Навука і тэхналогіі

Распрацаваны першы за 50 гадоў антыбіётык супраць смяротнай супербактэрыі

Новы прэпарат дзейнічае інакш, чым усе існуючыя лекі, і можа закласці аснову для распрацоўкі новых метадаў лячэння. Кампанія-распрацоўшчык заявіла аб хуткім пачатку выпрабаванняў на людзях.

Засурабалпін (чырвоны) перашкаджае зборцы вонкавай мембраны клеткавай сценкі бактэрыі, што прыводзіць да яе гібелі. Фота: Juan Gaertner / Science Photo Library / Getty Images

Швейцарская фармацэўтычная кампанія Roche разам з навукоўцамі з Гарвардскага ўніверсітэта распрацавала першы за паўстагоддзя антыбіётык, які можа справіцца з Acinetobacter baumannii — устойлівай да лекаў бактэрыяй, якую СААЗ назвала прыярытэтнай пагрозай, а амерыканскія Цэнтры кантролю і прафілактыкі захворванняў — «надзвычайнай небяспекай».

Гэтая антыбіётыкаўстойлівая бактэрыя асабліва небяспечная для шпіталізаваных пацыентаў, бо выклікае цяжкія інфекцыі, такія як пнеўманія і сепсіс. Паводле ацэнак, ад 40 да 60 працэнтаў заражаных — сярод якіх шмат людзей з cаслабленым імунітэтам праз хваробы кшталту рака — паміраюць у выніку заражэння.

Асноўная складанасць у барацьбе з Acinetobacter baumannii — яе двайная клеткавая мембрана, праз якую цяжка прабіцца звычайным антыбіётыкам.

Новы прэпарат, які атрымаў назву засурабалпін (zosurabalpin), працуе інакш: ён уздзейнічае на спецыфічны бялковы механізм, які ў норме забяспечвае фарміраванне вонкавай абалонкі, але пад дзеяннем прэпарата гэты працэс парушаецца.

Такі механізм дзеяння не выкарыстоўваецца ў іншых антыбіётыках, таму прэпарат можа стаць асновай для стварэння цэлага пакалення новых лекаў. У лабараторных умовах і на грызунах засурабалпін паказаў «надзвычай эфектыўны» вынік, паведамляе часопіс Nature.

Кампанія-распрацоўшчык паведаміла, што засурабалпін пераходзіць у трэцюю, фінальную фазу клінічных выпрабаванняў, пачатак якой запланаваны на канец гэтага года або пачатак 2026-га.

У даследаванні прымуць удзел каля 400 пацыентаў з інфекцыяй Acinetobacter baumannii, устойлівай да карбапенемаў (CRAB), якія звычайна выкарыстоўваюцца як апошні сродак пры лячэнні цяжкіх інфекцый. Частка з іх атрымае новы прэпарат, іншыя — лячэнне паводле цяперашняга медыцынскага стандарту.

Мяркуецца, што ў выпадку поспеху прэпарат можа атрымаць дазвол на выкарыстанне да канца дзесяцігоддзя.

Як адзначае The Telegraph, раней фармацэўтычныя кампаніі, у тым ліку Roche, не спяшаліся распрацоўваць новыя антыбіётыкі, бо гэта не прыносіла прыбытку. Такія прэпараты выкарыстоўваюцца рэдка і толькі ў самых цяжкіх выпадках, каб не выклікаць устойлівасці бактэрый. У выніку продажы антыбіётыкаў малыя, а распрацоўка дарагая і працяглая. Таму фірмы аддавалі перавагу лекам, якія прыносяць больш прыбытку.

На сёлетняй Генеральнай Асамблеі ААН сусветныя лідары абвясцілі антымікробную ўстойлівасць адной з самых вострых глабальных пагроз для здароўя чалавецтва. Паводле прагнозаў ААН, калі не будуць прынятыя эфектыўныя меры, ужо да 2050 года антыбіётыкаўстойлівыя інфекцыі могуць забіваць да 10 мільёнаў чалавек штогод і справакаваць глабальны фінансавы крызіс.

Удзельнікі ААН падпісалі спецыяльную дэкларацыю, у якой абавязаліся стварыць незалежныя экспертныя панэлі для маніторынгу праблемы — па прыкладзе тых, што ўжо дзейнічаюць у галіне кліматычных зменаў. Акрамя таго, краіны паставілі перад сабой мэту скараціць колькасць смерцяў, звязаных з антыбіётыкаўстойлівасцю, на 10% да 2030 года.

Новы антыбіётык з незвычайным механізмам дзеяння не толькі дае надзею на лячэнне аднаго з самых небяспечных патагенаў, але і адкрывае шлях да з'яўлення цэлай лініі інавацыйных лекаў. 

Каментары

Цяпер чытаюць

Перасцярогі перад «новымі Жыткавічамі». Кіеў дарма бачыць пагрозу ў будаўніцтве мастоў цераз Прыпяць і Мухавец26

Перасцярогі перад «новымі Жыткавічамі». Кіеў дарма бачыць пагрозу ў будаўніцтве мастоў цераз Прыпяць і Мухавец

Усе навіны →
Усе навіны

Што пагражае беларусам, калі дзіця застанецца адно ў машыне ў спякоту2

Дрэва з вавёркай ды анёл з грудзямі. У Мінску прадаюць сталінку, дзе можна здымаць фэнтэзі3

ЗША і Іран абмяняліся новымі ўдарамі, паставіўшы пад пагрозу перамір'е2

Вызначыліся ўсе пары 1/16 фіналу чэмпіянату свету па футболе4

Сабакі супраць катоў: псіхолагі высветлілі, хто з іх больш узнімае настрой, а хто можа псіхалагічна нашкодзіць гаспадару2

Учора ў Беларусі было +33,9°С

Чарговая сенсацыя чэмпіянату свету: зборная ДР Конга выйшла ў плэй-оф

У Брэсце знайшлі памерлым сына расійскай праваабаронцы4

У друз. З'явілася фота наступстваў удару «Фламінга» па заводзе ў Валгаградзе, дзе могуць вырабляць «Арэшнік»12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Перасцярогі перад «новымі Жыткавічамі». Кіеў дарма бачыць пагрозу ў будаўніцтве мастоў цераз Прыпяць і Мухавец26

Перасцярогі перад «новымі Жыткавічамі». Кіеў дарма бачыць пагрозу ў будаўніцтве мастоў цераз Прыпяць і Мухавец

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць