Свет22

Хто цяпер вырашае, як называюцца тыя ці іншыя месцы на карце?

Адкрыйце тую ж карту ў ЗША і Канадзе — і ўбачыце дзве розныя назвы аднаго і таго ж возера, піша Бі-бі-сі. Дык хто ж вырашае, як насамрэч называецца тое ці іншае месца? 

Прэзідэнт Дональд Трамп падпісаў указ пра перайменаванне возера Антарыа ў возера Амерыка. Фота: Getty Image

Адкрыйце Google Maps у Таронта — і ўбачыце адну назву.

Адкрыйце карту ў Нью-Йорку — і можаце ўбачыць іншую.

Усё часцей назва на карце ў вашым смартфоне залежыць ад таго, дзе менавіта вы знаходзіцеся. Менавіта гэта адбываецца з возерам Антарыа — найменшым з Вялікіх азёр, размешчаных на мяжы ЗША і Канады.

Калі прэзідэнт ЗША Трамп распарадзіўся перайменаваць яго ў «возера Амерыка» пасля няўдалых гандлёвых перамоў паміж дзвюма краінамі гэтым летам, на розных картах возера пачало з'яўляцца пад рознымі назвамі. Але змена назвы ў дзяржаўнай базе звестак не абавязкова змяняе тое, як гэтае месца называе рэшта свету.

Ад лічбавых карт да турыстычных арганізацый і мясцовых грамад — спрэчка вакол возера Антарыа паказвае, як складана перайменаваць геаграфічны аб'ект і хто ўрэшце вырашае, якая назва замацуецца.

Хто вырашае, што будзе на карце?

Не дзіўна, што Канада не падтрымала ніякіх змен.

У ЗША працэс перайменавання пачаўся з федэральнай Інфармацыйнай сістэмы геаграфічных назваў (GNIS) — базы звестак, якую выкарыстоўваюць для стандартызацыі геаграфічных назваў на федэральным узроўні. Указ Трампа абавязваў дадаць у сістэму назву «возера Амерыка» і выключыць папярэднюю назву.

Google адлюстраваў змены ў адпаведнасці са сваёй даўняй палітыкай выкарыстання афіцыйных дзяржаўных крыніц для назваў. Цяпер карыстальнікі ў ЗША бачаць «возера Амерыка», тады як у Канадзе яно і надалей называецца «возера Антарыа».

Apple Maps таксама ўвялі новую назву пасля ціску з боку Трампа.

Але прыватныя картаграфічныя кампаніі юрыдычна не абавязаныя прытрымлівацца федэральнай назвы. MapQuest, вядомы як адзін з першых лічбавых картаграфічных сэрвісаў, адмовіўся выкарыстоўваць новую назву. Пасля гэтага MapQuest заняў першае месца сярод усіх дадаткаў у амерыканскім App Store кампаніі Apple. У кампаніі заявілі, што пасля выдання ўказа яго паставілі больш за 1,5 мільёна разоў у ЗША і Канадзе.

«MapQuest вырашыў пакінуць назву, якая знаёмая людзям, — сказаў генеральны менеджар кампаніі Даг Бергер. — Калі людзям патрэбныя маршруты, яны шукаюць знаёмыя назвы. Таму рашэнне было простым».

Што азначае назва

Розныя падыходы паказваюць, як федэральнае рашэнне пра перайменаванне можа хутка прывесці да з'яўлення некалькіх назваў аднаго і таго ж геаграфічнага аб'екта.

Акруга Асвіга ў штаце Нью-Ёрк, якая мяжуе з возерам, вырашыла захаваць назву «возера Антарыа» ў афіцыйных дакументах і дзелавых матэрыялах, спасылаючыся на гістарычнае значэнне гэтай назвы, а таксама на выдаткі падаткаплатнікаў і ўладальнікаў бізнэсу, звязаныя з рэбрэндынгам.

У адрозненне ад лічбавых карт, друкаваныя карты немагчыма імгненна абнавіць пасля змены геаграфічных назваў. Фота: Getty Image

Племя карэнных амерыканцаў сенека таксама выступіла з заявай супраць гэтага рашэння, падкрэсліўшы карэннае паходжанне назвы возера і яго гістарычную ролю ў дыпламатыі карэнных народаў.

«На нашай традыцыйнай мове сенека яно называецца sga:nyodai:yoh, што азначае «прыгожае возера», — сказаў упаўнаважаны прадстаўнік народнасці Джэй Конрад Сенека. — Для нас возера Антарыа — не палітычная пешка. Яно не падзяляе Злучаныя Штаты і Канаду. Гэта зямля карэнных народаў, якую яны засялялі з незапомных часоў».

Калі дзве назвы суіснуюць

Але за межамі ЗША і Канады наступствы перайменавання могуць быць абмежаванымі.

«Назвы вадаёмаў звычайна належаць да кампетэнцыі асобных дзяржаў, — тлумачыць Таўфік Рахім, старшы навуковы супрацоўнік незалежнага аналітычнага цэнтра New America і аўтар кнігі Trump 2.5: A Primer. — Існуюць міжнародныя арганізацыі, такія як Міжнародная гідраграфічная арганізацыя (IHO), але яны не маюць паўнамоцтваў вырашаць такія спрэчкі. Звычайна, калі ўзнікае спрэчка, могуць выкарыстоўвацца дзве ці нават некалькі назваў».

Даўні прыклад — спрэчка вакол назваў «Персідскі заліў» і «Арабскі заліў». «Персідскі заліў» застаецца стандартнай назвай, якую выкарыстоўваюць ААН, IHO і большасць сусветных атласаў. У той жа час арабскія дзяржавы, што мяжуюць з гэтай акваторыяй, у тым ліку Саудаўская Аравія, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Кувейт, Катар, Бахрэйн і Аман, пераважна выкарыстоўваюць назву «Арабскі заліў» і з 1960‑х гадоў заклікаюць саюзнікаў рабіць так сама.

Яшчэ адзін, больш свежы прыклад — рашэнне Трампа ў студзені 2025 года перайменаваць Мексіканскі заліў у «Амерыканскі заліў». Новую назву ўвялі на федэральных картах ЗША і некаторых лічбавых картаграфічных сэрвісах, тады як у Мексіцы і для міжнародных карыстальнікаў і надалей выкарыстоўвалася назва «Мексіканскі заліў» або абедзве назвы.

У горадзе Мобіл, штат Алабама, Нацыянальны марскі музей Мексіканскага заліва незадоўга да гэтага выдаткаваў амаль 100 тысяч даляраў на рэбрэндынг. Пасля федэральнага перайменавання музей аказаўся з новай назвай, звязанай з геаграфічным аб'ектам, назва якога цяпер з'яўляецца прадметам спрэчкі. Тады дырэктарка музея сказала BBC Travel, што чарговае перайменаванне запатрабавала б «цалкам перарабіць увесь музей», і заявіла, што будзе арыентавацца на рашэнне гарадскіх улад. Цяпер на сайце музей называецца проста Нацыянальным марскім музеем заліва.

Возера Антарыа знаходзіцца на мяжы ЗША і Канады: на поўдні да яго прымыкае амерыканскі штат Нью-Ёрк, а на поўначы — канадская правінцыя Антарыа. Фота: Getty Image

Падобная сітуацыя цяпер разгортваецца і на амерыканскім баку возера Антарыа. Нацыянальны марскі запаведнік возера Антарыа, федэральная прыродаахоўная тэрыторыя плошчай 1722 квадратныя мілі (4460 кв. км), якая ахоплівае акваторыю і дно возера ўздоўж усходняга ўзбярэжжа штата Нью-Ёрк, захоўвае сваю назву.

Нацыянальнае ўпраўленне акіянічных і атмасферных даследаванняў ЗША (NOAA), якое сумесна са штатам Нью-Ёрк кіруе запаведнікам, заяўляе, што ўказ датычыць федэральных згадак пра само возера, але не змяняе асобна зацверджаную назву запаведніка. Ведамства абнаўляе свае матэрыялы, называючы возера «возерам Амерыка», тады як запаведнік і надалей называецца Нацыянальным марскім запаведнікам возера Антарыа.

Дыпламатычны клін

Арганізацыйны і фінансавы цяжар перайменавання, найбольш верагодна, ляжа на ЗША і іх падаткаплатнікаў.

«Гэта дадае яшчэ адзін непатрэбны артыкул выдаткаў для ЗША, якія агулам могуць дасягаць сотняў мільёнаў даляраў у год, — кажа Уша Гейлі, ганаровая прафесарка міжнароднага бізнэсу Уічыцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. — Людзям даводзіцца выдаткоўваць час, яшчэ адзін важны рэсурс, на кіраванне гэтымі зменамі для розных аўдыторый».

Хоць перайменаванне будзе мець практычныя наступствы, найбольш трывалымі, імаверна, будуць наступствы сімвалічныя.

«Геаграфічныя назвы становяцца своеасаблівым сімвалам суверэнітэту і улады. Гэта геапалітычны сігнал пра тое, хто кантралюе нацыянальны і двухбаковы парадак дня», — кажа Гейлі.

Паводле яе слоў, сімвалічныя і дыпламатычныя наступствы такога перайменавання могуць быць куды больш маштабнымі, чым непасрэдныя камерцыйныя выдаткі. Паводле слоў Гейлі, гэтае рашэнне, імаверна, і надалей будзе падрываць дыпламатычны давер паміж Канадай і ЗША, ускладняючы і без таго складаныя гандлёвыя адносіны паміж дзвюма краінамі.

Канада даўно з'яўляецца адным з галоўных кірункаў амерыканскага экспарту і трэцяй па аб'ёме крыніцай імпарту ў ЗША пасля Мексікі і Кітая. Уша Гейлі адзначае, што падобныя сімвалічныя спрэчкі могуць станавіцца праявай больш маштабных канфліктаў.

Каментары2

  • 2+2
    11.09.2026
    Это войдёт в историю как последний акт культурного колониализма по отношению к индейцам. Какое позорище, хоспади....
  • Абсурд
    11.09.2026
    Помню сериал "Приключения на берегах Онтарио" по Ф. Куперу. Согласно Трампу, этот сериал следовало бы назвать "Приключения на берегах Америки"...

Цяпер чытаюць

Джон Коўл прыедзе ў Беларусь 15 верасня. Лукашэнка, аднак папярэдзіў: «вялікай здзелкі» не будзе10

Джон Коўл прыедзе ў Беларусь 15 верасня. Лукашэнка, аднак папярэдзіў: «вялікай здзелкі» не будзе

Усе навіны →
Усе навіны

Як у беларускіх школах абшукваюць дзяцей ВІДЭА27

20‑гадовы беларус ажаніўся з 41‑гадовай жанчынай дзеля адтэрміноўкі ад арміі. Але план не спрацаваў1

«Нахабна трацяць мільярды». Лукашэнка выступіў з новымі нападкамі на суседнія краіны14

Жонка прапагандыста Тура тэрмінова шукае рэпетытара па матэматыцы для дачкі27

Ліса пакусала мужчыну і сабак ва Уздзенскім раёне

За палітыку асудзілі маладую намесніцу дырэктара школы з Беняконяў10

На медычным кангрэсе ва Уроцлаве арганізатары знялі лукашэнкаўскі сцяг пасля пратэстаў беларусаў2

Жыллё не нашмат таннейшае за польскае — але больш прасторнае і з дыванамі. ІТ-спецыялістка хваліць Таджыкістан2

Беларуская топ-мадэль выйшла замуж за шамана — цяпер вучыць гіпнааргазмам27

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Джон Коўл прыедзе ў Беларусь 15 верасня. Лукашэнка, аднак папярэдзіў: «вялікай здзелкі» не будзе10

Джон Коўл прыедзе ў Беларусь 15 верасня. Лукашэнка, аднак папярэдзіў: «вялікай здзелкі» не будзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць