Новы фаварыт знакамітасцяў у пагоні за даўгалеццем: ін’екцыі пептыдаў
Пасля ашаламляльнага поспеху прэпаратаў для пахудзення свет ахапіла новая хваля — цяпер заможныя аматары біяхакінгу і галівудскія зоркі колюць сабе пептыды, каб спыніць старэнне.

Яны вераць, што ін’екцыі пептыдаў дапамогуць займець рэльефныя мышцы, паскораць гаенне і аднаўленне тканак, нададуць скуры малады выгляд і, патэнцыйна, дададуць гады жыцця, піша The Times.
Што такое пептыды
Пептыды — гэта кароткія ланцужкі амінакіслот, якія натуральным чынам выпрацоўваюцца ў чалавечым арганізме. Яны дзейнічаюць як своеасаблівыя сігнальныя малекулы, якія перадаюць клеткам каманды, што рабіць, і выконваюць мноства карысных функцый: ад рэгуляцыі гармонаў да ўплыву на метабалізм і падтрымкі здароўя скуры.
Сапраўдны выбух цікавасці да гэтай тэмы адбыўся ў апошнія гады пасля поспеху лекаў для пахудзення, такіх як Ozempic або Wegovy. Яны дзейнічаюць на аснове гармону GLP-1, і літара «P» у гэтай назве якраз азначае «пептыд» (glucagon-like peptide).

Папулярнасць гэтых прэпаратаў паказала, што пептыды могуць моцна ўплываць на фізіялогію чалавека. Адначасова стала больш звыклым і само ўяўленне пра рэгулярныя ін’екцыі як пра складнік здаровага ладу жыцця.
Разам з гэтым пачаў хутка расці і рынак пептыдных прэпаратаў. Паводле ацэнак аналітыкаў, яго аб’ём у свеце ўжо дасягае дзясяткаў мільярдаў даляраў і працягвае павялічвацца. Згодна са справаздачай часопіса Nature, апублікаванай летась, для медыцынскага выкарыстання ўхвалена больш за сто пептыдаў, хоць большасць з тых, пра якія вы пачуеце ў сацыяльных сетках, адабрэння не маюць.
Нягледзячы на гэта, цікавасць да пептыдаў хутка распаўсюджваецца. У колах прыхільнікаў здаровага ладу жыцця і фітнэсу папулярнымі сталі камбінацыі (так званыя «стэкі») розных пептыдаў, якія нібыта ўзмацняюць дзеянне адзін аднаго.
Сярод найбольш вядомых называюць рэчывы, што павінны стымуляваць выпрацоўку гармону росту (Ipamorelin), актывізаваць сінтэз калагену (GHK-Cu), паскараць гаенне тканак (BPC-157, TB-500) або падтрымліваць мышачную масу, якая з узростам звычайна змяншаецца (tesamorelin). Некаторым пептыдам прыпісваюць нават магчымасць запавольваць старэнне клетак (epitalon).
Асобную папулярнасць у фітнэс-асяроддзі атрымала камбінацыя BPC-157 і TB-500. Яе нярэдка называюць «стэкам Расамахі» па аналогіі з героем Marvel, вядомым сваёй здольнасцю імгненна загойваць раны. Прыхільнікі такіх ін’екцый лічаць, што гэтая камбінацыя можа паскараваць аднаўленне тканак і зменшыць запаленчыя працэсы, якія часта суправаджаюць старэнне.
Рызыкі
Аднак прыём гэтых сродкаў абыходзіцца нятанна. Пептыдныя «стэкі», якія рэкламуюцца як сродак супраць старэння, могуць каштаваць каля 500 даляраў на месяц. Да таго ж існуюць патэнцыйныя рызыкі. Многія пептыды, якімі захапляюцца велнес-інфлюэнсеры ў інтэрнэце, знаходзяцца па-за строгім медыцынскім кантролем і не ўхвалены для выкарыстання людзьмі.
Многія з гэтых цудадзейных эліксіраў не прайшлі неабходных выпрабаванняў на людзях, а дактары ў большасці краін не маюць права іх прызначаць. Каб абысці закон, прадаўцы ў інтэрнэце выкарыстоўваюць хітрую юрыдычную шчыліну, маркіруючы флаконы надпісам «толькі для лабараторных даследаванняў».
Эксперты папярэджваюць: кожны, хто купляе антыўзроставыя пептыды ў інтэрнэце для самастойных ін’екцый дома, рызыкуе сваім здароўем, бо немагчыма дакладна ведаць, што менавіта знаходзіцца ў флаконе. Акрамя саміх актыўных рэчываў, там могуць быць стабілізатары або іншыя хімічныя прымешкі, здольныя выклікаць сур’ёзныя алергічныя рэакцыі. Да таго ж адно з нядаўніх даследаванняў паказала, што прыкладна кожны дзясяты флакон, набыты анлайн, утрымлівае бактэрыяльныя таксіны, якія могуць быць асабліва небяспечнымі для людзей з аслабленай імуннай сістэмай.
Большасць станоўчых эфектаў, пра якія кажуць у сацыяльных сетках, пакуль значна апярэджваюць навуковыя доказы. Многія пазітыўныя вынікі былі зафіксаваныя толькі ў тэстах на жывёлах або на клеткавых культурах, і ніхто дакладна не ведае, якімі будуць наступствы такіх эксперыментаў над уласным целам праз дзесяць ці дваццаць гадоў.
Медыцынская супольнасць заінтрыгаваная патэнцыялам пептыдаў, але спецыялісты па даўгалецці ў адзін голас кажуць, што чароўнага ўколу ўсё яшчэ не існуе.
На іх думку, самымі эфектыўнымі спосабамі падоўжыць жыццё застаюцца не гламурныя і дарагія ін’екцыі, а базавыя і звыклыя рэчы: глыбокі сон, здаровае харчаванне, фізічная актыўнасць і кантроль стрэсу. Пептыды могуць стаць карысным дадаткам у будучыні, але пакуль яны застаюцца рызыкоўнай і неправеранай спробай знайсці кароткі шлях там, дзе яго, магчыма, няма.
Каментары
Китайцы, как обычно, научились производить пептиды дешево и массово и всё закрутилось, стало доступно для обывателя и пошло в спортпит и биодобавки. Маркетинг пошел искать новые рынки и нашел применение пептидов в косметологии, редакторессы таймса наверняка мажут ими оземпиковые мордочки и толком не подозревают об этом.
Те что указаны в статье присутствуют на пабмеде, вполне себе исследованы. Остальное разной степени опасности/бесполезности, от уровня "чуть эффективнее плацебо" до уровня "опасный строго медицинский препарат используемый для химической кастрации педофилов".