Гурневіч адказаў Чаховічу: Я не пачуў ад Севярынца заклікаў ненавідзець
Журналіст Дзмітрый Гурневіч на сваёй старонцы ў фэйсбуку адказаў архітэктару Уладзіславу Чаховічу, які перад тым закінуў былому палітвязню Паўлу Севярынцу тое, што падчас інтэрв'ю ў «Току» той нібыта праяўляў дэмагогію, адарванасць ад рэальнасці і ідэалізацыю мінулага.

Прачытаў пост Уладзіслава Чаховіча з разгромам інтэрвію Паўла Севярынца Насце Роўдзе. Чытаў, з нечым пагаджаўся, з нечым — катэгарычна не. А ў канцы нечакана ўбачыў, што аўтар дыскутуе ў тым ліку і са мной, бо, у адрозненне ад мяне, ён не пабачыў там глыбіні Севярынца, а выключна «дэмагогію, флуд, адарванасць ад рэальнасці, разгубленасць у поглядах, адсутнасць дэмакратычнага стрыжню і сарамлівае прыхоўванне ўласных траўмаў за міфічнай «хрысціянскай большасцю».
Найперш пра тое, у чым я згодны з Уладзіславам. Няма ў Беларусі «хрысціянскай большасці».
Класічная хадэцкая партыя магла б разлічваць не больш чым на 15% месцаў у парламенце (і гэта вельмі аптымістычны сцэнар). Беларуская палітычная традыцыя пераважна левая.
Беларусы — нацыя атэістаў.
Многія з тых, хто ходзяць у цэрквы — вераць, што паставіўшы свечку, яны купяць долю квітка ў вечнае валадарства. Але гэта ніякая не вера ў Бога. Гэта адданасць культу. Такія людзі часам пхаюцца за «святой вадой», якую разлівае святар, бо лічаць, што яна вылечыць іх балячкі. Але яны не жадаюць трымацца простага правіла «Бог — гэта любоў». Ёзаф Ратцынгер яшчэ ў 1950‑я пісаў, што ўся Еўропа прыйдзе да такой «рэлігійнайсці».
І, нарэшце, група, якую можна назваць хрысціянамі — вельмі маленькая. Але лепш малая і сапраўдная, чым пустая, але вялікая. Павел — прадстаўнік гэтай малой групы.
У маім ідэальным свеце хрысціянін — гэта той, хто дбае пра сваё духоўнае развіццё і не зацыкліваецца на іншых, на тым, што ён лічыць у іх недасканалым. Ён не ваюе з «грэшнікамі», а дбае пра сябе, пра збаўленне сваёй душы. Ён можа прапанаваць іншым свае каштоўнасці, але не прымушае іншых іх трымацца, не загадвае, ён — не ваяўнічы. Прынамсі, у гэтым інтэрвію я такое ад Паўла спачатку адчуў, а пасля і пачуў.
Уладзіслаў шмат піша пра гамафобію Паўла. Наша бурбалка ў ФБ памятае, як Павел пагражаў геям пеклам, дазваляў сабе вельмі агрэсіўныя выказванні.
У «ТОКу» я пачуў іншага Севярынца, які можа не згаджацца з чымсці, лічыць для сябе непрымальным, але адначасова не пашырае нянавісць да людзей, з якімі ён нязгодны. Ён падбіраў словы, каб не пакрыўдзіць.
На гэтым і палягае плюралізм, і дэмакратыя. Заходняя хадэцыя таксама калісьці нецярпіма ставілася да ЛГБТ, але гэта змянілася некалькі дзясяткаў год таму. Гамафобія нават для вялікай часткі кансерватараў — гэта архаізм, тое, чаго яны саромеюцца. І гэта непазбежны шлях і беларускай хрысціянскай дэмакратыі.
Севярынец не мусіць падтрымліваць рух ЛГБТ, наведваць гей-парады, але ён і не павінен абражаць людзей за тое, каго яны кахаюць. Менавіта таму і папа Францішак, і папа Леў XIV не дазвалялі сабе гамафобскіх выказванняў. Хрысціянства — пра павагу і любоў, а не пра пракляцці. І дэмакратыя, на маю думку, павінна працаваць гэтаксама. І хрысціянская, і нехрысціянская.
Я не бачу ніякай супярэчнасці, каб ранкам па праспекце Незалежнасці ішоў гей-парад, а пасля абеду працэсія вернікаў. Гэтыя людзі не мусяць кідацца адзін да другога ў абдымкі, але яны не павінны адзін другога абражаць і заклікаць ненавідзець.
Як пісаў Талстой, кожны няхай мяце перад сваімі дзвярыма. «Калі кожны будзе рабіць так, уся вуліца будзе чыстая».
І так, Павел Севярынец фантастычная Асоба. Я не пачуў ад яго заклікаў ненавідзець. А каго ўжо ён любіць — гэта выключна яго справа. І яму не павінна быць справы да таго, хто і як любіць або кахае іншых.
«Ток» з Севярынцам: пра знаёмства з Ціханоўскім, прыход Калеснікавай, стаўленне да Бабарыкі і прэтэнзіі Зянона Пазняка
«Кучаравенькая, з флейтай»: Севярынец расказаў, пра ўдзел Марыі Калеснікавай у Маладым фронце
«Гэты хлопец, відаць, падасланы — у яго боты начышчаныя»: Севярынец расказаў гісторыю з’яўлення Дашкевіча ў «Маладым фронце»
Севярынец пра сваю гісторыю кахання: Гэта нетыпова для сённяшняга свету
«Паша, я табе не веру». Севярынец расказаў, як выпадковая дзяўчына матывавала яго назаўсёды перайсці на беларускую мову
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Увогуле здзіўляе, як мы гатовыя кінуцца на дэпартаваных з турмы і грызці іх, грызці, грызці...
Незразумела нават, хто тут быў на волі, а хто быў ў турме. Злосці поўныя косці. Са сваімі смелыя.