНК. Вынікі даследавання апублікаваны ў часопісе Nature — адным з самых аўтарытэтных навуковых часопісаў у свеце.
Даследчыкі сабралі і прааналізавалі генетычныя дадзеныя 555 старажытных людзей з тэрыторый сучаснай Германіі, Польшчы, Харватыі, Расіі і іншых краін.
Ключавы метад заключаўся ў параўнанні геномаў людзей, якія жылі на гэтых землях да так званай «славянскай эпохі» (да VI стагоддзя н.э.), з геномамі тых, хто жыў ужо ў часы распаўсюду славянскай культуры. Гэта дазволіла ўбачыць, ці адбылася генетычная змена насельніцтва.
Аналіз паказаў, што прыкладна ў VI—VIII стагоддзях адбылася кардынальная змена генафонду Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
Даследчыкі выявілі, што ў людзей славянскага перыяду (пасля 600 года н.э.) з'явіўся новы генетычны кампанент, якога раней у Цэнтральнай Еўропе і на Балканах амаль не было. Гэты кампанент вельмі падобны да ДНК сучасных беларусаў, літоўцаў і латышоў.
Гэтая «паўночна-ўсходняя» генетычная спадчына стала дамінуючай. Напрыклад, на паўночна-заходніх Балканы (Харватыя) замена склала прыкладна 82%, ва Усходняй Германіі прыкладна 83%, у Польшчы і паўночна-заходняй Украіне — каля 93%, у даліне Волгі і Акі (Расія) замена была меншай, але ўсё роўна значнай — каля 65%.
Цікава, што да прыходу славян ва Усходняй Германіі побач жылі людзі, чые продкі паходзілі як з поўначы Еўропы (падобныя да старажытных германцаў), так і з поўдня (з тэрыторый Рымскай імперыі, як сучасная Італія). Гэта сведчыць пра актыўныя кантакты і перамяшчэнні нават за межамі імперыі.
Аднак пасля VI стагоддзя гэтая генетычная разнастайнасць знікла. На яе месца прыйшоў новы, даволі аднастайны генетычны профіль, вельмі падобны да ДНК сучасных палякаў, беларусаў і іншых усходніх славян.

Перасяляліся цэлымі сем'ямі
Важны момант: перасяляліся не толькі мужчыны-воіны, але і жанчыны. Аналіз паказаў, што генетычны ўклад мужчын і жанчын быў прыкладна роўным. Гэта значыць, што мігравалі цэлымі сем'ямі і супольнасцямі.
Даследаванне таксама раскрыла сацыяльную структуру ранніх славян. Яны жылі вялікімі сем'ямі, дзе галоўную ролю адыгрывала лінія бацькі. Мужчыны, як правіла, заставаліся жыць там, дзе нарадзіліся, а жанчыны пераходзілі ў сем'і сваіх мужоў. Пра гэта сведчыць тое, што на могільніках мужчыны часцей пахаваныя побач са сваімі крэўнымі сваякамі, чым жанчыны.
Спадчына міграцыі ў сучасных народах
Даследаванне таксама паказвае, як гэтая старажытная спадчына захавалася да нашых дзён. Усходнееўрапейская спадчына з'яўляецца дамінуючым генетычным кампанентам ва ўсіх сучасных славянамоўных народаў. Найбольшая канцэнтрацыя гэтай спадчыны сёння назіраецца ва Украіне, Беларусі і Польшчы, адкуль яе доля паступова змяншаецца на поўдзень і ўсход.
Асабліва цікавая карціна назіраецца ва Усходняй Германіі, дзе побач жывуць два народы. Нямецкамоўнае насельніцтва Саксоніі мае каля 40% «славянскай спадчыны». Славянамоўныя лужыцкія сербы маюць каля 88% «славянскай спадчыны», што параўнальна з сучаснымі палякамі.
Дзе ж знаходзіцца прарадзіма славян?
Генетычна продкі славян найбольш блізкія да папуляцый балтыйскага рэгіёна эпохі бронзавага веку. Аднак, у адрозненне ад «чыстых» балтаў, у славян значна больш спадчыны ад ранніх еўрапейскіх земляробаў (EEF).
Гэта азначае, што славянскі генафонд — гэта вынік старажытнага змешвання: прыкладна 70% спадчыны, звязанай з балтамі бронзавага веку, прыкладна 30% спадчыны, узбагачанай генамі EEF. Гэта гістарычнае змешванне адбылося прыкладна каля 1000 года да н.э., што супадае ў часе з перыядам распаду балта-славянскай моўнай еднасці.
Камп'ютарная мадэль MOBEST вызначыла найбольш імавернае месца, дзе адбылося гэтае змешванне і дзе жыла ўжо сфармаваная протаславянская папуляцыя на пачатак нашай эры. Гэта рэгіён, які ахоплівае поўдзень Беларусі і поўнач Украіны.
Адкуль продкі славян з Усходняй Германіі
Акрамя гэтага даследчыкі вызначылі, дзе магла знаходзіцца «прарадзіма» 20 асоб з раннесярэднявечнага пахавання Нідэрвюнш (Усходняя Германія, VII—IX ст. н.э.), які называюць ключавым помнікам «славянскага перыяду» ва Усходняй Германіі. Пры дапамозе MOBEST яны паспрабавалі «адматаць час» прыкладна да 50 года н.э.
У даследаванні змешчана карта, якую мы для лепшай візуалізацыі сумясцілі з фізічнай картай, на якую нанесены межы сучасных дзяржаў.


Вынік паказаў дзве асноўныя зоны высокай імавернасці (пазначаныя на карце лічбай 2):
Паўночная зона: ахоплівае рэгіён Пскоўскай і Наўгародскай абласцей Расіі. Гэта крыніца асноўнага, «балтыйскага» генетычнага кампанента продкаў славян з Нідэрвюнша.
Паўднёвая зона: значна большая, ахоплівае істотную частку Беларусі, усход Літвы, поўнач Чарнігаўшчыны (Украіна), а таксама Браншчыну і Смаленшчыну (Расія).
Пры гэтым з найбольшай імавернасцю (контур «5») мадэль вызначыла «эпіцэнтр» гэтай прарадзімы (усход Магілёўшчыны і Браншчына).
Аналіз паказаў, што ўнікальны генетычны профіль людзей славянскага перыяду (SP) з Нідэрвюнша сфармаваўся задоўга да іх жыцця. Змешванне іх продкаў адбылося прыкладна 972 г. да н.э.± 250.
На карце таксама пазначаны кірункі міграцыі старажытных славян на тэрыторыі сучаснай Германіі, Польшчы, Чэхіі, Венгрыі і Балкан, Расіі.
На пытанне, што стала штуршком той хвалі міграцыі з Беларусі і Украіны, пэўнага адказу навукоўцы пакуль не маюць.
Каментары