Гісторыя

«Усе варыянты генплана прадугледжваюць поўны знос Старога горада». Калі ўлады задумалі знішчыць цэнтр Мінска

Доктар гісторыі Сяргей Абламейка напісаў даследаванне «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення» (выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды»). У ім ён упершыню расказаў, як паўтара дзясятка вуліц і завулкаў, шчыльна забудаваных мураванымі дамамі на Замкавай гары і яе ваколіцах, зніклі без следу.

Для Сяргея Абламейкі гэта вельмі асабістая кніга.

«Маё дзяцінства, прынамсі яго значная частка, прайшло ў рэшце Старога горада — пераважна на Нямізе, дзе жылі бабуліны сяброўкі, да якіх мы часта хадзілі ў госці, і ва ўсім Ракаўскім прадмесці з мноствам яго брукаваных вулак і завулкаў (…).

Гэта быў наш раён, наш горад, наша асяроддзе. Старая Няміга з яе аркамі, унутранымі дворыкамі і драўлянымі галерэямі на першых і другіх паверхах заўсёды, як жывая, стаіць перад вачыма.

Я памятаю яе гукі, пахі і смак габрэйскіх булачак бэйгелах, якія пяклі бабуліны сяброўкі ў маленькіх кватэрках, што вокнамі выходзілі на тыя драўляныя ўнутраныя галерэі».

У дзяцінстве Абламейка стаў сведкам зносу Нямігі.

«Мы прыходзілі туды шмат дзён і глядзелі, як гусенічны кран з падвешанай на страле чыгуннай «бабай» знішчае старажытныя дамы на левым, няцотным баку вуліцы, (…).

«Баба» глуха і вусцішна стукалася аб старыя сцены, яны дрыжэлі, стагналі, вытрымлівалі адзін-два ўдары, пасля пачыналі адломвацца вялікімі кавалкамі і ўрэшце абрыналіся, узняўшы хмары белага пылу».

У другой палове 1980-х Абламейка — разам з іншымі ўдзельнікамі моладзевага аб’яднання «Талака» — бараніў рэшту гістарычнага Мінска. А ў сярэдзіне нулявых вырашыў напісаць гісторыю разбурэння Старога горада з самага пачатку: з 1920-х гадоў.

«Інакш наступныя пакаленні мінчукоў пачнуць успрымаць вынікі правінцыйнага варварства «Мінскай спадчыны» як сапраўднае аблічча Старога Мінску», —

тлумачыў ён сваю матывацыю.

Абламейка сутыкнуўся з тым, што спецыяльных навуковых даследаванняў, прысвечаных разбурэнню Мінска, не было. Ён паўтара дзесяцігоддзі працаваў у архівах і размаўляў са старажыламі. Яго выснова:

«Усе варыянты даваеннага генплана Мінску прадугледжваюць поўны знос Старога горада, скопванне Замкавай гары і пракладку праз яе тэрыторыю Паркавай магістралі ў бок будучага Парку культуры і адпачынку».

Калі ўдавацца ў дэталі, дык у 1920-я гады грамадскасць распрацавала план аднаўлення і захавання Старога горада і Замчышча. Але ўжо ў 1926-м улады пачалі распрацоўкі пяцігадовага плану «упарадкавання» Мінска, які стаў альтэрнатывай першаму.

У 1927-м пачаліся зносы першых дамоў. А ў наступным годзе на месцы старажытнага Замчышча вырашылі пасадзіць парк і выкапаць возера на Татарскіх агародах. На шчасце, перашкодзіў недахоп сродкаў.

Зносы асобных будынкаў працягваліся ў 1920-я і 1930-я гады. А ў кабінетах працягвалася складанне планаў. Вось што сцвярджалася ў «Генеральнай схеме планіроўкі Мінска» (1940 год):

«З ліквідацыяй раёна Нямігі намячаецца бульвар шырынёй у 125 метраў на працягу восяў вуліц Ленінскай і Энгельса да пляцоўкі, дзе разыходзяцца кірункі на Вільнюс (…). Гэты цэнтральны бульвар адкрывае з Плошчы Свабоды вялікія прасторы і дае магчымасць бачыць будучы ансамбль плошчы Парыжскай Камуны, (…), будучы стадыён і возера».

Гэтымі ж планамі натхняліся беларускія архітэктары і ў 1970-я гады.

Першае частка даследавання, якое напісаў Абламейка, даведзена да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Пазней выйдзе другая кніга, у якой аўтар раскажа пра частковае разбурэнне Старога горада падчас Другой сусветнай вайны і яго канчатковы знос падчас пасляваеннай рэканструкцыі Мінску. Таксама ў другой кнізе пойдзе гаворка пра апошнія спробы ўратаваць мінскае Замчышча ў 1950-я гады.

«Што ж рабілася б з беларускай моладдзю, каб увесь Стары горад з яго вуліцамі і завулкамі захаваўся? А калі б дадаць да яго яшчэ і нязнішчаны Верхні горад?», — задае пытанне Абламейка.

«Няма сумневу: гісторыя Беларусі ў другой палове ХХ стагоддзя была б іншай, шмат якіх палітычных падзеяў проста не адбылося б. Народ, які мае такі Стары горад, іх бы не дапусціў».

Каментары

Цяпер чытаюць

Лукашэнка расказаў пра забойства апазіцыянера, якое нібыта адбылося тры дні таму18

Лукашэнка расказаў пра забойства апазіцыянера, якое нібыта адбылося тры дні таму

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуса, абвінавачанага ў падрывах цягнікоў на БАМе, асудзілі ў Расіі на 22 гады1

Бутан выдзеліць 10 тысяч біткойнаў на развіццё футурыстычнага «Горада ўсвядомленасціі»

«З нас смяяліся ва ўсім свеце. Яны больш не смяюцца». Трамп выступіў са зваротам да нацыі. Пра што гаварыў?20

Павел Севярынец прыехаў у Варшаву ФОТАФАКТ7

Алена Ланская прызналася, што ейны бацька памёр ад каранавірусу ў разгар пандэміі12

ЗША правядуць у Маямі перамовы з Расіяй аб завяршэнні вайны супраць Украіны2

Чаму некаторыя людзі заўсёды спазняюцца? Вызначылі пяць чыннікаў4

Каты мяўкаюць часцей, калі вітаюць гаспадароў3

У Варшаву прыехала сотня беларускіх палітвязняў18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка расказаў пра забойства апазіцыянера, якое нібыта адбылося тры дні таму18

Лукашэнка расказаў пра забойства апазіцыянера, якое нібыта адбылося тры дні таму

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць