Гісторыя4848

Нашчадкі готаў і фіна-вуграў нават больш, чым меркавалася. Што насамрэч у генах беларусаў і літоўцаў?

Беларускі гісторык Вячаслаў Насевіч даследуе, ці можна праз гены вызначыць адметнасць беларусаў, чым яны адрозніваюцца ад суседніх балцкіх народаў і які след продкі балтаў пакінулі ў фарміраванні беларускай нацыі.

Кацярына Ваданосава ў рэканструяваным строі XII стагоддзя. Фота: інстаграм Ваданосавай

Артыкул Вячаслава Насевіча «Этнічнасць нашых продкаў» аказаўся грунтоўны, але складаным для ўспрымання шараговага чытача, таму, пераказваючы яго, мы вымушаны максімальна спрашчаць напісанае. Аднак пазбегнуць навуковай тэрміналогіі ў справе генетыкі ўсё ж ніяк не атрымаецца, гэтак жа як і складаных абрэвіятур генетычных ліній — у іх проста няма ніякіх іншых уласных назваў. 

Як вызначаецца этнічнасць?

З даўніх часоў людзі лічылі, што народ — гэта супольнасць нашчадкаў аднаго продка або групы продкаў. Гэты погляд называюць прымардыялізмам: ён сцвярджае, што этнічнасць перадаецца праз кроўную сувязь і застаецца нязменнай.

Аднак існуе іншы погляд — канструктывізм. Паводле яго, этнасы ўзнікаюць і змяняюцца пад уплывам культурных, сацыяльных і палітычных фактараў. Нацыя можа фарміравацца праз адукацыю, дзяржаўную палітыку і нацыянальнае адраджэнне. Таму чалавек можа стаць часткай этнасу, нават калі яго продкі мелі іншую ідэнтычнасць. Гэты працэс адбываўся заўсёды — праз асіміляцыю, шлюбы і палітычныя змены.

Філагенетычнае дрэва, пабудаванае па метадзе UPGMA, адлюстроўвае эвалюцыйныя сувязі паміж папуляцыямі, дзе адлегласці паміж вузламі адпавядаюць часу іх разыходжання. Апошнімі генетычна разышліся беларусы і палякі (украінцы адсутнічалі ў даследаванні). Фота: Genes

ДНК-аналіз дапамагае вывучыць паходжанне беларусаў. Асабліва карысныя для гэтага гаплагрупы Y-храмасомы, якія перадаюцца ад бацькі да сына і змяняюцца вельмі павольна.

Усе людзі паходзяць ад «Y-храмасомнага Адама», які жыў у Афрыцы 200—300 тысяч гадоў таму. Яго нашчадкі рассяліліся па ўсім свеце, утварыўшы разгалінаванае «дрэва» гаплагруп-галін.

Аднак ніводзін народ не складаецца толькі з адной лініі — нават у замкнёных супольнасцях заўсёды прысутнічае генетычная разнастайнасць.

Як фармуюцца этнасы: прыклады казахаў і фінаў

Казахскія роды традыцыйна лічацца нашчадкамі аднаго продка, але генетычныя даследаванні паказваюць значную разнастайнасць. Найбольш распаўсюджаная гаплагрупа C2-M217 (сустракаецца ў 51,9% казахаў), але ў розных родах яе частата можа вагацца ад 11% да 100%.

Але таксама сустракаюцца N-M231, O2-M122, Q і J1-M267, прычым у некаторых супольнасцях іх доля дасягае 40—60%.

Гэта сведчыць, што родавыя групы не былі генетычна аднароднымі — у іх уключаліся людзі з іншых паходжанняў праз усынаўленне, шлюбныя саюзы або сацыяльныя механізмы.

Большасць жа фінаў паходзіць ад старажытных насельнікаў Сібіры. Каля 60% фінскіх мужчын маюць гаплагрупу N-TAT, якая ўзнікла 16—12 тысяч гадоў таму. Пры гэтым больш за 45% з’яўляюцца нашчадкамі аднаго продка, які жыў каля 3500 гадоў назад і быў родапачынальнікам даччынай гаплагрупы N-Z1925. Гэтая галіна, хутчэй за ўсё, прыйшла з Заўралля разам з прафінскай мовай.

Каля 2800 гадоў таму носьбіты гэтай гаплагрупы перасяліліся ў Фінляндыю, дзе сфарміравалі мясцовы этнас, а іх мова стала асновай сучаснай фінскай.

Яшчэ 15% фінаў належаць да іншых галін N, якія трапілі ў Фінляндыю ў розныя часы з розных рэгіёнаў Сібіры. Астатнія 40% генетычнай спадчыны фінаў звязаны з яшчэ больш старажытнымі міграцыямі.

Сярод іх каля 10% мужчын маюць гаплагрупы R1a і R1b. У Еўропе гэтыя гаплагрупы распаўсюдзіліся ў перыяд міграцый культур шнуравой керамікі (2900—2500 гг. да н.э.), што суправаджалася пашырэннем індаеўрапейскіх моў.

Аднак у Фінляндыі гэтыя індаеўрапейскія мовы не захаваліся: нашчадкі ранніх мігрантаў з часам перайшлі на мову пазнейшых хваляў перасяленцаў.

Фіны — яскравы прыклад таго, наколькі складаным з'яўляецца генетычны склад народаў. Ён адлюстроўвае ў сабе гісторыю шматузроўневых міграцый і адаптацыі да новых культурных уплываў. 

Прафінскія карані ў Рурыкавічаў і літоўцаў

Яшчэ адну цікавую гісторыю можна прасачыць праз гаплагрупу N-Z4908. Яе заснавальнік жыў прыкладна 3500 гадоў таму — прыкладна ў той самы час, што і продак фінаў. Магчыма, яны належалі да адной папуляцыі. Але, у адрозненне ад продкаў фінаў, нашчадкі N-Z4908 не пайшлі ў Скандынавію, а засталіся пераважна на поўначы сучаснай Расіі.

Каля 800 г. да н.э. гэтая гаплагрупа падзялілася на некалькі даччыных ліній. Адна з іх — N-Y4341 — перасялілася ў Скандынавію і дала пачатак варажскай дынастыі Рурыкавічаў (N-Y10931).

Іншая, N-L1025, распаўсюдзілася прыкладна ў VIII—VII стагоддзях да н.э. і была звязана з культурамі штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінскай культурай і паўночных помнікаў волахаўскага тыпу. Яе носьбіты праніклі далей на поўнач, у Карэлію і Фінляндыю. Усе даччыныя галіны засталіся пераважна ў межах сучаснай Балтыі і паўночна-заходняй часткі Усходняй Еўропы.

Найбольшая канцэнтрацыя гэтай гаплагрупы назіраецца ў літоўцаў, дзе яна дасягае 40%, а ў асобных рэгіёнах — да 48-49%. Прыкладна такі ж узровень адзначаецца ў латышоў. У эстонцаў яна крыху ніжэйшая і складае да 33%.

Сярод беларусаў яе доля вагаецца ад 8 да 10%, ва ўкраінцаў — каля 6-7%, у палякаў — каля 4%, а ў чэхаў і славакаў — 1-3%. У немцаў яна сустракаецца з частатой 1-2%, а ў фінаў — каля 3-4%.

Фіна-вугорскае паходжанне штрыхаванай керамікі

Культуры тэксцільнай і штрыхаванай керамікі, а таксама днепра-дзвінская культура амаль не пакінулі пахаванняў, што ўскладняе іх вывучэнне праз палеа-ДНК. Такое знікненне пахавальных помнікаў характэрнае і для народаў Прыўралля і Заходняй Сібіры, адкуль паходзіць гаплагрупа N-TAT. Народам гэтага рэгіёна былі ўласцівыя чатыры асноўныя тыпы пахавання: паветранае (на дрэвах ці памосце), наземнае, інгумацыя і крэмацыя.

