Свет11

Трамп цёпла прыняў прэм’ера Італіі Мелоні. Сказаў, што не вінаваціць Зяленскага ў вайне ва Украіне

Прэм’ер-міністр Італіі Джорджа Мелоні першай з еўрапейскіх лідараў прыляцела ў Вашынгтон пасля ўвядзення Трампам мытных пошлін на імпарт з амаль усіх краін свету, у тым ліку з Еўропы, і была вельмі цёпла сустрэта прэзідэнтам ЗША, піша Бі-бі-сі.

Фота з інстаграма Джоржы Мелоні

Джорджа Мелоні прадстаўляе ідэйна блізкую Трампу нацыянал-кансерватыўную партыю «Браты Італіі», і хоць Трамп кепска ставіцца да Еўрасаюза ў цэлым, для Мелоні ён робіць выключэнне. Яна была адзінай еўрапейскай лідаркай на яго інаўгурацыі.

«Я лічу, што яна — цудоўная прэм’ер-міністр. Яна фантастычна добра працуе. Яна — адна з сапраўдных сусветных лідэраў», — сказаў Трамп перад перамовамі за зачыненымі дзвярыма.

Пры гэтым Джорджа Мелоні — даволі праеўрапейскі палітык, яна падтрымлівае адзінства і інтэграцыю краін Еўрасаюза, а таксама актыўна выказваецца за падтрымку Украіны і супрацьдзеянне Расіі. Таму лідары іншых еўрапейскіх краін спадзяюцца, што яна зможа падштурхнуць Трампа да заключэння гандлёвай дамовы з ЕС і дапаможа пазбегнуць вялікай гандлёвай вайны.

Перад пачаткам перамоваў Джорджа Мелоні сказала, што мэта яе візіту — пачаць перамовы і запрасіць Трампа ў Італію, дзе яна спадзяецца арганізаваць яго сустрэчу і з іншымі еўрапейскімі лідарамі.

Пасля перамоваў яна паведаміла, што Трамп прыняў запрашэнне ў Рым.

Пры гэтым пра гандлёвую дамову паміж ЗША і Еўрасаюзам Трамп і Мелоні пры журналістах амаль не казалі — Трамп перад сустрэчай адзін на адзін заявіў толькі, што яна «на 100 працэнтаў будзе, але яна будзе сумленнай».

Трамп і Мелоні аддавалі перавагу тэмам, у якіх у іх няма разыходжанняў — такім, напрыклад, як іміграцыя. 

Прэс-канферэнцыю пасля перамоваў Мелоні пачала з заявы, што яны з Трампам — саюзнікі ў барацьбе з левай ідэалогіяй і палітыкай DEI («разнастайнасць, роўнасць і інклюзіўнасць»). Носьбіты гэтай ідэалогіі, паводле яе слоў, хочуць знішчыць гісторыю заходніх краін. Трамп згодна ківаў.

Затым Мелоні, перафразаваўшы лозунг Трампа «зробім Амерыку зноў вялікай», сказала, што ЗША і Еўропа разам павінны «зрабіць Захад зноў вялікім».

Мелоні ў размове з Трампам пастаралася «націснуць на ўсе правільныя кнопкі».

Зяленскі ўжо не развязваў вайну

У ходзе прэс-канферэнцыі журналісты задалі Трампу і Мелоні некалькі пытанняў пра Украіну.

Мелоні яшчэ ў уступным слове зноў падкрэсліла, што ЗША і Еўропа павінны быць адзінымі: «Мы разам абаранялі свабоду Украіны, і мы разам можам дамагчыся трывалага міру».

Трамп, у прыватнасці, выказаў словы, з якіх вынікае, што ён ужо зноў не вінаваціць прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў тым, што той развязаў вайну. «Я не ўскладаю адказнасць на Зяленскага, але я не тое каб у захапленні ад таго, што гэтая вайна пачалася. Я не вінавачу яго, я проста кажу, што я б не сказаў, што ён выдатна справіўся. Добра? Я не вялікі прыхільнік», — сказаў Трамп.

Журналісты спыталі Трампа, колькі часу ён дае Пуціну, каб адказаць на прапановы пра спыненне агню, перш чым уводзіць новыя санкцыі.

Трамп адказаў толькі, што ён атрымае нейкі адказ ад Расіі на гэтым тыдні.

Трампа спыталі, ці варта Італіі ўдзельнічаць у фарміраванні еўрапейскага ваеннага кантынгенту ва Украіне. Ён адказаў, што гэта справа Італіі, і дадаў: «Да місій міру я заўсёды нармальна стаўлюся».

Каментары1

  • Хворбз
    19.04.2025
    Вось бы хто выправіў Зяленскага да Мэлоні-ўзяць пару урокаў вядзеньня перамоў.Глядзіш і лічылася б у Белым доме Украіна праамерыканскай,а не праглабалісцкай дзяржавай.

Цяпер чытаюць

Лукашэнка паказаўся ў Амане толькі на чацвёрты дзень візіту — дома ў султана. З ім Віктар і Коля12

Лукашэнка паказаўся ў Амане толькі на чацвёрты дзень візіту — дома ў султана. З ім Віктар і Коля

Усе навіны →
Усе навіны

Алексіевіч: Са мной вельмі шмат спрачаюцца, але руская мова невінаватая83

Яшчэ адзін мінскі гандлёвы цэнтр упрыгожылі да святаў — там спяваюць пінгвіны4

Навукоўцы нарэшце раскрылі таямніцу вострава Пасхі. У гэтым дапамаглі больш за 11 тысяч фота з дронаў5

З’явіўся брэнд гарсэтаў у беларускім стылі ФОТАФАКТ3

«Цана касмічная»: сала ў Беларусі стала раскошай12

У Расіі вызначылі шорт-ліст слоў года. Восем з дванаццаці запазычаныя з англійскай мовы3

Чым вабіць начная экскурсія, за якой ганяецца ўвесь Мінск2

Калі баляць суставы — доктар патлумачыў, што вы кожны дзень робіце не так

Караль Наўроцкі адмяніў сустрэчу з Орбанам з-за яго візіту ў Маскву10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка паказаўся ў Амане толькі на чацвёрты дзень візіту — дома ў султана. З ім Віктар і Коля12

Лукашэнка паказаўся ў Амане толькі на чацвёрты дзень візіту — дома ў султана. З ім Віктар і Коля

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць