Грамадства2525

Выдаліў акаўнт, пачысціў тэхніку — і ўсё адно прыйшлі. Мікіта Лосік расказаў, як яго вылічылі сілавікі

У ліпені брата палітвязня Ігара Лосіка Мікіту асудзілі на тры гады «хіміі». Прычынай сталі фатаграфіі расійскай вайсковай тэхнікі, якія ён адправіў маніторынгаваму праекту «Беларускі Гаюн». Пры гэтым Мікіта быў асцярожны: чысціў прылады, з якіх адпраўляў фота, і нават выдаліў акаўнт, з якога пісаў у «Гаюн» задоўга да зліву. Як сілавікі змаглі яго вылічыць? Пра гэта ён расказаў «Люстэрку».

Мікіта Лосік у ліпені 2025 года. Фота: «Радыё Свабода»

Калі ў лютым 2022 года Мікіта Лосік, які жыў у Оршы, убачыў эшалоны з расійскай вайсковай тэхнікай, то раззлаваўся.

«Па нашай беларускай тэрыторыі вязуць расійскую тэхніку на вайну. Вязуць адкрыта, не ўначы, а сярод белага дня цэлы эшалон танкаў, зенітных установак з літарамі Z і V, у вагонах з абрэвіятурай РЖД», — успамінае ён.

У той момант Мікіта зрабіў некалькі здымкаў і адправіў іх у «Беларускі Гаюн». Акаўнт у тэлеграме, з якога пісаў Лосік, быў на ягоным беларускім нумары. Праз нейкі час (яшчэ да інфармацыі пра зліў) мужчына акаўнт выдаліў. Таксама ён пачысціў тэхніку і свае іншыя акаўнты.

«Я паводзіў сябе асцярожна. Ведаў, што і за падпіскі могуць пасадзіць, таму ўсё чытаў, але ні на што не падпісваўся. Стараўся, каб, калі да мяне прыйдуць, няма да чаго было прыкалупацца, — расказвае ён. — Ва ўсім астатнім мой ноўтбук і тэлефон былі ў парадку. Я паклапаціўся пра бяспеку, але мяне гэта не выратавала».

У пачатку лютага гэтага года Мікіта ўбачыў навіну пра ўцечку даных з чата «Беларускага Гаюна». Праўда, удакладняе ён, мог недаацаніць сур'ёзнасць: падумаў, што адбыўся зліў з чата, дзе размаўлялі людзі з Беларусі. А паколькі ні ў чым такім не быў, панікаваць не спяшаўся.

«Я не ведаў, што была злітая інфармацыя менавіта з чат-бота. Думаў, яна наогул не застаецца: адправіў, яе выкарысталі і выдалілі. Аказалася, яны захоўвалі ўсё, нават за 2022-2023 гады. Гэта было максімальна небяспечна, і цяпер людзі пакутуюць, — мяркуе ён. —

Калі быў зліў, я зайшоў на канал Антона Матолькі. Там было напісана: «Выдаліце акаўнты, і вы ў бяспецы» (у паведамленні, якое перапосціў Матолька, сапраўды раілі выдаліць акаўнт тым, хто карыстаецца ім працяглы перыяд, але не абяцалі бяспекі. — Заўв. рэд.). Як бачыце, мне гэта не дапамагло. Тое ж самае адбылося з парай чалавек у турме: яны былі цалкам «чыстыя», але іх усё адно затрымалі».

Раніцай 9 красавіка 2025-га ў пакой інтэрната, дзе жыў Мікіта, уварваліся сілавікі. Суразмоўца адзначае, што на той момант у іх не было доказаў, што ён адпраўляў фота.

«[У дакументах] было пазначана, што «неўстаноўленыя асобы ў неўстаноўлены час у неўстаноўленым месцы з неўстаноўленых прылад» здзейснілі дзеянне, — успамінае ён. — Магчыма, я зрабіў глупства, што адразу пайшоў на супрацоўніцтва. Але думаў, што калі ўжо прыехалі з ГУБАЗіКа, то адмаўляцца няма сэнсу. Яны па-любому пасадзяць ці яшчэ што-небудзь накапаюць. Ужо потым даведаўся, што калі прыходзяць па «справе Гаюна», то ўсім кажуць, што «неўстаноўленая група асоб садзейнічала іншай экстрэмісцкай дзейнасці».

Ужо пасля затрымання сілавікі самі расказалі беларусу, як менавіта яны зразумелі, што гэта ён адпраўляў фота ў «Гаюн».

«Яны вылічылі мяне па ID (у кожнага акаўнта ў Telegram ёсць уласны ID-ідэнтыфікатар, які немагчыма змяніць. — Заўв. рэд.). Неяк яны яго прабілі. Паказалі скрын з нейкага, як мне здалося, левага сайта, дзе былі ўсе нікнэймы і прывязаны тэлефон. Адкуль яны ўзялі гэтыя звесткі, я не ведаю. Не ўпэўнены, што гэта з'яўляецца доказам для суда. Але ў маім выпадку аказалася дастаткова. У іх ужо ёсць злітыя даныя, і яны па іх працуюць».

Паводле інфармацыі Мікіты, затрыманых па «справе Гаюна» значна больш, чым 20, пра якія паведамляюць праваабаронцы. Як сцвярджае суразмоўца, як мінімум у кожнай камеры СІЗА Віцебска па два-тры чалавекі праходзяць па гэтай справе.

«Па «Гаюну» стараюцца ўсіх вельмі хутка асудзіць: узялі, прынеслі справу, паказалі — і адразу суд. Спачатку думаў, што так толькі ў мяне з-за майго прозвішча, каб яно не мільгала ў СМІ. Але аказалася, так робяць з усімі: трымаюць два-тры месяцы, не больш. Калі чалавек цалкам прызнае віну, то даюць «хімію», — дзеліцца ён назіраннямі. — Не ведаю, як ідуць справы ў тых, у каго шмат эпізодаў. Калі чалавек «спаліўся» адзін раз і больш нічога не накапалі, то пасля прызнання віны даюць «хімію» і адпускаюць. Магчыма, каб не было вялікай нагрузкі на калоніі або каб адсотак «палітычных» не быў занадта вялікім».

Прэтэнзій да Антона Матолькі, праз памылку якога адбыўся зліў інфармацыі, у Мікіты няма. Суразмоўца ўпэўнены: той рабіў правільную справу і наўрад ці спецыяльна падставіў людзей.

«Я трапіў у турму, бо ў Беларусі ты можаш сесці за што заўгодна. Мне кадэбэшнікі прама казалі: «Калі б мы хацелі цябе затрымаць, мы б што-небудзь падкінулі», — успамінае Мікіта. — Але да Матолькі ў мяне ўсё ж вялікае пытанне па бяспецы. Чаму ўсе даныя, якія адпраўляліся ў бот, дзесьці захоўваліся і перасылаліся ў чат? У ідэале ён павінен быў атрымаць, выкарыстаць іх і адразу выдаліць, нідзе не захоўваючы. Ці мала хто атрымае да іх доступ. Тое, як выйшла — непрыгожа».

Каментары25

  • .
    25.07.2025
    > «Паказалі скрын з нейкага, як мне здалося, левага сайта, дзе былі ўсе нікнэймы і прывязаны тэлефон.»
    Так выглядае сэрвіс тыпа "Глаз Бога", які збірае публічныя даныя акаўнтаў і іх змены. Верагодна, нейкі час нумар тэлефона на тым акаўнце быў адкрытым, і гэтага хапіла.

    > «Чаму ўсе даныя, якія адпраўляліся ў бот, дзесьці захоўваліся і перасылаліся ў чат?»
    Мяркую, для дадатковай пераправеркі і абароны ад тых акаўнтаў, якія ўкідвалі дэзінфармацыю ў бот.
    Але рызыкі для нармальных дапаможнікаў былі значна большымі за гэтую карысць. З-за паслядоўнасці памылак рызыкі сыгралі.
  • Альгерд
    25.07.2025
    Ганьба, даже врач может по ошибке убить человека. Вопрос в том сделаны ли выводы.
  • *
    25.07.2025
    Падпісваюся пад кожным словам і дзякую Мікіту за падрабязнасці справы. Праясніў, чаго нам чакаць - нічога добрага, калі рэгістрацыя ў тг был з нумара бел.аператара сувязі, а інфармацыя адпраўлялася неаднаразова.

Цяпер чытаюць

На вуліцы Матусевіча ў Мінску побач з дзіцячым садком упаў беспілотнік20

Грамадстваабноўлена20

На вуліцы Матусевіча ў Мінску побач з дзіцячым садком упаў беспілотнік

Усе навіны →
Усе навіны

У ДТЗ пад Варшавай загінуў беларус1

У Брэсце заўважылі адразу чатырох ліс у адным месцы. Там жа быў і кот2

Неўзабаве маюць з'явіцца новыя банкноты еўра. Яны ўжо выклікалі польска-французскія спрэчкі22

Паліцыя Гданьска пракаментавала самазабойства былога ваяра Ягора Іспянькова

У Мінску пахавалі Змітра Каспяровіча1

У Брэсце пры саветах яўрэйскія могілкі закаталі пад стадыён. Цяпер там адкрылі першы ў краіне лапідарый. Але хто зруйнаваў могілкі, хаваюць12

Трамп сказаў, што расчараваны ў Пуціне і скарачае тэрмін ультыматуму18

«Гендырэктар не мяняў пароль з 2022 года». Беларускія кіберы расказалі падрабязнасці атакі на серверы «Аэрафлоту»21

ФК «Славія» расказаў пра стан заўзятара, які ўчора зваліўся з трыбуны

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На вуліцы Матусевіча ў Мінску побач з дзіцячым садком упаў беспілотнік20

Грамадстваабноўлена20

На вуліцы Матусевіча ў Мінску побач з дзіцячым садком упаў беспілотнік

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць