Грамадства1717

Коля пайшоў у армію, але куды? Вось дзе служылі Віктар і Дзмітрый Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што яго малодшы сын служыць у войску «як усе». Куды маглі паслаць Мікалая і як служылі яго старэйшыя браты?

Мікалай Лукашэнка. Калаж: Наша Ніва

Мікалай Лукашэнка, аказваецца, ужо служыць, прычым, па словах бацькі, у нейкім асабліва складаным падраздзяленні лейтэнантам — хоць няясна, калі і дзе ён мог скончыць вайсковую кафедру, каб атрымаць афіцэрскае званне..

Аляксандр Лукашэнка пра службу сына расказаў журналістам 11 верасня.

«Малодшы сын ужо служыць у арміі. Ніхто нават і не ведаў. Віктар Хрэнін прызваў. Служыць у арміі, як і належыць, як усе. Лейтэнант. Не буду казаць дзе, але ў самым складаным падраздзяленні», — заявіў Лукашэнка.

Якое менавіта месца дасталося малодшаму сыну, ён не ўдакладніў. Але ў сям’і Лукашэнкаў ёсць свая вайсковая традыцыя: бацька служыў у памежных войсках, а абодва старэйшыя сыны — у элітным спецпадраздзяленні памежнікаў. Прынамсі, фармальна.

Бацька: палітработнік у памежных і мотастралковых войсках

Аляксандр Лукашэнка служыў у савецкім войску двойчы.

Першы раз — у 1975‑1977 гадах, пасля заканчэння гістарычнага факультэта Магілёўскага педагагічнага інстытута. Яго накіравалі ў памежныя войскі, якія ў той час уваходзілі ў сістэму КДБ СССР. Паводле афіцыйнай біяграфіі, Лукашэнка быў інструктарам палітаддзела вайсковай часці Заходняй памежнай акругі ў Брэсце.

Другі раз ён трапіў у войска ў 1980 годзе і служыў да 1982-га. Яго афіцыйная біяграфія называе пасаду намесніка камандзіра роты па палітычнай рабоце. 

Цяпер Лукашэнка мае званне падпалкоўніка запасу, хоць на вайсковых мерапрыемствах носіць спецыяльную форму вярхоўнага галоўнакамандуючага з пагонамі, якія візуальна нагадваюць маршальскія.

Віктар: АСАМ, нелегальныя мігранты і медаль

Старэйшы сын Віктар Лукашэнка ў 1998 годзе скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ. Спачатку ён паспеў папрацаваць у Міністэрстве замежных спраў, а затым пайшоў у памежныя войскі.

З 1998 да 2001 года Віктар служыў у Асобнай службе актыўных мерапрыемстваў — АСАМ. Гэта элітнае спецыяльнае падраздзяленне памежных войскаў, якое спецыялізуецца на барацьбе з тэрарызмам, незаконнай міграцыяй, наркатрафікам і кантрабандай на дзяржаўнай мяжы. Службу ён скончыў у званні капітана.

Пра адзін з эпізодаў яго службы пазней расказваў камандзір падраздзялення. Паводле яго, пад Гроднам Віктар удзельнічаў у затрыманні групы нелегальных мігрантаў і за гэта атрымаў дзяржаўную ўзнагароду. Сам факт узнагароджання пацвярджаецца дакументальна. Указам №105 ад 23 лютага 2001 года Віктар Лукашэнка быў узнагароджаны медалём «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы». 

Пасля службы Віктар вярнуўся ў грамадзянскія структуры, а ў 2005 годзе стаў памочнікам бацькі па нацыянальнай бяспецы. Цяпер ён узначальвае Нацыянальны алімпійскі камітэт.

Дзмітрый: сакрэтная часць і хакей падчас службы

Сярэдні сын Дзмітрый Лукашэнка пайшоў амаль тым жа шляхам. У 2002 годзе ён скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ па спецыяльнасці «міжнароднае права» і адразу пасля ўніверсітэта трапіў у войска. Служыў Дзмітрый таксама ў АСАМ, пачынаў адразу ў званні лейтэнанта.

У тэлепраграме пачатку 2000‑х Дзмітрый так апісвае свой дзень: пад'ём а сёмай раніцы, размінка, сняданак і выезд на службу, якая сканчалася а 18-й.

Дзмітрый Лукашэнка падчас службы. Скрыншот з тэлепраграмы «Намедни», палепшаны з дапамогай нейрасетак

У адным з эпізодаў Дзмітрый у гальштуку сядзіць за маніторам камп’ютара і вывучае заканадаўства аб ахове мяжы.

«Спецыяльнасць у мяне грамадзянская — юрыст-міжнароднік. Выбраў гэты шлях, бо трэба не парушаць традыцыю: як вы ведаеце, і бацька быў памежнікам, і старэйшы брат Віктар», — тлумачыў ён.

У праграме паказалі, як раніцай Дзмітрый гуляе ў хакей у Лядовым палацы, назваўшы гэта фізічнай падрыхтоўкай у падраздзяленні. А ўвечары Палац спорту ўжо ачапілі перад хакейным матчам, у якім разам выходзілі на лёд Аляксандр, Віктар і Дзмітрый Лукашэнкі.

Дзмітрый (справа) і Віктар (злева) Лукашэнкі на хакейным матчы падчас службы Дзмітрыя. Скрыншот з тэлепраграмы «Намедни», палепшаны з дапамогай нейрасетак

Пазней Дзмітрый даслужыўся да капітана. Як і Віктар, ён мае медаль «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай мяжы», а таксама ведамасныя знакі «Выдатнік пагранвойскаў» першай і другой ступеняў. Пасля войска ён узначаліў Прэзідэнцкі спартыўны клуб.

Ці мог Мікалай таксама трапіць у АСАМ?

Такі варыянт выглядае лагічным. У АСАМ служылі абодва яго старэйшыя браты, а памежная служба ў сямейнай біяграфіі падаецца як традыцыя, распачатая яшчэ бацькам.

Да таго ж Лукашэнка назваў месца службы Мікалая «самым складаным падраздзяленнем». АСАМ якраз доўгі час падаваўся дзяржаўнай прапагандай як эліта памежных войскаў.

Але ёсць нестыкоўка. АСАМ уваходзіць у сістэму Дзяржаўнага памежнага камітэта, а не Міністэрства абароны. Таму міністр абароны Віктар Хрэнін не павінен непасрэдна «прызываць» туды людзей.

Магчыма, Лукашэнка сказаў пра Хрэніна ў шырокім сэнсе, маючы на ўвазе прызыў на вайсковую службу ўвогуле. Але магчыма і тое, што Мікалай служыць у нейкім падраздзяленні Узброеных сіл, а не ў спецназе памежнікаў.

А можа, у Службе бяспекі прэзідэнта?

Апошнім часам Мікалай не раз з’яўляўся побач з бацькам у цёмнай форме і выглядаў як адзін з людзей са Службы бяспекі. Яна займаецца аховай Лукашэнкі, іншых вышэйшых службовых асоб і дзяржаўных аб’ектаў.

Так, у маі 2026 года Мікалай Лукашэнка з’явіўся на трэніроўцы сіл, задзейнічаных у прымяненні ядзернай зброі, у вайсковай форме з шаўронам Службы бяспекі.

Коля Лукашэнка ў вайсковай форме з шаўронам Службы бяспекі. Фота: Belarusian Presidential Press Service via AP

Раней, падчас візіту ў Манголію ў 2024 годзе, ён насіў вопратку колеру хакі з эмблемай гэтай службы. Аднак афіцыйна пра залічэнне Мікалая ў СБП не паведамлялася.

Мікалай з бацькам у Манголіі ў 2024 годзе

Ды і трапіць туды, прынамсі паводле ранейшых публічна агучаных правілаў, без службы ў войску было нельга. У 2014 годзе СБП паведамляла, што кандыдатаў адбіраюць сярод мужчын — грамадзян Беларусі ва ўзросце 20‑25 гадоў, якія ўжо прайшлі вайсковую службу па прызыве. 

Аднак у дзейным Законе «Аб дзяржаўнай ахове» такое патрабаванне наўпрост не прапісана: ён змяшчае толькі агульныя патрабаванні, а парадак праверкі кандыдатаў вызначае сама СБП. 

Служыць і працягвае ездзіць з бацькам

Улетку 2026 года Мікалай скончыў сумесную праграму БДУ і Пекінскага ўніверсітэта па біятэхналогіях. Цяпер, паводле бацькі, ён адначасова служыць і ў вольны час працягвае займацца сваёй спецыяльнасцю.

Пры гэтым вайсковая служба не перашкодзіла яму суправаджаць Лукашэнку за мяжой. У 2026 годзе Мікалай некалькі разоў трапляў у аб’ектывы падчас замежных паездак бацькі. Апошні такі выпадак — саміт у Бішкеку 31 жніўня — 1 верасня.

Сам па сабе выезд вайскоўца за мяжу не супярэчыць службе: яго могуць накіраваць у афіцыйную камандзіроўку. Калі ж Мікалай служыць у ахове бацькі, такія паездкі могуць быць часткай яго абавязкаў.

Каментары17

  • Пагон
    11.09.2026
    Дзевачкі з Нашай Нівы, зірніце ў інтарнэце як выглядае пагон лейтэнанта.
  • Ёсік
    11.09.2026
    Абрагочышся, служылі.
  • Бубубу
    11.09.2026
    Якая брыда ўся гэта сямейка з яе гнюснымі сакрэтамі.

Цяпер чытаюць

Усіх студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту60

Усіх студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту

Усе навіны →
Усе навіны

Крышціяну Раналду завяршыў кар'еру ў зборнай Партугаліі?

Тураўскія каменныя крыжы, якія нібыта прыплылі з Кіева, мабыць, паставілі пры Канстанціне Астрожскім5

У «Мінсктрансе» расказалі, колькі ў Мінску штомесяц ловяць зайцаў5

Рубіа запатрабаваў ад іранскай дэлегацыі неадкладна пакінуць Нью-Ёрк1

«Я пацягнуў за штурвал». Пасажыр рэйса Flydubai распавёў, як яму ўдалося выратаваць самалёт Дубай — Тэль-Авіў1

Жанчына з Тэнэсі выжыла пасля дзвюх смяротных ін'екцый падчас пакарання смерцю і была дастаўлена ў бальніцу6

Свабода дурніц. Як амерыканцы пачалі вырошчваць ягады ў Кітаі, але радаваліся нядоўга7

26 палос мае хіба што самая шырокая аўтастрада свету. Але ад затораў не ратуе

Гомельскага блогера Мелстроя, магчыма, затрымалі на Кіпры на запыт Казахстана3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усіх студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту60

Усіх студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць