Чарговая спроба ўладаў замяніць Tut.by? У Беларусі з’явіўся новы інфармацыйны партал
Называецца новы партал Times.by, адказвае за яго галоўная рэдактарка БелТА. Што вядома пра сайт, піша БАЖ.

«Мультымедыйны інтэрнэт-рэсурс, які піша пра самае важнае і цікавае ў Беларусі і свеце», — так пазіцыянуе сябе Times.by.
Чытачу прапануюць рубрыкі «Палітыка», «Эканоміка», «Тэхналогіі», «Грамадства», «Стыль жыцця» і «Спецпраекты». Што да палітыкі, то тут у асноўным навіны з афіцыйнай дзяржаўнай хронікі.
Партал не мае беларускай версіі. Рэсурс не выглядае агрэсіўна прапагандысцкім, хаця прытрымліваецца агульных наратываў дзяржаўных СМІ. Вострых сацыяльна-грамадскіх сюжэтаў не назіраецца.
Калектыў з шасці журналістаў піша пра надвор’е, зорак спорту і музыкі, ДТЗ, астрапрагнозы, тэхніку, спосабы правесці доўгія святы і г. д.
Адна з журналістак — былая намесніца рэдактара «Мінск-Навін» Вікторыя Аль Алі.

Само выданне з’явілася ў верасні 2025 года. ЗАТ «Таймс Медыя Груп» — заснавальнік партала — зарэгістраваны 8 ліпеня 2025 года.
Галоўнай рэдактаркай новага рэсурсу пазначана Алена Круталевіч. Яна ж з'яўляецца галоўнай рэдактаркай дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА.
Дырэктар ЗАТ «Таймс Медыа Груп» — Аляксандр Марцінкевіч, былы намеснік дырэктара Парка высокіх тэхналогій. Кіраўніцтва ПВТ цалкам змянілася ў траўні 2025 года.
«Ходзіць інфармацыя, што БелТА ўдзельнічае ў рэалізацыі гэтага медыяпраекта», — распавяла службе інфармацыі БАЖ асоба, знаёмая з сітуацыяй.
Паводле звесткак БАЖ, да новага праекта мае дачыненне і Tochka.by.
Tochka.by зарэгістраваны ў верасні 2022 года. Гэта быў першы ад 2020‑га афіцыйна зарэгістраваны ў краіне інфармацыйны рэсурс.
Усе правы на медыя належаць ЗАТ «Кропка дыджытал груп». Дырэктар — Ігар Рубан. Ён скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча СПА, у 2014 годзе Акадэмію кіравання. Працаваў у БелТА, быў прэс-сакратаром у Беларускай асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў, займаў пасаду намесніка дырэктара па камерцыйных пытаннях у прадуктовай IT-кампаніі «Белтрансспадарожнік», рэдагаваў «Веснік Белнафтахіма».
Галоўным рэдактарам выдання стаў былы прэс-сакратар агенцтва Sputnik Беларусь Павел Тухто. Раней ён кіраваў прадстаўніцтвам нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі ў Маскве.
Каментары