«Са 100 штурмавікоў у жывых засталіся толькі 8». Вагнеравец расказаў пра маштаб страт у баях на мяжы з Украінай
Былы камандзір узвода ПВК «Вагнер» з пазыўным «Рэлей» абнародаваў відэа, у якіх расказаў пра катастрафічныя страты расійскіх войскаў у баях у Сумскай вобласці. Так падчас штурму ўкраінскага вёскі Кандратаўка, паводле яго слоў, са 100 штурмавікоў у жывых засталіся толькі 8. Гэтыя восем, паводле вагнераўца, паднялі над Кандратаўкай расійскі флаг, але замест падтрымкі іх назвалі «500-ымі» (дэзерцірамі) і пагналі ў новы штурм.

Па словах «Рэлея», васьмярых выжылых не толькі абвінавацілі ў дэзерцірстве, але і прымусілі амаль адразу рыхтавацца да новага штурму.
«З-за таго, што яны выжылі, ім камандзір сказаў, што яны 500-я, бо яны хаваліся. Камандзір з пазыўным «Шэршань» сказаў: Ніхто не павінен быў выжыць», — расказвае вагнеравец.
Паводле яго слоў, тым, хто выжыў, далі пару гадзін адпачыць пасля тыдня без ежы і вады — і назад у бой: «Кажуць, усё роўна вы ўсе здохніце».
Гэта адбылося, паводле «Рэлея», у 40-й асобнай брыгадзе марской пяхоты (в/ч 10103). Агульныя страты падраздзялення такім чынам складаюць 92%.
«Проста сцёрлі людзей у нуль», — рэзюмуе былы камандзір-вагнеравец.
У канцы мая ў Мінбароны РФ заявілі, што расійскія войскі ствараюць «санітарную зону» на мяжы з Украінай. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падчас нарады з урадам 22 траўня таксама пацвердзіў, што расійскія войскі «вырашаюць задачу» па фарміраванні буфернай зоны на мяжы з Украінай.
Каментары
яны дапамагаюць адпраўляць зэргаў у пекла!