Карта балтыйскіх і славянскіх археалагічных культур III-IV стст. Культура штрыхаванай керамікі ахоплівала большую частку сучасных Беларусі і Літвы. Фота: Wikimedia Commons

Сярод народаў Сібіры інгумацыя (пахаванне ў зямлі) часта не была асноўнай практыкай, а многія этнасы ўвогуле яе не выкарыстоўвалі. Паветраныя пахаванні (на дрэвах) сустракаліся ў эвенкаў, селькупаў і іншых народаў, а наземныя (на платформах або лабазах) — у ханты, мансі і цюркскіх народаў Алтая.

Фінскамоўныя народы Паволжа захавалі падобныя звычаі да гістарычных часоў. Напрыклад, у мардвы-мокшы існавала паданне пра святыя ліпы, на якіх у кошыках падвешвалі старых, калі прыходзіў іх час паміраць. Яшчэ ў XIX—XX стагоддзях у некаторых вёсках нябожчыкаў спачатку падвешвалі на дрэвах, а толькі потым хавалі ў зямлі.

Адсутнасць могільнікаў сведчыць пра фіна-вугорскае паходжанне культуры штрыхаванай керамікі і яе прынцыповае адрозненне ад індаеўрапейскіх культур шнуравой керамікі, дзе былі характэрныя пахаванні з выразнай рэгламентацыяй позы нябожчыка або крэмацыя з размяшчэннем попелу ў пахавальных урнах.

Прафінскія карані, але балцкія мовы

Літоўцы і латышы маюць значную долю гэтай гаплагрупы N-L1025, якая паходзіць з фіна-вугорскага асяроддзя.

Гэта сведчыць пра тое, што балты асімілявалі значную частку носьбітаў культуры штрыхаванай керамікі. Аднак, у адрозненне ад фінаў-суомі і эстонцаў, гэты ўсходні кампанент не паўплываў на іх мову.

Балцкія мовы адносяцца да індаеўрапейскай сям’і, а іх фарміраванне звязана з іншым генетычным кампанентам — гаплагрупай R1a.

Розныя галіны R1a утварыліся ва Усходняй Еўропе падчас міграцыі культур шнуравой керамікі (каля 2900—1700 гг. да н.э.). У гэты перыяд, магчыма, і адасобілася папуляцыя, мова якой дала пачатак сучасным балцкім мовам.

Карта распаўсюджання паморскай культуры ў IV — II стст. да н. э. Фота: Wikimedia Commons

Частка даследчыкаў лічыць, што першапачаткова гэта была агульная балта-славянская моўная супольнасць. Найбольш верагодна, што гэтую супольнасць прадстаўлялі культуры пахавальных урнаў: лужыцкая ў бронзавым веку і паморская ў раннім жалезным веку.

Роля індаеўрапейцаў у з'яўленні балтаў

Прысутнасць гаплагрупы R1a характэрная для ўсіх тэрыторый, дзе раней існавалі культуры шнуравой керамікі. Пры гэтым у германскіх і скандынаўскіх народах пераважаюць адны галіны, а ў балтаў і славян — іншыя. Сярод немцаў, нарвежцаў, датчан і шведаў частата R1a не перавышае 20—25%, у той час як у балтаў і славян яна значна вышэйшая.

У літоўцаў розныя галіны R1a сустракаюцца ў каля 40% насельніцтва. Пры гэтым ні адна з галін, узрост якой складае 3—4 тысячы гадоў, не дамінуе над іншымі.

Паводле аналізу, выяўлена адразу 13 розных галін, што сведчыць пра іх даўняе змяшэнне і адсутнасць рэзкай экспансіі якой-небудзь адной лініі.

Гаплагрупа R1b, якая таксама паходзіць з культуры шнуравой керамікі, прадстаўлена ў літоўцаў у меншай ступені. Сярод літоўцаў прысутнічае асноўная яе галіна R1b-P312, а таксама ёсць асобныя выпадкі іншых галін.

Роля фіна-вугорцаў у з'яўленні балтаў

Генетычны склад літоўцаў прадстаўлены двума асноўнымі кампанентамі. Першы — гэта галіны R1a і R1b, якія звязаны з міграцыяй індаеўрапейцаў і асіміляцыяй мясцовага насельніцтва. Другі — гаплагрупа N-L1025, якая, як адзначалася вышэй, мае цалкам іншае паходжанне і звязана з прафінскімі міграцыямі з Заходняй Сібіры ў сярэдзіне II тысячагоддзя да н.э.

Высокая канцэнтрацыя N-L1025 у літоўцах паказвае, што яна мела дамінуючую ролю ў культурах штрыхаванай керамікі, адкуль яна і распаўсюдзілася.

Гаплагрупа фацьянаўскай культуры, якая існавала да яе, не пакінула адчувальнага следу ў гэтым рэгіёне.

Змешванне гэтых генетычных кампанентаў пачалося прыкладна 1700—1600 гадоў таму, калі з балтыйскага ўзбярэжжа прыйшлі новыя археалагічныя культуры, звязаныя з постлужыцкай традыцыяй. Гэтыя культуры ўключалі ўсходнелітоўскія курганы, жамойцкія і куршскія могільнікі. У выніку іх асіміляцыі і сфарміраваўся сучасны генетычны профіль балтаў.

Генетычныя даследаванні сучасных нашчадкаў Гедымінавічаў (род Галіцыных, Чартарыйскіх і Трубяцкіх) паказваюць, што яны належаць да галіны N-L1025, а дакладней — да мутацыі Y13979, якая таксама паходзіць з гэтага рэгіёна.

Распаўсюджанасць гаплагрупы R1a у Еўропе. Фота: eupedia.com

Сляды старажытных міграцый у генафондзе беларусаў

Генетычны склад беларусаў мае значныя адрозненні ад літоўцаў. Агульная канцэнтрацыя індаеўрапейскай R1a у беларусаў дасягае амаль 50%, што з'яўляецца адным з найвышэйшых паказчыкаў у свеце.

Усяго гэтая гаплагрупа падзяляецца на 13 розных галінаў, якія ўзніклі ў бронзавым веку. Найбольш распаўсюджаныя з іх ахопліваюць да 35% насельніцтва, яшчэ 7% складаюць субгаплагрупы R1b-P312, а каля 4% прыпадае на I1.

Гэтыя гаплагрупы паходзяць ад той самай балта-славянскай супольнасці, якая звязана з лужыцкай і паморскай археалагічнымі культурамі. Аднак у беларусаў можна адзначыць дадатковы ўнёсак ад мілаградскай і юхнаўскай культур, якія таксама з'яўляюцца спадкаемцамі шнуравой керамікі, але развіліся ў асобнай плыні.

Прафінскія гены ў беларусаў

Другі значны кампанент беларускага генафонду не звязаны з адной масавай субгаплагрупай, а ўключае некалькі меншых.

Напрыклад, N-L1025, якая прадстаўлена ў беларусаў у 6 разоў радзей, чым у літоўцаў.

Але яе распаўсюджанасць N-L1025 па рэгіёнах Беларусі істотна адрозніваецца. Ва ўсходніх раёнах Магілёўскай вобласці частата складае 5,8%, у той час як у Віцебскай вобласці яна дасягае 15%. У заходніх рэгіёнах, як напрыклад, у Гродзенскай вобласці, частата складае 12,3%.

У суседніх рэгіёнах Літвы яе паказчыкі вышэйшыя. Напрыклад, у раёне Алітуса (блізка да беларускай мяжы) частата N-L1025 складае 29,4%, што ніжэй, чым у цэнтральнай і паўночнай Літве, але вышэй, чым у Беларусі.

Генетычныя даследаванні паказваюць, што ўнёсак культуры штрыхаванай керамікі ў генафонд беларусаў быў значна меншы, чым у літоўцаў. Гэта выразна бачна па нізкай частаце N-L1025 у Беларусі.

Паўднёвыя гены ў беларусаў

Гаплагрупа I2-Y3120 сфарміравалася прыкладна 3400 гадоў таму, а на даччыныя галіны пачала дзяліцца не раней за II стагоддзе да н.э. Гэтая гаплагрупа шырока прадстаўлена ў славянскіх народах, дзе яе частата вагаецца ад 10% да 20%.

У беларусаў I2-Y3120 сустракаецца з частатой каля 16-17%, прычым яе канцэнтрацыя значна вар'іруецца па рэгіёнах. Найбольшая частка яе носьбітаў зафіксавана на Палессі — 26%.

У Віцебскай вобласці яна складае 10,9%, а ў Гродзенскай вобласці — толькі 2,7%. Такі нізкі паказчык у Гродзенскай вобласці можа тлумачыцца выпадковасцю малой выбаркі.

Літоўцы і латышы маюць значна меншую долю I2-Y3120 — у іх выяўлена толькі некалькі выпадкаў, што можна растлумачыць кантактамі з беларусамі ў апошнія стагоддзі.

Карта распаўсюджання пшэворскай (зялёным колерам) і зарубінецкай (чырвоным) культур. Фіялетавым колерам пазначаны межы Рымскай імперыі. Фота: Wikimedia Commons

Паводле некаторых даследаванняў, I2-Y3120 магла прайсці праз розныя этапы этнагенезу. Адна з версій звязвае яе з праславянскімі насельніцтвамі зарубінецкай і пшэворскай культур, дзе яна магла быць перанята ад кельтаў.

Карта распаўсюджання культуры карпацкіх курганаў (чорна-белай штрыхоўкай). Фота: Wikimedia Commons

Іншая версія сцвярджае, што яна была распаўсюджана сярод ранніх славян праз культуру карпацкіх курганоў. У Беларусі I2-Y3120 асабліва пашыралася ў перыяд зваротных славянскіх міграцый з Дуная, якія прывялі да фарміравання лукі-райкавецкай культуры, і далейшага рассялення славян у IX—X стагоддзях.

Карта распаўсюджання лука-райкавецкай культуры ў VIII стагоддзі. Фота: Wikimedia Commons

Высокая частата I2-Y3120 у паўднёвых рэгіёнах Беларусі можа сведчыць пра больш моцнае славянскае ўздзеянне, у той час як на поўначы адчуваецца ўплыў даславянскага субстрату.

Генетычныя спадчына яўрэяў

Яшчэ адна гаплагрупа E-V13 таксама мае паходжанне з паўднёва-ўсходняй Еўропы і сустракаецца ў Беларусі значна радзей, чым I2-Y3120. У даследаваннях, праведзеных на розных выбарках, яна сустракаецца з частатой ад 2% да 6%, агулам каля 3%.

Некаторыя носьбіты E-V13 маглі трапіць у беларускую папуляцыю праз яўрэйскае насельніцтва, бо яе бацькоўская гаплагрупа E-M35 таксама прадстаўлена ў беларускіх яўрэяў. У асобных даследаваннях сярод мясцовых яўрэяў было выяўлена 28 носьбітаў гэтай галіны. Асіміляваныя носьбіты E-V13 маглі стаць часткай беларускага этнасу.

Агульная доля I2-Y3120 і E-V13 у беларусаў дасягае 20%, што азначае, што кожны пяты беларус з’яўляецца нашчадкам носьбітаў гэтых паўднёвых галін. У параўнанні з беларусамі, у літоўцаў гэтыя гаплагрупы сустракаюцца значна радзей — на ўзроўні 2,7% і 2,3% адпаведна.

Генетычная спадчына готаў

Генетычны склад беларусаў і літоўцаў мае значныя адрозненні. Калі ў літоўцаў ні адна з адносна маладых галін R1a не сустракаецца часцей за 6%, то ў беларусаў адна з іх мае значна большую частату.

Гаворка ідзе пра R1a-L1029, якая сфарміравалася каля 3100 гадоў таму і пачала дзяліцца на даччыныя галіны не раней за II стагоддзе да н.э. Паводле даследаванняў, 15% беларусаў з’яўляюцца яе носьбітамі, тады як у Літве знойдзены толькі адзін яе прадстаўнік, і той з самага поўдню краіны (Марыямпаль).

Гаплагрупа R1a-L1029 мае шырокае геаграфічнае распаўсюджанне. Яна прадстаўлена ў Швецыі (7 галін), Фінляндыі (5), Нарвегіі (2), Германіі (8), Англіі (2), Польшчы (12), Украіне (9), Беларусі (5), Расіі (7) і на Балканах.

Карта распаўсюджання вельбарскай (чырвоным колерам) і чарняхоўскай (аранжавым) культур, якія звязваюць з готамі, у другой палове III стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons

Гістарычныя даныя сведчаць, што яе носьбіты звязаныя з вандраваннем готаў, якія з II стагоддзя н.э. жылі ў вельбарскай археалагічнай культуры (Польшча) і пазней стварылі ў Прычарнамор’і магутную чарняхоўскую культуру.

Пасля нашэсця гунаў у канцы IV стагоддзя частка готаў рушыла на Балканы і ў Італію, іншыя накіраваліся ў Скандынавію, Паволжа і нават у стэпавыя рэгіёны Цэнтральнай Азіі.

Частка R1a-L1029 была асімілявана славянамі і пазней распаўсюдзілася разам з міграцыямі славян, што тлумачыць яе прысутнасць у Беларусі.

Дарэчы, літоўцы дагэтуль называюць беларусаў словам «гуды», што, паводле лінгвістаў, паходзіць ад назвы «готы». Генетычныя даследаванні пацвярджаюць гэтую сувязь.

Яшчэ адна субгаплагрупа, звязаная з готамі, — R1a-Y2902. Яна аддзялілася прыкладна на III—II стагоддзі да н.э. і сёння мае падобнае распаўсюджанне да R1a-L1029.

Яе галіны сустракаюцца ў Швецыі (1), Фінляндыі (4), Італіі (2), Расіі (8), Украіне (6), Польшчы (6), на Балканах (3) і ў Татарстане (2). У Літве зафіксаваны 3 выпадкі, адзін з іх — у этнічнага паляка.

У Беларусі R1a-Y2902 маецца ў 2%, якіх таксама можна прылічыць да ліку нашчадкаў готаў.

Такім чынам, разам абедзве галіны складаюць 16,5% генафонду беларусаў, што сведчыць аб значным гоцкім уплыве на ранняе славянскае насельніцтва Беларусі.

Што яшчэ можна пабачыць у генах славян

Акрамя даследавання Y-гаплагруп, этнагенез можна вывучаць праз аўтасомныя маркёры — фрагменты ДНК, якія перадаюцца ад абодвух бацькоў. Аналіз старажытных геномаў славян IX—XII стагоддзяў паказаў наяўнасць трох асноўных кампанентаў у іх генафондзе.

Першы, Baltic_EST_BA, паходзіць ад змяшэння культур шнуравой керамікі, неалітычных земляробаў і яшчэ невядомай міграцыйнай хвалі, магчыма звязанай з носьбітамі гаплагрупы N. Гэты кампанент складае каля 55,6%.

Другі, GRK_Logkas_MBA, мае сувязь з бронзавым векам Грэцыі і, хутчэй за ўсё, адлюстроўвае прысутнасць протафракійцаў або протаілірыйцаў. Ён звязаны з гаплагрупамі I2-Y3120 і E-V13 і складае 28,6%.

Трэці, Swe_Ollsio_BA, паходзіць ад насельніцтва бронзавага веку Швецыі і, магчыма, сведчыць пра ўплыў готаў. Ён утрымлівае гаплагрупы R1a-Y2902 і R1a-L1029 і складае 12,2%.

Калі б не адсутнасць пахаванняў у культурах штрыхаванай і тэкстыльнай керамікі, магчыма, быў бы вызначаны і чацвёрты кампанент, які дакладней бы адлюстроўваў гаплагрупу N.

Як ДНК звязана з нацыянальнай ідэнтычнасцю?

Літоўскі нацыяналізм жорстка прытрымліваўся прымардыялізму, то бок падыходу, што народы існуюць спрадвеку і маюць адметнае паходжанне, агульнага продка. Каб лічыцца літоўцам, трэба было мець літоўскія карані і захоўваць літоўскую мову.

Гэта значыць, што нават калі чалавек пераходзіў на літоўскую мову, ён не лічыўся «сапраўдным» літоўцам. У той жа час страта мовы азначала страту нацыянальнай ідэнтычнасці. Такая жорсткая пазіцыя прывяла да адчужэння паланізаваных літоўцаў, асабліва шляхты, а таксама да страты Віленскага краю, дзе большасць жыхароў ужо не размаўляла па-літоўску.

Але як паказваюць даследаванні Y-храмасомы, этнічныя групы часта змянялі мову і культуру, але не абавязкова гублялі генетычную пераемнасць.

У сучасных літоўцаў прыкладна палова мужчын мае гаплагрупы, якія звычайна асацыююцца з іншымі народамі, але гэта не перашкодзіла ім стаць літоўскамоўнымі.

Мова і культура змяняюцца, і пераход на іншую мову не абавязкова вядзе да «духоўнай смерці» народа. У гісторыі падобныя змены адбываліся неаднаразова і залежалі ад канкрэтных абставінаў.

Структура генетычных кампанентаў у літоўцаў і іншых вывучаных папуляцый. Дамінуючы ў літоўцаў генетычны кампанент паказаны сінім колерам. Фота: Genes

У адрозненне ад літоўцаў, беларуская нацыянальная ідэалогія была вымушана быць гнуткай. Беларусы шматразова мянялі ідэнтычнасць і адаптоўваліся да гістарычных умоў.

З такой падставы пашырылася нават канцэпцыя «балцкага субстрату» як вырашальнага фактару ў этнагенезе беларусаў. Аднак папуляцыйная генетыка паказвае, што беларусы генетычна бліжэй да славян, а не да балтаў.

Але прыкладна палова беларускай папуляцыі, сапраўды, мае супольнае паходжанне з балтамі і балтызаванымі фінамі. Іншая ж палова склалася з зусім іншых чыннікаў. Прытым не толькі мова, але і частка неад’емных для сённяшніх беларусаў культурных рысаў былі прынесены менавіта імі.

Літвіны, якія сталі беларусамі

Зліццём старажытных кампанентаў этнагенез не скончыўся. Таму мае свае абмежаванні і акцэнт на славянскасці беларусаў, іх праваслаўі і еднасці з рускімі.

Пры гэтым ігнаруецца той кампанент, што ўліўся ў беларускі этнас ужо ў гістарычныя часы, а раней лічыўся «літвой», «літвінамі».

Не кажучы ўжо пра тое, што саманазва «літвіны» неаднаразова фіксавалася этнографамі XIX стагоддзя для розных груп па ўсёй Беларусі, нашчадкі літвінаў у самым вузкім, этнічным сэнсе шчыльна насяляюць 7 яе раёнаў (Астравецкі, Ашмянскі, Воранаўскі, Смаргонскі, Лідскі, Іўеўскі, Шчучынскі) і значныя часткі яшчэ 4 (Гродзенскага, Валожынскага, Пастаўскага, Браслаўскага).

Там зараз налічваецца каля 400 тысяч вясковага насельніцтва, прытым параўнальная, калі не большая, колькасць выхадцаў адтуль асела ў гарадах па ўсёй краіне, параднілася з тубыльцамі праз шлюбы.

Практычна ўсе гэтыя людзі сёння адчуваюць сябе беларусамі, ды і аб’ектыўна амаль нічым, апрача каталіцтва бацькоў і дзядоў, ад іншых беларусаў не адрозніваюцца. Але іх непасрэдныя продкі, літвіны-католікі XV—XVIII стагоддзяў, для жыхароў астатняй Беларусі, як правіла, не ўспрымаюцца як «свае».

Некаторымі беларусамі праз гэта і Вялікае Княства Літоўскае не заўсёды ўспрымаецца як «свая» дзяржава, нягледзячы на значны ўнёсак літвінаў у яе стварэнне.

Этнічная «наканаванасць»

Ідэалогіі часта сцвярджаюць, што сувязь паміж прадстаўнікамі этнасу «адвечная і наканаваная». Але гісторыя паказвае, што ніякай наканаванасці няма — усё вызначаецца канкрэтнымі выбарамі ў пэўных умовах. 

Напрыклад, продкі адных народаў маглі мець абрады падвешвання памерлых на дрэвах, а іншых — ваяваць з Рымам. Аднак гэта не робіць іх нашчадкаў ні лепшымі, ні горшымі. З першых выйшлі дынастыі Рурыкавічаў і Гедымінавічаў, якія адыгралі ключавую ролю ў гісторыі Усходняй Еўропы. А нашчадкі ваяўнічых готаў маглі стаць спакойнымі пастухамі ў Туркменістане ці гаспадарамі кавярні ў Турцыі.

Як піша Насевіч, нацыяналізм, як любая ідэалогія, ствараецца, каб аб'ядноўваць людзей для сумесных дзеянняў, але часта гэта адбываецца ў выключна ў інтарэсах тых, хто ідэалогію распаўсюджвае. Альтэрнатывай ён бачыць мараль, якая таксама можа натхняць людзей да супольных дзеянняў, калі ў іх падобныя ўяўленні пра дабро і зло. 

На ягоную думку, гісторыя паказвае, што менавіта маральныя выбары нашых продкаў на працягу стагоддзяў сфарміравалі тую этнакультурную сітуацыю, якую мы маем сёння.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары48

  • Пытанне
    08.02.2025
    А Насевіч дакладна генетык? Мае навуковую ступень у генетыцы? Якія яго публікацыі ў прафесійных часопісах? Чаму я павінен давяраць таму, што ён кажа?
  • Прафесіянал
    08.02.2025
    Дык R1а гэта і ёсць балты, у беларусаў самы высокі працэнт, што і патрабавалася даказаць
  • Адам Міцкевіч
    08.02.2025
    "Я літвін, нарадзіўся ў Літве... Тутэйшыя людзі завуць сябе літвінамі, і я лічу сябе адным з іх»

Цяпер чытаюць

КДБ арыштаваў падазронага актывіста Паўла Бялюціна. У якой краіне гэта адбылося, невядома

КДБ арыштаваў падазронага актывіста Паўла Бялюціна. У якой краіне гэта адбылося, невядома

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп даручыў адкрыць турму для асабліва небяспечных злачынцаў на востраве Алькатрас1

«На Раство падарылі 5 кілаграмаў рысу». Беларуска ў 65 гадоў пераехала ў Гану і займаецца манікюрам1

Ці ўключаць у Беларусі ацяпленне з-за халоднага надвор'я, адказалі ў ЖЭУ

«Этэрнаўт»: аргенцінскі Netflix выпусціў шматзначны серыял пра апакаліпсіс2

Камісар ЕС: Еўрасаюз удвая павялічыць дапамогу Украіне, калі Трамп не пераканае Пуціна заключыць мір3

У нядзелю розніца максімальных тэмператур у Беларусі склала 15 градусаў

У Брэсце патануў чатырохгадовы хлопчык. Ратавальнікам удалося вярнуць яго да жыцця

Вучоныя назвалі колькасць крокаў, якая ратуе офісных работнікаў16

Рыжанкоў даклаў Эйсмант, што накалоў дроў15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

КДБ арыштаваў падазронага актывіста Паўла Бялюціна. У якой краіне гэта адбылося, невядома

КДБ арыштаваў падазронага актывіста Паўла Бялюціна. У якой краіне гэта адбылося, невядома

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць