Палавое выспяванне робіцца ўсё больш раннім, а псіхалагічная даросласць — позняй. І гэта праблема
Разрыў паміж біялагічным і сацыяльным сталеннем нарастае. У даўнія часы рытуалы ініцыяцыі дапамагалі маладым прайсці гэты этап.

Сталенне чалавека — незвычайны і рызыкоўны працэс, бо біялогія не паспявае за культурнымі зменамі, што стварае глыбокія супярэчнасці. На гэта звяртае ўвагу польскі эвалюцыяніст і папулярызатар навукі Марцін Рыжкевіч на старонках Polityka.pl.
У прыродзе палавое даспяванне — ключ да перадачы генаў, і момант яго надыходу звычайна азначае даросласць. Але ў чалавека сталенне пачынаецца ўжо пасля фізічнай гатоўнасці да размнажэння, што сведчыць: мы даспяваем не толькі дзеля нараджэння дзяцей.
Сталенне чалавека — гэта перш за ўсё сацыяльнае сталенне: набыццё навыкаў для жыцця ў складаным грамадстве. У жывёл гэтага няма — у іх палавое даспяванне і сталенне адбываюцца адначасова: калі арганізм гатовы да размнажэння, больш няма чаго чакаць.
Юнакі, якія яшчэ не дарослыя
Прамежкавы перыяд паміж дасягненнем палавой спеласці і сацыяльным сталеннем асабліва рызыкоўны: юнакі адчуваюць моцны біялагічны імпульс да рызыкоўных, канкурэнтных паводзін, каб «заслужыць» увагу дзяўчат.
У большасці відаў самкі — каштоўны рэсурс, а самцы мусяць за іх змагацца. У людзей, як і ў іншых сысуноў, гэта абвастраецца тым, што самцы не нясуць фізічных выдаткаў на цяжарнасць і выхаванне, таму мусяць даказваць сваю перавагу паводзінамі.
Праблема ў тым, што такая канкурэнцыя адбываецца яшчэ да таго, як хлопцы становяцца сапраўды дарослымі і здольнымі браць адказнасць. У сучасным свеце гэта можа выклікаць сур’ёзныя сацыяльныя праблемы. Раней розныя грамадствы вырашалі гэта праз асобнае стаўленне да юнакоў і дзяўчат.
Напрыклад, у народу масаі, які пражывае ў Кеніі і Танзаніі, дзяўчаты неўзабаве пасля першай менструацыі выходзілі замуж за мужчын, старэйшых на дзясятак і больш гадоў, якія маюць адпаведны сацыяльны статус. А вось хлопцы пасля кароткага перыяду цырыманіяльных рытуалаў і танцаў, праводзілі шмат гадоў у сваёй уласнай кампаніі, без кантакту з дзяўчатамі, адпрацоўваючы свае баявыя навыкі ў якасці ахоўнікаў племянных тэрыторый.

Толькі пасля завяршэння такой «вайсковай службы» працягласцю каля 10 гадоў і пасля цырымоніі, падобнай да той, што адбылася дзесяцігоддзем раней, яны вяртаюцца ў бацькоўскую групу і ўжо як дарослыя (ва ўзросце 20+ гадоў), атрымліваюць усе правы і жэняцца на дзяўчатах, у якіх толькі была першая менструацыя.
Масаі не з'яўляюцца нейкім выняткам. Падобнае было і ёсць у іншых супольнасцях. Напрыклад, на астравах у заліве Карпентарыя на поўнач ад Аўстраліі мясцовых хлопчыкаў ізалявалі ад сваіх супольнасцяў падчас палавога паспявання і падвяргалі абразанню.
Каб ізаляцыя была паўнейшай, яны вывучалі мову жэстаў, якой будуць карыстацца на працягу наступных некалькіх гадоў. Затым іх падвяргалі яшчэ аднаму, мацнейшаму абразанню, і яны асвойвалі сакральную вусную мову. Пасля гэтага перыяду ініцыяцыі яны вярталіся да сваіх, лічыліся ўжо дарослымі, бралі шлюб і стваралі сем'і.
Да прыходу еўрапейцаў такія звычаі былі ў многіх супольнасцяў паляўнічых і збіральнікаў: дзяўчаты выходзілі замуж адразу пасля першай менструацыі і хутка нараджалі, а хлопцы доўга чакалі, праходзячы цяжкія абрады.
«Ваўкі вайны»
Аўтары кнігі «Неадпаведнасць» («Mismatch», 2006) Пітэр Глюкман (Peter Glukman) і Марк Хэнсан (Mark Hanson) апісваюць сучасныя праблемы падлеткаў як вынік неадпаведнасці паміж нашай біялагічнай эвалюцыяй і культурнай рэальнасцю.
У індаеўрапейскіх даследаваннях існуе паняцце Männerbund — «мужчынскае брацтва», якое абазначае групы маладых, нежанатых мужчын, часова адасобленых ад сваёй супольнасці. Гэтыя групы праводзілі гады ў адасабленні, прамысляючы, здабываючы штосьці, ходзячы ў баявыя паходы, рабуючы, але таксама абараняючы свае супольнасці, з якіх яны былі выключаны на некалькі гадоў. Гэты перыяд адлучэння ад кантактаў з жанчынамі і адноснай беспакаранасці быў неад'емнай часткай грамадскага ладу тады.
У міфах многіх народаў Еўропы, а таксама Індыі і Ірана, часта ўзнікае вобраз банды юнакоў, што жывуць як ваўкі і атаясамліваюць сябе з ваўкамі. Гэта дазваляе меркаваць пра агульнага продка індаеўрапейскіх народаў — качавых плямён з чарнаморскіх стэпаў, якія каля III тысячагоддзя да н.э. пачалі шырокую экспансію ў Еўропу, а потым і на Індыйскі паўвостраў. Гэтыя плямёны вядомы пад назвай ямнай культуры.
Еўропа таго часу ўжо была заселеная і мела развітыя культуры. Дык як жа гэтаму невялікаму народу атрымалася заваяваць усю Еўропу за адносна кароткі час, паклаўшы канец багатаму і заможнаму насельніцтву, якое развівалася там тысячагоддзямі?
Адзін з найважнейшых індаеўрапейскіх тэрмінаў, які тлумачыць гэтую з’яву, — kóryos. Гэта абазначэнне маладых хлопцаў, што пасля палавога даспявання часова выключаліся з грамадства і вызваляліся ад сацыяльных правілаў. Ім дазвалялася паводзіць сябе агрэсіўна, праяўляць ініцыятыву, ваяваць і задавальняць усе, нават самыя смелыя, жаданні.
Kóryos надзвычай падобныя да груп юнакоў масаі або старажытных абарыгенаў, хоць па жорсткасці яны, магчыма, не мелі сабе роўных.
Іх эфектыўнасць яскрава бачная ў генетыцы: мужчынскія храмасомы Y індаеўрапейскага паходжання (R1a і R1b) сёння абсалютна дамінуюць над мясцовымі — асабліва ва ўсходняй і паўночнай Еўропе, куды ямнікі прыйшлі найперш.
Даследаванне старажытных шкілетаў з Еўропы і Індыі сведчаць: мужчыны-захопнікі паходзілі са стэпаў, а жанчыны — пераважна мясцовыя. Гэтая выразная асіметрыя — дамінаванне нешматлікіх варыянтаў Y-храмасом пры вялікай разнастайнасці жаночых ліній — вельмі красамоўная і паказвае на гендарную няроўнасць заваёвы.
Невялікая колькасць прыбылых мужчын мела нашчадкаў з мноствам мясцовых жанчын, і сляды гэтага гвалтоўнага працэсу дасюль чытаюцца ў Y-храмасомах і мітахандрыяльнай ДНК еўразійскіх народаў.
Складаецца ўражанне, што першы кантакт паміж заваёўнікамі і мясцовымі мужчынамі скончыўся для апошніх фактычным генацыдам — іх Y-храмасомы знікаюць з генетычнага запісу літаральна імгненна.
Калі захопнікі ўрэшце адчулі сябе «як дома», заняліся земляробствам і пачалі будаваць гарады, інстытут kóryos таксама знік — хоць яго памяць захавалася ў паданнях, а месцамі і вярталася праз стагоддзі ў амаль нязменнай форме.
Добра вядомы прыклад — грэчаская Спарта. Там ад маладых юнакоў чакалі не толькі фізічнай мужнасці, але і гатоўнасці забіць нявольніка. Хто не быў на гэта здольны, падлягаў пакаранню.
Паляўнічыя жылі даўжэй
Падтытул кнігі «Mismatch», напісанай двума прафесарамі медыцыны, гучыць: «Чаму свет, у якім мы жывём, не адпавядае патрэбам нашых целаў».
Аўтары тлумачаць, што нашы целы засталіся палеалітычнымі, але мы жывём у XXI стагоддзі. Змены, якія адбыліся ў большасці нашымі рукамі, былі настолькі хуткімі, што натуральны адбор не паспеў іх дагнаць. Разрыў паміж біялогіяй і культурай павялічваецца, і мы спраўляемся толькі дзякуючы тэхналогіям, якія робяць нас напалову кібаргамі, і медыцыне, якая лечыць хваробы, часта выкліканыя намі самімі, напрыклад, атлусценнем.
Найбольш цікавы раздзел — пра сталенне. Аўтары адзначаюць, што разрыў паміж палавым даспяваннем і сталеннем пачаў нарастаць у апошнія стагоддзі, асабліва ў апошнія 100 гадоў. Раней гэтага разрыву амаль не было. Яны, як медыкі, разглядаюць гістарычныя часы, калі большасць людзей жыла ў вёсках і займалася земляробствам. На думку гэтых аўтараў, хоць земляробства прыносіла шматлікія перавагі на ўзроўні цэлых папуляцый — на індывідуальным узроўні прывяло да рэгрэсу.
Параўнанне шкілетаў паказвае, што паляўнічыя-збіральнікі былі вышэйшыя, здаравейшыя і мацнейшыя, чым земляробы. Нават памеры мозга ў старажытных еўрапейцаў і неандэртальцаў былі большыя. Чаму? У земляробаў была менш разнастайная ежа (заснаваная на вугляводах), манатонная праца і шмат інфекцый ад жыцця ў шчыльных паселішчах.
Гэта прывяло да зніжэння працягласці і якасці жыцця. Палавое даспяванне стала наступаць пазней, бо ў дрэнным стане здароўя арганізм не спяшаўся з рэпрадукцыяй, чакаючы лепшых умоў. Цяжкая праца на полі і нізкая мабільнасць вясковых супольнасцяў абмяжоўвалі рызыкоўны перыяд эмацыянальнай нестабільнасці, асабліва ў юнакоў. А забароны на блізкароднасныя шлюбы яшчэ больш ускладнялі гэтую праблему.
Кіберпорна і сацыяльныя сеткі
Апошнія пакаленні, асабліва з сярэдзіны XX стагоддзя, перажылі рэвалюцыю.
Кантрацэпцыя разарвала сувязь паміж сэксам і нараджэннем дзяцей — гэта нечувана ў гісторыі жыцця на Зямлі. Сэкс павінен служыць для рэпрадукцыі, але калі ён становіцца самадастатковым, гэта мяняе стаўленне да яго.
І менавіта гэта нам і ўдалося зрабіць. Калі так, то «канец перыяду спарвання», звязаны з нараджэннем дзіцяці, не надыходзіць, і «перыяд спарвання» робіцца бясконцым.
Другі фактар: дзякуючы даступнасці ежы, вакцынацыі, медыцыне і гігіене палавое даспяванне наступае ўсё раней — прыкладна на 3 месяцы раней кожнае дзесяцігоддзе. Але сталенне, даросласць (псіхалагічная гатоўнасць да бацькоўства ці мацярынства) надыходзіць усё пазней, павялічваючы рызыкоўны перыяд «паміж».
Інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, эратычны кантэнт і сайты знаёмстваў зрабілі даступнымі раней схаваныя рэчы, абудзілі жаданні і павялічылі магчымасці іх задавальнення. Біялагічна мы вярнуліся да мінулага, а сацыяльна — уступілі ў эпоху амаль неабмежаванай свабоды.
Сучасныя групы моладзі (абаіх палоў) нагадваюць старажытныя kóryos і Männerbund, але яны не ўмацоўваюць, а парушаюць сацыяльны парадак. Спробы супрацьдзейнічаць, напрыклад, забараняючы смартфоны ў школах, не вырашаюць праблему, мяркуе аўтар.
Каментары
Таксама і цяпер старыя уладныя пердуны хочуць каб моладзь была схожая на іх.
Падобна, фемлобі ня вельмі разумее, што падобнымі матэрыяламі (бо артыкул відавочна пра "як усё зрабілася кепска") яны самі культывуюць стаўленьне да жанчын, як да тавару. Бо перакладаючы на побытавую мову: вартасьці хлопца (якой ён вабіць) - у сацыяльным статусе і прафесійных якасьцях, здабытых за дзесяцігодзі. А вартасьці дзяўчыны (якой яна вабіць) - у першай менструацыі. І гэтых каардынатах няма месца анейкай жаночай індывідуальннасьці - гэта супярэчыць "біялагічнай задумцы" арганізму.
Таму ўсе падобныя заклікі, маўляў "патрэбна жыць у адпаведнасьці з біялагічным архітыпам" - гучаць досыць дзіўна. Але цалкам зразумелыя: уся сучасная масавая культура і гандаль базуецца на сэксуальнай правакацыі (у абодва бакі). Меньш цікавасьці да сэксу - ніжэй продажы на эмацыйнай і нерацыянальнай глебе. І гэта відавочна сьвярбіць бізнэсам, пабудаваных на продажы "сэксуальнага паветра" і з дапамогай маніпуляцый усялякіх смм-лайдакоў. Ну і фемкам, вядома, таксама сьвярбіць - бо да іх, як да жанчын, цікавасьць падае. Што падрывае саму ДНК іх руху - гінацэнтрычнасьці.
Але з рацыянальнага пункту гледжаньня, планаваць зараз дзяцей у варунках татальнай нявызначанасьці - мякка кажучы вар'яцтва. Арганізм, як напісана, "не спяшаецца з рэпрадукцыяй, чакаючы лепшых умоў". Моладзь гэта выдатна разумее і сыходзіць ва ўнутраную эміграцыю, MGTOW ды іншыя формы аскетызму і рацыянальнага непрыманьня (што дарэчы, цалкам адпавядае мужчынскаму архетыпу). І гэта добрыя навіны, бо з развіцьцём цывілізацыі орган прыняцця рашэньняў перасоўваецца ўсё ж бліжэй да галаўнога мозгу.
Прыматы ў джунглях, калі сканчаецца ежа на іх тэрыторыі - ідуць на чужую тэрыторыю. І ніякіх Жэнеўскіх канвенцый у адносінах там няма.
Думаеце - людзі лепей? У чым лепей? Як быць лепей?
Пачалі думаць аб гэтым? - тады я вас віншую - вы старыя уладныя пердуны - вы шукаеце як навязаць іншым паводзіны нягеглых імпатэнтаў!