У Вільні Коўл правёў сустрэчу і з літоўскімі апазіцыйнымі палітыкамі
Дэпутат Еўрпарламента Пятрас Гражуліс паведаміў, што Коўл выказаў надзею аддаліць рэжым Лукашэнкі ад Пуціна, хоць пакуль незразумела, як гэта можна будзе зрабіць.

У гатэлі Kempinski ў Вільні ўчора з прадстаўніком прэзідэнта Дональда Трампа сустрэліся дэпутаты Сейма Ігнас Вегеле і Рымас Янкунас, а таксама дэпутат Еўрапарламента Пятрас Гражуліс, паведамляе LRT.
Як вядома, беларускі бок аказвае ціск на Літву, заклікаючы пачаць дыялог з Мінскам на ўзроўні міністраў, аднак Літва адмаўляецца гэта рабіць. Ціск праяўляецца, у прыватнасці, у адпраўцы паветраных шароў з кантрабандай праз мяжу, якія час ад часу парушаюць працу Віленскага аэрапорта, а таксама ў затрыманні літоўскіх грузавікоў і паўпрычэпаў.
«Мы дамовіліся моцна не афішаваць гэтую сустрэчу, бо Аляксандр Лукашэнка рэагуе вельмі адчувальна. Мы абмеркавалі ўсе найбольш актуальныя сёння праблемы — адносіны з Беларуссю, адмову літоўскага боку сфарміраваць дэлегацыю і весці перамовы на палітычным узроўні для вырашэння ўсіх пытанняў. Мы лічым, што гэта памылка і што размаўляць усё ж трэба. Калі Дональд Трамп вядзе перамовы, тэлефануе і шукае кантакт, нам не варта занадта дэманстраваць сваю прынцыповасць», — сказаў П. Гражуліс.
Паводле яго слоў, на сустрэчы таксама абмяркоўваліся пытанні кантрабандных шароў і затрыманых грузавікоў. «Не хачу падрабязна каментаваць, але калі б мы размаўлялі, магчыма, і гэтыя фуры ўжо былі б вызваленыя. Гэта мая выснова», — заявіў палітык.
Гражуліс адзначыў, што найбольш актыўным на сустрэчы быў дэпутат Сейма Ігнас Вегеле, які падымаў большасць гэтых пытанняў. Паводле яго слоў, палітыкі прадставілі альтэрнатыўную пазіцыю ў параўнанні з пазіцыяй літоўскага ўрада.
«Наша пазіцыя адрозніваецца ад афіцыйнай. Я думаю, што амерыканцы хочуць зразумець, чаму няма супрацоўніцтва і перамоваў, чаму не ствараецца палітычная група для дыялогу. Аляксандр Лукашэнка прызначыў міністра замежных спраў для перамоваў, але літоўскі бок адмовіўся. Магчыма, амерыканцы хочуць пачуць іншы пункт гледжання — чаму вы так думаеце і чаму адбываецца менавіта так», — сказаў еўрадэпутат.
Паводле слоў Гражуліса, на сустрэчы таксама абмяркоўваліся пытанні палігона ў Капчамесцісе і санкцый супраць угнаенняў.
Ён адзначыў, што гэтыя санкцыі, на яго думку, выгадныя Уладзіміру Пуціну і шкодзяць Літве, паколькі цэны на ўгнаенні выраслі, а расійская кампанія «Уралкалій» пачала атрымліваць большы прыбытак. Паводле яго слоў, удзельнікі сустрэчы выклалі пазіцыю, якая адрозніваецца ад той, якую выказваюць прэзідэнт Літвы і міністр замежных спраў.
Гражуліс таксама заявіў, што ў яго склалася ўражанне, што затрыманыя беларускімі ўладамі літоўскія грузавікі могуць быць вызваленыя.
Акрамя таго, паводле яго слоў, Джон Коўл выказаў надзею аддаліць рэжым Лукашэнкі ад Уладзіміра Пуціна, хоць пакуль незразумела, як гэта можна будзе зрабіць.
«Я не ведаю, але, верагодна, гэтыя фуры будуць вызваленыя. Паглядзім, чым усё скончыцца», — сказаў П. Гражуліс.
Пятрас Гражуліс — гэта незалежны дэпутат Еўрапарламента, які вядомы сваёй крытыкай гомасэксуалізму, а таксама гучнай апазіцыяй да цяперашніх літоўскіх эліт.
Каментары
Значыць - латэнтны. Бо ў гетэрасэксуалістаў думак пра тое, што адбываецца паміж гомасэксуаламі не ўзнікае і іх гэта ані не хвалюе.
[Зрэдагавана]