Хаскі з Мінска стаў тварам новай калекцыі Mark Formelle. За гэта ён атрымаў адну футболку
На новай футболцы беларускага брэнда Mark Formelle — сур’ёзны хаскі з вялікім кавалкам піцы ў зубах. Побач з ім — жартаўлівыя подпісы: «цярплівы кампаньён», «дружалюбны пухнацік», «мяккае сэрца» і «шчаслівы хвост». Героем прынта стаў мінскі хаскі па мянушцы Рык.

Цяпер Рыку ўжо дзесяць з паловай гадоў. Ён жыве ў Мінску разам са сваёй гаспадыняй Вольгай Шыдлоўскай і коткай Лунай. Вольга вядзе пра іх асобны блог, дзе сабрала дзясяткі прыгожых, смешных і часам амаль казачных фотаздымкаў сваіх гадаванцаў.
Фота адправілі проста на конкурс, футболкі ніхто не абяцаў

Каля двух гадоў таму Вольга адправіла фота на конкурс хатніх жывёл, які ладзіў Mark Formelle. У сацсетках кампаніі перыядычна праводзяцца розныя творчыя конкурсы — сярод дзіцячых малюнкаў, модных вобразаў або смешных здымкаў гадаванцаў.
Прыкладна праз год Рык стаў адным з пераможцаў. За гэта гаспадыня атрымала сертыфікат на 100 рублёў. Ніякага ўдзелу ў будучай калекцыі пераможцам тады не абяцалі.
Здымак, які ў выніку трапіў на футболку, зрабілі, калі Рыку было каля сямі гадоў. На ім хаскі трымае ў зубах вялікі кавалак піцы і глядзіць у камеру з такім выглядам, быццам дзяліцца ласункам не збіраецца.
Гісторыя атрымала працяг толькі ў красавіку 2026 года. З Вольгай звязалася прадстаўніца Mark Formelle і паведаміла, што фатаграфія Рыка настолькі спадабалася дызайнерам, што стала адной з галоўных крыніц натхнення для канцэпцыі летняй калекцыі.

«Нам не абяцалі ўдзелу ў калекцыі за перамогу ў конкурсе. Проста пазней асобна напісалі, што фота натхніла дызайнераў і, калі я не супраць, яны яго выкарыстаюць», — расказвае Вольга ў сацсектах.
Кампанія прапанавала аформіць дамову, каб замацаваць права на выкарыстанне выявы. Асобнага ганарару за з’яўленне Рыка на вопратцы гаспадары не атрымалі, затое брэнд падарыў ім футболку.
«Я так рада за Рыкулю. Парадуйцеся з намі за гэтага старычка», — напісала Вольга, паказваючы навінку падпісчыкам.
У выніку Рык стаў галоўным героем мужчынскай зялёнай футболкі аверсайз з эфектам нераўнамернага афарбоўвання. Над яго партрэтам размясцілі англійскую фразу: «Are you hungry? Pizza time» — «Ты галодны? Час піцы».

Сам Mark Formelle апісвае мадэль як футболку «з гумарам і характарам», якая мусіць дадаваць вобразу гуллівасці. На беларускім сайце брэнда яна каштуе каля 45 рублёў. Мадэль таксама з’явілася на сайтах кампаніі для пакупнікоў у Расіі, Казахстане і Узбекістане.
Чэмпіён, падарожнік і мадэль
Зрэшты, для Рыка гэта не першае публічнае прызнанне. Раней ён з’яўляўся на тэлебачанні і ўдзельнічаў у фотасесіях. У яго ёсць і ўласны ютуб-канал, дзе захаваліся ролікі з выстаў і іншых падзей.


У маладосці Рык зрабіў уражваючую выставачную кар’еру. Ён удзельнічаў у беларускіх і міжнародных кіналагічных выставах, перамагаў і займаў прызавыя месцы ў Беларусі, Украіне, Расіі, Эстоніі і Латвіі.
Сярод яго тытулаў — двойчы супер-гранд-чэмпіён Беларусі ў 2018‑2019 гадах, чэмпіён Латвіі і чэмпіён Балтыі. На міжнароднай выставе сабак у Мінску ў 2019 годзе Рык заняў першае месца ў сваёй групе.

Але жыццё Рыка не абмяжоўвалася выставачнымі пляцоўкамі. Ён шмат падарожнічаў разам з гаспадыняй і паспеў пабываць як мінімум у дзевяці краінах. У ягоным блогу — паездкі, прагулкі, сезонныя фотасесіі, дачнае жыццё і будні разам з коткай Лунай.

За прыгожымі кадрамі стаіць Вольга Шыдлоўская. Яна працуе ў інтэрнэт-маркетынгу: займаецца SMM, SEO, кантэкстнай і таргетаванай рэкламай, кантэнтам і кіраваннем праектамі, прадзюсуе здымкі для кампаній. Але ў блогу яна найперш чалавек, які вельмі любіць сваіх гадаванцаў.

Рык там паўстае як сапраўдны член сям’і — ганарлівы чэмпіён, вандроўнік у модных акулярах ды проста ўжо немалады сабака, якому пашчасціла аднойчы ўхапіць кавалак піцы і праз тры гады трапіць на футболкі.
Каментары