Грамадства2222

Гліннік: Выступ Мельнікавай на апошняй канферэнцыі быў дзіўны — яна казала, як хоча дадому

Спачатку было дзевяць версіяў таго, што магло здарыцца са спікеркай Каардынацыйнай рады. На сённяшні дзень засталіся тры.

Анжаліка Мельнікава на канферэнцыі «Новая Беларусь» у жніўні 2024 года ў Варшаве. Фота: Наша Ніва

Польскія журналісты-расследвальнікі знялі спецыяльны рэпартаж «Аперацыя «Мельнікава» для тэлеканала TVP INFO. У сюжэце свае версіі знікнення спікеркі Каардынацыйнай рады выказваюць Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, віцэ-спікерка КР Стася Гліннік, заснавальнік «Байпол» Аляксандр Азараў, а таксама былыя супрацоўнікі спецслужбаў Польшчы, паведамляе «Белсат».

Агентка ці ахвяра?

Пра лёс Анжалікі Мельнікавай нічога не вядома ўжо шэсць з паловай месяцаў. Апошні раз на сувязь яна выходзіла 21 сакавіка 2025 года. Як стала вядома пазней, 26 лютага яна вылецела разам з дзецьмі з Варшавы ў Лондан. 28 лютага паляцела ў Шры-Ланку. 7 сакавіку была ўжо ў Дубаі. Там яна перадала дзяцей маці і знікла, а разам з ёй — грошы з рахунку «Кіберпартызанаў» — 150 тысяч еўра.

Са словаў віцэ-спікеркі Каардынацыйнай Рады Стасі Гліннік, спачатку было дзевяць версіяў таго, што магло здарыцца з Мельнікавай. На сённяшні дзень засталіся тры: што яна ад самага пачатку была супрацоўніцай спецслужбаў, што была завербаваная пад прымусам у Польшчы, і што КДБ спрабаваў завербаваць яе, аднак штосьці пайшло не так, «і ў такім выпадку цалкам магчыма, што яна ўжо мёртвая».

«Думкі пра яе вагаюцца ад таго, што яна агентка, да таго, што яна ахвяра», — кажа Стася Гліннік.

Прадстаўніца КР прыгадвае выступ Мельнікавай на канферэнцыі дэмсілаў у Варшаве ў дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў студзені. Гліннік кажа, што прамова Анжалікі была дзіўнай і хутчэй «у стылі Лукашэнкі, чым нашым».

«Гэта была канферэнцыя, дзе мы мусілі паказаць альтэрнатыву лукашэнкаўскаму свету.

Але яна выбрала такія тэмы, што проста расказвала, што хоча дадому, і як ёй сумна без ейнай гімназіі. Гэта было дзіўна. А напрыканцы яна пачала спяваць песню, якую ў нас звычайна спявалі на «Славянскім базары». Я ўвесь час думаю, што тая песня была хутчэй у лукашэнкаўскім стылі, чым у нашым», — распавядае віцэ-спікерка КР.

Павел Латушка прыгадвае, што напярэдадні знікнення Мельнікавай ні ў каго не было падазрэнняў, што з ёй штосьці адбываецца.

Стася Гліннік у сваю чаргу кажа, што калегі якраз заўважылі пэўныя незразумелыя праявы. Напрыклад, тое, што заўсёды актыўная Мельнікава перастала працаваць.

Але яна казала, што хварэе, таму ейныя паводзіны спісалі на гэта, а таксама на магчымае выгаранне.

Латушка: Буду аспрэчваць, што яна была агенткай

Латушка зазначае, што 25 сакавіка, калі атрымаў паведамленне ад Мельнікавай, зразумеў, што гэта не яна піша са свайго тэлефону. Пазней атрымалася высветліць, што 19 сакавіка тэлефон уключаўся ў Беларусі, што, аднак, не даказвае, што Мельнікава таксама была там.

Кіраўнік НАУ не згодны з тым, што Анжаліка ад самага пачатку была супрацоўніцай спецслужбаў.

«Я буду аспрэчваць, калі хтосьці скажа, што яна была агенткай спецслужбаў. Дзякуючы ейнай камунікацыі Польшча прызнала Каардынацыйную раду беларускім парламентам у выгнанні. Я задаю пытанне — гэта было заданнем спецслужбаў? Гэта вялізны мінус для іх», — падкрэслівае Латушка.

Ёсць версія, што ў гісторыі са знікненнем не апошнюю ролю адыграў былы муж Мельнікавай, які, нягледзячы на развод, прыязджаў да яе ў Польшчу, жыў з ёй і вёў справы сваёй фірмы з хатняга адрасу былой жонкі. А потым без праблемаў вяртаўся ў Беларусь. Польскія журналісты мяркуюць, што гэта можа значыць, што ў Беларусі яго схілілі да супрацы са спецслужбамі, і ён прыязджаў да Мельнікавай збіраць пра яе інфармацыю, а яна, магчыма, нават ведала, што ён супрацоўнічае.

Кіраўнік «Байпол» Аляксандр Азараў мяркуе, што родныя Анжалікі, у тым ліку муж, ведаюць, што з ёй адбылося, бо ніхто з іх не падаў ніводнай заявы аб ейным знікненні — ні ў Беларусі, ні ў Польшчы.

Былы сілавік лічыць, што Мельнікава не ў Беларусі:

«Калі б яна была ў Беларусі, яе б не ўдалося там схаваць, калі б яна трапіла ў турму, хтосьці сядзеў бы з ёй, выйшаў і сказаў бы пра гэта. Калі б яна была на волі, яе б убачылі. Таму, хутчэй за ўсё, яна не ў Беларусі, а недзе за мяжой, у краіне, з якой няма экстрадыцыі ні ў Беларусь, ні ў Польшчу, бо тое, што яна зняла грошы з рахунку, гэта злачынства, і раней ці пазней Інтэрпал абвесціць яе ў вышук».

Аўтары рэпартажу распавядаюць, што высветлілі, што хтосьці зусім нядаўна карыстаўся профілем Анжалікі Мельнікавай у Google — 6 ліпеня 2025 года. Таксама хтосьці заходзіў у ейны Тэлеграм менш за месяц таму.

Не прыярытэт для польскіх спецслужбаў

Справу аб знікненні Анжалікі Мельнікавай расследуе пракуратура ў Любліне. Неафіцыйна польскія журналісты даведаліся, што «знікненне Мельнікавай — беларускі, але таксама і полькі — не прыярытэт для польскіх спецслужбаў».

Былы афіцэр польскай контрразведкі, які не раскрывае свайго імя, кажа, што «польскія спецслужбы праспалі той момант, калі гэтай справай трэба было зацікавіцца».

«Цяпер можна гадаць, якой была сапраўдная мэта дзеянняў беларускіх спецслужбаў супраць Мельнікавай. Ці гэта было высмоктванне з яе інфармацыі? Ці схіленне да супрацы? Мельнікава павінна была быць з прычыны займанай ёй пасады пад асаблівым наглядам польскіх спецслужбаў. Аднак, здаецца, яна пад такім наглядам не была.

Гэта паказвае бяззубасць польскай контрразведкі, якая такое дапускае. І вельмі магчыма, што мы ніколі не даведаемся, што здарылася з Анжалікай Мельнікавай», — рэзюмуе былы супрацоўнік польскіх спецслужбаў.

У студыі TVP Info справу Анжалікі Мельнікавай аўтары рэпартажу абмяркоўвалі таксама з маёрам-доктарам Ганнай Грабоўскай-Сівец, былой спецслужбоўцай контрразведкі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы, цяпер выкладчыцай Беластоцкага ўніверсітэту.

