Грамадства

«Мы вызвалім усё, настрой баявы». Беларускі добраахвотнік ваюе за Украіну

Зміцер Палойка з траўня 2014 году ваяваў на Данбасе — спачатку ў складзе добраахвотніцкага батальёна «Данбас», потым паводле кантракту служыў у 24-й асобнай механізаванай брыгадзе ў Мар’інцы Данецкай вобласці. Ён удзельнічаў у вызваленні Бахмута, Мар’інкі, Папаснай і Лісічанска. Атрымаў грамадзянства Украіны і паступіў на завочнае навучанне ў Данецкі нацыянальны ўніверсітэт, на юрыдычны факультэт. Цяпер ён зноў падпісаў кантракт, але гэтым разам на службу ў батальёне тэрытарыяльнай абароны. У размове з Радыё Свабода Зміцер Палойка расказаў, чаму зноў вырашыў служыць і як тлумачыць украінцам, што беларусы не будуць ваяваць на баку Расеі.

Зміцер Палойка ў 2015 годзе

«Людзі гуртуюцца вакол свайго войска і за сваю зямлю»

Зміцер напісаў заяву ў батальён тэрытарыяльнай абароны ў Данецкай вобласці ў канцы 2021 года, калі замежныя выведкі і СМІ пачалі масава паведамляць аб плянах Пуціна пачаць новы этап агрэсіі на Украіну.

Тэрытарыяльную абарону як асобны род Узброеных войскаў Украіны сталі ствараць у пачатку 2022-га. Зьміцер пачаў службу адным з першых — у студзені, непадалёк ад першай лініі фронту каля часова акупаваных тэрыторыяў.

«Пастаянна гучыць каманда «паветра», спрабуюць запускаць ракеты, нашы іх збіваюць. У першы дзень, 24 лютага, яны стралялі па аэрадроме, але стратаў не было. Усе жывыя. У прынцыпе ў нас спакайней, чым у іншых рэгіёнах, дзе ідуць няспынныя абстрэлы і вулічныя баі. Мы чакаем і рыхтуемся іх сустрэць», — кажа Зміцер.

Паводле яго, у тэрытарыяльную абарону Данецкай вобласці запісаліся вельмі шмат людзей, а тыя, хто не можа служыць з розных прычынаў, актыўна дапамагаюць войску, чым могуць — гатуюць ежу і кактэйлі Молатава, якія ва Украіне цяпер называюць «бандэраўскія смузі».

«Для гарадскіх умоваў бою наш батальён мае ўсё неабходнае. Мясцовае насельніцтва таксама дапамагае. Людзі нагэтулькі згуртаваліся! Усё едуць і едуць, нешта прапануюць. Мяне гэта здзівіла, калі шчыра, бо калі згадваць, як усё было ў 2014 годзе, то тады тут была зусім іншая свядомасць. Абсалютна. Цяпер прыходзяць людзі, якія служылі ў савецкіх войсках і нават некалі не былі супраць Расіі і Пуціна, а цяпер кажуць — «А з якога ражна Пуцін да нас прыпёрся»? Такога нахабства яны не чакалі. Людзей вельмі-вельмі шмат, насамрэч можна другі батальён збіраць».

«Мы прыкрываем тыл першай лініі фронту»

Зміцер кажа, што ягоны батальён прыкрывае тыл першай лініі фронту, якая аддзяляе гэтак званыя «народныя рэспублікі» ад Украіны. «Супраціўнік спрабуе прарвацца праз харкаўскі кірунак, праз Ізюм. І мы менавіта гэтую частку прыкрываем, каб не зайшлі да нас з тылу».

«Першая лінія моцна трымаецца. Там людзі добра падрыхтаваныя за столькі гадоў. Яны навучыліся ваяваць. Да таго ж там ёсьць акопы, бліндажы, усё прастрэлена і прыстрэлена, усе квадраты цалкам вызначаныя. Мы гатовыя, настрой баявы, асабліва калі бачыш, у якім дэмаралізаваным стане знаходзіцца супраціўнік. У нас вялікі досвед у баявых дзеяннях», — расказвае беларускі добраахотнік.

«Мусім тлумачыць, што беларусы і Лукашэнка — не тоесныя паняцці»

Зьміцер Палойка сцвярджае, што не сутыкаўся ў сваім асяроддзі з кепскім стаўленнем як да беларуса.

«Да мяне ставяцца выдатна, бо я патлумачыў усім, што беларусы — гэта беларусы, а тыя, хто падтрымлівае Лукашэнку, — гэта лукашысты. Усе разумеюць, што сама беларуская армія не жадае ваяваць з украінцамі. Калі пачалі паведамляць, што нібыта беларуская армія перайшла мяжу з сімвалам «О» на тэхніцы, то такім чынам, я лічу, Расія хоча максімальна зацягнуць беларускія войскі ў гэтую вайну», — патлумачыў Зміцер Палойка.

Паводле яго, Лукашэнка асабіста прадаставіў расійскім войскам тэрыторыю Беларусі для баявых дзеянняў супраць Украіны.

«Але гэта ніяк не стыкуецца з тым, ці беларусы хочуць ваяваць. Беларусы не нападаюць, таму не трэба пісаць пра беларусаў, трэба пісаць менавіта пра лукашыстаў, як ёсць. Гэтаксама як адрозніваюцца Кадыраў і чачэнцы. Разумееце? Чачэнцы будуць ваяваць за Украіну, а кадыраўцы — за Расію. Мае знаёмыя разумеюць, што ў Беларусі шмат людзей супраць рэжыму і супраць Расіі».

«Партызанская вайна ў Беларусі дапамагла б Украіне»

Зміцер Палойка перакананы, што беларускія вайскоўцы не пагодзяцца ісці на вайну ва Украіну. У адваротным выпадку ён раіць беларусам складаць зброю на тэрыторыі Украіны без адзінага стрэлу і здавацца ў палон.

«Сюды могуць накіраваць прэзідэнцкі полк з Мар’інай Горкі, але ў сувязі з тым, што ў іх баявога досведу няма, а толькі досвед разгону дэманстрацыяў, то я думаю, што яны тут доўга не пратрымаюцца. А калі ўжо сапраўды так адбудзецца, што беларусаў, дэсантнікаў ці іншыя войскі будуць закідваць ва Украіну, то няхай яны не саромеюцца, захопліваюць сваіх камандзіраў і здаюцца ўкраінцам. Іх ніхто не будзе чапаць, бо ўсе ва Украіне ўспрымаюць беларускі народ як братэрскі. І нават калі патрэбны будзе прытулак, усе яго атрымаюць».

Беларус кажа, што цягам гэтай вайны ўкраінская армія паказала сваю моц. «Таму не павінна быць сумневаў у тым, што ўкраінская армія можа нк толькі ўтрымліваць свае пазіцыі, а яшчэ і вызваляць свае тэрыторыі», — перакананы ён.

«А калі беларускі народ зможа адкрыць партызанскую вайну, гэта будзе надзвычайная дапамога Украіне», — падкрэсліў ён.

«Я не веру палонным расейцам. Яны ведалі, што едуць на вайну»

Зміцер Палойка таксама здзіўлены тым, як расейцы, захопленыя ў палон украінскім войскам, губляюць «вайсковы стрыжань» і пачынаюць расказваць на допытах, што не ведалі, куды іх накіроўваюць, у адзін голас сцвярджаючы, што «былі на вучэннях».

«Я гэтаму не веру, і ніхто не верыць. Мы ўсе разумеем, што ім так загадалі казаць у выпадку палону. Як гэта было і ў 2014 годзе, калі яны «заблукалі» ў Данецкай і Луганскай абласцях. Усе ехалі на вайну, была моцная прапаганда супраць Украіны, і ўсе ўсё разумелі. Больш за тое, у інтэрнэце і сацыяльных сетках шмат з іх пісалі, што едуць ва Украіну — забіваць украінцаў і захопліваць Украіну. Прапаганда ім прамыла розум. Яны свядома ехалі забіваць. Яны ж страляюць, а не проста заехалі, агледзеліся, не зразумелі, дзе знаходзяцца, і здаліся. Асабліва артылерысты ці тыя, якія б’юць з залпавых сістэмаў па жылых раёнах. Як пасля гэтага можна сказаць, што яны былі на вучэннях? Яны усё рабілі свядома», — перакананы Зміцер Палойка.

Каментары

Цяпер чытаюць

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна34

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Усе навіны →
Усе навіны

Пяць чалавек затрымалі за каментары пра чыноўнікаў і міліцыянераў9

Стала вядома, чаму Ютуб выдаліў стрымы Сяргея Ціханоўскага59

Яна Пінчук расказала, як яе пяць гадоў таму ў Санкт-Пецярбургу арыштавалі па запыце Беларусі1

У ЗША ўпершыню абралі цемнаскурую жанчыну губернатарам штата3

У Віцебскай вобласці паставілі скрыні для лістоў толькі аднаму адрасату

Маск з гумарам пракаментаваў паразу партыі, у якую ён уклаў 400 мільёнаў даляраў15

Партыя Трампа перажывае сапраўдны разгром70

Былы мэр Талачынскага раёна аднавіў з руінаў 200‑гадовую капліцу6

«Яго шукае ўвесь Мінск». Мужчына вінен дзясяткі тысяч даляраў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна34

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць