У Маскве прайшлі самыя масавыя за апошнія гады затрыманні моладзі і падлеткаў
У суботу ўвечары ў цэнтры Масквы, у Кітай-горадзе, адбыўся рэйд сілавікоў. Паводле ацэнак блізкіх да сілавікоў тэлеграм-каналаў, у аддзелы паліцыі даставілі ад 150 да 300 чалавек, піша «Агенцтва».

МУС Расіі патлумачыла рэйд «прафілактычнымі мерапрыемствамі», якія нібыта ў тым ліку звязаныя з распіццём алкаголю ў грамадскіх месцах.
Сілавікі затрымлівалі тых, хто быў нефармальна апрануты, распавялі адпушчаныя з аддзела паліцыі маладыя людзі. Затрыманыя таксама распавядалі пра збіццё.
У аддзелах затрыманым раздавалі позвы ў ваенкамат. Паводле слоў аднаго з падлеткаў, усім старэйшым за 18 гадоў прапаноўвалі падпісаць кантракты.
На 17 затрыманых склалі пратаколы за распіццё спіртнога, на некаторых — за непадпарадкаванне паліцыі, паведаміла Baza.

Частку затрыманых пратрымалі ў аддзеле паліцыі больш за тры гадзіны, не пускаючы да іх бацькоў.
Пра рэйды АМАПа ў новае месца тусовак маскоўскіх нефармалаў у Кітай-горадзе паведамлялася яшчэ летам.
Прычына супрацьстаяння — нефармалізаваная спрэчка пра тое, як могуць выкарыстоўвацца грамадскія прасторы ў Маскве. Падлеткі збіраюцца на пляцоўках, створаных уладамі, але гэта выклікае незадаволенасць мясцовых жыхароў.
Яшчэ адна плоскасць канфлікту — стаўленне да нефармальнай моладзі з боку ўсё больш рэпрэсіўнай расійскай дзяржавы.
Апошні такія масавыя затрыманні моладзі ў Маскве праходзілі 23 і 24 лютага 2023 года. Тады ў аддзелы паліцыі даставілі больш за 350 чалавек, звязаных з субкультурай «ПВК Родан».
Каментары