***

Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Польшчы і Еўрасаюза 26 лютага 2025 года і паляцела ў Лондан. Паводле расследавальнікаў, за дзень да вылету яна зарэзервавала нумар у пяцізоркавым гатэлі на Шры-Ланцы, дзе ўжо бывала раней. З 28 лютага да 7 сакавіка Мельнікава жыла ў тым гатэлі з дзецьмі. 7 сакавіка Мельнікава з дзецьмі паляцела ў Дубай, там яе след губляецца. 25 сакавіка яна перастала выходзіць на сувязь. Дзе яна і што з ёй, няма інфармацыі.

Каардынацыйная рада заяўляла, што 13 сакавіка з яе акаунта былі спампаваныя дакументы, якія датычацца працы арганізацыі.

У тым жа месяцы, паводле звестак «Кіберпартызанаў», Мельнікава перавяла на асабісты рахунак больш за 150 тысяч долараў са сродкаў фонду Białoruś Liberty. Вядома таксама, што перад знікненнем яна лёта­ла на Кубу і ў Шры-Ланку разам з Аляксеем Лабеевым, супрацоўнікам лукашэнкаўскіх спецслужбаў.

Каментары22

  • Неюрыст
    10.10.2025
    Гліннік – грамадзянка Польшчы як і Мельнікава. Вельмі дзіўна што іх паказанням даюць нейкую веру. Вядома ж што польскія спецслужбы расследуюць справу і не маглі не ўзяць падпіску аб неразгалошванні ва ўсіх сведкаў.
  • Леанід
    10.10.2025
    Вы спыталі ў Латушкі пра Мельнікаву? Думаеце ён сам добраахвотна прызнаецца ў тым што працягнуў на пасаду віцэ-спікеркі свайго чалавека які аказаўся агентам?
  • Спец па дыверантах і правакатарах
    10.10.2025
    Знайсьці ўсю агентуру можна прагнаўшы усіх беларусаў з польскімі внж праз паліграф. Паколькі іх сотні тысяч, а на падрыхтоўку да паліграфа і саму працэдуру пойдзе па 20 чалавека-гадзінаў пры заробках у спецслужбах больш чым па 8 эўра, атрымліваецца 160 эўра на 1 беларуса. 200 000 беларусаў – 3.200.000 эўра. Ці пойдзе на такія выдаткі польскі ўрад – адказ зразумелы. Пакуль няма істотных дыверсій і тэрактаў з боку беларусаў Польшчы – не пойдзе. Да таго ж прымусовае паліграфаванне трэба паўтараць раз на 6 месяцаў бо вярбоўка ідзе пастаянна. У гэтым выпадку прасьцей дзейнічаць па літоўскім варыянце проста выціскаючы ўсіх падазроных.

Цяпер чытаюць

Усе навіны →
Усе навіны

Колькі каштуе паесці ў элітным французскім рэстаране Віктара Лукашэнкі?30

Прадстаўнік ЗША пры НАТА анансаваў пастаўку Украіне зброі, якой яна раней не мела6

Па трасе М1 везлі гіганцкага зубра. TikTok гадае, куды ён накіроўваецца2

У Беларусі жывуць аднагодкі дыназаўраў. Жыхар Палесся расказаў і паказаў, як за імі назірае7

Некаторыя іпэшнікі з новага года не змогуць гандляваць праз маркетплэйсы

Таджыкскія дзеці віталі Лукашэнку па-беларуску. Ён пачын не падтрымаў ВІДЭА29

Ціханоўская без драматызацыі і з усмешкай пракаментавала рашэнне ўладаў Літвы змяніць форму яе аховы10

Да краін, якія блакуюць прыняцце новага пакета санцый ЕС супраць Расіі, далучылася Аўстрыя

У былога пілота «Формулы-1» забралі правы за любоў да хуткай язды1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштаваны Аляксандр Шакуцін17

Арыштаваны Аляксандр Шакуцін

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць