Беларускі бізнэс працягвае замацоўвацца ў Польшчы. Як сітуацыя выглядае ў Падляшскім ваяводстве — другім пасля Варшавы рэгіёне па колькасці зарэгістраваных кампаній з беларускім капіталам — расказвае новае даследаванне.

Паводле статыстыкі Centralny Osrodek Informacji Gospodarczej, на пачатак 2025 года ў Падляшскім ваяводстве было зарэгістравана 842 кампаніі з беларускім капіталам — гэта 11,18% ад агульнай колькасці такіх бізнэсаў у Польшчы. Гэта другі паказчык пасля Варшавы і прысталічнага Мазавецкага ваяводства.
Аднак, як адзначаецца ў новым даследаванні Вадзіма Сяховіча, гэтая доля зніжаецца. Яшчэ на пачатку 2023-га Падляшша займала 12,85%. Прычына — асноўны паток беларускага рэлакаванага бізнэсу скіроўваецца ў сталіцу. Хоць на Падляшшы за год і з’явілася 202 новыя юрасабы з беларускім капіталам, інвестыцыйная прывабнасць рэгіёна зніжаецца.
Выручка ўпала, асабліва ў транспарце
Паводле даследавання, сукупная выручка беларускіх кампаній у Падляшшы за 2023 год склала каля 466,42 мільёна долараў, што крыху больш за 10,7% ад усёй беларускай дзелавой актыўнасці ў Польшчы. Але ў параўнанні з 2022 годам гэты паказчык паменшыўся прыкладна на 18%.
Галоўны ўдар прыпаў на транспартна-лагістычны сектар, які фарміруе каля 60% усёй выручкі беларускіх кампаній у рэгіёне. Падляшша і асабліва Беласток нават апярэджвалі Варшаву па колькасці зарэгістраваных транспартных кампаній, але не па аб'ёмах продажаў.
Другімі па важнасці галінамі з’яўляюцца гандаль і будаўніцтва, якія таксама адчулі наступствы санкцый і эканамічнага спаду.
Звяртае на сябе ўвагу і тое, што парог для ўваходу ў топ-25 знізіўся: у 2022 годзе кампаніі мусілі мець выручку ад 4,22 мільёна долараў, у 2023-м — ужо 4,05 мільёна.
Як адзначаюць аўтары даследавання, у параўнанні з 2022 годам, топ-25 змяніўся амаль на палову. Адной з прычын стала адсутнасць у адкрытым доступе справаздач. У выніку з топу былі выключаны такія буйныя кампаніі як Beleuroglass, BIRC Transport. Аднак асноўная прычына — узмацненне ціску санкцый.
Асобнай гісторыяй стала рэзкае падзенне гандлёвай кампаніі Incofer, якая яшчэ ў 2022 годзе ўвайшла не толькі ў топ-25 Падляшша, але і ў топ-100 усёй Польшчы. Выручка кампаніі, уласнікам якой з’яўляецца беларус і грамадзянін ЗША Канстанцін Карпушкін, дасягнула 6,04 мільёна долараў.
Але ўжо ў 2023 годзе кампанія страціла амаль увесь абарот (засталося толькі 983 тысячы долараў). Прычына — крымінальная справа ў ЗША супраць бацькі ўладальніка, Сяргея Карпушкіна, які быў прызнаны вінаватым у незаконных пастаўках металапрадукцыі з акупаванай часткі Украіны і асуджаны на 21 месяц з штрафам 4,7 мільёна долараў.

У выніку ў 2023 годзе кампанія знізіла актыўнасць амаль у шэсць разоў і выбыла з усіх рэйтынгаў.
Хто ўвайшоў у топ-5

Першае месца ў рэйтынгу заняла аўтатранспартная кампанія Bilax — адзін з найстарэйшых беларускіх бізнэсаў у Польшчы. Яна працуе з 2005 года, мае цэнтр у Беластоку і ўваходзіць у групу Belsys, звязаную з Беларуссю, Расіяй, Казахстанам і Латвіяй. Уласнікамі Bilax з’яўляюцца Андрэй Новікаў, Андрэй Куніцкі, Валянцін Сямёнаў і Яўген Гулевіч. Выручка кампаніі трохі зменшылася ў параўнанні з 2022 годам, але засталася найвышэйшай у рэгіёне.

На другім месцы таксама аўтатранспартная кампанія Azonik, зарэгістраваная ў 2021 годзе. Да нядаўняга часу яна была часткай холдынгу APS, які кантралююць Васіль Смятанін і яго партнёры.

Трэцяе месца ў кампаніі Komtec, якая займаецца дыстрыбуцыяй FMCG. Сярод яе партнёраў — Coca-Cola, Pepsi, P&G, Unilever. Уласнікі кампаніі — Ілля Каралевіч, Аляксей Карабан і Дзмітрый Ермалоўскі.

На чацвёртай пазіцыі апынулася WGT Group sp.k. (раней вядомая як Gaz-Group), якая была лідарам у 2022 годзе, але яго страціла з-за рэзкага падзення выручкі. Кампанія пастаўляе хімічныя і газавыя кампаненты кліентам у Еўропе, Кітаі, Лацінскай Амерыцы. Яе саўладальнік — беларус Аляксей Навіцкі.

Пятае месца заняла лагістычная кампанія BAGAT, якая працуе ў Беластоку з 2010 года. Заснавальнікі — Яўген Бохан і Яўген Тураў, якім належыць і другая кампанія ў гэтай жа галіне — BGT.

Поўны спіс топ-25 можна паглядзець па спасылцы.
Топ-100 кампаній Польшчы з беларускімі каранямі ўзначаліў EPAM, у спіс увайшла і кампанія Сахашчыка
Апублікаваны новы топ-100 самых паспяховых бізнэсменаў Беларусі
Вядомы айцішнік адкрыў кампанію ў Польшчы. Шэсць банкаў адхілілі заяўку на рахунак
Беларускага бізнэсоўца ў ЗША прысудзілі да 21 месяца турмы за абыход санкцый
Каментары