Меркаванні1515

Віктар Марціновіч: Калі цябе прыбіраюць з эфіраў, табе падаецца, што ты выкараскаешся. Але потым усё сціхае

Віктар Марціновіч на budzma.by піша пра «выключанасць» як асаблівы жыццёвы статус у нашай краіне.

«Якая разумніца Станюта!» (з паста ў Facebook).

«Мартыненка звольніўся, Дудзінскі сышоў у адпачынак, праект Урангеля знялі з эфіру АНТ» («КП»).

«Канцэрт Дзядзі Вані (выканаўцы, які ў 2010 годзе выканаў песню Міхея Насарогава «Саня застанецца з намі», а цяпер выдаў адразу два крутыя пасты ў Instagram пра затрыманні. — В. М.) адменены ў Гомелі».

«Аляксей Грос, пераможца «Славянскага базару — 2016» […] не будзе ўдзельнічаць у канцэрце ў Палацы Незалежнасці» («КП»).

«Litesound пазбавілі канцэртаў за крытыку ўладаў. Гурт адказаў гімнам «Мы героі» («Свабода»).

Так ужо было.

Так было шмат разоў.

Маладзейшыя не памятаюць, я нагадаю.

У 2010 годзе Сяргей Дарафееў, вядоўца ток-шоу «Выбары-2010», наважыўся задаць настолькі вострыя пытанні Ярмошынай, што тая змушаная была сысці з эфіру. Тады кандыдата ў прэзідэнты Някляева збілі і затрымалі яшчэ да афіцыйнага абвяшчэння вынікаў, і я Дарафеева разумею. Не вытрымаў. Тут нямногія вытрымалі б. Хіба той, хто зусім без сумлення. Тады нават памяркоўныя газеты выходзілі з загалоўкамі «Уходя, гасите всех».

Першыя тыдні людзі, якія здзейснілі Учынак, яшчэ адчуваюць падтрымку. Сітуацыя яшчэ гарачая, абураных шмат, нехта піша добрыя словы ў прыват.

І падаецца: з табой — большасць. І так будзе заўсёды.

І калі цябе «выключаюць», прыбіраюць з эфіраў, з ратацыі на FM-станцыях, са сцэны, з музея, з кніжнай крамы, табе падаецца, што ты выкараскаешся.

Што людзі не дадуць табе згаладнець.

Але праз два месяцы пасля Учынку ўсё сціхае.

Людзі разыходзяцца па гародчыках капаць бульбу. Збіраюцца на адпачынак у Турэччыну. Пераносяць абурэнне на кухні. Людзі забываюць пра твой гераізм. Людзям, нарэшце, паказваюць новых вядоўцаў і спевакоў, новых герояў. Вясёлых, аптымістычных. Людзям прыемней бачыць тых, па кім не прайшлася сістэма. Бо так лягчэй забыць, дзе жывеш.

І ты застаешся сам-насам з сабой.

Самотнікам.

Чалавекам, якога ахінае моўчадзь.

І добра, калі ты, як Дарафееў (ці як Вадзім Пракоп’еў), можаш эміграваць. А калі не? Калі ўся твая музыка, твае песні, твае вершы і раманы — пра гэтую краіну і для гэтай краіны?

Тут пачынаецца такая драма, што пра яе нават не раскажаш словамі. Некалькі гадоў таму я чытаў вельмі сумную гісторыю пра легенду майго юнацтва Ігара Варашкевіча («Крама»). Яго, як і Вольскага, як і Хаменку («Палац»), як і Кулінковіча («Нейра Дзюбель»), унеслі пасля 2010 года ў чорныя спісы за выступ на «не тым» канцэрце. І ў тэксце апавядалася, як Варашкевіч, пазбаўлены вялікай сцэны, сабраў кавер-бэнд, выступае на малых пляцоўках за «невялікія грошы», карацей, «культурпартызаніць».

І настрой у тым тэксце быў такі, ведаеце — ні злосці, ні расчаравання, толькі ціхі сум. Вось як калі б Каліноўскі даў інтэрв’ю пасля шыбеніцы. Плакаць хацелася ад таго інтэрв’ю, але не з жалю да Майстра, якога за чалавечнасць (і менавіта за чалавечнасць!) пазбавілі права на творчасць.

Але праз нас, дурымараў, якія не шануюць тых, каго варта было б шанаваць.

Адметнасць 2020 года ў тым, што «выключаных» зрабілася вельмі, вельмі шмат.

І, вядома, наіўна думаць, што ўсё абыдзецца адной адменай канцэрта ці што Станюту слёзна паклічуць «абратна» на АНТ.

Выключанасць — гэта новы жыццёвы статус, якога вельмі цяжка, амаль немагчыма, пазбавіцца. Памятаеце, як у 2007-м «чорнаспісавыя» рокеры хадзілі да Праляскоўскага? І да чаго гэта прывяло (ні да чога)?

Кулінковічу давялося зрабіцца калумністам «СБ», каб зноў выйсці на сцэну.

Цяпер усё абцяжарваецца тым, што і пляцоўкі «народнай падтрымкі», збору грошай на новы альбом, новы цыкл перадач, новы кліп — выключаныя. І я не думаю, што «Моламола» хаця б калі-небудзь запрацуе ў РБ.

Мяне «выключылі» вельмі даўно.

Прыкладна ў 2000-м, бо ў 1999-м далі паступіць у аспірантуру, а ў 2001-м не далі абараніць напісаную ў той аспірантуры дысертацыю. І шапталі: «Такога не было нават за СССР».

Усё маё свядомае жыццё прайшло ў стане «выключанасці». Сустрэчы з чытачамі ў невялічкіх кнігарнях. Дробныя радасці ў выглядзе аўтограф-сесій, на якія збіраліся тыя, што пра мяне памяталі. Краіна будавала лядовыя палацы і праводзіла дні пісьменства, я пісаў свае тэксты ў спадзяванні на тое, што нехта калі-небудзь прачытае.

Часам — дзякуючы збегу абставін, дапамозе сімпатызантаў з таго боку — мяне «ўключалі», дапускалі да мікрафона, нешта блытана абяцалі. Але звычайна — як у песні «Аўкцыёна»:

«Что-то вручали, потом забирали, но ненадолго».

Што я маю сказаць «новым выключаным»?

Вы ўсё зрабілі правільна.

Па-іншаму было няможна.

Вы — людзі. І зрабілі па-людску.

То ніякай горычы.

Калі зробіцца цяжка, памятайце:

Сумленны чалавек мае раскошу глядзець людзям у вочы.

А з гэтай раскошай няма чаго гараваць.

Каментары15

Цяпер чытаюць

Вучняў, якія з матам парвалі экзаменацыйныя білеты па гісторыі Беларусі, прымусілі выбачацца каля манумента Перамогі41

Вучняў, якія з матам парвалі экзаменацыйныя білеты па гісторыі Беларусі, прымусілі выбачацца каля манумента Перамогі

Усе навіны →
Усе навіны

Астравецкі раён абышоў Мінск па заробках

«Мы не дзеці з Пуціным. Пуцін — забойца, які прыйшоў забіваць дзяцей»: Зяленскі рэзка адказаў Трампу на заяву пра вайну7

Былы спікер Генштаба УСУ заклікаў насельніцтва Сум эвакуявацца з-за наступу Расіі

На чайным грыбе зарабіў у Польшчы першыя мільёны рэстаратар з Брэста, бізнэс якога ўлады разграмілі ў 2020-м10

У Бельгіі забілі жонку і 6-гадовую дачку ўкраінскага вайскоўца6

Ціханоўская: Кадэбісты сказалі, што дзяцей лёгка вярнуць у Беларусь40

У мінскім «Бургер кінгу» памёр мужчына

Пасажыры беларускага цягніка самі прыбралі бярозу, што ўпала на рэйкі ФОТА

Сіноптыкі перадалі аранжавы ўзровень небяспекі на сёння

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вучняў, якія з матам парвалі экзаменацыйныя білеты па гісторыі Беларусі, прымусілі выбачацца каля манумента Перамогі41

Вучняў, якія з матам парвалі экзаменацыйныя білеты па гісторыі Беларусі, прымусілі выбачацца каля манумента Перамогі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць