Грамадства4242

«Я не прадугледзела толькі аднаго: што менавіта гэты кружочак выкарыстаюць супраць мяне». Споведзь Аліны Харысавай пасля скандалу з КДБ

«Мне напісаў чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам СБУ. Цяпер шмат хто кажа, што я паверыла яму адразу. Але насамрэч усё было наадварот. Ужо ў першы дзень я падазравала, што гэта чалавек з КДБ. Я зрабіла скрыншот першага паведамлення і адправіла яго блізкаму чалавеку са словамі: «Глядзі, у КДБ новыя метады».

Аліна Харысава. Фота: «Наша Ніва»

Пасля выхаду прапагандысцкага сюжэта пра палітолага, экспертку Офіса Святланы Ціханоўскай Аліну Харысаву вакол яе імя разгарэлася адна з самых гучных дыскусій апошніх тыдняў у беларускіх дэмакратычных колах. Дзяўчына пагадзілася на супрацоўніцтва нібыта з украінскімі спецслужбамі, якія насамрэч аказаліся кадэбістамі. Пасля гэтага пачаліся ўнутраныя праверкі, спрэчкі ў сацсетках, абмеркаванне ў прафесійнай супольнасці і шматлікія пытанні да самой Харысавай.

Да гэтага часу Аліна Харысава не давала вялікіх публічных каментароў, чакаючы вынікаў праверак і збіраючы доказы сваёй версіі падзей. У маналогу Аліна падрабязна расказала «Нашай Ніве» сваю праўду — пра шматгадовы ціск з боку КДБ, гісторыю з СБУ і з тым самым «кружочкам», пагрозы, дэпрэсію, праверкі, хейт і падтрымку, якую атрымала пасля скандалу.

«На мяне ціснулі не толькі праз сям’ю. Ціснулі праз усіх, да каго маглі дацягнуцца»

«Ціск з боку КДБ вядзецца на мяне ўжо некалькі гадоў. Але апошні год ён стаў асабліва масіраваным. І калі я кажу «масіраваны ціск», то маю на ўвазе не тое, пра што цяпер некаторыя людзі пішуць: маўляў, на каго з беларусаў не ціснулі.

Шмат маіх калегаў былі шчыра здзіўленыя тым маштабам, які быў у маім выпадку. Бо гэта быў ціск не толькі на мяне і нават не толькі на маю сям’ю. Гэта быў ціск на сяброў, знаёмых, суседзяў. На ўсіх, да каго можна было дацягнуцца.

Даходзіла да вельмі дзіўных і вельмі жорсткіх рэчаў. Напрыклад, маглі вывесці майго сваяка з бальніцы літаральна перад аперацыяй, пасадзіць яго ў машыну КДБ і прасіць патэлефанаваць мне з ягонага тэлеграма, каб я адказала супрацоўнікам спецслужбаў, паведамленні якіх ігнаравала.

Людзі, якія калі-небудзь сутыкаліся з падобным ціскам, добра разумеюць гэты стан. Ты ўвесь час вымушаны манеўраваць. З аднаго боку — не пайсці ні на якія здзелкі, не зрабіць таго, чаго ад цябе дамагаюцца. З іншага — цябе ўвесь час спрабуюць уцягнуць у камунікацыю. І ты вымушаны неяк існаваць паміж гэтымі дзвюма рэчамі: не паддацца на правакацыю і адначасова не нашкодзіць людзям вакол сябе.

Пра гэты ціск я расказвала і ў працоўных колах, і ў інтэрв’ю медыям, і блізкім людзям. Гэта не была нейкая таямніца.

Мне здаецца, што людзі таксама не заўсёды разумеюць, як выглядаў мой кантакт з КДБ цягам гэтага года. Бо гэта не была сітуацыя, дзе мне нешта прапанавалі, а я сядзела і разважала, ці пагаджацца. Наадварот. Маёй асноўнай стратэгіяй было якраз нічога не рабіць. Ігнараваць. Цягнуць час. Прыкідвацца, што не разумею, чаго ад мяне хочуць.

Калі яны прымушалі мяне адказваць праз родных, калі мне казалі: «Адкажы зараз жа», я вельмі часта адказвала пытаннем на пытанне. Прасіла нешта ўдакладніць. Прыкідвалася, што не разумею. Потым магла некалькі дзён увогуле не адказваць. І так працягвалася месяцамі.

Мне здаецца, што гэта таксама важна разумець. Бо гісторыя з гэтым чалавекам, які прадстаўляўся супрацоўнікам СБУ, адбывалася не ў вакууме. Яна адбывалася на фоне ўжо вельмі доўгай гісторыі супрацьстаяння і спроб не паддацца на ціск.

«Я напісала сябру: «Глядзі, у КДБ новыя метады»

На гэтым фоне 3 кастрычніка мінулага года мне напісаў чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам СБУ. Цяпер шмат хто кажа, што я паверыла яму адразу. Але насамрэч усё было наадварот. 

