Мова3333

Рускамоўная пісьменніца выйшла замуж за беларуса і склала незвычайны слоўнічак ягоных слоў, якіх ніколі раней не чула

Беларусы ў каментарах з зайздроснай упартасцю даказваюць жанчыне, што гэта небеларускія словы. 

Ірэна Кваснеўская. Фота з сацсетак

Ірэна Кваснеўская нарадзілася ў Польшчы, але паспела ў свой час пажыць у Расіі, Беларусі і іншых савецкіх рэспубліках. Ірэна гадуе пяцёра дзяцей, а таксама пачала пісаць кнігі на рускай мове.

Тры гады таму яна выйшла замуж за беларуса, і за гэты час яе слоўнікавы запас, як яна сама прызнаецца, неверагодна ўзбагаціўся. Ірэна апублікавала ў Threads доўгі спіс слоў, якія пачула ўпершыню ад мужа, з уласным тлумачэннем іх значэння. Допіс ужо сабраў больш за пяць соцень каментарыяў — большасць ад беларусаў, якія таксама не чулі ніколі большасць з гэтых слоў.

View on Threads

Для зручнасці мы адаптавалі беларускае напісанне слоў і, калі трэба, суправадзілі дадатковымі каментарамі:

Кáлечны — плохой. Калічны, каліч — словы, якія ўтвораныя ад слова «калека», звычайна імі апісваюць людзей, якія робяць нешта як калекі, ці рэчы, якія маюць істотныя дэфекты. У рускамоўных тэкстах можна адшукаць такое слова, але такога пашырэння як у беларускай (і беларускім варыянце рускай) яно не мае.

Вахлак — нехороший человек, недотепа. Беларускія слоўнікі даюць наступнае тлумачэнне: вахла́к — нерастаропны, прастакаваты, а таксама неахайны з выгляду чалавек. Не вахлакі ж тут сядзяць.

Чапушыла — странный человек. Небеларускае слова, якое прыйшло з турэмнага жаргону, дзе азначае чалавека нізкага статусу.

Нямоглы — «ну тут понятно». Слабы, хваравіты.

Шмурдзяк — некачественный алкоголь. Жаргоннае слова з рускай мовы. Нядаўна гэтым словам у Расіі называлі віно беларускага разліву.

Бырла — некачественный алкоголь. Гэтае слова, якое азначае таннае пладова-ягаднае віно, відаць, вядомае паўсюль. 

Этыкетка пладовага напітку «Крыжачок».

Крыжачок — самогон. Крыжачок — марка таннага беларускага пладова-ягаднага віна. 

Плужара — см. вахлак. Відаць, тое ж, што і плугар, чалавек, які стаіць за плугам. Плужарам ці проста плугам называюць фізічна моцнага, але прастакаватага хлопца, пераважна з сяла. Але ў беларускай мове такое слова не зафіксавана. 

Уплужыць — угенатать. Плугаваць ці плужыць — значыць абганяць, акучваць бульбу. Натуральна, што калі перастарацца, то можна яе ўплужыць.

Засаніць — усыпить. Слова вядомае ў цэнтральнай Беларусі і азначае 'закалыхаць'.

Залюляць — укачать. Агульнавядомае беларускае слова, якое азначае 'давесці да дрымоты, да сну, люляючы'. 

Мурзаты — чумазый. Агульнавядомае беларускае слова, якое азначае чалавека з запэцканым, брудным тварам. 

Балэбка — пляцек. Блін, аладка, дранік. Відаць, нейкае абласное слоўца, якое незафіксаванае ў слоўніках.

Руп'ём — настырно. Рап’ём — абласное слова, якое азначае 'неадчэпна, назойліва'. Кінуцца рап'ём — тое ж самае, што і кінуцца стрымгалоў.

Пальчаткі — перчатки. Агульнавядомае беларускае слова.

Закарэлы — прикипевший. Агульнавядомае беларускае слова.

Гаранцаваць — горячиться. Абласное слова з Астравецкага раёна. У слоўніках зафіксавана адзін прыклад яго ўжывання: гаранцаваць як Вінцэсь у танцы.

Рупіць — «не знает, как объяснить». Рупіць — гэта форма рупець, якое значыць турбаваць, не даваць спакою.

Пасаг — приданое. Агульнавядомае беларускае слова.

Шалбабон — голова как большой и нефункциональный предмет, типа «бубен», а может быть тупой человек. Гэта абласное слова, якое фіксуецца на паўночным захадзе Беларусі. Шалбабон — гэта дэкаратыўная або проста любая фасоля. 

Худабздзей — худой человек. Менавіта такога слова слоўнікі не фіксуюць, а вось роднаснае слова сухабздзей у значэнні ’хударлявы чалавек’ фіксаваў яшчэ Яўфім Карскі.

Махлаты — неопрятный. Махла, махлаты — гэта бяздумны, ветраны чалавек. 

Пятрушыцца — трахаться, возиться. Відаць, варыянт слова ператрушваць — патрэсваць пераварочваючы, ператрасаць.

Перакуліцца — наклониться, перехилиться. Агульнавядомае беларускае слова.

Саматужна — самостоятельно. Агульнавядомае беларускае слова. Саматужны — гэта той, які вырабляецца ўручную або мае адносіны да вытворчасці дамашнім, ручным, не фабрычным спосабам.

Казычыць — чесать, ковырять. Варыянт агульнавядомага слова казытаць — выклікаць лёгкае нервовае раздражненне, датыкаючыся да скуры.

Кныр — чувак. Агульнавядомае беларускае слова. Першапачаткова кныр — гэта самец свінні, якога пакінулі для атрымання патомства. Параўнанне з жывёлай — адзін з самых папулярных спосабаў абразіць. У суседніх славянскіх мовах ёсць аналагічнае слова — але ва ўсіх яно гучыць як кнур і толькі ў беларускай мае ўнікальную агаласоўку, якая не мае вытлумачэння.

Чарапан — пренебрежительное к младшим, чувак, сопляк. Выглядае як сучаснае слэнгавае слова, якое паходзіць ад чэрапа, які ў малых дзяцей непрапарцыйна вялікі адносна астатняга цела. У дыялектах рускай мовы гэтым словам абазначаюць ганчара. Падобна да слова шкет, які таксама называюць малых хлопцаў. 

Нядойшлы — недоделанный. Варыянт агульнавядомага слова нядошлы — кволы, слабы, хваравіты.

Няўдалы — неудачный. Агульнавядомае беларускае слова.

Бімбос — все что угодно, бессмысленный чувак. Варыянт абласнога слова бімбус — здаровы, тоўсты, гультаяваты падлетак.

Пацёганы — потертый, потасканный. Варыянт агульнавядомага слова пацяганы.

Лахаць — орать. Нягледзячы на тое, што сёння гэтае слова ўспрымаецца выключна як сінонім да слоў смяцца ці рагатаць, утварылася яно ад слова лаяць, то бок крычаць на каго-небудзь абразлівымі словамі, так што лахаць — гэта таксама 'плявузгаць, брахаць, казаць несусвецце'.

Зяваць — орать. Усё так, зяваць — гэта не толькі пазяхаць, але гучна крычаць, лаяцца: «Чаго ты зяваяш на ўсё горла». А зявасты чалавек — крыклівы. У такім значэнні гэтыя словы найчасцей ужываюцца на ўсходзе Беларусі.

Гачка — сельскохозяйственное орудие. Агульнавядомае беларускае слова, якое фіксуецца ад Палесся да Віцебшчыны, якое чамусьці не ўнесена ні ў якія слоўнікі, акрамя дыялектных. Гачка — гэта звычайная матыка.

Махляр — обманщик. Агульнавядомае беларускае слова.

Пуцаты — щекастый (пуцкі — детские щёчки). Гэта абласное слова, якое фіксуецца на паўночным захадзе Беларусі. 

Піптучок (піптук) — «неясная хрень, обычно используется в отношении магнитного штекера, ниппеля или другого соединения». Відаць, варыянт слова піпка, якім абазначаецца кончык чагосьці (ці мужчынскі палавы орган).

Растыка — кто-то неловкий и бессмысленный. Гэта, відаць, запазычанне з рускай мовы, бо беларускія слоўнікі такога не фіксуюць. 

Акрамя таго, ад мужа Ірэна даведалася пра некаторыя беларускі прымаўкі:

«Памірай, а жыта сей», «працуюць як мокрае гарыць», «што згарыць, тое не згніе», «есць як на плот вешае», «раве як свіння ў плоце», «спіць як пшаніцу прадаўшы», «чалавек добры, але гаўном серыць», «насіліся як камфар у бздзінах», «гультай за работу, мазоль за руку», «як сярпом па кілах», «гэта вам не конікаў з гаўна ляпіць», «не лезь на дах, не псуй гонту», «носа не дастаць і сажнем», «гай шуміць і футра заварочваецца».

«Гэта не беларуская мова!»

Як можна здагадацца па геаграфіі некаторых абласных слоў, муж Ірэны паходзіць з паўночна-заходняй Беларусі, колішняй Віленшчыны. У каментарах яна прызнаецца, што яе муж не з вёскі, а з Астраўца.

Зрэшты, рускамоўныя беларусы ў каментарах упарта спрабуюць пераканаць Ірэну, што такіх слоў у беларускай мове не існуе, бо яны ніколі іх не чулі.

«Як беларус магу сказаць, што больш за палову з гэтага або лютыя вузка рэгіянальныя штукі, або наогул выдумкі вашага мужа», — катэгарычна заяўляецца ў самым лайканым каментары пад допісам.

«Гэта не беларускія, гэта дыялектныя словы ў большасці сваёй. Верагодна, муж з вёскі?»

«Як мінчук сарака гадоў скажу, што каля паловы слоў чую ўпершыню».

«Да беларускай мовы амаль усё гэта не мае ніякага дачынення».

«Я з Гродзенскай вобласці, з вёскі, і такой бязглуздзіцы ў жыцці не чула».

«Я з Гродна, але ведаю толькі 30% з гэтых слоў. Думаю, што справа не ў вузкім дыялекце.

Мабыць, у вашага мужа продкі розных нацыянальнасцяў, і ад кожнага набралі патроху, а штосьці наогул у бацькоўскай сям'і выдумалі».

«Сумесь польскага і ўкраінскага дыялекту прасочваецца, але многае — проста жарганізмы».

Чамусьці некаторым з каментатараў не прыйшло нават у галаву, што Ірэна, якая жыве ў Польшчы, здолела б пазнаць польскія запазычанні, калі б яны былі ў яго мове. 

32 з 39 прыведзеных словаў адназначана апазнаюцца як беларускія, няслэнгавыя і нежаргонныя. З іх толькі 6 з'яўляюцца выразна абласнымі, а астатнія шырока распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі. 

Можна зразумець, што словы пададзены ў рускім варыянце, без кантэксту, з прыкладным перакладам, а таму, натуральна, можна не разумець іх значэнне. Але ж апазнаць многія вельмі проста — дзесьці знаёмыя асновы, а дзесьці само гучанне падказвае значэнне: пуцатым можа быць толькі нешта надзьмутае, а абсалютна загадкавымі словамі бімбос і шалбабон, ведаючы логіку беларусаў, маглі назваць толькі нейкіх гультаёў ды небаракаў. 

Куды знікла моўная інтуіцыя беларусаў? Ці веданне беларускай мовы нават у вёсках дайшло да такога фармальнага ўзроўню, што яе багатая лексіка ўжо не распазнаецца вухам як сапраўдная, а гучыць як тарабаршчына?

Слоўнічак невядомага ўраджэнца Астраўца, які аказаўся носьбітам сапраўднага моўнага скарбу, дае нагоду задумацца пра тое, колькі сапраўдных беларускіх слоў мы ўжываем у рускай мове, нават не ведаючы, што яны будуць незразумелымі небеларусам — мурзаты, закарэлы, калічны, — а таксама прыгадаць пра тое, якую ўнікальную моўную спадчыну пакінулі нам нашыя бабулі і дзядулі. Кожны беларус можа скласці свой такі слоўнічак і падзяліцца ім з іншымі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары33

  • Ё
    22.05.2025
    Ізноў рускамоўная як эталон. А палова словаў нават не беларускія. НН, хопіць жыць у расейскай прасторы.
  • Жэсьць
    22.05.2025
    Пісьменьніцу польскага (!) паходжаньня зьдзіўляюць словы «кныр» (параўн. knur), «пасаг» (wyposażyć, wyposażenie – у тым ліку ў значэньні wyposażyć żonę), «нядойшлы» (niedoszły)?! Ня маю словаў...
  • Dzianis
    22.05.2025
    Лахаць паходзіць ад нямецкага lachen што значыць смяяцца.

Цяпер чытаюць

Адзін з пілотаў спрабаваў накіраваць самалёт у зямлю, другі перашкодзіў гэтаму. Драматычныя падзеі на борце з Дубая ў Тэль-Авіў8

Адзін з пілотаў спрабаваў накіраваць самалёт у зямлю, другі перашкодзіў гэтаму. Драматычныя падзеі на борце з Дубая ў Тэль-Авіў

Усе навіны →
Усе навіны

У Смаргонскім раёне аднавілі каплічку, якую знёс п’яны кіроўца. Але не так4

«Вусы Мулявіна» і «Крынж Еўфрасінні»: блогер АйЦіБарада зрабіў Alias па-беларуску5

У Латвіі рэзка павялічыўся збожжавы транзіт з Беларусі. За дзевяць месяцаў у 913 разоў больш, чым за ўвесь мінулы год12

У Расіі разбіўся стратэгічны бамбардзіроўшчык Ту-9518

Жанчына спрабавала патаемна правезці ў Беларусь пяць экзатычных яшчарак1

Заява Трампа аб перайменаванні штучнага інтэлекту выклікала бум інтэрнэт-даменаў у Славеніі1

«Шпіён у кішэні»: расійскі месенджар Max сочыць за карыстальнікамі і дапамагае блакаваць VPN13

Стваламазгавы імплант упершыню паставілі беларускаму дзіцяці. Хлопчык нарадзіўся цалкам глухім2

У Францыі пратэстуюць школьнікі. Затрыманыя больш за 160 чалавек11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Адзін з пілотаў спрабаваў накіраваць самалёт у зямлю, другі перашкодзіў гэтаму. Драматычныя падзеі на борце з Дубая ў Тэль-Авіў8

Адзін з пілотаў спрабаваў накіраваць самалёт у зямлю, другі перашкодзіў гэтаму. Драматычныя падзеі на борце з Дубая ў Тэль-Авіў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць