Расіяне запусцілі ў Беларусі дзіўны месенджар — рэгістрацыя па нумары тэлефона, а вось выдаліцца можна толькі калі дазволяць
Расійскі холдынг VK запусціў «дзяржаўны» месенджар Max. Беларусь — адзіная краіна, акрамя Расіі, дзе можна зарэгістравацца ў гэтай праграме. «Наша Ніва» паглядзела, як працуе аналаг Тэлеграма ад расійскіх чыноўнікаў і што ў ім адметнага.

Каб зарэгістравацца ў Max, вам спатрэбіцца ўвесці нумар тэлефона, куды прыйдзе паведамленне з кодам. Цяпер для гэтага падыдзе толькі расійская ці беларуская сім-карта. Атрымалі код — трэба ўвесці яго ў месенджары, а потым напісаць сваё імя і, калі жадаеце, прозвішча.
Далей трэба запампаваць фота на аватар ці выбраць для гэтай мэты адзін з малюнкаў у трох стылях. І можна карыстацца!

У самім месенджары карыстальніка чакаюць два боты. Першы — бот самога дадатка, зроблены «для карысных паведамленняў і навінаў», а таксама для інструкцый па карыстанні праграмай. Другі бот — нейрасетка GigaChat ад расійскага Сбербанка. Гэты сэрвіс ужо можа быць карысны: з дапамогай GigaChat, напрыклад, можна генераваць тэксты і малюнкі, пераводзіць аўдыяпаведамленні ў тэкст, сцісла пераказваць тэксты і відэа.

Дызайн праграмы нагадвае Тэлеграм і Ватсап. Цяпер Max мае базавы функцыянал месенджара: напрыклад, у ім можна перапісвацца, рабіць званкі, запісваць галасавыя і відэапаведамленні, дасылаць файлы. Пытанне ў тым, каб было з кім перапісвацца. Для параўнання: на сёння Max мае больш за 100 тысяч спампоўванняў на Google Play, а ў выпадку з Тэлеграмам гэты паказчык пераваліў больш за мільярд.
З восені, аднак, сітуацыя крышку выправіцца, бо Max пачнуць прымусова ўсталёўваць на ўсе смартфоны і планшэты, якія будуць прадаваць у Расіі. Далей у праграму абяцаюць дадаць функцыі электроннага подпіса і лічбавага пашпарта, здзяйсняць банкаўскія аперацыі.
Усё гэта, канечне, актуальна менавіта для грамадзян Расіі, і тым не менш у Max прадугледжаная рэгістрацыя беларусаў. Навошта? Стваральнікі Max, холдынг VK, нічога не казалі пра распаўсюд праграмы ў Беларусі. Але калі і беларусы атрымаюць у праграме функцыянал накшталт банкаўскіх аперацый, відавочна, што ў руках расійскіх гаспадароў Max можа аказацца вельмі адчувальная інфармацыя.
Да бяспекі ў Max ёсць пытанні, і справа не толькі ў тым, што месенджар стварыла расійская кампанія і за яго падтрымку галасавалі ў расійскім парламенце. Беларусаў мусіць насцеражыць ужо тое, што ў праграме не зарэгістравацца без нумара тэлефона, і замежная сімка тут не падыдзе.
У Max, аднак, ёсць некаторыя налады, якія візуальна спрыяюць бяспецы. Напрыклад, у выпадку з ботам можна ачысціць гісторыю паведамленняў ці выдаліць дыялог.
У наладах ёсць асобны раздзел, прысвечаны прыватнасці. Можна паставіць пін-код, але чамусьці не на самі дыялогі, а на налады. Таксама вы можаце выбраць, хто будзе здольны вас знайсці ў месенджары па нумары тэлефона, хто зможа вам званіць, запрашаць у чат і бачыць, ці вы цяпер анлайн. Яшчэ даступная магчымасць стварыць чорны спіс і правяраць, з якога гаджэта і IP-адраса вы падключаецеся да месенджара, а таксама колькі ўвогуле ў вас гэтых актыўных сесій.

Калі ўсё надакучыла, можна і выдаліць профіль. Праўда, у вас не атрымаецца зрабіць гэта хутка — на сайце месенджара тлумачаць, што вы можаце толькі падаць заяўку на выдаленне, а кампанія мусіць яе задаволіць праз 30 дзён і выдаліць ваш акаўнт незваротна. Стваральнікі праграмы не тлумачаць, навошта трэба гэтыя 30 дзён і якім чынам задавальняюць заяўкі на выдаленне акаўнта.
Лепш выбіраць для сябе месенджары з больш празрыстымі наладамі бяспекі, за якімі не стаяць расійскія ўлады. Для чытання навін або бытавой камунікацыі падыдзе і Тэлеграм, для далікатнай камунікацыі — больш абароненыя каналы накшталт месенджара Signal.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Смешно. Можно у себя удалить историю сообщений без согласования с товарищем майором. Правда, у товарища майора вся ваша переписка останется с датами удаления... Зато есть визуальная иллюзия безопасности ;)