У мяне захаваліся пацвярджэнні таго, што ўжо ў першы дзень я падазравала, што гэта чалавек з КДБ. Я літаральна зрабіла скрыншот першага паведамлення і адправіла яго блізкаму чалавеку са словамі: «Глядзі, у КДБ новыя метады».

Гэта можна пацвердзіць перапіскамі, якія засталіся ў іншых людзей. Падчас праверак мы збіралі такія факты літаральна па частках. Бо хоць сам дыялог пасля быў выдалены, засталіся мае паведамленні сябрам, галасавыя, скрыншоты, дзе я расказвала пра свае падазрэнні.

Скрыншоты асабістых перапісак Аліны Харысавай з блізкімі людзьмі. Прадастаўленыя Алінай

І з самага пачатку я ўспрымала гэтага чалавека як магчымую аперацыю КДБ.

Чаму адказала

Мяне ніхто не прасіў нешта зліваць. Мне не прапаноўвалі перадаваць інфармацыю. Мне казалі, што дапамогуць разабрацца з тымі людзьмі з КДБ, якія на мяне ціснуць. Што дапамогуць зразумець, хто гэта, што могуць нешта праверыць і падказаць, як лепш паводзіць сябе ў гэтай сітуацыі.

І я падумала: добра, паглядзім, згуляем у гэтую гульню. Мая логіка была вельмі простая. Калі гэта кадэбэшнік — ён хутка сябе выдасць. Калі гэта супрацоўнік СБУ — я нічога не губляю, бо ад мяне ніхто нічога асабліва не патрабуе.

У нейкі момант мяне папрасілі запісаць кружочак. І вось гэта была мая галоўная памылка. На той момант мне здавалася, што кружочак — гэта не нешта сур’ёзнае. Мне здавалася абсурдным, што нейкая спецслужба можа будаваць сур’ёзную аперацыю вакол кружочка ў тэлеграме.

Я думала: калі гэта кадэбэшнік, ён хутка пачне задаваць дзіўныя пытанні і выкрые сябе. Тады я проста раскажу пра гэта калегам, папярэджу іншых людзей і ўсё.

Я не прадугледзела толькі аднаго: што менавіта гэты кружочак пасля выкарыстаюць супраць мяне.

«Усё, што я магла адправіць, гэта спасылку на навіну з гугла»

Пасля кружочка пачаліся пытанні. Спачатку яны былі вельмі дзіўнымі. Такімі, нібы чалавек увогуле не знаходзіцца ў кантэксце таго, пра што пытаецца.

Быў момант, калі ў мне нешта пыталіся, а я проста адкрывала гугл, знаходзіла артыкул «Люстэрка» ці іншага медыя і перасылала спасылку.

Падчас праверак мы нават знаходзілі гэтыя пошукавыя запыты ў гісторыі майго акаўнта.

Потым пачаліся ўжо іншыя пытанні. Напрыклад, мяне пыталіся, хто займаецца пераездамі Офіса. Я адказвала, што не магу на гэта адказваць. Пасля гэтага камунікацыя пачала станавіцца ўсё больш агрэсіўнай. І ў нейкі момант я канчаткова пераканалася, што маю справу з КДБ. Бо супрацоўнікі СБУ, як мне здаецца, проста не паводзілі б сябе такім чынам.

Я заблакавала гэты акаўнт і выдаліла дыялог. Пасля гэтага мне пачалі пісаць ужо з іншага акаўнта. Там былі паведамленні кшталту: «Тыя, хто ўступіў з намі ў камунікацыю, проста так з яе не выходзяць», «Мы цябе ўсё роўна дастанем» і гэтак далей.

Я зрабіла тое самае — заблакавала і гэты акаўнт. І на гэтым усё скончылася.

Гэтая гульня доўжылася літаральна некалькі тыдняў. І на фоне ўсяго астатняга ціску гэта нават не выглядала галоўнай праблемай у маім жыцці.

«Пра крыптавалюту стала ўжо жартам. Я нават не ўмею ёю карыстацца»

Калі выйшаў прапагандысцкі сюжэт, там спрабавалі паказаць, што гэтая камунікацыя працягвалася ледзь не год. Гэта няпраўда. Яна працягвалася літаральна некалькі тыдняў.

Яшчэ яны спрабавалі паказаць, што нібыта я нешта перадавала ў абмен на крыптавалюту. Для мяне гэта ўвогуле адзін з самых абсурдных момантаў усёй гісторыі. Пра крыптавалюту гэта ўжо стала ўнутраным жартам у маім асяроддзі.

Я той чалавек, які ўвогуле не ведае, як карыстацца крыптавалютамі.

Пасля выхаду гэтага сюжэта я адразу паехала ў Варшаву на праверкі. Я літаральна сказала: вось мае прылады, вось мае паролі, правярайце ўсё, што хочаце. Мне не было чаго хаваць.

Правяраліся ўсе акаўнты, усе прылады, гісторыя выкарыстання праграм. 

І не знайшлося нічога. Ніводнага крыптакашалька. Ніводнага прыкладання, звязанага з крыптавалютай. Ніякіх слядоў атрыманых плацяжоў.

Нічога.

Таму што калі чалавек сапраўды карыстаецца крыптавалютай, гэта пакідае сляды. У маім выпадку іх проста няма.

І тут ёсць яшчэ адна рэч, якая здаецца мне вельмі важнай.

Калі дапусціць, што я сапраўды была нейкай агенткай КДБ, што я сапраўды нешта ім перадавала, то навошта ім тады самім мяне выкрываць? Гэта ж не мае ніякай логікі.

І яшчэ важнае — у тым сюжэце няма ніводнага факта таго, што менавіта я нешта перадавала. Ніводнага. Няма ніводнага пацверджання. У іх атрымаўся літаральна толькі адзін кружочак.

І ўсё.

Таму ў мяне ёсць адчуванне, што яны проста вельмі пакрыўдзіліся на тое, што ў іх не атрымалася атрымаць нешта большае. Што не атрымалася прымусіць мяне зрабіць тое, чаго яны хацелі. Што не атрымалася хутка мяне зламаць. І таму яны вырашылі хаця б з гэтага кружочка зрабіць вялікую гісторыю.

Яшчэ адзін вельмі важны момант — усе гэтыя скрыншоты, якія пасля пачалі распаўсюджвацца. Я лічу, што яны былі зробленыя спецыяльна пад гэтую гісторыю.

У апошнія дні перад выхадам сюжэта шмат каму з маіх калегаў пачалі пісаць з акаўнта, які вельмі нагадваў мой. Журналістам пісалі, што нібыта мяне выгналі, што мяне кінулі, што я хачу расказаць праўду. Маім калегам пісалі, што трэба разам шукаць выйсце з сітуацыі.

Пры гэтым быў створаны акаўнт з амаль такім самым нікам, як у мяне. Адрозненне было толькі ў тым, што ў ім не хапала першай літары. Усё выглядала вельмі падобна. І гэты акаўнт быў створаны толькі ў красавіку.

Таму мне здаецца вельмі верагодным, што менавіта праз яго і маглі быць зробленыя тыя скрыншоты, якія потым паказвалі ў сюжэце. Бо тое, што там напісана, не мае ніякага дачынення да мяне. Гэта проста нейкая фантазія людзей, якія гэта рыхтавалі.

«Мне нават на слых было чуваць, што гэта не мой голас»

З аўдыя сітуацыя была крыху прасцейшая. Калі я іх пачула, мне адразу стала зразумела, што гэта не мой голас. Гэта было чуваць мне. Гэта было чуваць маім сябрам. Гэта было чуваць людзям, якія са мной штодня размаўляюць.

Але я разумела, што для іншых людзей гэтага недастаткова. Таму патрэбныя былі доказы.

Спачатку выкарыстоўваліся адкрытыя анлайн-сэрвісы, якія могуць аналізаваць аўдыя на прадмет выкарыстання штучнага інтэлекту. Потым падключыліся міжнародныя эксперты. І гэта быў вельмі важны для мяне момант.

Бо гэтыя людзі нават не размаўляюць па-беларуску і па-руску. Яны не аналізавалі змест. Яны не ацэньвалі палітычны кантэкст. Яны проста глядзелі на тэхнічныя параметры файлаў. І іх выснова была адназначная: гэта згенераванае штучным інтэлектам аўдыя.

Аналіз, які пацвярджае, што аўдыя, якое прадаставілі прапагандысты — фэйк

Больш за тое, яны падрыхтавалі матэрыялы, уключна з кодам аналізу. І я думаю, што пазней апублікую гэта ў адкрытым доступе, каб людзі, якія займаюцца data science і працуюць з такімі інструментамі, маглі самастойна ўсё паглядзець.

Для мяне гэта было вельмі важна. Бо я хацела, каб гэта былі не проста мае словы супраць словаў прапаганды. Мне былі патрэбныя факты.

«Гэта ўжо выглядае як падручнікавы кейс транснацыянальных рэпрэсій»

Шчыра кажучы, я ўспрымаю ўсю гэтую гісторыю як вельмі персаналізаваную атаку. Мне здаецца, што мэта была не проста зрабіць чарговы прапагандысцкі сюжэт. Мэта была ў тым, каб выбіць мяне з дзейнасці. Дыскрэдытаваць. Прымусіць адысці ўбок.

Калі паглядзець на ўсё ў комплексе, карціна атрымліваецца вельмі характэрная. Яны ведаюць, дзе я жыву. Яны здымалі мой дом.

Тур адкрыта пагражае мне, што я хутка знікну і мяне не знойдуць ні Bellingcat, ні The Insider, ні Жыгар.

Пратасевіч піша пра тое, што мне могуць ануляваць міжнародную абарону, што мяне могуць дэпартаваць і мяне сустрэнуць «з кветкамі» на мяжы.

І мяне вельмі здзіўляе, што ў беларускім асяроддзі на гэта звярнулі значна менш увагі, чым на кружочак. Бо для мяне гэта значна больш сур’ёзная гісторыя. Гэта ўжо выглядае як вельмі падручнікавы кейс транснацыянальных рэпрэсій. І менавіта гэта мяне палохае найбольш. Не скандал. Не сацыяльныя сеткі. А тое, што людзі, якія працуюць на рэжым, ведаюць, дзе я жыву, і адкрыта даюць мне зразумець, што ведаюць гэта.

Пасля гэтага пачалі з’яўляцца яшчэ і розныя чуткі. Напрыклад, пра тое, што я нібыта сама дала свой адрас КДБ, каб мне дасылалі кветкі. Гэта таксама няпраўда. Гэта пайшло з «Чата рэфарматараў».

Там нехта папракнуў мяне гэтай гісторыяй, а я ў адказ пажартавала, што магу даслаць фота сябе з ружамі. Таму што Раман Пратасевіч у сваім допісе асобна напісаў, што я нібыта не люблю ружы.

Гэта быў жарт. Я не перадавала ніякага адраса. Ніхто не дасылаў мне кветак. Ніхто не дасылаў мне грошы. Усё гэта проста дадумалі людзі.

І трэба разумець яшчэ адну рэч.

У Германіі знайсці адрас чалавека не так складана, як многім здаецца. Існуе асобная працэдура, якая дазваляе закрыць доступ да гэтых даных. Але ў мяне такой абароны не было. Таму мяне не здзівіла, што мой адрас знайшлі.

Мяне здзівіла іншае. Мяне здзівіла, што ў Германіі знайшліся людзі, якія гатовыя працаваць на беларускую прапаганду і КДБ. І пасля пагроз Тура я сапраўды вельмі сур’ёзна задумалася пра тое, каб змяніць месца жыхарства.

Я жыву ў вельмі ціхім раёне на ўскрайку горада каля лесу. Там жывуць пераважна пенсіянеры і сем’і. Мы ведаем адно аднаго. І таму вельмі дзіўна, калі ў такім месцы каля твайго дома гадзінамі стаяць нейкія незнаёмыя людзі.

Я гэта бачыла. І я не ведаю, хто гэта быў. Магчыма, людзі, якія рыхтавалі гэты сюжэт. Магчыма, не. Але гэта сапраўды адбывалася.

«Я настолькі не магла ўявіць супрацоўніцтва са спецслужбамі, што ў мяне пачалася дэпрэсія»

Ёсць яшчэ адна рэч, пра якую мне цяжка гаварыць, але я лічу важным пра яе сказаць. Таму што цяпер вельмі шмат людзей абмяркоўваюць гэтую гісторыю, будуюць нейкія версіі, спрачаюцца пра тое, што я павінна была зрабіць ці не павінна была зрабіць. Але вельмі мала хто ведае, у якім стане я знаходзілася ў той момант.

Я шчыра скажу: я наогул не ўяўляю сабе супрацоўніцтва са спецслужбамі.

Для мяне гэта не нейкая тэарэтычная гісторыя. Не нейкая маральная дылема, якую можна абмяркоўваць дзесьці ў каментарах. Я сапраўды не магу ўявіць сабе сітуацыю, у якой я пайшла б на гэта.

І менавіта таму ўсё тое, што адбывалася з боку КДБ цягам апошняга года, вельмі моцна ўдарыла па маёй псіхіцы.

Калі на цябе ціснуць — гэта адно. Калі ціснуць на людзей, якіх ты любіш, — гэта зусім іншае.

Я бачыла, як цярпяць мае блізкія. Бачыла, як іх уцягваюць ва ўсю гэтую гісторыю. Бачыла, як выкарыстоўваюць родных, сяброў, знаёмых толькі для таго, каб дабрацца да мяне.

І ў нейкі момант я апынулася ў сітуацыі, калі не магла знайсці ніякага рашэння. З аднаго боку, я не магла ўявіць сабе, што пагаджуся на тое, чаго яны хочуць. З іншага боку, я не магла спыніць тое, што адбывалася з маімі блізкімі. І я літаральна хадзіла і думала толькі пра адно: як зрабіць так, каб усё гэта скончылася. Якім чынам можна адначасова не пайсці на супрацоўніцтва і пры гэтым зрабіць так, каб ад цябе адчапіліся.

І ў нейкі момант я пачала лавіць сябе на вельмі страшнай думцы. Адзіным адказам, які я знаходзіла, было: калі мяне проста не будзе, тады яны пакінуць іншых людзей у спакоі.

Менавіта так у мяне з'явіліся суіцыдальныя думкі. Я вельмі добра памятаю гэты перыяд. Я памятаю, як зразумела, што гэта ўжо ненармальна. Што гэта не проста стомленасць, не проста стрэс. Калі чалавек пачынае рэгулярна думаць у такім кірунку, гэта ўжо праблема, якую трэба вырашаць. Таму я звярнулася да ўрача. І менавіта таму мне цяпер так цяжка чытаць гісторыі пра тое, што я нібыта была гатовая супрацоўнічаць з кімсьці.

Таму што ўвесь гэты час я літаральна ламала сябе аб тое, што не магу нават уявіць сабе такую магчымасць.

Яшчэ адзін момант, які мяне вельмі здзівіў пасля ўсёй гэтай гісторыі, — колькасць розных фантазій, якія пачалі ўзнікаць вакол майго жыцця.

Напрыклад, гісторыя з машынай. Я дагэтуль не вельмі разумею, адкуль яна ўзялася ў тым выглядзе, у якім яе пачалі пераказваць.

Бо некаторыя людзі пачалі пісаць, што я нібыта знаходзілася ў аўтамабілі, у які нехта ўрэзаўся, што там былі нейкія іншыя акалічнасці. 

Насамрэч усё было вельмі проста. Я вярталася з адной з канферэнцый. Прыехала на галоўны чыгуначны вакзал. У гэты час у горадзе праходзіў піўны фестываль. Я проста ішла пешшу. І мяне збіў нецвярозы кіроўца. Гэта не была нейкая катастрофа, пасля якой мяне месяцамі лячылі ў рэанімацыі. Але гэта і не была дробязь.

У мяне было лёгкае страсенне мозгу. Былі вельмі моцныя сінякі пад вачыма, таму што пасля ўдару кроў проста перацякла пад скурай. Наступствы гэтага я адчуваю дагэтуль.

Пра гэта ведала вельмі шмат людзей. Ведалі мае калегі. Ведалі людзі з фемінісцкай супольнасці. Бо калі мяне паклалі ў бальніцу і я некалькі дзён не выходзіла на сувязь, людзі пачалі мяне шукаць. Таму для мяне было вельмі дзіўна чытаць усе гэтыя новыя версіі гісторыі.

«КДБ працягваў ціснуць яшчэ некалькі месяцаў»

Гэтая размова з чалавекам, які прадстаўляўся супрацоўнікам СБУ, працягвалася літаральна некалькі тыдняў. Пасля гэтага КДБ працягваў ціснуць на мяне яшчэ некалькі месяцаў. Працягваліся спробы кантактаў. Працягваўся ціск праз іншых людзей. Працягваліся ўсе тыя ж гісторыі, якія былі і раней.

Апошнія некалькі месяцаў гэта ўжо не адбываецца ў такіх маштабах. Прынамсі непасрэдна. Але ў Беларусі ціск на блізкіх людзей усё яшчэ існуе. І таму мне вельмі цяжка сур'ёзна ўспрымаць версію, што я нібыта нешта атрымала ад гэтай гісторыі.

Не. Нічога не змянілася. КДБ працягваў дзейнічаць так, як дзейнічаў да гэтага.

І калі паглядзець на вынік усяго гэтага года, то ён вельмі просты.

За год вельмі масіраванага ціску ўсё, што яны атрымалі ад мяне, — гэта адзін кружочак. І нічога больш. Магчыма, многія цяпер акцэнтуюць увагу на маім узросце. Магчыма, КДБ сапраўды лічыў, што маладога чалавека прасцей зламаць. Што на яго прасцей націснуць. Што ён хутчэй здасца. Але гэтага не адбылося.

І таму ў мяне сапраўды ёсць адчуванне, што гэты прапагандысцкі сюжэт стаў своеасаблівай помстай за тое, што не атрымалася хутка атрымаць зорачкі на пагонах.

«Я заўсёды старалася паведамляць пра тое, што адбываецца»

Адно з пытанняў, якое мне задаюць часцей за ўсё, гучыць прыкладна так: чаму пра ўсё гэта не ведалі калегі? І тут я хачу вельмі выразна развесці некалькі рэчаў.

Пра ціск КДБ я паведамляла. Пра тое, што адбываецца з маёй сям'ёй, пра ўсе гэтыя спробы выйсці на мяне праз іншых людзей, пра ўсе гісторыі з роднымі — пра гэта ведалі.

Больш за тое, калі ў размовах з прадстаўнікамі КДБ з'яўлялася хоць нейкая канкрэтыка, я заўсёды ішла і паведамляла пра гэта тым людзям, каго гэта магло датычыць.

Напрыклад, быў момант, калі мне фактычна сказалі, што іх цікавіць галоўны рэдактар «Еўрарадыё». Мне далі зразумець, што гаворка ідзе не пра Паўла Свярдлова.

Я сама не ведала адказу на гэтае пытанне. Але пасля гэтага я пайшла да людзей з «Еўрарадыё» і сказала: слухайце, ёсць такая сітуацыя, ёсць чалавек, які задае такія пытанні. Будзьце асцярожныя.

Так я старалася дзейнічаць заўсёды.

І менавіта таму я вельмі спадзяюся, што ўся гэтая гісторыя прывядзе да яшчэ адной важнай размовы — пра бяспеку і пра падтрымку людзей, якія знаходзяцца пад ціскам. Бо часам чалавеку патрэбныя не толькі пратаколы. Часам чалавеку патрэбна элементарная дапамога. Псіхалагічная падтрымка. Адчуванне, што ён не адзін. І цяпер я вельмі добра разумею, наколькі гэтага можа не хапаць.

«Я цалкам згодная з тым, што са спецслужбамі нельга супрацоўнічаць»

Калі казаць пра рэакцыю людзей на ўсю гэтую гісторыю, то яна была вельмі рознай. І для сябе я ўмоўна падзяляю яе на некалькі груп.

Першая — гэта разумная і добрасумленная крытыка.

Напрыклад, была пазіцыя Насты Роўды. Яна казала пра тое, што нельга ісці ні на якое супрацоўніцтва са спецслужбамі. І я абсалютна з гэтым згодная.

Тут у мяне няма ніякіх спрэчак. Я сапраўды лічу, што са спецслужбамі нельга супрацоўнічаць. Я сапраўды шкадую, што ўвогуле ўступіла ў гэтую камунікацыю.

Але тут ёсць адзін важны нюанс.

Калі гучала гэтая крытыка, я яшчэ фактычна не мела магчымасці расказаць сваю версію таго, што адбылося. З маіх публічных каментароў быў толькі адзін кароткі тэкст, які я напісала літаральна ў першыя хвіліны пасля таго, як мне патэлефанавалі і паведамілі пра выхад гэтага сюжэта. Я тады нават не паспела асэнсаваць, што адбываецца. Не паспела паглядзець выпуск. Не паспела сабраць доказы. Не паспела прайсці праверкі. Таму атрымалася так, што людзі ў асноўным бачылі версію прапаганды.

І нават калі крытыка была слушнай, яна ўсё роўна часткова абапіралася на карціну падзей, якую намалявалі прапагандысты. Бо прапаганда сцвярджала, што я перадавала нейкую інфармацыю, што я пагадзілася на супрацоўніцтва, што паміж мной і гэтым чалавекам існавалі нейкія дамоўленасці.

А гэтага не было.

Больш за тое, у самой перапісцы я адкрыта пісала, што не веру, што перад мной супрацоўнік СБУ. Я проста казала яму: я пачну верыць, што ты сапраўды супрацоўнік СБУ, толькі тады, калі ты арганізуеш мне запрашэнне ва Украіну і пакажаш сваё пасведчанне асабіста. Да гэтага моманту я буду зыходзіць з таго, што магу размаўляць з кім заўгодна. У тым ліку з супрацоўнікам КДБ. Я пісала гэта адкрытым тэкстам.

Таму калі цяпер людзі кажуць пра нейкае супрацоўніцтва, мне вельмі хочацца, каб яны ўсё ж такі бачылі поўную карціну.

Таму што паміж «паверыла чалавеку і пачала працаваць на яго» і «спрабавала зразумець, хто перад табой, увесь час падазраючы, што гэта КДБ» ёсць вельмі вялікая розніца.

Другая група рэакцый была значна менш прыемная. Былі людзі, якія проста вельмі ўзрадаваліся таму, што адбылося.

Я думаю, у кожнага чалавека, які доўга знаходзіцца ў публічнай прасторы, ёсць людзі, з якімі былі нейкія канфлікты. Не абавязкова палітычныя. Часам асабістыя. Часам нейкія працоўныя. Часам проста чалавечыя.

І вось частка такіх людзей успрыняла гэтую гісторыю як магчымасць нарэшце ўдарыць. Пачалі з'яўляцца нейкія версіі пра маё жыццё. Нейкія інтэрпрэтацыі. Нейкія гісторыі, якія не мелі ніякага дачынення да рэальнасці. 

Я не магу сказаць, што мяне гэта здзівіла. Непрыемна — так. Але не здзівіла.

Былі і іншыя людзі. Напрыклад, людзі, якія проста не любяць Офіс Святланы Ціханоўскай. Для іх сам факт таго, што я працавала ў Офісе, ужо быў дастатковай падставай, каб пачаць атакаваць мяне. Не таму, што яны разбіраліся ў гэтай гісторыі. Не таму, што іх цікавіла праўда. А таму, што гэта была магчымасць ударыць па тым, што ім не падабаецца.

І гэта таксама было вельмі прыкметна. Часам гэтая агрэсія даходзіла да абсалютна дзікіх рэчаў. Людзі пісалі пагрозы. Пісалі вельмі агрэсіўныя паведамленні. У тым ліку былі людзі, якія пагражалі мне фізічнай расправай. І калі ўжо цытаваць даслоўна, то былі пагрозы ў стылі «разбіць *бала». І вось гэта ўжо сапраўды страшна.

Бо ў нейкі момант ты перастаеш разумець, дзе заканчваецца інтэрнэт і пачынаецца рэальнасць.

«Гэтая падтрымка — тое, на чым я літаральна трымаюся дагэтуль»

Але калі казаць сумленна, то разам з усім гэтым я атрымала і вельмі шмат падтрымкі. І калі б не яна, я не ведаю, як бы прайшла праз апошнія тыдні. Асабліва мяне ўразіла падтрымка людзей, якіх я ўвогуле не ведаю асабіста. Былі людзі, якія самі напісалі і прапанавалі дапамогу. Былі людзі, якія дапамагалі шукаць фэйкі. Былі людзі, якія дапамагалі аналізаваць аўдыя. Былі людзі, якія запускалі гэтыя файлы праз розныя сэрвісы выяўлення штучнага інтэлекту і дасылалі мне вынікі. Былі людзі, якія проста ахвяравалі свой час на тое, каб дапамагчы разабрацца ў гэтай гісторыі.

І гэта было неверагодна кранальна. Асобна я вельмі добра памятаю аднаго нямецкага юрыста. Ён убачыў навіны пра тое, што адбываецца, і сам са мной звязаўся. Ён літаральна распісаў мне ўсё па пунктах. Куды ісці. У якую ўстанову звяртацца. Якія фармулёўкі выкарыстоўваць. Па якіх артыкулах лепш падаваць заяву. Якія дакументы падрыхтаваць.

І ён зрабіў гэта проста таму, што палічыў патрэбным дапамагчы. Без усялякай асабістай выгады. Проста дапамог.

І вось гэтая падтрымка — яна сапраўды тое, на чым я літаральна трымаюся дагэтуль.

«Беларуская бурбалка і міжнародная рэакцыя выглядалі як два розныя сусветы»

Яшчэ адна рэч, якая вельмі кінулася мне ў вочы, — гэта розніца паміж рэакцыяй у беларускім асяроддзі і рэакцыяй людзей за яго межамі.

У беларускай бурбалцы асноўная ўвага была сканцэнтраваная на кружочку. На тым, чаму я адказала. На тым, што трэба было зрабіць інакш. На тым, ці правільна я сябе павяла. І я разумею, чаму гэта адбывалася. Гэта лагічныя пытанні.

Але калі я пачала чытаць рэакцыі людзей з міжнароднай супольнасці, то ўбачыла зусім іншую карціну. Маё інстаграм-асяроддзе — гэта пераважна амерыканцы, еўрапейцы, людзі, якія не жывуць у беларускім палітычным кантэксце. І іх амаль не цікавіў кружочак. Яны былі ў шоку ад іншага. Ад таго, што супрацоўнікі аўтарытарнага рэжыму могуць дзейнічаць у Германіі. Ад таго, што чалавеку пагражаюць знікненнем. Ад таго, што здымаюць яго дом. Ад таго, што рэпрэсіі працягваюцца нават пасля выезду з Беларусі. Менавіта на гэта яны звярталі ўвагу.

І менавіта таму я вельмі спадзяюся, што гэтая гісторыя будзе мець нейкія наступствы не толькі для мяне. Бо сёння ў Германіі атрымаць міжнародную абарону беларусам вельмі складана. Беларусь да гэтага часу часта ўспрымаецца як адносна бяспечная краіна паходжання. І гэта абсалютна не адпавядае рэальнасці. Таму што рэпрэсіі не спыніліся. Яны проста перайшлі праз межы краіны. І калі гэтая гісторыя дапаможа хоць крыху звярнуць увагу на гэтую праблему, то ў гэтым будзе хоць нейкі сэнс.

«Так, я шкадую»

Калі казаць пра галоўную выснову для мяне самой, то яна вельмі простая.

Так. Я шкадую.

Я сапраўды шкадую, што ўступіла ў гэтую камунікацыю. Было памылкай уступаць у гэтую гульню.

Да гэтага маёй галоўнай стратэгіяй заўсёды было ігнараванне. І яна працавала. Калі мне пісалі — я не адказвала. Калі можна было не ўступаць у размову — я не ўступала. І калі цяпер азірацца назад, то я разумею, што менавіта так трэба было зрабіць і ў той сітуацыі.

Гэта быў урок. Вельмі непрыемны. Але ўрок, як не трэба рабіць у такой сітуацыі.

І, дарэчы, пасля гэтага, калі людзі прыходзілі да мяне з падобнымі гісторыямі, мая галоўная парада была вельмі простай: не адказвайце. Нават калі здаецца, што вы ўсё кантралюеце.

І я спадзяюся, што гэтая гісторыя стане ўрокам не толькі для мяне, але і для іншых людзей. Таму што я ўпэўненая: я не адзіны чалавек, на якога сёння вядзецца такая атака. Такіх людзей значна больш.

І менавіта таму патрэбныя лепшыя пратаколы бяспекі. Патрэбная псіхалагічная падтрымка. Патрэбныя больш даверлівыя адносіны паміж людзьмі ўнутры арганізацый. Патрэбна разуменне таго, што адбываецца з чалавекам, які месяцамі жыве пад такім ціскам. Бо беларуская палітыка — гэта вельмі стрэсавае асяроддзе. Настолькі стрэсавае, што мы ўжо пачынаем успрымаць ненармальныя рэчы як норму.

Калі я прыйшла ў нямецкую паліцыю і пачала расказваць усё, што адбывалася, яны спачатку нават не маглі паверыць, што гэта рэальна. Для іх гэта быў нейкі паралельны сусвет. А для нас гэта ўжо штодзённасць. І гэта вельмі небяспечна. Таму трэба клапаціцца пра сваю псіхіку. Трэба шукаць падтрымку. Трэба звяртацца да псіхолагаў. І гэта датычыць усіх. Нават самых моцных людзей. Нават самых брутальных мужчын, якія ўпэўненыя, што могуць усё вытрымаць самі. Я ўпэўненая, што пасля ўсяго гэтага яны таксама выйдуць з траўмамі. І пра гэта трэба памятаць.

Што датычыць мяне, то я сапраўды думала ўзяць паўзу. Пасля ўсяго гэтага мне здавалася, што трэба адысці, адпачыць, перастаць удзельнічаць у грамадскай дзейнасці. Бо ўсё гэта вельмі балюча. Большасць беларускай дзейнасці сёння — гэта альбо валанцёрства, альбо праца за вельмі сціплыя грошы. Ты робіш гэта не дзеля кар'еры, заробку. Ты робіш гэта таму, што верыш у справядлівасць. Таму, што любіш сваю краіну. Таму, што любіш людзей вакол сябе. І калі пасля гэтага атрымліваеш такі ўдар, натуральна ўзнікае жаданне проста ўсё кінуць.

Але потым я супакоілася і зразумела адну рэч. Менавіта гэтага яны і хацелі. Яны хацелі, каб я сышла. Каб замаўчала. Каб перастала нешта рабіць. І я не хачу дапамагаць прапагандзе дасягаць гэтай мэты.

Таму я буду працягваць.

Каментары42

  • Виктория
    15.06.2026
    "Хи-хи-хи, ха-ха-ха, смотри, чёт новенькое от кгб". Это не про давление и страх, а про дешёвые понты и глупые детские амбиции. Незрелость во всем
  • .
    15.06.2026
    Яна не ведае беларускую мову?
  • Парасон
    15.06.2026
    Кейз Харысавай -гэта вынік безадказнасціпрацы Вячорак, Матолек ,Азаравых. Латушак і іншай апазыцыі -і дэя якіх атрымаць грант,а не думаць пра Беларусь і беларусаў

Цяпер чытаюць

«Я не прадугледзела толькі аднаго: што менавіта гэты кружочак выкарыстаюць супраць мяне». Споведзь Аліны Харысавай пасля скандалу з КДБ42

«Я не прадугледзела толькі аднаго: што менавіта гэты кружочак выкарыстаюць супраць мяне». Споведзь Аліны Харысавай пасля скандалу з КДБ

Усе навіны →
Усе навіны

Зборная Германіі разграміла Кюрасаа7

Эпатажны спявак Oliver Tree і яшчэ пяць чалавек загінулі ў Бразіліі пасля сутыкнення верталётаў1

На Беласточчыне прайшоў фестываль беларускай традыцыі Soncahraj ФОТЫ4

Беднасць сапраўды забівае хутчэй. Сацыяльная няроўнасць і дыскрымінацыя прымушаюць наша цела старэць на ўзроўні ДНК1

«Калі Расія пераможа. Адзін са сцэнароў». Пра што гэты бестсэлер?19

Жонка Аляксандра Мілінкевіча расказала пра ягоны стан: памяць захавалася, але з рухальным апаратам вялікія праблемы5

У Харкаве пасля ўдару расійскага беспілотніка гарыць Мастацкі музей. Карціны ратуюць ад агню і вады2

Што ўмее новы Lego? Пагулялі ў яго, каб зразумець, ці зможа ён замяніць дзецям смартфоны1

Штучны інтэлект стварыў універсальную вакцыну ад усіх каранавірусаў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я не прадугледзела толькі аднаго: што менавіта гэты кружочак выкарыстаюць супраць мяне». Споведзь Аліны Харысавай пасля скандалу з КДБ42

«Я не прадугледзела толькі аднаго: што менавіта гэты кружочак выкарыстаюць супраць мяне». Споведзь Аліны Харысавай пасля скандалу з КДБ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць