«Нахабна трацяць мільярды». Лукашэнка выступіў з новымі нападкамі на суседнія краіны
Аляксандр Лукашэнка сёння наведаў Абуз-Лясноўскі палігон пад Баранавічамі.

«Замежнапалітычны парадак дня ведаеце. Агрэсіўную рыторыку ў адрас Беларусі вы бачыце, назіраеце. Разведка адносна Беларусі вядзецца дастаткова адкрыта, амаль нахабна: перыядычна фіксуем рознага роду правакацыі, парушэнні паветраннай прасторы. Але не гэта галоўнае. Галоўнае палягае ў тым, што нашы суседзі сёння трацяць мільярды долараў на ўзбраенне сваёй арміі. Нахабна. Не толькі вучэнні ля мяжы, але і стварэнне новых часцей, армій, якія разгортваюцца на мяжы Беларусі. Што гэта такое? Для нас, вайсковых людзей, усё вельмі нават зразумела. Таму нам трэба, як я казаў калісьці адкрыта і шчыра, рыхтавацца да вайны, каб яе пазбегнуць. Мы павінны быць гатовыя заўсёды да адэкватнай рэакцыі, калі раптам нешта здарыцца», — заявіў Лукашэнка.
«Некаторыя нас тут спрабуюць абвінаваціць, што нібыта заўтра мы на кагосьці збіраемся нападаць. Яшчэ раз паўтараю: мы не збіраемся ні на кога нападаць, мы прагматыкі», — заявіў Лукашэнка.
«Мы разумеем, што калі мы на кагосьці (напрыклад, з нашых суседзяў) здзейснім напад, гэта смерці падобна. Выйграць канфлікт з нашымі «монстрамі», размешчанымі па перыметры дзяржавамі, мы не можам. На што тады пачынаць вайну, калі абсалютна шчыра? Але абараніць сантыметр, міліметр сваёй зямлі, наша насельніцтва, забяспечыць бяспеку мы абавязаны», — дадаў Лукашэнка.
Суседнія з Беларуссю краіны рэзка павялічылі выдаткі на абарону пасля нападу Расіі на Украіну, які быў здзейснены ў тым ліку з тэрыторыі і пры лагістычнай падтрымцы Беларусі. Расійскія імперыялісты і Аляксандр Лукашэнка не хаваюць прэтэнзій на гегемонію над еўрапейскім кантынентам. Аднак захапіць і расчляніць Украіну Расіі не ўдалося, украінская армія здолела адкінуць інтэрвентаў ад Кіева, Харкава і вызваліць значную частку тэрыторый, захопленых у выніку вераломнага ўдару ў лютым 2022-га.
Каментары
Прозрение.