Культура1414

У Мінску будуюць паласаты храм візантыйскай архітэктуры ў імя заступніцы хворых на анкалогію

На вуліцы Чыгуначнай у Мінску набліжаецца да завяршэння будаўніцтва храма ў гонар іконы Божай Маці «Усецарыца». Праект вылучаецца нетыповай для сучаснай Беларусі візантыйскай стылістыкай з выкарыстаннем тэхнікі паласатай муроўкі, якую асабліва падабалі ў старажытным Полацку. 

Будаўніцтва храма іконы Божай Маці «Усецарыца» вядзецца з выкарыстаннем імітацыі візантыйскай паласатай муроўкі. Фота: фэйсбук 

Прыход быў утвораны ў маі 2012 года намаганнямі сталічных анколагаў і іх пацыентаў. У ліпені таго ж года з манастыра Ватапед на гары Афон быў дастаўлены спіс іконы Прасвятой Багародзіцы «Усецарыца» (Пантанаса), якая традыцыйна лічыцца заступніцай ад анкалагічных захворванняў.

Першым настаяцелем прыхода стаў протаіерэй Кірыл Шолкаў. Да прыняцця сану ён займаўся музыкай, скончыў акадэмію музыкі па класе кларнета. Пад кіраўніцтвам Шолкава прыход сканцэнтраваўся на сацыяльным служэнні і дапамозе анкапацыентам.

У 2013 годзе былі адкрытыя малітоўныя капліцы ў Мінскім гарадскім клінічным анкалагічным дыспансеры і ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі ў пасёлку Гарадзішча. У 2014 годзе Сінод Беларускай праваслаўнай царквы прызначыў Шолкава старшынёй Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльным служэнні.

Драўляная часовая царква на Грушаўскай вуліцы. Фота: sobory.ru

У жніўні 2020 года ён суправаджаў мітрапаліта Паўла падчас наведвання ў бальніцы людзей, пацярпелых падчас паслявыбарчых пратэстаў. Гэта, тым не менш, не перашкодзіла яму атрымаць у 2022 годзе дзяржаўную прэмію «За духоўнае адраджэнне» з рук Лукашэнкі.

Кірыл Шолкаў раптоўна памёр у сакавіку 2023 года падчас паездкі ў Вільню ва ўзросце пяцідзесяці гадоў. Яго справу пераняў Мікалай Сухановіч.

Праект храма прадугледжвае наяўнасць цокальнага ўзроўню. Фота: pantanassa.by

Аўтарам праекта храма выступае архітэктар Мікалай Лук’янчык, аўтар мноства праваслаўных аб'ектаў у Беларусі. Сярод яго найбольш вядомых прац — помнік Сафіі Слуцкай у Слуцку і царква Святой Праведнай Сафіі Слуцкай у Мінску, сяміметровы помнік Кірылу Тураўскаму ў Тураве (у суаўтарстве са скульптурам Міхаілам Іньковым), а таксама храмы ў Фаніпалі, Беразіне, Вялікім Сціклеве, Вілейцы і інш.

Паводле інфармацыі з афіцыйнага сайта прыхода, храм праектаваўся ў грэцкім стылі. Але правільней яго называць візантыйскім.

Галоўная асаблівасць трохгаловага храма — аздабленне фасадаў, якое імітуе старажытную тэхніку муроўкі opus mixtum. У гісторыі візантыйскай архітэктуры і дойлідства Старыжнай Русі такі прыём быў вядомы як муроўка са «схаваным радам». Гістарычна ён прадугледжваў чаргаванне радоў тонкай цэглы (плінфы) з радамі светлага прыроднага каменю або тоўстага слоя раствора з цамянкай.

У імітацыі чаргуецца цэгла розных колераў. На акцэнтным кантрасце з асноўным аб'ёмам пабудаваны экзанартэкс новага храма: арачная лоджыя перад галоўным уваходам, якая гістарычна прызначалася для людзей, што яшчэ не прынялі хрышчэння. На яго сценах і слупах светлыя палосы ўжо чаргуюцца не з чырвонымі, а з чорнымі.

Будаўніцтва храма іконы Божай Маці «Усецарыца» вядзецца з выкарыстаннем імітацыі візантыйскай паласатай муроўкі. 2021 г. Фота: Sb.by

Тэхніка такой паласатай муроўкі шырока выкарыстоўвалася не толькі ўласна ў Грэцыі, але і на Балканах як для ўмацавання сцен у сейсмічна небяспечных зонах, так і для дэкаратыўнага эфекту.

Тэхніка была шырока вядома і на рускіх землях, але менавіта для полацкай школы яна стала своеасаблівай фішкай: калі іншыя рускія землі адмовіліся ад яе ў XII стагоддзі, то ў Полацку працягвалі будаваць з выкарыстаннем гэтай тэхналогіі.

На мяжы XIX і XX стагоддзяў візантыйская і балканская традыцыя вярнулася ў выглядзе неавізантыйскага стылю. У 1914 годзе ў Мінску была пабудаваная Казанская царква (сённяшняя плошча Мяснікова) ў неавізантыйскім стылі, якая таксама звярталася да прыёму імітацыі паласатай муроўкі. У 1936 годзе савецкія варвары яе ўзарвалі.

Але візантыйская спадчына паласатых фасадаў у Мінску праіснавала даўжэй. Справа ў тым, што візантыйская тэхніка opus mixtum паўплывала не толькі на Старажытную Русь. Калі арабы заваявалі візантыйскія тэрыторыі ў Сірыі, Палесціне і Егіпце, у іх яшчэ не было ўласнай развітой манументальнай архітэктуры. Гэтую архітэктуру для іх стварылі мясцовыя візантыйскія майстры. Пазней у ісламскай архітэктуры гэты прыём эвалюцыянаваў у чыста дэкаратыўную тэхніку «аблак» (ablaq) — чаргаванне палос каменю розных колераў, напрыклад, чорнага базальту і белага вапняку.

У Мінск яна прыйшла, амаль адначасова з неавізантыйскімі павевамі, праз арабскую Іспанію. Маўрытанскі перыяд на Пірэнейскім паўвостраве быў «залатым векам» для мясцовых яўрэяў, якія былі выгнаныя пасля Рэканкісты каталіцкімі каралямі. У XIX — пачатку XX стагоддзя ў Расійскай імперыі і Еўропе пачаўся бум сінагогальнага будаўніцтва менавіта ў неамаўрытанскім стылі.

Так у Мінску ў 1906 годзе з'явілася Харальная сінагога, толькі пасля вайны перабудаваная ў неакласічны будынак Рускага тэатра — прама цяпер ідзе рэканструкцыя, якая ставіць за мэту часткова вярнуць будынку яго неамаўрытанскае аблічча.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары14

  • Лол
    31.07.2026
    Барадзед, каб гэтая традыцыя яшя не мяшалася з лубочным расійскім храмавым “зодчеством”, было б увогуле добра.
  • бапц
    31.07.2026
    Барадзед, беларусам нужнам автокефалия а не кремлевская рпц
  • .
    31.07.2026
    Калі анколагі будуюць капліцы і царквы, пачынаеш баяцца за ўласнае здароўе.

Цяпер чытаюць

Палякі ўсё часцей не прапускаюць да сябе беларусаў на аўтамабілях. Вось у чым праблема4

Палякі ўсё часцей не прапускаюць да сябе беларусаў на аўтамабілях. Вось у чым праблема

Усе навіны →
Усе навіны

10‑гадовы хлопчык у Мінску аддаў аферыстам $200 тысяч8

Электробусы пойдуць паміж Мінскам, Смалявічамі і Фаніпалем да канца года1

Пацвердзілася гібель зяця расійскага генерала пры выбуху ў рэстаране ў Маскве2

23‑гадовы студэнт стаў адказваць за моладзевую палітыку ў Аб’яднаным пераходным кабінеце. Што за ён?13

У выніку ўдару па Кіеве загінулі 17 чалавек, 44 параненыя. Найбольш ахвяр — людзі, якія чакалі цягнік4

Гамяльчук купіў псіхатроп і сам на сябе выклікаў міліцыю6

Не толькі ў Літве. У Польшчы пачала скарачацца колькасць беларусаў з дзейнымі ДНЖ4

Лукашэнка заклікаў стварыць абсалютную зброю ад беспілотнікаў43

Хлопец у Маладзечне кінуў завод з мізэрным заробкам і стаў расклейшчыкам аб'яваў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Палякі ўсё часцей не прапускаюць да сябе беларусаў на аўтамабілях. Вось у чым праблема4

Палякі ўсё часцей не прапускаюць да сябе беларусаў на аўтамабілях. Вось у чым праблема

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць