Кіно

«Лі»: фільм пра фатографку часоў Другой сусветнай з Кейт Уінслет

Адгрымела ў пракаце «Субстанцыя» ад рэжысёркі Каралі Фаржа з зорнай Дэмі Мур, і цяпер у свеце выходзіць зусім іншая, але не менш жаночая гісторыя. Гэта «Лі» (Lee), кіно пра фатографку Другой сусветнай, якую сыграла Кейт Уінслет.

Фота: кадр з трэйлера

Лі Мілер — рэальная гістарычная асоба, якая памяняла, здаецца, занадта шмат амплуа для аднаго жыцця. Некалі мадэль у ЗША, пазней Мілер перабралася ў Парыж, дзе занялася фатаграфіяй. У канцы 1942-га гэта прывяло яе на фронт, дзе Лі стала ваеннай фатографкай. А пасля вайны і цяжкай дэпрэсіі занялася кухарствам і трапіла пад падазрэнні ў шпіянажы на карысць СССР.

Фільм апісвае жыццё Мілер у двух часах. Першы — перыяд з канца 1930-х да канца вайны, дзе Лі ператвараецца з моднай фатографкі ў ваенную карэспандэнтку. 

Мілер таго часу — экстравагантная прыгажуня, здольная, напрыклад, агаліцца цягам свецкай гутаркі за абедам. Яна пераязджае ў Вялікабрытанію з новым каханым, мастаком Роландам Пенроўзам, і выбівае сабе месца фатографкі ў брытанскім Vogue. У Лондане Мілер бачыць нацысцкія бамбёжкі і вырашае, што фронт — тое месца, дзе яна як журналістка цяпер мусіць быць.

Паралельна з гэтым у стужцы разгортваецца другі пласт гісторыі: у 1977-м састарэлая Лі гутарыць з маладым журналістам у атачэнні фотаздымкаў ваеннага часу. І тут сцэнарысты спрабуюць укласці ў вусны Мілер-Уінслет разважанні пра былое: яна кажа, што, нават калі хацела адвярнуцца і не глядзець на жахі вайны, ведала, што не можа, і шукае адказ на пытанне, няўжо ж у тыя апошнія перадваенныя часы не было бачна, як набліжаецца катастрофа. Але ж гэтыя разважанні так і застаюцца на ўзроўні некалькіх сказаў, нібыта выпадкова прамоўленых жанчынай са шклянкай віскі. Тут стваральнікі «Лі», відавочна антываеннага па змесце фільму, губляюць магчымасць перадаць пасланне стужкі яшчэ больш пераканаўча.

Фота: кадр з трэйлера

Але ж свой шанц гэта зрабіць не губляе сама Кейт Уінслет. Яна ўпэўнена перадае трансфармацыю Лі — як прафесійную, так і трансфармацыю яе як чалавека, які паступова пазнае жудасную сутнасць вайны. Ігра Уінслет — той выпадак, калі актрысе не трэба ніякіх хітрыкаў, каб быць пераканаўчай, калі яна здольная граць толькі вачыма ды маленькімі мускуламі твару і ўсё роўна ўдыхаць жыццё ў фільм. 

Цяжка не заўважыць, што «Лі» спрабуе паказаць вайну шмат у чым з жаночага боку, і рэч не толькі ў перспектыве самой Мілер. Гаворка пра эпізоды, сведкай якіх яна становіцца — эпізоды, якія маглі б прайсці міма аб’ектыва камеры, калі б гэтая камера належала фатографу-мужчыне. Вось побыт жанчын на вайсковай базе, вось у вызваленым горадзе юнак спрабуе згвалціць мясцовую жыхарку, а вось жанчыны, толькі нядаўна зняволеныя ў канцлагеры, дзеляць паміж сабой хлеб — і Лі развязвае свае валасы, каб паказаць, што і яна — жанчына, што яна не зробіць ім шкоды. 

Асобна тут стаіць гісторыя Саланж д’Аен, францужанкі і сяброўкі Мілер, бліскуча сыгранай Марыён Каціяр. Саланж аддадзена толькі некалькі эпізодаў экраннага часу (дарма!), але гэта ўражвальная гісторыя, і яна зноў пра трансфармацыі — як за некалькі гадоў вайны змянілася поўная жыцця арыстакратка.

Прыгожая даніна памяці Лі — тое, як у фільме спрабавалі адрадзіць гісторыі, што стаяць за яе знакавымі фота. У стужцы ўвогуле шмат значных ліній: Мілер і вайна, Мілер і яе каханы, які хоча вярнуць яе з вайны дахаты, Мілер і змаганне са стэрэатыпамі наконт ваеннай фатографкі-жанчыны, багата гісторый, якія Лі бачыць на вайне, але якія растаюць адна ў адной, бо ім проста не дадзена дастаткова экраннага часу.

Фота: кадр з трэйлера

Зразумела, што кожную гісторыю не раскажаш, і што так яно і было ў жыцці сапраўднай Лі. Яна не магла надаваць кожнаму лёсу дастаткова ўвагі, і так гэтыя людзі і праляталі ў яе жыцці, як знічкі.

Відавочна, аднак, што ў стваральнікаў «Лі» атрымалася эмацыйна ўражвальнае антываеннае кіно, што вельмі своечасова, і не дзіва, калі ў сакавіку Кейт Уінслет атрымае за гэтую ролю другі «Оскар» у сваім жыцці. Здаецца, што гэтая ўзнагарода, калі яна будзе, акажацца ў багажы «Лі» адной з нешматлікіх, калі не адзінай.

Кіно, аднак, атрымалася вартым прагляду — дзякуй Уінслет. Калі вам у кіно важная візуальная частка, «Лі» таксама не расчаруе. Але культавым гэтаму баёпіку не быць.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

Цемнаскуры студэнт у Мінску паскардзіўся Лукашэнку на дарагую кока-колу. Ужо выбачаўся, але міліцыя ім зацікавілася6

Цемнаскуры студэнт у Мінску паскардзіўся Лукашэнку на дарагую кока-колу. Ужо выбачаўся, але міліцыя ім зацікавілася

Усе навіны →
Усе навіны

У Клецкім раёне на Дажынкі зладзілі шэсце па вёсцы. Здалёк яно нагадвала пахавальную працэсію ВІДЭА6

Стала вядомай прычына, па якой забаранілі спектакль «Сёстры Грым» у сталічным Тэатры лялек4

Беларусы пікетавалі пасольства Германіі ў Вільні, патрабуючы пакарання для садыста Шынвізэ8

Святар Аляксандр Кухта прызнаўся, што супрацоўнічае з «Байсолам», і расказаў, як працуе гэта арганізацыя5

Мінгандлю выпадкова зліло дакумент, у якім паказала, як і за што налічвае прэміі12

Лукашэнка даручыў Галоўчанку дапрацоўваць праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступную пяцігодку3

Пракоп’еў пра скандал вакол Стрыжака: Не трэба кожны выпадак дрэнных манер аналізаваць праз гендар. Гэта пашляціна, яно перашкаджае перамагчы Пуціна18

Суд Бабруйскага раёна прызнаў «экстрэмісцкім» сайт Рады міністраў Паўночных краін

Лукашэнка раскрытыкаваў птушкафабрыкі за парушэнне санітарных нормаў. А сам хадзіў па адной з іх з Умкам8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Цемнаскуры студэнт у Мінску паскардзіўся Лукашэнку на дарагую кока-колу. Ужо выбачаўся, але міліцыя ім зацікавілася6

Цемнаскуры студэнт у Мінску паскардзіўся Лукашэнку на дарагую кока-колу. Ужо выбачаўся, але міліцыя ім зацікавілася

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць