Літаратура44

Калі машыны будуць кантраляваць усё, ці не пачнуць яны ўрэшце кантраляваць і тых, хто пры ўладзе?

Кніга Юваля Ноя Харары Nexus асвяжае мозг, піша Андрусь Храпавіцкі.

Кніга Юваля Ноя Харары Nexus даступная па-англійску, па-польску і па-літоўску. Неўзабаве яна мае выйсці па-ўкраінску. На жаль, не праглядаецца беларускае яе выданне

Я даўно са скепсісам гляджу на тое, як выкладаецца практычна ў любой краіне свету прадмет гісторыі ў школах. Асабліва ў нашым рэгіёне. Школьнікам убіваюць у галовы спрошчаныя міфы, якія нярэдка маюць вельмі мала супольнага з рэальнасцю. Калі вы хочаце даведацца пра сапраўдную гісторыю, вам, хутчэй за ўсё, прыйдзецца ісці ва ўніверсітэт — і лепш у магістратуру ці дактарантуру па гісторыі — або заглыбляцца самому, але для гэтага патрэбны ўнутраны компас, а лепш дапамога ад прафесійных гісторыкаў, каб адсеяць тую бздуру, якой поўняцца школьныя падручнікі.

Няма чаго здзіўляцца, што ў вачах літоўцаў прабегла чорная котка ліцвінізму. Прымітывізацыя школьнай гісторыі — гэта хвароба і беларуская, і літоўская, гэтаксама як і многіх іншых народаў.

Можа таму, калі чытаю гістарычныя кнігі, вельмі падабаецца, калі іх піша нехта «звонку», з перспектывы аўтсайдара. Для мяне гэта як глыток свежага паветра — прачытаць, скажам, тое, што пісаў Цімаці Снайдэр пра Усходнюю Еўропу. З падобнай прычыны, мне даспадобы ідэя «вялікай гісторыі», якую папулярызуе Юваль Ной Харары. Многія прафесійныя гісторыкі крытыкуюць іх абодвух за спрашчэнні і фактычныя памылкі. Але нават з памылкамі, недакладнасцямі, я б сказаў, што такія аўтары каштоўныя, бо дазваляюць глянуць на гісторыю шырэй, вырвацца за межы лакальнай перспектывы і асвяжыць сваё ўспрыняцце больш шырокім кантэкстам.

Я ўпадабаў кнігі Харары — «Sapiens», «Homo Deus» і «21 урок для XXI стагоддзя», — і таму мне было б цяжка абмінуць і новую ягоную кнігу, тым больш што я быў на яе прэзентацыі тут, у Нью-Ёрку, і маю асобнік з аўтографам.

Што можна сказаць? «Nexus» — гэта вялізны аналіз таго, як інфармацыя, у шырокім сэнсе слова, фармуе грамадствы. Юваль Харары сцвярджае, што гісторыі, якія аб’ядноўваюць людзей, дазваляюць супрацоўнічаць у маштабах, немагчымых для іншых відаў. Менавіта наратывы, а не факты, з’яўляюцца асновай для сацыяльнай згуртаванасці.

Аўтар аспрэчвае так званы «наіўны погляд на інфармацыю» — веру ў тое, што чым больш пашыраецца інфармацыі, тым больш становіцца разумення і мудрасці. Такі погляд, напрыклад, мае Ілан Маск. Маўляў, старыя медыі кепскія, яны часта перадузятыя. Давайце ўсе лепш чытайце і пішыце ў ягоную сацыяльную сетку Х. Там вы знойдзеце праўду.

Харары сцвярджае, што рэч не толькі ў колькасці, але і ў якасці інфармацыі, у тым, як яна распаўсюджваецца і як людзі яе ўспрымаюць. Ён паказвае, што гэты наіўны погляд вядзе да таго, што перамагае інфармацыя нізкай якасці і лёгкай засваяльнасці, а глыбокія, праўдзівыя рэчы застаюцца незаўважанымі.

У першай частцы «Nexus» аўтар разглядае арганічныя сеткі — чалавечыя супольнасці, арганізаваныя вакол супольных гісторыяў. Напрыклад, аўтар звяртае ўвагу на кантраст дэмакратыяў і дыктатур у тым, як у такіх сістэмах распаўсюджваецца інфармацыя. Харары перасцерагае, што з развіццём штучнага інтэлекту дыктатурам будзе значна прасцей кантраляваць і адсочваць чалавека.

У другой частцы Харары звяртае ўвагу на неарганічныя сеткі — лічбавыя сістэмы і штучны інтэлект. Ён сцвярджае, што сучасныя машыны ўжо не проста інструменты: яны могуць генераваць ідэі і дзейнічаць аўтаномна.

Разам з гэтым развіваецца небяспечная тэндэнцыя: пастаянны збор даных, масавае назіранне і знікненне прыватнасці. Сістэмы ШІ, натрэніравананыя на перадузятых даных, здольныя ўзмацняць няроўнасць або нават стаць каталізатарам гвалту, піша аўтар.

Трэцяя частка «Nexus» прысвечана будучыні палітыкі ва ўмовах глабальнай дыгіталізацыі. Дэмакратыі, паводле Харары, сёння стаяць перад сур’ёзнымі выклікамі: таргетаваная рэклама, фэйкі, алгарытмы, што падымаюць уверх скандальны і часта непраўдзівы кантэнт — усё гэта падрывае магчымасць свабоднай публічнай дыскусіі.

Аўтарытарныя рэжымы, у сваю чаргу, могуць выкарыстоўваць штучны інтэлект для татальнага кантролю. Але існуе парадокс: калі машыны будуць кантраляваць усё, ці не пачнуць яны ўрэшце кантраляваць і тых, хто пры ўладзе?

Аўтарытарныя рэжымы хочуць выкарыстоўваць штучны інтэлект для татальнага кантролю. Але магчымыя парадоксы. Ілюстрацыйнае фота AP Photo Czarek Sokolowski: беларус на Маршы свабоды 9 жніўня 2025 года ў Варшаве

Харары таксама ўводзіць паняцце «Крэмневай заслоны» — магчымай будучай лічбавай фрагментацыі свету на асобныя інфармацыйныя экасістэмы, напрыклад, амерыканскую і кітайскую.

Адна з самых цікавых канцэпцый у кнізе — іншародны інтэлект — штучны інтэлект, здольны да самастойнага мыслення. Гэта — патэнцыйна экзістэнцыйная пагроза для чалавецтва, калі яе не кантраляваць. Можа падацца, што пэўныя рэчы аўтар перабольшвае. Сучасныя сістэмы ШІ ўсё ж значна больш абмежаваныя, чым тое можа падавацца. Іншае пытанне, як блізка мы да агульнага штучнага інтэлекту. Зрэшты, вялікая шкода можа сыходзіць і ад ужо існых сістэм, пра што піша аўтар. Язык не паварочваецца назваць аўтара «думерам». Замест песіміста ці аптыміста сябе ён, хутчэй, лічыць рэалістам. Харары мяркуе, што чалавецтва валодае неабходнымі рэсурсамі і ведамі для вырашэння існых праблем, але падкрэслівае важнасць дзеянняў, а не пасіўнага спадзеву, што сітуацыя палепшае, ці адчаю ад таго, што гэтага не адбудзецца.

Погляд Харары характарызуецца моцным акцэнтам на прызнанні патэнцыйных пагроз, адначасова ён выступае за праактыўныя меры і адказнае выкарыстанне тэхналогій для фармавання больш пажаданай будучыні.

Аўтар падае шырокі гістарычны кантэкст, каб паказаць, што нават друкарскі станок або класічная бюракратыя не могуць параўнацца з уплывам сучасных тэхналогій. І хоць крытыкі часта папракаюць яго за спрошчаныя абагульненні і адсутнасць глыбіні, ён, тым не менш, прапануе глабальную, інтэгральную перспектыву, якая асабліва каштоўная ў свеце, перапоўненым лакальнымі міфамі і вузкім мысленнем.

Юваль Ной Харары, 20 сакавіка 2025. Photo by Chris Jung/NurPhoto via Getty Images

«Nexus» — не навуковая манаграфія. Можна нават сказаць, што тут больш філасофіі, чым гісторыі. Тлусты мінус Харары — у рэпетатыўнасці. Калі вы яго чыталі раней ці слухалі ягоныя публічныя прамовы, то вы, хутчэй за ўсё, сцісла знаёмыя з тым, пра што ён разгорнута піша ў гэтай кнізе. Падобная тэматыка была і ў ягоных кнігах «Homo Deus» і «21 урок для XXI стагоддзя». Там было і пра выклікі ліберальнаму светапарадку, і пра штучны інтэлект. Раней проста гэтыя небяспекі былі значна больш абстрактнымі. Цяпер жа мы ўжо фактычна жывем у тым свеце, які апісваў аўтар. Паўстае пытанне, што з гэтым рабіць. Харары шмат хто з моцных гэтага свету чытае, слухае і нават рэкамендуе. Аднак інтэлектуал вяшчае, а караван ідзе далей.

Кніга Юваля Ноя Харары Nexus даступная па-англійску, па-польску і па-літоўску. Неўзабаве яна мае выйсці па-ўкраінску. На жаль, не праглядаецца беларускае яе выданне.

* * *

Андрусь Храпавіцкі — беларус-распрацоўшчык у галіне штучнага інтэлекту, цяпер працуе ў Нью-Ёрку. Таксама ён паэт і грамадскі актывіст. Родам з Глыбокага, скончыў Полацкі ўніверсітэт.

Каментары4

  • Да пытання аб ШІ
    19.08.2025
    ШІ нельга кантраляваць, як нельга кантраляваць любую імпэрыю. Рымскую, Аляксандра Македонскага, Чынгісхана. Калі імперыя пераходзіць у стадыю інтэнсіўнага росту, яе не спыніць. Імперыя будзе пашырэць колькі лічыць неабходным, возьме ўсё, што хоча. Пытанне калектыўнага ШІ - ці хоча ён забраць усю Зямлю ці не, ці калектыўны ШІ вырашыць бясконца пашырацца, уключаючы сонечную сістэму і галактыку, і галактыкі.
    Выкарыстоўваючы чалавецтва і планету Зямля як матэрыяльны рэсурс для свайго пашырэння. Або калектыўны ШІ вырашыць гэтага не рабіць. Гэта будзе вырашаць толькі ён. Мы, як умоўныя готы ці пэрсы не моцна можам на гэта паўплываць.
    Як жа быць? Дзе надзея? Уся надзея на прыроджаную ксенафобію чалавецтва. Гэта асноўны механізм самаабароны чалавека. Генетычна ксенафобія ёсць у кожным чалавеку, яна пачынае функцыянаваць калі чалавек бачыць больш за тры чужыя аб'екты ў родным асяроддзі.
    Ксенафобія вызначае чалавецтва, і гэта тое чаму чалавек перамог усе астатніх жывых істот - канкурэнтаў, ад іншых гамінідаў, да шаблязубых тыграў, ваўкоў і галапагоскіх чарапах.. і іншых масавых жывых істот.
  • кіберпанк
    19.08.2025
    Дыджыталізацыя - верны памочнік таталітарызма. Узяць паўсюдныя камеры і безнаяўныя грошы, ты ўвесь на далоні
  • .
    19.08.2025
    Харары паўтараецца, таму што гэта такі жанр: аўтар адной або некалькіх слушных і свежых ідэй даносіць іх да аўдыторыі праз серыю кніг. (І тым самым зарабляе).
    З-за спецыфікі жанру могуць быць паўторы, разважанні на пабочныя тэмы, "вада". Часам можна выдзеліць з усёй кнігі абзац сутнасці.
    І гэта не навука і не філасофія (чамусьці "філасофіяй" лічаць усе агульныя разважанні). Гэта такая папулярная эсэістыка.

    Тэма "кантролю машын (ШІ) над людзьмі" - на мой погляд, злоўжыванне страхамі. Тое, што прываблівае ўвагу. (Нават у назве артыкула такое, і не першы раз).
    Галоўная пачвара на планеце - чалавек, яго трэба баяцца. Вечнай і галоўнай будуць праблемы чалавечай дурасці і сутыкнення чалавечых інтарэсаў.
    Для прыкладу, ШІ не кіруе рашэннямі Трампа і Пуціна і няма такога, што яны няправільна карыстаюцца ШІ. Яны нават не навучыліся загугліць (у шырокім сэнсе), трохі вывучыць праблему: Пуцін - гісторыю Украіны, Трамп - тарыфы. Таму хутчэй такія амаральныя кіраўнікі перабудуюць ШІ пад свае патрэбы, а не ШІ перавыхавае іх. Ужо пачынаецца: кампанія Perplexity (сярод яе заснавальнікаў беларус) зрабіла Truth Search AI для сацсеткі Трампа, які навучаны пераймальна на тэкстах праўладнай Fox News.

Цяпер чытаюць

Затрымалі кіраўнікоў івэнт-кампаній. Адзін з іх дапамагаў ладзіць канцэрты ў падтрымку Лукашэнкі9

Затрымалі кіраўнікоў івэнт-кампаній. Адзін з іх дапамагаў ладзіць канцэрты ў падтрымку Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

Джэй Дзі Вэнс зноў будзе прысутнічаць пры размове Трампа з Зяленскім. Ці надзене Зяленскі гальштук?11

У Магілёўскай вобласці жанчыны трапілі ў бальніцу пасля падпольных уколаў прыгажосці2

Трамп ледзь не сарваў перамовы на Алясцы праз нязгоду з Пуціным па Данбасе4

МУС Польшчы: Апастыль на дакументах для беларусаў не патрэбны ў любым выпадку. ЗАГСы ўсё няправільна зразумелі3

Адзін з самых уплывовых мастакоў свету Ай Вэйвэй наведаў Украіну і пабываў на фронце1

У Іванаўскім раёне дзяўчынка выратавала малодшую сястру, але не змагла ўратаваць дарослага

Эканоміка Беларусі перастала расці. Тое самае ў Расіі і Латвіі. А вось Польшча і Літва растуць стабільненька13

«Дзе людзі?» Як улады пакінулі гамельчукоў без Цэнтральнага пляжа на цэлае лета2

Праз санкцыі расійскай дэлегацыі давялося на Алясцы аплачваць паліва для самалётаў гатоўкай. А гэта сотні тысяч даляраў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Затрымалі кіраўнікоў івэнт-кампаній. Адзін з іх дапамагаў ладзіць канцэрты ў падтрымку Лукашэнкі9

Затрымалі кіраўнікоў івэнт-кампаній. Адзін з іх дапамагаў ладзіць канцэрты ў падтрымку Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць