Грамадства11

Ад пачуцця віны да дэпрэсіі. Сотні беларусаў пасля выбараў звярнуліся па псіхалагічную дапамогу — расказваем, чым небяспечныя сённяшнія траўмы для будучыні нацыі

Інфармацыйны кантакт-цэнтр дапамогі пацярпелым Probono запрацаваў 14 жніўня 2020 года, праз пяць дзён пасля выбараў. Сярод відаў дапамогі, па якую беларусы могуць звярнуцца на тэлефонную лінію або праз анкету на сайце і чат-бот, з першых дзён была прапанаваная псіхалагічная. Сотні псіхолагаў з усёй Беларусі вырашылі, што не могуць заставацца ў баку ад падзей, і запісаліся ў валанцёры. Пры гэтым першыя з іх дзяжурылі пад Акрэсціна і іншымі ізалятарамі ўжо 10 жніўня.

Ад жніўня псіхолагі апрацавалі каля 1070 запытаў на дапамогу. Яшчэ дзясяткі ці сотні людзей самастойна звярталіся з новымі для сябе траўмамі да прыватных спецыялістаў. Расказваем, што часцей за ўсё хвалявала і хвалюе беларусаў. І ці зможам мы аднойчы пераадолець калектыўную траўму.

*у мэтах бяспекі ўсе спецыялісты, з якімі мы камунікавалі, папрасілі захаваць іх ананімнасць

«Сярод кліентаў ёсць дзеці, у якіх бацькі ў турме — яны сталі непаслухмянымі»

Псіхолагі шчыра прызнаюцца, што, як і многія іншыя беларусы, былі не гатовыя да таго ўзроўню гвалту і рэпрэсій, якія выліліся на людзей у мінулым годзе. Толькі адзінкавыя спецыялісты мелі досвед крызіснай дапамогі і працы з вострымі траўмамі. Аднак асноўная маса ніколі раней не сутыкалася з крызіснымі наступствамі масавых катаванняў, міліцэйскага самавольства. Усе беларускія спецыялісты ў паскораным тэмпе самаадукоўваліся: калегі з-за мяжы (Латвіі, Расіі, Ізраіля, Грузіі, Украіны) арганізавалі бясплатныя анлайн-вебінары.

Адна са спецыялістак, якая непасрэдна займалася размеркаваннем заявак па канкрэтных псіхолагах, распавяла «Нашай Ніве», якія катэгорыі грамадзян тэлефанавалі на гарачую лінію Probono.

«Гэта, безумоўна, тыя, хто пацярпеў ад фізічнага і сэксуальнага гвалту. І той, хто ўсё ж вырашаўся звярнуцца па дапамогу, часта прасіў знайсці спецыяліста за мяжой у мэтах дадатковай бяспекі. Індывідуальныя і групавыя сесіі праводзіліся з тымі, хто сядзеў суткі (часам некалькі разоў), хто быў затрыманы і атрымаў штраф. Таксама да нас звяртаюцца бацькі палітзняволеных, якія перажываюць за дзяцей, не могуць есці і спаць, жонкі-сёстры-браты, з блізкімі якіх адбылася бяда. Ëсць сярод кліентаў і дзеці, у якіх сядзяць бацькі. Праз гэтыя падзеі яны сталі горш вучыцца, сталі больш няўважлівыя і знерваваныя, не хочуць дамаўляцца, не слухаюцца. Калі пры дзецях зладзілі ператрус, гэта таксама вельмі траўмуе псіхіку. Акрамя гэтага, ёсць катэгорыя грамадзян, якая непасрэдна не пацярпела, але іх выбівае з каляіны нават проста чытанне навін: стала цяжка працаваць, канцэнтравацца на побытавых рэчах, слёзы на вачах, расце трывожнасць, парушаецца сон».

Кранальная сустрэча Лявона Халатрана з сынам пасля паўгода зняволення.

Асобна псіхолагі працуюць з судовымі валанцёрамі і тымі, хто дзяжурыць ля ізалятараў, дакументатарамі, журналістамі. Усе яны, праўда, не вельмі ахвотна звяртаюцца па дапамогу, бо збольшага ўпэўненыя, што могуць даць рады самастойна і што хапае тых, каму дапамога куды больш актуальная.

Людзі выходзяць з Акрэсціна. Фота Надзеі Бужан.

Ад чаго канкрэтна пакутуюць беларусы?

Псіхолагі выдзяляюць цэлую групу найбольш распаўсюджаных праблем:

  1. трывожнасць, дэпрэсія, разгубленасць (прычым у людзей, што раней былі псіхічна здаровымі);
  2. пачуццё віны ў розных формах (напрыклад, беларусы, якія не былі ў жніўні ў краіне, вельмі перажываюць, што не змаглі быць разам са сваімі суайчыннікамі ў важны момант), спроба знайсці сабе месца ў падзеях, што адбываюцца;
  3. канфлікты са сваякамі і іншымі людзьмі з супрацьлеглымі поглядамі на пратэсты і палітыку;
  4. адаптацыя ў выніку пераезду ў іншую краіну;
  5. бяссонне;
  6. экзістэнцыйны крызіс: страта сэнсу жыцця, веры ў бяспеку свету, правасуддзе, справядлівасць, разбурэнне сістэмы каштоўнасцяў.
Фота Надзеі Бужан.

«Адным з самых сур’ёзных наступстваў гвалту ў РАУС ці ў ізалятары, які мы назіраем, з’яўляюцца псіхалагічныя траўмы, на перапрацоўку якіх можа спатрэбіцца вельмі шмат часу. У большасці выпадкаў наша псіхіка здольная даць рады стрэсавай падзеі, перапрацаваць яе самастойна. Але калі стрэс большы за ўнутраныя рэсурсы, справіцца вельмі цяжка і трэба звяртацца па дапамогу. Ускладняецца сітуацыя ў людзей, якія самі па сабе больш трывожныя і чуллівыя, хто ўжо меў нейкія траўмы ў мінулым. І добра, калі пацярпелага пасля ізалятара сустракаюць блізкія, сябры, ён можа адчуць падтрымку, яго ўспрымаюць як героя — гэта часам спрацоўвае як пярына. Праз некаторы час пасля падзеяў становіцца зразумела, ці апрацавала псіхіка цяжкія перажыванні самастойна. Калі чалавек праз некалькі месяцаў не вяртаецца ў свой нармальны стан, трэба звяртацца да псіхолага, а ў некаторых выпадках да лекара. У самым горшым выпадку можа сфармавацца посттраўматычны стрэсавы разлад альбо іншыя разлады адаптацыі. У такіх выпадках спатрэбіцца не толькі праца з псіхолагам, але і медыкаментозная падтрымка», — кажуць спецыялісты.

Колькі часу спатрэбіцца, каб вярнуць чалавека ў норму, — сказаць амаль немагчыма. Сітуацыя ўскладняецца тым, што мы працягваем жыць у стрэсавых падзеях.

«Апрацаваць траўматычны досвед можна цалкам толькі тады, калі ты ў бяспецы. А мы падчышчаем «хвасты» ад траўм, а адбываюцца ўсё новыя», — каментуюць псіхолагі.

«Нам трэба будзе інтэграваць у грамадства гвалтаўнікоў, і гэта яшчэ цяжэй»

У асобную групу ненармальных наступстваў трапляюць вядомыя многім страхі. Псіхолагі згадваюць топ асноўных са свайго назірання:

  1. Страх любых міліцыянераў — нават даішнікаў. Беларусы страцілі давер да людзей у форме і чакаюць падвох ад кожнага прадстаўніка сістэмы.
  2. Боязь людзей у чорным адзенні і цёмных бусаў.
  3. Страх захоўваць дома наяўныя грошы, бо да цябе могуць прыйсці з ператрусам і забраць іх.
  4. Сумненні наконт бяспекі шпацыраў у белым і чырвоным адзенні, за якое могуць затрымаць.

Сярод кейсаў, з якімі прыйшлося працаваць, спецыялісты выдзяляюць некалькі найбольш складаных для іх гісторый. Псіхолаг Марына расказвае:

«Для мяне ўсе гісторыя жудасныя. Але выбівае з сябе, калі людзі, якія проста маглі выконваць сваю працу, спецыяльна робяць так, каб умовы зняволеных рабіліся горшымі: не выключаюць ноччу святло, забіраюць матрацы, не водзяць у душ, не даюць прылегчы на нары днём і гэтак далей. Каб нармальна жыць у ізалятары, штодзённа прыходзіцца прыніжацца. Паводзіны сучасных канваіраў, міліцыянераў недапушчальныя, але лёгка тлумачацца з пункту гледжання псіхалогіі. Ва ўсіх нас ёсць прырода агрэсіі і жорсткасці. І эксперымент Стэнлі Мілгрэма пра падпарадкаванне даказаў, што, калі ў чалавека няма адказнасці за яго ўчынкі, ён здольны на многае. Логіка такая: «начальнік аддаў загад, не ты прымаў рашэнне біць, табе проста выдалі дубінку». Людзі атрымалі ўладу і асэнсаванне беспакаранасці і кайфуюць ад гэтага. А каб пайсці насуперак начальству, трэба мець вельмі высокі ўзровень развіцця асобы, чым могуць пахваліцца далёка не ўсе сілавікі».

Фота Надзеі Бужан.

Сілавікі і супрацоўнікі ізалятараў, катэгорыя гвалтаўнікоў, да ініцыятыў і псіхолагаў, з якімі мы размаўлялі, пакуль што не звярталіся. Але спецыялісты ўпэўненыя, што гэта частка насельніцтва будзе мець патрэбу ў дапамозе (і ўжо мае, проста не прызнаецца сабе ў гэтым) яшчэ больш, чым пратэстоўцы, ахвяры.

«Пакуль што гэта катэгорыя грамадзян нібыта цень нашай краіны, зло і чэрнь. Але яе трэба будзе інтэграваць у здаровае грамадства, і гэта вельмі важны момант, які пакуль упускаецца псіхалагічнымі супольнасцямі. Пра гэта трэба будзе думаць і вырашаць, як з імі можна было б працаваць, як складана б камусьці не было прыняць на сеанс умоўнага амапаўца».

Фота Надзеі Бужан.

Прыватны спецыяліст Аляксандр у ліку цяжкіх кейсаў згадвае наступныя:

«Ëсць кліенты, якія адчуваюць пачуццё віны, таму што іх білі не так моцна, як іншых. Іншая дзяўчына, якая пацярпела на Акрэсціна, выйшла адтуль гераіняй, і ў гэтым сэнсе ўсё было нармальна, але яна скардзілася на тых, хто робіць мала, на людзей, якія баяцца і выбіраюць сябе, яе гэта моцна кранае. Вельмі цяжка працуецца з хлопцам, які яшчэ ў жніўні з’ехаў з краіны ў мэтах бяспекі, уезд у Беларусі яму забаронены. Ëн пакінуў усё жыццё тут, падтрымкі ад блізкіх няма, перажывае дэпрэсію і адчай».

«Генацыд немагчыма сцерці з памяці»

Псіхолагі ўпэўненыя: тое, што адбываецца сёння, так ці інакш закранае амаль кожнага беларуса, нават калі ён не ўдзельнічае ў актывізме, а пасіўна чытае навіны. Беларусы атрымалі калектыўную траўму, якую прыйдзецца доўга перапрацоўваць, як было з нашымі продкамі пасля Другой сусветнай вайны (прычым з некалькімі пакаленнямі).

«Сучасныя бацькі губляюць «глебу пад нагамі», таму што не могуць забяспечыць дзецям патрэбны ўзровень базавай бяспекі. Дзеці і падлеткі вымушаныя або хутка сталець, або рэгрэсаваць у ранейшы псіхалагічны ўзрост, калі «ўсё было добра». Абодва варыянты парушаюць нармальнае псіхічнае развіццё, што няўхільна адаб'ецца на будучыні. Траўмаваная моладзь перадасць гэтую інфармацыю на генетычным узроўні сваім дзецям. У самым «лёгкім» варыянце новае пакаленне будзе нараджацца са схільнасцю да безыніцыятыўнасці, з павышанай трывожнасцю, эмацыйнай няўстойлівасцю, хутчэй будзе праяўляцца «сіндром вывучанай бездапаможнасці» (нельга нічога змяніць, таму можна нічога не рабіць увогуле, і гэта будзе тычыцца самых розных сфер), — дзеліцца псіхатэрапеўтка Алена.

Ва ўсім гэтым негатыве суразмоўца Аляксандр бачыць патэнцыйны пазітыўны момант, які магчымы, калі беларусы ўсё ж дамогуцца справядлівасці.

«Калі перамога адбудзецца, я веру, што наш досвед можа стаць вельмі рэсурсным для нацыі. Мы адчуем новы прыток сілы і веры ў сябе. Гэта дапаможа верыць у сябе і на іншых, побытавых узроўнях».

Згодная з ім і Алена:

«Генацыд, канечне, немагчыма сцерці з памяці. Але тое, што нас не забівае, робіць мацнейшымі. Пасля такіх страшных траўм нацыя хутка сталее і здабывае неверагодную ўстойлівасць».

Каментары1

  • Што вы прапануеце чытачам?
    06.04.2023
    Шаноўная рэдакцыя, што за смецце ў вас па спасылцы на гэтае прабона? 

Цяпер чытаюць

«Мы ўсе гасударавы людзі». Каранік на развітанне заявіў пра сваю вернападданасць5

«Мы ўсе гасударавы людзі». Каранік на развітанне заявіў пра сваю вернападданасць

Усе навіны →
Усе навіны

Пераможца сёлетняга «Еўрабачання» хоча, каб наступнае прайшло без удзелу Ізраіля10

Што з цэнамі і выбарам бульбы ў суседніх Польшчы і Літве7

Лукашэнка заклікаў новапрызначаных вертыкальшчыкаў чытаць тыктокі4

Беларуска ў Польшчы пазнаёмілася з аргенцінцам і паехала да яго на радзіму. Ён аказаўся сямейным тыранам3

У Барысаве паставяць арт-аб'ект па матывах герба горада1

У адным будынку — спа, супермаркет і бізнэс-апартаменты. У «Мінск-Свеце» пабудуюць незвычайны дом

Гендырэктара Бюро па транспартным страхаванні звольнілі з-за карупцыі

«Мы не дазволім Расіі ўбіць клін паміж намі». Мерц адправіў танкавую брыгаду бундэсвера ў Літву5

Рыхтуюцца змены па ўзносах у фонд сацабароны для ІП і самазанятых. Яны выглядаюць пазітыўнымі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы ўсе гасударавы людзі». Каранік на развітанне заявіў пра сваю вернападданасць5

«Мы ўсе гасударавы людзі». Каранік на развітанне заявіў пра сваю вернападданасць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць