Гісторыя3535

Смерць удовам. Археолаг расказаў пра знаходку, якая сведчыць пра жудасны звычай першых славян на Беларусі

Старажытныя славяне верылі, што жанчына самастойна не можа трапіць на нябёсы, што прывяло да з'яўлення звычаю рытуальных забойстваў. 

Этнафестываль «У госці да радзімічаў», які праходзіць у Радамлі на Магілёўшчыне. Фота: Чавускі райвыканкам

На навуковай канферэнцыі, на якой у маі 2025 года беларускія археолагі падвялі вынікі раскопак за мінулы год, загадчык Цэнтра археалогіі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Аляксей Аўласовіч расказаў пра цікавыя знаходкі. Некаторыя з іх прыводзяць да непрыемных высноў, заўважыў тэлеграм-канал «De facto. Беларуская навука».

Сярод іншага навуковец расказаў, што ў час даследаванняў курганных могільнікаў на Магілёўшчыне было раскапана некалькі насыпаў, у якіх археолагі выявілі цікавыя дахрысціянскія матэрыялы першых славян.

Гэтыя славяне засялілі тэрыторыю Магілёўшчыны ў другой палове X стагоддзя і пазней трансфармаваліся ў племя радзімічаў.

У адным кургане знойдзены кальцынаваныя косці адразу дваіх чалавек, як мяркуецца, мужчыны і жанчыны. Аўласовіч робіць здагадку, што гэта, магчыма, было пахаванне мужа з жонкай.

«Не выключана, што яе муж памёр першы, а яе забілі і спалілі разам з ім. У тыя часы гэта было ўзаконеным, таму што язычнікі верылі, што пасля смерці жанчына можа трапіць на нябёсы толькі з мужчынам», — тлумачыць археолаг.

Смерць удовам

Звычай славян, калі ўдовы прыносіліся ў ахвяру падчас пахавання сваіх мужоў, вядомы з апісанняў іншаземных аўтараў. Праўда, у іх найчасцей самі ўдовы здзяйснялі рытуальныя самазабойствы, бо такі ўчынак лічыўся адзіным правільным для набожнай жонкі.

Візантыйскі трактат «Стратэгікон Маўрыкія», напісаны на мяжы VI і VII стагоддзяў, змяшчае згадкі пра побыт і звычаі двух роднасных плямёнаў — склавінаў і антаў. Паводле меркавання большасці даследчыкаў, гэтыя плямёны былі продкамі паўднёвых славян, якія ўжо тады жылі ўздоўж Дуная.

«Жонкі іхнія цнатлівыя звыш усякай чалавечай прыроды: так што многія з іх смерць мужоў сваіх лічаць уласнай смерцю і добраахвотна душаць сябе, бо не лічаць жыццём удаўство», — піша аўтар візантыйскага трактата.

Рытуальнае самазабойства славянскіх удоў апісвае і навуковец-энцыклапедыст Ібн Руста, які жыў у другой палове IX — пачатку X стагоддзя:

«І калі ў нябожчыка былі тры жонкі, і адна з іх сцвярджае, што асабліва кахала яго, яна прыносіць да яго цела два слупы, якія забіваюць стаяком у зямлю, пасля кладуць трэці слуп упоперак, прывязваюць пасярэдзіне гэтай перакладзіны вяроўку. Яна становіцца на лаўку і канец вяроўкі завязвае вакол сваёй шыі. Пасля таго, як яна так зробіць — лаўку прымаюць з-пад яе, і яна застаецца павешанай, пакуль не задушыцца і не памрэ, пасля чаго яе цела кідаюць у агонь, дзе яна і згарае».

Падобныя апісанні ёсць і ў творах іншых падарожнікаў. Розніца — толькі ў дэталях: адных жанчын закопвалі жыўцом у зямлю, іншых спальвалі на пахавальных вогнішчах. Спосаб забойства залежаў ад традыцый канкрэтнага славянскага племя і ад сацыяльнага статусу памерлага. Так, разам з багатымі славянамі часта хавалі не толькі жонак, але і слуг.

Напрыклад, каля Чарнігава археолагі знайшлі старажытнае пахаванне, якое атрымала назву «Чорная магіла» — курган X стагоддзя, у якім два знатныя ваяры знайшлі вечны спачын разам з жанчынамі, рабамі, каштоўнымі рэчамі і зброяй.

У апошні час гэтая назва на слыху ў беларусаў — знойдзеныя там шлемы далі назву цэлай групе аналагічных шлемаў тыпу «Чорная магіла», выяўленых ва Усходняй Еўропе. Найлепш захаваны сярод іх — шлем, знойдзены ў Бярэзіне пад Бабруйскам у 2019 годзе.

Яшчэ адзін арабскі географ — Аль-Масудзі — у першай палове X стагоддзя напісаў навуковую працу «Залатыя капальні», у якой спрабаваў зразумець прычыны рытуальных самазабойстваў, што здзяйснялі славянкі падчас пахавання сваіх мужоў. 

«Калі памірае мужчына, то спальваецца з ім жонка ягоная жывой; калі ж памірае жанчына, то муж не спальваецца. А калі памірае халасты, то яго жэняць пасля смерці. Жанчыны іхнія хочуць свайго спалення для таго, каб увайсці з імі ў рай…» — адзначаў Аль-Масудзі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары35

  • Типок Вагнерок
    26.07.2025
    Традиции предков надо чтить.
  • 1863
    26.07.2025
    Як там новаязычнiкi пажываеце ? 🙂
  • Віталь
    26.07.2025
    І хто там шкадаваў пра "родную веру" насуперак Хрысціянству?

Цяпер чытаюць

Рыбакоў: Беларусь і ЗША рыхтуюць новыя крокі10

Рыбакоў: Беларусь і ЗША рыхтуюць новыя крокі

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп назваў Мядзведзева «былым прэзідэнтам-няўдачнікам» і параіў сачыць за словамі7

У Беларусі смяротнасць амаль удвая перавысіла нараджальнасць5

«Трэба раздзяліць адукацыю і беларусізацыю». Нечаканая прапанова гісторыка Цімоха Акудовіча29

Мінчук купіў на аўкцыёне кватэру з пенсіянеркай, якая два гады наадрэз адмаўляецца высяляцца11

Кветкі, мурал і тысячы прыхільнікаў. Як прайшло развітанне з Озі Осбарнам у яго родным Бірмінгеме

Бармена з Гродна пасадзілі за «распальванне варожасці». Справа ў каментарах у тэлеграме — хоць ён іх і выдаліў8

Мінчук папрасіў барысту абмяняць 250 рублёў — і пайшоў з прыбыткам. Фокус трапіў на відэа2

Беларускім іпэшнікам упершыню за апошнія гады думаюць палегчыць умовы працы. Што плануюць змяніць3

Лідар расійскага гурта «Рукі вверх!» адкрывае ў Магілёве бар, дзе ўсё будзе прадавацца за жукойны1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Рыбакоў: Беларусь і ЗША рыхтуюць новыя крокі10

Рыбакоў: Беларусь і ЗША рыхтуюць новыя крокі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць