Гэтыя плюшавыя цацкі ўжо захапілі рынкі Кітая, Еўропы, ЗША. Іх носяць такія зоркі, як Рыяна, Дуа Ліпа, Кім Кардаш'ян, Ліса з Blackpink і Арына Сабаленка.

Адны лічаць іх мілымі, іншыя — дзіўнымі і нават пачварнымі, але амаль усе чулі пра пухнатага монстра Labubu (Лабубу), што стаў сусветным феноменам, паведамляе Бі-бі-сі.
Тысячы людзей ад Шанхая да Лондана гадзінамі стаяць у чэргах, каб купіць жаданую цацку. Апантанасць ёю настолькі вялікая, што даходзіць часам нават да боек.
«Адчуваеш сапраўднае задавальненне, калі здабываеш яе ў такой жорсткай канкурэнцыі», — кажа зацятая фанатка лялькі Фіёна Чжан.
Глабальнае захапленне Лабубу за апошні год патроіла прыбытак яе вытворцы Pop Mart і, на думку некаторых, нават умацавала мяккую сілу Кітая, які пацярпеў ад пандэміі і напружаных адносін з Захадам.
Дык што ж гэта за цацкі і адкуль яны ўзяліся?
Што азначае Лабубу
Само слова нічога не азначае. Гэта імя персанажа, якога прыдумаў ганконгскі мастак Касін Люн, натхнёны скандынаўскай міфалогіяй.
Упершыню Лабубу з'явілася на старонках ілюстраваных кніг як фонавы персанаж у казачным свеце фей і троляў.
Але ў 2015 годзе кітайская кампанія Pop Mart запрасіла Люна да супрацоўніцтва. Так з'явілася серыя фігурак Monsters, куды і ўвайшла Лабубу, якая пазней ператварылася ў міжнародны брэнд.
Сама фігурка — сумесь труса і казачнага монстра, што прыцягвае людзей сваім незвычайным выглядам: вялікімі вачыма і хітрай зубатай усмешкай (з роўна дзевяццю зубамі).

Лялька выклікае розныя думкі. Некаторым людзям падабаецца яе незвычайны дызайн, у той час як іншыя лічаць яе непрыемнай.
«Нягледзячы на гарэзлівы выгляд, Лабубу мае добрае сэрца і заўсёды хоча дапамагчы, але часта выпадкова дасягае процілеглага», — так апісвае ляльку яе вытворца на сваім афіцыйным сайце.
Папулярная цацка выйшла ў некалькіх серыях «Монстраў»: Big into Energy, Have a Seat, Exciting Macaron і Fall in Wild.
Брэнд Labubu мае і іншых персанажаў — напрыклад, правадыр племені Зімома, бойфрэнд Лабубу Тайкока і яе сяброўка Макока.
Недасведчанаму воку цяжка адрозніць дэталі лялек. Гэта даступна толькі знаўцам, але слава Лабубу спрыяла таму, што іншыя члены яе сям’і таксама разлятаюцца з паліц, як гарачыя піражкі.
Хто прадае Лабубу
Заснаваў кампанію Pop Mart прадпрымальнік Ван Нін, які стаў адным з самых багатых людзей у Кітаі праз шалёную папулярнасць лялькі.
На працягу некалькіх гадоў, калі Pop Mart супрацоўнічаў з Kasing Lung, Лабубу прадавалі ў так званых «сляпых скрынях», што азначае, што пакупнік не ведае загадзя, якую версію ён атрымае.
Элемент сюрпрызу, пастаянна новыя варыяцыі дызайну спрыялі хуткаму росту трэнду. У снежні 2020-га кампанія пачала прадаваць свае акцыі на Ганконгскай фондавай біржы. За апошні год яны ўзляцелі больш чым на 500%.
Pop Mart стала вялікім рытэйлерам, які мае больш за 2 000 гандлёвых аўтаматаў, або «роба-крамаў», па ўсім свеце.
Цяпер Лабубу можна набыць у больш чым 30 краінах — ад ЗША і Брытаніі да Аўстраліі і Сінгапура, хоць многія з іх нядаўна прыпынілі продажы праз празмерны попыт.
Продажы за межамі мацерыковага Кітая склалі амаль 40% ад агульнага даходу кампаніі ў 2024 годзе.
У пацверджанне папулярнасці Лабубу кітайскія мытнікі заявілі на гэтым тыдні, што за апошнія дні канфіскавалі больш за 70 000 падробленых лялек.
Аднак такі попыт не вырас за адну ноч. Спатрэбілася некалькі гадоў, каб эльфійскія монстры сталі мейнстрымам.
Лабубу і сусветны рынак
Спачатку цікавасць да Лабубу абмяжоўвалася выключна Кітаем. Паводле слоў Эшлі Дударонак, заснавальніцы даследчай кампаніі ChoZan, цацка стала трэндам напрыканцы 2022 года, калі краіна ачуняла ад пандэміі.
«Пасля пандэміі шмат людзей у Кітаі хацелі эмацыйна расслабіцца… а Лабубу быў вельмі прывабным і адначасова дзіўным персанажам, які ўвасабляў антыперфекцыянізм».
Яго папулярнасць хутка распаўсюдзілася на суседнюю Паўднёва-Усходнюю Азію.
Фіёна, якая жыве ў Канадзе, распавядае, што ўпершыню пачула пра Лабубу ад філіпінскіх сяброў у 2023 годзе. Менавіта тады яна пачала іх набываць.

