У Смалявічах будуюць незвычайны шматфункцыянальны комплекс Smala. Мае выглядаць як у Нідэрландах
Мінская дызайн-студыя ASGP architects паказала ў Threads візуалізацыю шматфункцыянальнага комплексу Smala, будаўніцтва якога ўжо разгарнулася ў Смалявічах. Незвычайны аб'ект з'явіцца ў мікрараёне Ліпкі побач з трасай М1. Замест нуднага ангара з сэндвіч-панэляў тут пабудуюць шэраг сакавітых рознакаляровых дамкоў рознай вышыні, дзе размесцяцца крамы, бытавыя паслугі і фудкорт. Выданне Domovita.by расказвае, як будзе выглядаць будучы комплекс.

Мікрараён Ліпкі знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй ускраіне Смалявічаў — на машыне ад Мінска сюды можна даляцець па хуткаснай трасе М1 літаральна за паўгадзіны. Лакацыя цікавая: акрамя звычайнага прыватнага сектара, тут у 2020 годзе пачаў расці клубны пасёлак Lipki Village.
У свой час мінскі забудоўшчык «Трэст Прамбуд» забраў тут пад праект каля 12 гектараў зямлі, каб стварыць акуратную малапавярховую забудову ў адзіным еўрапейскім стылі. Квадрат на старце аддавалі па вельмі даступнай цане — ад $800 пры стопрацэнтнай аплаце.

Цяпер па суседстве з жылой забудовай узводзяць і новы інфраструктурны аб'ект. Што вельмі цешыць: замест шаблоннага павільёна архітэктары дызайн-студыі ASGP architects вырашылі зрабіць нешта куды больш яскравае і незвычайнае.
Самі аўтары апісалі канцэпцыю так:
«Аб'ём комплексу падзялілі на шэраг асобных «дамкоў» рознага маштабу, вышыні і колеру. Кожны з іх абазначае асобную функцыю або арандатара (фудкорт, гандаль, бытавыя паслугі), але разам яны фармуюць адзіную кампазіцыю. Выразны сілуэт і буйныя каляровыя плоскасці робяць комплекс добра пазнавальным і лёгка счытвальным з дарогі. Атрымалася невялікая архітэктурная вуліца».

У выніку на рэндэрах праект больш падобны да акуратнага квартала дзесьці ў Нідэрландах, чым на звыклы гандлёвы цэнтр.

Будынкі атрымалі ламаныя сілуэты з крутымі двухсхільнымі дахамі і фасадным аздабленнем з вертыкальным рэльефам. З палітрай таксама сціпласці не праяўлялі: у праекце смела зміксавалі глыбокі сіні, цёплы аранжавы і сакавіты тэракотавы колеры. З дарогі такі ансамбль дакладна будзе чапляць вока і вылучацца на фоне зеляніны.

Архітэктары пацвердзілі, што будоўля ўжо ідзе проста цяпер, аднак больш ніякай інфармацыі пра гэта комплекс у адкрытым доступе няма. У сетцы нельга знайсці ні афіцыйных даных пра заказчыка, ні тэрмінаў здачы, ні канкрэтных аператараў, якія зоймуць гэтыя плошчы. Пакуль застаецца толькі назіраць за праектам і чакаць, наколькі дакладна смелую задуму ўдасца ўвасобіць у рэальнасці.
Тэнісны корт, пляж і аранжарэя. Як пад Нясвіжам збіраюцца перарабіць старажытны парк сядзібы Рдултоўскіх
Квадрат ад €1285 і крэдыт пад 1%. У мінскім «Паўночным Беразе» анансавалі новы квартал
У Мінску пасля маштабнай рэнавацыі адкрыўся Палац шлюбаў на Камуністычнай ФОТЫ
Тры новыя гатэлі, старажытны бровар і пешаходнае кола. Што новага з'явіцца ў Гродне
Каментары