Аўкцыён ад святара, карагоды пад залевай і Ціханоўская, гатовая чысціць сіфоны. Рэпартаж з фэстывалю Tutaka
Фэстываль Tutaka ідзе ў шосты раз ва ўрочышчы Борык на Падляшшы ў Польшчы. Свабода наведала падзею ў суботу — самы дажджлівы фэстывальны дзень.

Фэстываль Tutaka сёлета крытыкуюць за дарагія білеты і не адпаведную кошту прапанову. Аднак тыя, хто ўсё ж даехаў у лес на Падляшшы, плацілі за атмасфэру і магчымасьць пабыць сярод сваіх. Нягледзячы на крытыку, Tutaka застаецца такім месцам, дзе можна ўбачыць блогера АйЦіБараду, што дрэмле ў гамаку, праваслаўнага бацюшку, які праводзіць аўкцыён, і запытацца ў Ціханоўскай, ці любіць яна піва.
Зранку суботы ў Беластоку моцны дождж. Машыністы цягніка ў Валілы, які вязе на Tutaku, перад адпраўленьнем гучна абмяркоўваюць свае кароткія абедзенныя перапынкі: «Нават схадзіць у прыбіральню няма калі».
«Прывітаньне. Па ягады?», — загаворвае, відаць, са знаёмай польскамоўнай пасажыркай з сабачкам кіраўнік цягніка.
«Дзе там! «Басовішча»! Гэтая — «Тутака». Можа, і па грыбы схаджу», — усьміхаецца яна.
«О, «Басовішча!» Сёньня? Таму так шмат людзей едзе. Сёньня 32 асобы», — адгукаецца чыгуначнік.

Салён выглядае паўпустым у параўнаньні з гадамі, калі ў цягнік на фэст было ня ўбіцца. Пачуўшы нашую гаворку, кандуктар пытаецца, ці мы ня едзем на польска-беларускую мяжу. Завязваецца размова пра цягнікі ў Беларусь і адкрытыя пераходныя пункты.
«Ці ўжо адкрытыя Баброўнікі?» — удакладняе ён. — «Ужо даўно».
«Гэта ня 39‑ы год, калі тут хадзіў цягнік «Стоўбцы — Парыж»», — камэнтуе калега побач.
Пяцьдзясят хвілін дарогі — і мы выходзім. Каб атрымаць фэстывальную бранзалетку, у адрозьненьне ад папярэдніх гадоў трэба ісьці не на месца фэсту, а на аўтазапраўку побач са станцыяй Валілы. Там п’юць ранішнюю каву Стася Гліньнік з Крысьцінай Дробыш і «тутакаўцы», што прачнуліся раней пасьля гучнай ночы. Кажуць, нават на ціхім кэмпінгу, дзе разьмясьціліся семʼі з дзецьмі, паўночы сьпявалі песьні. Сьняданак у валілскім бістро каштуе каля 10 эўра. У залі вісіць абраз Маці Божай Казанскай.
«Всё?» — па-расейску перапытвае польскамоўная афіцыянтка пасьля нашай замовы.
Білеты на ўваход
Упершыню сёлета на Tutaku прадавалі білеты. У папярэднія пяць гадоў уваход быў свабодным. Квіткі для дарослых стартавалі ад 35 эўра, падчас фэстывалю даражэй. Для жыхароў гміны Гарадок, на тэрыторыі якой праходзіць фэст, квіткі зрабілі ўтрая таньнейшымі. Асобна трэба было заплаціць за месца на намётавым полі для кожнага дарослага. Сямʼі з двума дзецьмі ўдзел у фэстывалі абыходзіцца ў сярэднім у 150 эўра.
«Калі ўводзіш квіткі за фэст, які раней быў бясплатны, варта прапанаваць нешта звыш таго, што было раней», — абмяркоўвалі ў сеціве беларусы, якія вырашылі ня ехаць на фэст.

Па дарозе на паляну Барыка пахне лесам і кветкамі. Сустракаем жыхароў Гарадка, якія больш за 30 гадоў наведвалі тут спачатку «Басовішча», а потым і «Тутаку», і пытаемся, ці пойдуць яны фэстываліць.
«Ужо прыелася, — адмахваецца вясковец у працоўным адзеньні. — Сёлета білеты для жыхароў Гарадка па 55 злотых. Але для мяне гэта сьмешна. У нас хапае іншых фэстаў», — махае ён рукой кудысьці ў бок іншых вёсак.
Урэшце суразмоўца прызнаецца, што жыхары крыўдуюць, што ня могуць сёлета свабодна трапіць на тэрыторыю сьвяткаваньня ў сваім лесе.
«Заплацілі больш, а атрымалі менш», — кажа пастаянны наведнік «Тутакі» з Кракава. Ён шкадуе, што асноўны канцэрт з гуртамі «Разьбітае сэрца пацана» і B: N: перанесьлі на позьні вечар нядзелі, калі многія ўжо разьяжджаюцца па дамах.
«У чацьвер увогуле нічога не было, у пятніцу нейкія дыскусіі», — паціскае плячыма ягоная сяброўка.

Іншыя ўдзельнікі фэстывалю таксама адзначалі, што падзей менш, чым раней, прычым у пятніцу і ранкам суботы яны зьбіралі мала наведнікаў. Побач праходзіць англамоўная пара. Яна з Польшчы, ён з Італіі. Маладыя людзі кажуць у размове са Свабодай, што чакалі больш люднай імпрэзы, і дадаюць, што, відаць, у яе сямейны фармат. Самай актыўнай і шумнай зонай фэстывалю сапраўды выглядае свежая дзіцячая пляцоўка, дзе малыя лазяць па горках, страляюць з лука і вішчаць пад наглядам апекуноў.

Кіраўнік фундацыі Tutaka, якая ладзіць аднайменны фэст, Павал Станкевіч пракаментаваў Свабодзе, што на ранак суботы білеты купілі каля 800 чалавек. У папярэднія гады ён ацэньваў колькасць удзельнікаў прыкладна на пяць тысяч.
«Фэстывалю трэба разьвівацца. Беларусы не павінныя чакаць, што ім штосьці павінная польская дзяржава ці Эўразьвяз. Беларусы павінныя таксама ўкласьціся ў тое, што для іх каштоўна. Думаю, у наступным годзе людзі прывыкнуць, што трэба ўкладацца ў культуру», — адзначыў Павал Станкевіч.

Ён дадаў, што на фэст можна прыехаць усьцяж бясплатна: калі правесьці цікавую актыўнасьць для беларусаў або калі стаць валянтэрам падзеі. Дадатковыя рэчы, якія прапанавалі ўдзельнікам арганізатары імпрэзы, са словаў Станкевіча, — гэта душавыя кабіны на намётавых палях, амаль кілямэтар гірляндаў на паляне, зьмена ўсяго абсталяваньня фэсту. Павал дадаў, што запрашаць на фэст замежныя гурты яны здолеюць, калі беларусы будуць набываць квіткі. Ён выказаў падзяку беларускім артыстам, якія пагаджаюцца выступаць за мінімальныя ганарары, і людзям, якія праводзяць іншыя актыўнасьці бясплатна.
«Гэты фэст заўжды ішоў у мінус, а цяпер ён магчыма пойдзе ў нуль», — заўважыў суразмоўца.
Памянялі і разьмяшчэньне фэстывальных пляцовак. На месцы галоўнай музычнай сцэны сёлета стаіць намётавы гарадок. Не было малой сцэны, дзе раней праходзілі музычныя канцэрты ўдзень. Музычная частка пачыналася а 22‑й гадзіне.
«А што рабіць да 22-й?» — задаецца пытаньнем сталая наведніца фэсту.
«Хочацца паслэміцца», — дапаўняе яе паплечнік, які прыяжджае на фэст скінуць напружаньне.
«Яны цяпер адбудавалі сцэну з ачмурэнным гукам», — кажа пра вялікую сцэну яшчэ адзін беларус.

У пятніцу тых, хто прыехаў на імпрэзу пасьля 22‑й гадзіны, ахоўнікі не пусьцілі ні на канцэрты, ні на намётавае поле. Прычынай назвалі тое, што ўжо не працаваў пункт, які выдаваў бранзалеткі, расказваюць удзельнікі фэсту. Адныя абураюцца суворай працай аховы, іншыя мяркуюць, што тыя проста выконваюць сваю працу. На ўсю тэрыторыю фэстываля ўпершыню нельга было праносіць алькаголь. Яго прадавалі ўнутры, але па вышэйшых коштах. Ва ўсіх дбайна правяраюць і заплечнікі, і дамскія торбачкі — і гэта ўмомант нагадвае беларускую практыку.
«Учора адна ахоўніца сама нам падказвала, як прайсьці на тэрыторыю ляснымі сьцежкамі», — дзеляцца суразмоўцы.
Футбол, кніганошы, бліскаўкі
Пакуль ранішняя паляна ў Борыку выглядае досыць соннай, побач на стадыёне ў Гарадку праходзіць футбольны турнір памяці Алеся Пушкіна. Змагаюцца тры каманды. Заўзятары бачаць цяжкі заплечнік сябра і цешацца, бо, можа гэта «падгон», каб было весялей заўзець.

У Барыку праваслаўны сьвятар айцец Аляксандар Кухта ў намёце фонда BySol раздае бліскаўкі і шаўроны за данаты. Паралельна ён ахвотна паўтарае ў скароце свой учорашні выступ пра нацыянальную царкву ў Беларусі і тлумачыць, чаму гэта не абавязкова ўніяцтва. Побач ідзе музыкальны квіз, дзе трэба ўгадаць аўтараў беларускіх песьняў, а былая палітзьняволеная журналістка Ларыса Шчыракова ладзіць фотасесесіі ў традыцыйных строях.

«Калі мы ня ведаем сваёй гісторыі, суседзі раскажуць нам, якая ў нас гісторыя», — даносяцца зь іншага намёту словы Алеся Кіркевіча, аднаго з аўтараў праграмы «Каса на камень».
На дыскусыйнай сцэне абмяркоўваюць лідэрства.
«Ісус Хрыстос, які гаворыць па-беларуску, — не стамляецца паўтараць свой тэзіс Павал Севярынец. — Якога яшчэ лідэра зь мільёнам пасьлядоўнікаў вы ведаеце?»

На «Тутаку» не прыехаў амаль ніхто з кнігавыдаўцоў. Кнігі ёсьць толькі ў намёце беластоцкага Цэнтра беларускай культуры. Як стала вядома Свабодзе, адной з асноўных прычынаў сталі кошты для кніганошаў за ўдзел у фэсьце. Калі раней трэба было сплаціць 10% ад продажаў кніг, то сёлета кошты пачыналіся ад 500 злотых за месца, дадаткова трэба было аплачваць стол, крэсла, месца для захоўваньня тавару. У іншых рамесьнікаў падобныя ўмовы: яны аддалі ад 140 да 250 эўра ў залежнасьці ад памеру гандлёвай кропкі, і ня ўсе акупілі выдаткі.
«Кнігавыдаўцы не разумеюць, што яны едуць з намі ў той жа самай талерцы. Мы ў гэтым годзе паднялі ім кошты выключна на кошт квіткоў. Ім гэта было задорага. Яны не разумеюць, што іх тут чакае аўдыторыя. Яны не разумеюць, што мы іх падтрымліваем, а мы таксама чакаем ад іх падтрымкі», — пракамэнтаваў гэтую сытуацыю Павал Станкевіч.
Дождж і Ціханоўская
Прыход Сьвятланы Ціханоўскай на пляцоўку фэсту не выклікае ажыятажу. Яна ў атачэньні некалькіх ахоўнікаў і чальцоў Офіса абыходзіць намёты фэстывалю. Фэмактывістка Наста Базар падарыла Ціханоўскай цішотку з Пагоняй з вершніцай свайго дызайну.
«Наста, ці ты яшчэ будзеш займацца актывізмам?» — пытаецца ў гэты момант ейны знаёмы.
«Мы плянуем курс для жанчын пра рамонт», — адказвае Наста.
«Я магу выкладаць. Я ўмею замяніць калена ад умывальніка», — нечакана далучаецца да размовы Сьвятлана.

Яна раптоўна сыходіць з пляцоўкі, бо насоўваецца цёмная хмара. Борык накрывае залева з навальніцай на дзьве гадзіны. Большасьць хаваецца пад навесамі, хтосьці адважна гуляе босым па лужах. За адным столікам дзеляцца, як прыціснуў крызіс сярэдняга ўзросту і як складана быць бацькамі. За другім кампанія весела-трывожна гугліць, што рабіць калі сябар праглынуў мэталічны язычок ад бляшанкі піва, і абмяркоўваюць, якія клясныя гумарыст Сямён Сьлепакоў і рэжысэр Аляксандар Няўзораў з Расеі.

Дождж заканчваецца. Пачынаецца нефармальная сустрэча з Сьвятланай Ціханоўскай. Ёй задаюць пытаньні ад вызваленьня палітвязьняў да таго, ці любіць яна піва (адказ на апошняе — «не»). Прадстаўнік польскага ўраду запытаўся, ці Польшча дастаткова робіць для беларусаў і чым яны могуць дапамагчы яшчэ.
Дэмакратычная лідэрка расказвае, што яна больш актыўна жыве ў Варшаве, чым у Вільні, што дзеці ўжо прыехалі з ЗША ў Польшчу і жывуць разам зь ёй, што прадстаўнікі амэрыканскага боку перамоваў з Лукашэнкам чытаюць допісы, у якіх беларусы просяць вызваліць канкрэтных палітвязьняў.

У адказ на пытаньне пра пераезд у Польшчу Сьвятлана адзначае: «Я набыла трэці дом». «А ў нас ніводнага» — чуецца шкадаваньне з залі. Сьвятлана тлумачыць, што з маёмасьці ў яе няма нічога, у тым ліку трох дамоў, як камусьці падалося. А пад трэцім домам яна мела на ўвазе Польшчу — пасьля Беларусі і Літвы.
Аўкцыён і канцэрты
Музыка Сяржук Доўгушаў падчас сьпеўнага сходу аднаму яму вядомым спосабам зьбірае вакол сябе шматлюдную грамаду — і вось яны ўжо сьпяваюць натоўпам «Купалінку». Многа ахвотных паслухаць і былога палітвязьня, юрыста і барда Максіма Знака. Ён адказвае на пытаньні і выконвае свае песьні пад гітару. Разам зь ім на сцэне адвакат Уладзімер Пыльчанка. Ён без рэпетыцый акампануе калегу на акардэоне. Слухачы пляскаюць і падпяваюць.
Азартная барацьба распалілася падчас дабрачыннага аўкцыёну фонду BySol — грошы зь яго прызначаныя на палітвязьняў. Аляксандар Кухта з драўляным малатком для адбіваньня мяса аб’яўляе лот за лотам. Ён папярэджвае, што пачытаў папярэдне, як трэба праводзіць аўкцыёны, і з акторскім імпэтам разахвочвае прысутных набыць рэчы, якія яшчэ хвіліну таму ім былі непатрэбныя.

Самым дарагімі лотамі сталі палкі для ўдарных з канцэртаў гурта Dzieciuki і гарсэт Сьвятланы Ціханоўскай, у якім яна прыяжджала на мітынг у Берасьце ў 2020 годзе. Кожны зь іх прадалі за 500 злотых (каля 380 рублёў).
З малатка сышлі таксама карціна з вадалазам беларускага мастака Міхася, карціна сьпявачкі Анастасіі Рыдлеўскай, цішотка гурту «РСП», альбом рэпэра Vinsent’a.

На вечаровых канцэртах засьпявала маладая выканаўца Chornabrova, якая спалучыла традыцыйную беларускую музыку з электроннай хіп-хопавай, і піянэр беларускамоўнага рэпу Vinsent.

Хэдлайнэрамі музычнай суботы стаў горадзенскі гурт Dzieciuki. За яго прысутнасьць у праграме прагаласавалі самі ўдзельнікі. На іхні выступ беларусы выцягнулі агромісты бел-чырвона-белы сьцяг, слэміліся і вадзілі карагоды. Dzieciuki завяршылі выступ песьняй «Чорны хлеб і гарбата», якую прысьвяцілі тым, хто яшчэ несправядліва сядзіць у беларускіх турмах, і добраахвотнікам ва Ўкраіне. Потым іх яшчэ двойчы ўпрошвалі на біс.

«Засьпявалі «Дзецюкі» — і ўжо ўсё добра», — усьміхаецца гарадзенка, якая ранкам была зьдзіўленая малой актыўнасьці на фэсьце.
«Галоўны пункт не падвёў. «Дзецюкі!» — цешыцца і беларус з Беласточчыны.
«Лепшымі на фэсьце былі «Дзецюкі», — пагаджаецца ягоны калега.
«Я зразумеў, што хачу аддаць грошы толькі за атмасфэру», — прызнаецца адзін зь беларусаў, чаму вырашыў прыехаць у Барык, нягледзячы на ваганьні.
«Дзякуй, што яны ўвогуле гэта робяць», — падсумаваў разважаньні пра фэст сталы наведнік і «Басовішча», і «Тутакі».
У чацьвёрты дзень фэста, нядзелю, удзельнікаў чакаюць сустрэчы з палітыкам Паўлам Севярынцам і псыхатэрапэўткай Ганнай Матуляк, дыскусія кнігавыдаўцоў, паказ фільма «Хто ты гэткі», пляценьне саламяных конікаў і напрыканцы канцэрты гуртоў «Бяз назвы», «Разьбітае сэрца пацана».
Памерла Святлана Курс. У яе творах спалучаліся магія жывога жыцця і бязлітасны псіхалагізм. А ў публічных выступах і ФБ — рэзкі антыімперыялізм і элегантны лірызм
Каментары