Урад ЗША пачынае татальную праверку ўсіх 55 мільёнаў уладальнікаў амерыканскіх віз
Мэта праверкі — выявіць любыя парушэнні, якія могуць стаць падставай для анулявання візы і наступнай дэпартацыі. Гэты крок закране нават тых, хто цяпер знаходзіцца па-за межамі краіны, але мае амерыканскую візу.

Як паведамляе Associated Press, 21 жніўня Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа абвясціла пра пачатак маштабнай праверкі больш як 55 мільёнаў замежных грамадзян, якія маюць дзеючыя візы ў ЗША, на наяўнасць любых парушэнняў, якія могуць прывесці да дэпартацыі.
У пісьмовым адказе на пытанне агенцтва Дзяржаўны дэпартамент ЗША адзначыў, што цяпер усе ўладальнікі віз, уключаючы турыстаў, студэнтаў і працоўных мігрантаў падлягаюць так званай «пастаяннай праверцы» (continuous vetting). Гэта азначае, што амерыканскія ўлады будуць пастаянна маніторыць інфармацыю пра замежнікаў нават пасля выдачы візы.
Калі ў працэсе праверкі будзе знойдзена любая інфармацыя, якая ставіць пад сумнеў права чалавека на ўезд або знаходжанне ў ЗША, яго віза будзе неадкладна анулявана. Калі ўладальнік такой візы ў гэты момант знаходзіцца на тэрыторыі Злучаных Штатаў, яго чакае працэдура дэпартацыі.
Паводле афіцыйных асоб, праверкі будуць уключаць аналіз акаўнтаў усіх уладальнікаў віз у сацыяльных сетках, вывучэнне запісаў праваахоўных і міграцыйных органаў у іх родных краінах, а таксама ўлічваць любыя парушэнні заканадаўства ЗША, якія цягнуць за сабой прававыя наступствы і былі ўчынены падчас знаходжання ў Злучаных Штатах.
Для праверак будуць выкарыстоўвацца новыя інструменты збору даных пра мінулых, цяперашніх і будучых заяўнікаў. Гэта ўключае поўны і дэтальны агляд сацыяльных сетак, што стала магчымым дзякуючы новым патрабаванням, уведзеным раней у гэтым годзе. Згодна з імі, заяўнікі абавязаны адключаць налады прыватнасці на мабільных тэлефонах і іншых электронных прыладах або ў праграмах, калі яны прыходзяць на візавае сумоўе.
Першы ўдар: кіроўцы-дальнабойшчыкі
Адным з першых канкрэтных крокаў стала рашэнне спыніць выдачу працоўных віз для кіроўцаў камерцыйных грузавікоў. Дзяржсакратар Марка Рубіа заявіў, што гэта робіцца для «абароны жыццяў амерыканцаў і працоўных месцаў амерыканскіх кіроўцаў».
Афіцыйнай прычынай таксама называецца павышэнне бяспекі на дарогах, бо ўлады ўзмацнілі патрабаванні да валодання англійскай мовай сярод кіроўцаў.
Аднак эксперты, такія як Эдвард Олдэн з Савета па міжнародных адносінах, бачаць у гэтым больш глыбокую тэндэнцыю. На яго думку, гэты крок — частка скаардынаванай кампаніі, мэта якой — адбіць у амерыканскіх кампаній, універсітэтаў і бальніц жаданне наймаць замежных спецыялістаў.
«Мэта тут не ў канкрэтных прафесіях, а ў тым, каб даслаць сігнал працадаўцам: калі вы наймаеце замежнікаў, вы рызыкуеце», — лічыць Олдэн.

Ад студэнтаў да ўсіх астатніх
Першапачаткова ўзмоцненыя праверкі былі сканцэнтраваны на студэнтах, асабліва тых, хто ўдзельнічаў у прапалесцінскіх або антыізраільскіх акцыях. Аднак цяпер гэты працэс распаўсюдзіўся на абсалютна ўсіх уладальнікаў віз.
Статыстыка Дзярждэпартамента пацвярджае сур'ёзнасць намераў: з моманту вяртання Дональда Трампа ў Белы дом было анулявана ўдвая больш віз, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Колькасць ануляваных студэнцкіх віз вырасла ў чатыры разы. Толькі за апошні час было адклікана больш за 6000 студэнцкіх віз за розныя парушэнні — ад кіравання ў нецвярозым стане да падтрымкі тэрарызму.
Пад пагрозай апынуліся грамадзяне большасці краін свету, уключаючы такія густанаселеныя, як Кітай, Індыя, Расія, а таксама жыхары большасці краін Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, якім для паездкі ў ЗША неабходна атрымліваць візу.
Выключэнне складаюць грамадзяне 40 краін, якія ўваходзяць у Праграму бязвізавага ўезду (Visa Waiver Program). Гэта пераважна краіны Еўропы і некаторыя азіяцкія дзяржавы. Іх грамадзяне могуць наведваць ЗША з турыстычнымі або дзелавымі мэтамі на тэрмін да 90 дзён без візы.
Варта адзначыць, што лічба ў 55 мільёнаў значна перавышае колькасць замежнікаў, якія фізічна знаходзяцца ў ЗША. Для параўнання, паводле даных Міністэрства ўнутранай бяспекі, у мінулым годзе ў краіне было 12,8 мільёна ўладальнікаў грын-карт і ўсяго 3,6 мільёна чалавек з часовымі візамі (працоўнымі, студэнцкімі і іншымі).
Як патлумачыла выданню эксперт з Інстытута міграцыйнай палітыкі Юлія Гелат, лічба ў 55 мільёнаў уключае ўсіх, хто мае амерыканскую візу, у тым ліку мільёны людзей, якія зараз знаходзяцца за межамі ЗША і валодаюць шматразовымі турыстычнымі візамі. Многія з іх могуць ніколі больш не скарыстацца сваёй візай, што ставіць пад сумнеў мэтазгоднасць расходавання рэсурсаў на іх татальную праверку.
Каментары
Не здзіўлюся, калі ў мэтах тут паралельна распіл пад маніторынг сацсетак, сістэму тыпа Palantir.
> заяўнікі абавязаны адключаць налады прыватнасці на мабільных тэлефонах і іншых электронных прыладах або ў праграмах
У ЗША заўсёды з прыватнасцю было значна горш за ЕС.
Увогуле напрамак руху (дэградацыі) ЗША як у РФ.