Грамадства88

У экс-міліцыянта з жонкай у эміграцыі нарадзіліся двайняты, але яго прызналі «пагрозай нацбяспекі». На што сям'я пайшла, каб легалізаваць дзяцей?

Іван* у свой час працаваў у праваахоўных органах, але яшчэ ў 2019 годзе звольніўся з органаў. Разам з жонкай Наталляй яны жылі ў адным з пратэсных раёнаў Мінска і не збіраліся з’язджаць. Але восенню 2021-га да іх з ператрусам прыйшоў ГУБАЗіК. Потым былі допыты, пагрозы, 15 сутак Акрэсціна для Наталлі, хуткія ўцёкі Івана з Беларусі і спробы пабудаваць жыццё наноў у Грузіі.

Але пасля пачатку вайны ва Украіне Івану адмовілі ў ДНЖ, прызнаўшы яго «пагрозай нацыянальнай бяспекі», як многіх беларусаў і рускіх.

На той момант пара ўжо чакала двайнят. Пачыналася поўная крутых паваротаў дарога з місіяй — легалізавацца самім і легалізаваць будучых дзяцей без пашпартоў за мяжой. Яны падзяліліся сваёй гісторыяй з «Нашай Нівай».

*Мы не публікуем сапраўдныя імёны герояў па іх просьбе.

Частка першая: ГУБАЗіК, Акрэсціна і ўцёкі

У кватэру Наталлі і Івана прыйшлі восенню 2021-га. У пастанове на ператрус, па словах Наталлі, было каля дзесяці розных артыкулаў Крымінальнага кодэкса, па якіх хацелі праверыць менавіта яе. Сілавікі падчас вобшуку вялі сябе досыць прыстойна. Забралі з сабой тэхніку, ноўтбук, тэлефон, планшэт і затрымалі Наталлю.

Ужо ў ГУБАЗіКу пачаліся пагрозы — дзяўчыне казалі, што яна сядзе надоўга, калі не раскажа, адмінам якога чату была — яны былі ўпэўненыя, што яна адміністравала чат свайго раёна, які быў вельмі пратэсна актыўны. Пужалі, што муж не дачакаецца і што яна ніколі не народзіць дзяцей, бо выйдзе з турмы старародзячай. Абяцалі выкінуць яе жывёл на вуліцу і затрымаць Івана таксама. Адзін з супрацоўнікаў, раззлаваўшыся, што нічога не можа дабіцца, схапіў Наталлю за твар і моцна штурхануў.

Акрэсціна. Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Пакуль Наташа была замкнёная на Акрэсціна 15 жудасных сутак па адміністрацыйным артыкуле 24.3 (непадпарадкаванне), яе муж спачатку хаваўся ў сяброў, а потым папрасіў знаёмага арганізаваць для яго ад’езд у Расію.

«Калі мне распавялі, што ў нашу кватэру прыходзілі яшчэ раз, раскідаўшы там усе рэчы, адзенне, крупы, а пазней — перадаўшы мне персанальнае «прывітанне», я вырашыў з’язджаць.

Ехаў лясамі-палямі да мяжы з Расіяй. У Маскве я прабыў да вызвалення Наташы. Потым па такой жа схеме мы арганізавалі паездку ёй, а з Масквы праз Ерэван уляцелі ў Тбілісі. Канчатковым пунктам быў Батумі».

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Частка другая: цяжарнасць, думкі пра Аргентыну і «пагроза нацбяспекі» для Грузіі

Іван адкрыў у Батумі фірму, справы ў кампаніі ішлі добра.

«Калі мы толькі пераехалі, у Батумі было рэальна кайфова. Сэрвіс, канечне, быў ніжэйшы за сярэдні, але і за адносна нізкую цану. Аднак калі ўжо пачалася вайна з Украінай і пайшла хваля рэлакацый, то ўзляцелі цэны на нерухомасць, на іншае таксама выраслі. Гэта было прадказальна, але я не чакаў, што разам з гэтым вырасце ўзровень ахранеласці асобных грамадзян — людзі нібыта схапілі ці то зорку, ці то бога за бараду, калі мелі хату ў Батумі», — дзеліцца ўражаннямі Іван.

Арэндную плату за іх кватэру паднялі ў два разы — з 350 даляраў да 700, а на летні сезон — да 800.

Сітуацыя напалілася, калі мужчыне адмовілі ў ДНЖ. Прытым што на той момант Наташа была ўжо цяжарная: пара чакала двайнят. Без дакументаў у бацькоў немагчыма было забяспечыць іх дзецям.

«Я вырашыў абскардзіць адмову, пайшоў да грузінскага адваката. Ён мяне супакойваў, што гэта памылка, маўляў: ты ж дырэктар фірмы, у цябе заробак — некалькі тысяч, сям’я, дзеці — 90%, што табе суддзя проста на месцы сам выпіша ДНЖ. Тым больш першапачаткова мы ўвогуле думалі падаваць мяне на грамадзянства за інвестыцыі ў эканоміку: у маёй фірмы хапала абароту.

У выніку маю справу разглядалі хвілін 20 — і зноў адмова з фармулёўкай «пагроза нацыянальнай бяспецы», — расказвае Іван.

«Быў варыянт ісці ў Вярхоўны суд, але там такая практыка, што зноў можна прачакаць паўгода і нічога. Бо судовае рашэнне прымаецца на падставе даных ад мясцовых органаў бяспекі. А яны ляпілі «пагрозу» на многіх замежнікаў, асабліва беларусаў і рускіх пасля вайны.

Каб вы разумелі, за нейкі час да ад’езду з Грузіі я падаў 10 супрацоўнікаў сваёй кампаніі на ДНЖ, сярод іх 9 былі рускія і адзін украінец. Здагадайцеся, хто атрымаў докі? Толькі ўкраінец. Астатнія таксама былі прызнаныя пагрозай». 

Наталля кажа, што прадчувала нядобрае, таму яшчэ да другой адмовы мужа задумвалася над тым, каб паехаць нараджаць у Аргентыну, каб у дзяцей дакладна былі пашпарты, якія там выдаюцца па нараджэнні.

«Мяне ўсе адгаворвалі: якая Аргентына, ты ж цяжарная, куды ты праз акіян паляціш. Супакойвалі, што прыдумаецца нешта. У пачатку верасня 2022-га Івану, акурат, адмовілі ў ДНЖ, і я тады вырашыла ляцець у Аргентыну. Але пакуль дамовілася з усімі, ужо было нельга: арганізацыя, якая дапамагала з гэтым, не хацела браць на сябе рызыку. На 30-м тыдні з двайнятамі — гэта лічыцца складаным выпадкам», — удакладняе Наталля.

Калі дзеці нарадзіліся, пара асэнсавала, у якой яны сітуацыі: на руках — толькі пасведчанні аб нараджэнні, пашпартоў няма, ДНЖ не даюць. У Грузіі для беларусаў існуе правіла абнуляць сваё знаходжанне там кожныя 365 дзён, пакідаючы краіну, а нават гэтага яны не маглі б зрабіць без дакументаў на нованароджаных.

«Мы пачалі шукаць варыянты, што рабіць. Самым апошнім для нас было — паляцець мне з няняй і малымі ў Беларусь і рабіць там пашпарты, пакідаючы Ваню ў Грузіі, бо яму больш небяспечна (з улікам яго працы ў органах) у мінулым, чым мне. А я нібыта маці з немаўлятамі — могуць і не чапаць. І калі пачалася вайна, мы бачылі, што шмат якіх дзяцей украінцаў потым вывозілі толькі з дакументамі падарожнікаў на руках, і мы падумалі, можа, гэта і наш варыянт? Напісалі ў Беларускі дом у Варшаве і польскаму консулу ў Грузіі. Ён нам праз нейкі час адказаў і дазволіў падавацца на візы. Але з дзецьмі… Іх візы не было куды ўклеіць фізічна. У нашы пашпарты? Дык, можа, гэта не нашы дзеці, і мы іх проста скралі — такія маглі ўзнікнуць падазрэнні».

Тады на маладзёнаў выйшаў прэс-аташэ польскай амбасады, з якім яны абмяркоўвалі магчымае вырашэнне сітуацыі.

«Яшчэ адзін з варыянтаў быў — Ваня ляціць у Польшчу, робіць там ДНЖ, на аснове яго робіць дакумент падарожжа для дзяцей, прывозіць яго ў Грузію, і тады я з малымі магу прыляцець. Але гэта зацягнулася б на 6-9 месяцаў. Узважыўшы ўсё, вырашылі, што паспрабуем зрабіць у беларускім консульстве дзецям пасведчанні на вяртанне ў Беларусь і пакажам іх прэс-аташэ — усё ж яны выглядаюць амаль як пашпарт і, што самае галоўнае, там ёсць куды ўклеіць візы», — працягвае Наталля.

У выніку сям’я так і зрабіла.

Пасведчанне на вяртанне ў Беларусь. Фота: foursquare.com

Частка трэцяя: допыты ў Беларусі і на мяжы Грузіі

«Быў жа момант, калі я ўжо была цяжарная, на трэцім-чацвёртым месяцы, і таксама пайшла ў консульства. Я згубіла пашпарт і не ведала, што рабіць. Мне было вельмі страшна, але іншага варыянту мы не бачылі: я вырашыла для сябе зрабіць пасведчанне на вяртанне і ехаць у Беларусь, — агаломшвае Наталля. — У мяне было адно спадзяванне — што цяжарную чапаць не будуць (у мяне быў ужо бачны жывот). Тыя 10 дзён у Беларусі я згадваю з дрыжыкамі».

Па прылёце ў Мінск у аэрапорце дзяўчыну адразу адвялі ў асобны пакой і зладзілі амаль паўгадзінны допыт.

«Мяне ўсю ўнутры трэсла. Плюс панізіўся ціск. Як я зразумела, у пакойчыку са мной былі памежнікі і кадэбэшнік. Пыталіся, чаму я ў Грузіі, чым займаецца мой муж, ці працую я, калі мне нараджаць, якія ў мяне былі адміністратыўкі, чаму прыехала ў Беларусь. Мяне адпусцілі, але ўсе дні — і дзень падачы на паскоранае атрыманне пашпарту, і яго чаканне — былі складаныя. Я жыла то ў маці, то ў бабулі, то ў сястры — была ў розных месцах. Часта выходзіла на балкон — глядзела, якія там машыны на паркінгу».

Дзяўчыне пашанцавала — яна атрымала пашпарт і вярнулася ў Грузію, але той стрэс яна запомніць надоўга. Як і Ваня, які кожныя пару гадзін звязваўся з жонкай, перажываючы і пытаючыся, як яна там.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Калі візы ва ўсіх членаў сям’і былі на руках, яны пачалі планаваць пераезд у Польшчу — краіну першапачаткова выбралі па прычыне самай зразумелай для іх па легалізацыі з дзецьмі плюс магчымасць атрымаць жэнеўскія пашпарты. Але і тут не абышлося без ускладненняў.

«Мне якраз трэба было зрабіць візаран (visa running — выезд за мяжу і назад на кароткі час, каб абнавіць тэрмін дазволенага знаходжання ў краіне. — НН), — згадвае Наталля. — З Батумі я паехала ў Турцыю. Яшчэ на выездзе мой пашпарт забралі на 15 хвілін, але прапусцілі. На тэрыторыі Турцыі я набыла ў Duty Free розных смачнях і пайшла назад. Я ледзь заехала, без жартаў! Туркі прапусцілі мяне без пытанняў, а грузіны зноў забралі пашпарт і сказалі чакаць. Са мной стаяў адзін хлопец — расіянін, яго таксама не пускалі. Ён сказаў, што перад ім двух расіян развярнулі. Я спецыяльна ўзяла з сабой пасведчанні аб нараджэнні дзяцей, квіткі ў Польшчу — на той момант мы ўжо купілі іх, гэта было прыкладна за 12-14 дзён да запланаванага вылету. Але як жа моцна грукала сэрца, я ўся была на нервах. Мы ўжо з Іванам думалі — калі што, то я вяртаюся ў Стамбул і адтуль палячу ў Польшчу асобна».

На грузінскай мяжы дзяўчыне зладзілі паўгадзінны допыт на тэму, чаму яна ў Грузіі, чым там займаецца, чаму не ў Беларусі. Яна нагадвала, што ў Батумі яе чакаюць шасцімесячныя дзеці — можа, гэта ў тым ліку дапамагло ёй вярнуцца да сям’і.

Потым было пакаванне валізак — дзве вялікія, дзве маленькія і два заплечнікі. Яшчэ кілаграмаў 50 Іван папярэдне адправіў да Польшчы грузінскай поштай. Згадвае пра гэта асобна, бо ў аддзяленні не знайшлося каробак ці поліэтыленавай плёнкі і, каб закруціць у яе рэчы для адпраўкі, Іван сам шукаў яе на рынку Батумі.

«Канечне, і ў аэрапорце мы капец як хваляваліся. Супрацоўніца Wizz Air доўга круціла пасведчанні дзяцей з уклеенымі туды візамі, спатрэбіўся голас начальства авіякампаніі, каб дазволіць нас зарэгістраваць на рэйс. Памежнік жа хвілін 15-20 вывучаў пашпарт Вані, што таксама дадало нерваў», — расказвае Наталля.

«Я думаў, што ён пакаштуе маю візу на смак», — пасміхаецца Іван.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Частка чацвёртая: польскі перыяд і змаганне за Жэнеўскі пашпарт

Яшчэ да вылету сям’я аддалена арандавала ў Польшчы кватэру і звязалася з ініцыятывай «Партызанка» — тыя дапамаглі ім з перакладчыкам, які працаваў пры падачы на міжнародную ахову.

— Мы выйшлі з самалёта апошнія і адразу накіраваліся да памежнікаў: сказалі, мы сям’я такая вось і просім міжнароднай аховы. Гэта можна было зрабіць і пазней, бо ўсе дакументы ў нас былі ў парадку, але мы вырашылі прайсці ўсе працэдуры адразу. Па выніку працэс падачы з фатаграфаваннем, медыцынскай праверкай, апытаннем заняў каля васьмі гадзін, — расказвае сям’я. — У Польшчы нас прынялі як родных на кантрасце з Грузіяй.

Праз дзевяць месяцаў чакання сям’і прыйшло станоўчае рашэнне па дадатковай ахове. Але дадаткова яны мараць, каб іх дзеці атрымалі жэнеўскія пашпарты. 

Наталля і Іван жартуюць на тэму таго, як аднойчы будуць расказваць дзецям тое, што яны перажылі яшчэ да нараджэння.

«У мяне, здараецца, пытаюцца, як мы рашыліся на дзяцей у эміграцыі, — кажа Наталля. — Калі я вызвалілася з Акрэсціна і даехала да Вані, мы селі размаўляць і абое сказалі, што бачым далейшае жыццё з дзецьмі, што мы хочам сям’ю. А для дзяцей ніколі не надыдзе «той самы час».

Заўсёды будзе не хапаць то заробку, то кватэры, то яшчэ ты не павандраваў дастаткова… І як паказвае наш досвед, усе складанасці магчыма пераадолець і з дзецьмі».

Каментары8

  • Родны склон
    24.06.2024
    > але яго прызналі «пагрозай нацбяспекі»

    Бастыёне, ці вы з расейскай свае артыкулы гуглем перакладаеце?
  • этот
    24.06.2024
    Биба и Боба,может и дальше устраивало. Сейчас в робе ментовской будет на стройке бетон варшавской месить.
  • Брэст
    24.06.2024
    Паважаю вас. І будуць шчаслівымі вашы дзеці - калі такія моцныя характары ў таты і мамы. А да нас у Беларусь яшчэ вернецеся, і кар'еры зробіце.

Цяпер чытаюць

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу69

Грамадствадапоўнена69

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу

Усе навіны →
Усе навіны

У Кіеве знайшлі мёртвым сына першага касманаўта незалежнай Украіны

Украінскі пастаянны прадстаўнік у ААН, адказваючы расійскай дэлегацыі, дзеля некалькіх словаў перайшоў на расійскую мову26

У «Паўночным Беразе» нешта добра гарыць

Зяленскі паведаміў пра існаванне трох дакументаў, якія датычацца завяршэння вайны ва Украіне

Міністэрства ЖКГ расказала, як «дармаеды» ды іх сямейнікі павінны плаціць за камуналку4

Як правільна выбраць салодкі падарунак дзіцяці і якіх дабавак трэба пазбягаць2

Расіянін з судзімасцю заняўся дабрачыннасцю ў Беларусі. У некаторых пасля дапамогі Дзядзі Яшы пачынаюцца праблемы15

Улюбёны ласунак зуброў назвалі ў паляўнічай гаспадарцы — яго даюць круглы год1

Стаматолаг з Мінска збіраецца бегчы 24 гадзіны3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу69

Грамадствадапоўнена69

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць