Таксама будзе некалькі новаўвядзенняў: напрыклад, няможна будзе выгульваць жывёлу ў п'яным выглядзе.

Уласнікі сабак і катоў у Беларусі будуць абавязаныя чыпіраваць сваіх гадаванцаў цягам 14 дзён з дня іх набыцця, гаворыцца ў апублікаваным законапраекце «Аб адказным абыходжанні з жывёламі».
Пры гэтым чыпіраванне чатырохногіх, зарэгістраваных да прыняцця закона, будзе добраахвотнай справай гаспадара. Калі ж сабака або кот не былі зарэгістраваныя, то іх прыйдзецца ў абавязковым парадку зарэгістраваць на працягу трох гадоў пасля ўступлення закона ў сілу, піша «Спутнік».
У артыкуле 29 законапраекта гаворыцца аб чыпіраванні не толькі дарослых жывёл, але таксама кацянят і шчанюкоў.
«Уладальнікі гадавальнікаў і заводчыкі, якія маюць нерэалізаваны прыплод, павінны чыпіраваць прыплод на працягу чатырнаццаці дзён з моманту дасягнення прыплодам чатырохмесячнага ўзросту», — сказана ў праекце закона.
Больш дэталёвы парадак чыпіравання катоў і сабак прапіша ўрад.
Акрамя чыпіравання ў законе закрануты многія іншыя аспекты ўтрымання хатніх жывёл. Напрыклад, у жывёлы павінна быць рэгістрацыя.
«Рэгістрацыі падлягаюць сабакі, у тым ліку паляўнічыя, каты ў хатніх умовах, а таксама дзікія жывёлы, якія знаходзяцца ў няволі», — абвяшчае артыкул 22.
Калі кот або сабака ўтрымліваюцца дома, то іх рэгістрацыяй займаюцца мясцовыя ўлады. На кожную жывёлу выдадуць пасведчанне і жэтон. Апошні павінен быць пастаянна прымацаваны да нашыйніка, калі гадаванец знаходзіцца «па-за межамі месца яго пастаяннага знаходжання».
Калі сабака альбо кот загінулі або памерлі, або іх «усыпілі», на працягу 10 дзён гаспадар абавязаны паведаміць арганізацыі-рэгістратару па месцы жыхарства. Аб пераездах таксама прыйдзецца паведамляць, і ў такі ж тэрмін, — пасля прыбыцця.
Таксама будуць уведзеныя асаблівыя патрабаванні, калі прымуць закон, да перавозкі жывёл.
П'янаму гаспадару, згодна з законапраектам, будзе забаронена выгульваць чацвераногага сябра. Акрамя таго, уваход на дзіцячыя пляцоўкі з катамі і сабакамі будзе закрыты. Свабодны выгул у населеным пункце будзе магчымы ў спецыяльна адведзеных месцах.
Гэты праект закона ў Палату прадстаўнікоў унесла дэпутатка Марыя Васілевіч. Такі дакумент яна анансавала неўзабаве пасля яе абрання ў Палату прадстаўнікоў у 2019 годзе.
Аналагічны дакумент разглядаўся ў ніжняй палаце беларускага парламента больш за дзясятак гадоў таму. У ім таксама была норма аб абавязковым чыпіраванні. Але дакумент тады адклікалі, палічыўшы, што грамадства не гатовае.
Цяпер чытаюць
На Афоне адшукалі тры невядомыя раней асобнікі Астрожскай Бібліі. Для яе стварэння друкар Іван Фёдараў, выхадзец з Беларусі, выкарыстоўваў тэксты Скарыны
Каментары