Кажа, што лічыць іх мілымі, але найбольш прыцягвае ўсё большая папулярнасць: «Чым папулярнейшыя яны становяцца, тым больш я іх хачу».
«Мой муж не разумее, чаму я, чалавек, якому за 30, так зацыклена на нечым падобным, напрыклад, на выбары колеру».
Яны таксама даступныя па цане, дадае Фіёна.
Хоць цяпер попыт значна падняў цэны, першапачаткова цацку можна было набыць за 25—70 даляраў, што было прымальна для большасці яе знаёмых.
«У нашы дні менавіта столькі каштуе аксэсуар для сумкі, і большасць людзей могуць сабе гэта дазволіць».
Асаблівую папулярнасць Лабубу набылі дзякуючы знакамітасцям.
Адна з яе найвядомейшых прыхільніц — рэперка Ліса з Blackpink, якая не раз дапаўняла свой вобраз гэтым плюшавым персанажам.
Спявачку Рыяну таксама заўважалі з Лабубу — бралком на сумцы, што спрыяла папулярызацыі цацкі сярод яе прыхільнікаў.

А ў маі Лабубу пахваліўся былы капітан зборнай Англіі па футболе Дэвід Бэкхэм. 50-гадовы спартовец апублікаваў фота сумкі з карычневым бралком Лабубу. Бэкхэм адзначыў, што ляльку падарыла яму 13-гадовая дачка Харпер.
Што стаіць за апантанасцю Лабубу
Як і большасць вірусных трэндаў, прывабнасць Лабубу цяжка патлумачыць — гэта збег часу, густу і выпадковасці, якой надзелены інтэрнэт.
Пекін, безумоўна, задаволены вынікам. Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Сіньхуа запэўнівае, што Лабубу «дэманструе прывабнасць кітайскай творчасці, якасці і культуры зразумелай усяму свету мовай», а таксама дае ўсім магчымасць убачыць «круты Кітай».
Некаторыя аналітыкі здзіўляюцца, што кітайскія кампаніі — ад вытворцаў электрамабіляў і распрацоўшчыкаў штучнага інтэлекту да рытэйлераў — дасягнулі такога поспеху, нягледзячы на заклапочанасць Захаду адносна амбіцый Пекіна.
«BYD, DeepSeek, усе гэтыя кампаніі, уключна з Labubu, аб'ядноўвае адна вельмі цікавая рыса — яны настолькі добрыя, што ніхто не звяртае ўвагу на тое, што яны з Кітая. Вы проста не можаце іх ігнараваць», — сказаў BBC Крыс Перэйра з кансалтынгавай кампаніі iMpact.
Тым часам Labubu працягваюць набіраць падпісчыкаў у сацсетках, і мільёны людзей назіраюць за тым, як новыя ўладальнікі распакоўваюць сваю дарагую пакупку.
На Wildberries у Беларусі Labubu прадаецца ад 28 да 79 рублёў, асноўны сегмент — 30-40 рублёў, пастаўка ўжо заўтра.
Каментары